R.I.P. Бывай сябра, бывай брат і аднадумца…
Са смуткам і жалем даведаўся пра тое, што не стала майго даўняга сябра і паплечніка, з якім мяне звязвала трыццацігадовае сяброўства і супрацоўніцтва на карысць непадцэнзурнай беларускай культуры, галоўным чынам – беларускамоўнай рок-музыкі.
Памятаю нашаю першую сустрэчу на прыступках Беларускага дома грамзапісу: маю ўвагу прыцягнуў вельмі энергічны і эрудзіраваны чалавек майго ўзросту. Я загаварыў з гэтым юнаком і адразу стала зразумелым, што нашыя захапленні музыкай маюць аднолькавы накірунак. Да того ж, высветлілася, што мы з’яўляемся суседзямі і далёкімі сваякамі (дзявочае прозвіша маці было Мяльгуй)…
Таксама высветлілася, што мой новы сябра журналіст, які працаваў карэспандэнтам, а пасля і адказным сакратаром, ў рэспублікансткім беларускамоўным выданні “Чырвоная Змена”. Вітаўт запрасіў мяне ў госці ў рэдакцыю, дзе распавёў пра асаблівасці журналісцкай прафесіі, чым матываваў мяне кінуць сваю асноўную прафесію электрыка і паступіць на факультэт журналістыкі БДУ.
Але ў супрацы з Вітаўтам мяне інтрыгавалі не толькі яго прафесіяналізм, але і вастрыня яго разваг, ідэй і думак. Гэтая якасць Вітаўта заахвочвала мне да дыскусій, у выніку якіх мы стварылі таемнае таварыства “Аматараў рок-музыкі імя У.Высоцкага”. У нас былі мэты -- прапаганда прагрэсіўнай рок-музыкі, творчасці У. Высоцкага. Мы нават вырабілі значкі з выявай Высоцкага, чым вельмі ганарыліся. Нашыя мэты ўдавалася дасягаць ў рамках тагачаснай рубрыкі “Нотны аркуш”, якую вёў Вітаўт.
Аднойчы, расчараваўшыся ў абмежаваным падыходзе да нацыянальных рок-рухаў ў Савецкім Саюзе, я на эмоцыях прапанаваў Вітаўту шукаць беларускія рок-зоркі. На маю думку, такі падыход меў бы практычныя вынікі, надаў бы “Нотнаму аркушу” рэалістычнасці і новую аўдыторыю. І тут на ўсё маё жыцце мне запомнілася тое, з якім энтузіязмам і крэатыўнымі ідэямі ён ажыццяўляў ўсё намі запланаванае – выдаваў артыкулы, прысвечаныя беларускім рок-гуртам і бардам. Так былі “выведзены” з глыбокага падполля (бо “ЧЗ” было выданнем ЦК ЛКСМБ) гурты “Мроя”, “Блізняты”, “Магістрат”, “Бонда”, “Рэй”, “Дзіда”, барды С. Сокалаў-Воюш, А. Камоцкі, В. Цярэшчанка і шмат іншых
Затым была выданне ў Канадзе і ЗША кнігі “Праз рок-прызму” (1989), рукапіс якой гераічнымі высілкамі праз савецкі “жалезны кардон” правёз ў міжнародным вагоне Вітаўт.
Адным з праектаў “Нотнага Аркуша” было стварэнне ў Мінску першага рок-клуба. Гэтую ідэю, пасля адпавденых публікацый ў “ЧЗ” падтрымаў ЦК ЛКСМБ. З гэтага факту і распачаўся першы фестываль беларускай рок-музыкі “Тры колеры”, у арганізацыю якога Вітаўт зрабіў вялякі ўнёсак – вёў перамовы з прадстаўнікамі аддзела культуры Мінгарвыканкама, тлумачыўшы ім што значаць рэдкія беларускія словы і што тэксты гуртоў не нясуць небяспеку “савецкаму чалавеку”.
Яшчэ адзін праект, да якога спрычыніўся крэатыўны талент В.Мартыненкі – удзел гурта “Бонда” ў міжнародным рок-фэсце “Літуаніка-1986”. Дзякуючы аператыўнасці і ўменню дамаўляцца ўпершыню беларускамоўны гурт прадставіў сваю творчасць на буйным міжнародным рок-фэсце.
Але не толькі рок-журналістыкай і музычнай крытыкай цікавіўся мой сябра. Вітаўт Мартынека быў сябрам “Талакі”, літаратурнай суполкі “Тутэйшыя”, у газеце “Чырвоная Змена” стварыў суполку падтрымкі БНФ. А яго мадэрновую куртку з лагатыпам “Я -- беларус” ведалі пра ўсёй Беларусі!
Як літаратар Вітаўт пакінуў шмат вершаваных і празаічных твораў, адзін з якіх – аўтабіяграфіяны раман “Карабалом” чакае сваго часу і выдаўца.
Затое на яго творчым рахунку засталіся шыкоўныя выданне Г. Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) у перакладзе па-беларуску ксягдза Татарыновіча, якое Вітаўт транслітараваў у кірылічны выгляд. Вітаў дадаў свае грунтоўныя каментары, якія выдаў асобнай брашурай «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).
Нашай агульнай справа стала стварэнне энцыклапедычных выданняў, прысвечаных гісторыі беларускай непадцэнзурнай музычнай культуры, як «Праз рок-прызму» (1989, New York), «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск). Апошння кніга Вітаўта Мартыненкі--«Rock on-line» (2010, Менск) стала для майго сябра своеасаблівым рубіконам. І Вітаўт пераадолеў яго з гонарам – увесь наклад ім быў рэалізаваны, чым ён даказаў, што беларускамоўнае выданне мае свайго адданага чытача, а беларуская рок-музыка, масавая культура на роднай мове, якой ён дапамагаў ўсё жыццё, мае вялізарны стваральны патэнцыял.
Гэтыя ўспаміны і думкі дадаюць смутку і жалю па няспраўджаных надзеях, чаканнях, якія мы так часта абмяркоўвалі і планавалі ажыццявіць. Бывай сябра, бывай брат і аднадумца. Ты заслужыў вечны спакой і адпачынак пад небам роднай Беларусі.
Анатоль Мяльгуй
|