Пятница, 2024-04-26, 11:13 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Август 2011  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Главная » 2011 » Август » 1 » Музыка беларускай салідарнасьці
7:07 PM
Музыка беларускай салідарнасьці

Па ўсталяванай пад час прэзідэнцкіх выбараў 2006 года традыцыі, да кожнай з палітычных кампаній у Беларусі выдаюцца зборнікі музычных твораў акрэсьленага грамадзянскага гучаньня. У 2006 годзе была заснаваная сэрыя дыскаў "Песьні свабоды”, якая мела вялікі розгалаc сярод айчынных меляманаў і адыграла сваю ролю ў падзеях Плошчы-2006. узьнятая выканаўцамі тэма свабоды стала азначэньнем не проста філязофскай катэгорыі, а сродкам існаваньня асобы, зь якім зьвязвалі ў той час свае надзеі многія беларусы.

 Гэткі пасыл да слухачоў быў вельмі запатрабаваным грамадствам, прынамсі, яе авангарднай часткай – моладьдзю. Таму ў беларускай прэсе адзначалася: "Тэма свабоды – гістарычна найбольш распрацаваная беларускімі рок-музыкамі. Гэта выцякае з пераемнасьці творчасьці рок-музыкаў ад высокіх і чыстых крыніцаў беларускай паэзіі мінулага – Купалы, Багдановіча, Караткевіча...” ("Беларус” №518, сакавік, 2006). Да того ж, "Песьні свабоды”, як сацыяльна-культурны фэнамен, быў актуалізаваны не толькі найноўшымі творамі шматлікіх беларускамоўных выканаўцаў, але і гучнымі прэзентацыямі аднайменных "жывых” канцэртаў, на якіх трэкі дыска набывалі рэальнае напаўненьне. Гэтыя акалічнасьць і спрыялі таму, што "Песьні свабоды” займелі працяг -- "Песні свабоды-2", а таксама паўтарыліся ў выглядзе падобнага бардаўскага CD "Вольныя песні".

Вось і выбары прэзідэнта-2010 суправаджаліся не толькі гучнымі заявамі кандыдатаў, а потым брутальнымі дзеяньнямі ўладаў, але і агітацыйнай кампаніяй кандыдатаў, у тым ліку і выпускам музычных кружэлак. Гэтым разам, на ролю "Песень свабоды” прэтэндаваў дыск "Выбіright: права на выбар”. Пасля 19 снежня, жорсткіх прысудаў дэмакратычным актывістам, аналізуецца ўвесь спектр мінулых падзей. Мы глянем у музычнае люстэрка мінулай выбарчай кампаніі, якое было ўвасоблена дыскам "Выбіright: права на выбар”.

Першае, што родніць "Песьні свабоды” ўзору 2006 года і цяперашні дыск "Выбіright: права на выбар” гэта тое, што выданьне мае панарамную структуру і ўключае ў сваю праграму, акрамя актуальнай беларускай музыкі, сапраўдныя рарытэты айчыннай рок-культуры. Я маю на ўвазе трэкі легендарнага полацкага гурта "Мясцовы час”, якія заўсёды прыцягваюць увагу слухачоў з першых жа акордаў. Калі на "Песьніх свабоды” гэтую функцыю выконваў сьпеў "Я жыў”, то новы дыск пачынаецца з кампазыцыі "Спявай разам з намі” з унікальным рок-вакалам А. Кузьміна.

Зусім іншымі фарбамі адрозніваецца наступны трэк дыска – жартаўлівая кампазыцыя паэта і барда Андрэя Хадановіча, які выкарыстоўвае мэлёдыі сусьветнавядомых гітоў для стварэньня вясёлых музычных замалёвак. Гэтым разам слухачы змогуць адчуць, як суадносіцца родная мова і рыфмы Хадановіча з мэлёдыяй Yellow Submarine гурта The Beatles. Такім чынам, Андрэю ўдаецца акрэсьліць сваю пазіцыю па шматлікіх пытаньнях, якія хвалююць сучаснае грамадства, паказаць, што некрытычнае сьледаваньне за модай можа выглядаць сьмешным і недарэчным.

Апошнім часам ў Беларусі разьвярнулася дыскусія наконт таго, ці варта адносіць да сапраўды беларускіх выканаўцаў, тыя гурты, якія маюць у сваім рэпертуары пару-тройку песень на роднай мове, а астатні рэпертуар сьпяваюць на "общедоступном языке”? З аднаго боку, такія выканаўцы дыскрэдытуюць беларускамоўны рок-рух сваёй кан’юнктуранай пазыцыяй, з другога боку – часьцяком спрыяюць пераарыентацыі сваіх русіфікаваных прыхільнікаў у бок беларушчыны. Гэты "дуалізм” – адзнака сёньняшняй сытуацыі і рэальнасьць, якую трэба павярнуць на карысьць нацыянальнай культуры і нашай мове. Такім тыповым выканаўцаў, якія служаць на карысць гэтых двух пачаткаў, з’яўляецца менскі гурт "Ляпіс Трубяцкой”. Тое, што вакол свайго лідара Сяргея Міхалка сабраліся таленавітыя музыканты, якія магуць лічыцца аднымі з самых прафесійных у краіне, сьведчыць кампазыцыя "Ружовыя акуляры” – своеасаблівае музычнае прысьвячэньне грамадскай плыні, для якой не бачыць таго, што адбываецца вакол – найкарысьнейшая жыцьцёвая пазыцыя!

Калі зьвярнуцца да ўзгаданай мной панарамнай структуры дыска "Выбіright: права на выбар”, то адным з заўважных чыньнікаў ягонага зьместу можна назваць некалькі рэп-кампазыцый, якія гучаць як ў чытаньні вэтэранаў, так і маладых выканаўцаў. І пачаткам гэтага раздзела дыска можна назваць кампазыцыю "Асаджаны” аднаго з пачынальнікаў рэп-напрамку ў айчыннай вулічнай музычнай культуры Ambasadar KROU з вядомай беларускай рэп-фармацыі "Чырвоным па беламу”. У ёй рытмічнымі і выразнымі сродкамі рэпа выканаўца імкнецца перадаць стан душы чалавека, які імкнецца вырвацца з абдымкаў навязанага жыцьцёвага стэраэтыпу, стаць у абарону найбольш каштоўных чалавеччых правоў – права на свабоду і свой асэнсаваны выбар. Тэкст твора, нажаль, "карабаціць” зьбег не вельмі арыгінальных рыфмаў, кшталту "стаўленьне-рашэньне-сумленьне”. Зрэшты, гэтыя сымптомы характэрныя не толькі для беларускіх рэп-чытальнікаў...

Іншы падыход да тэкста назіраецца ў больш маладога рэпера– Vinsent’а, які прадставіў трэк пад назвай "Слава Героям”. Гэты тэкст створаны і прачытаны відавочна пад уплывам украінскага фэстывалю "Бандэрштат”, на якім Vinsent выступіў у якасьці хэдлайнэра. У ім гераічнасьць постаці К.Каліноўскага арыгінальна сумяшчаецца з літаратурнымі алюзыямі паводле твораў У. Караткевіча. Яркую эмацыянальнасць твору Vinsent’а надае выкарыстаньне элементаў рок-музыкі для 
больш яскравага агучваньня тэкста.

Яшчэ адныя энтузыясты выкарыстаньня беларускай мовы ў рэп-культуры – гурт PANaNieba і яго ўдзельнікі SP Kava і Сьведка. Менавіта пра іх дэбютны альбом "Людзі на балоце” напісаў музычны крытык Вітаўт Мартыненка наступнае:"І усё ж менавіта беларусы адчуюць у трэках іхняга альбома і подых Мележа, і памкненьні Караткевіча, і намаганьні новага пакаленьня зрабіць свой унёсак у працяг гукавай гісторыі нашага этнасу.” Тыя ж азначэньні можна аднесьці і да іх трэка "Мы Становімся Мацней”, які стане для масавага слухача адкрыцьцём творчасьці гэтай рэп-суполкі.

Яшчэ адныя прыхільнікі рэп-рыфмаў па-беларуску – электронная па гучаньні каманда Vanted, якая прэзентавала на гэтым дыску запамінальную кампазыцыю "Чарка ды Шкварка”. Іх сатыра выклікала асацыяцыі з радкамі рамана Кастуся Акулы "Заўтра ёсьць учора”. І там таксама можна прачытаць прыкладна такое зарыфмаванае выслоўе: "мама, тата, чорт лезе ў хату...” А што гэта за чорт, можна даведацца і з рамана, і з дыска "Выбіright: права на выбар”...

Безумоўна, пасьля рытмовых бітаў рэп-выканаўцаў многім слухачам закарціць паслухаць больш звычнае – рок-н-рольныя рыфы і рытмы ад айчынных рок-выканаўцаў. І тут, канешне ж, увагу слухачоў прыцягнуць сьпевы ў розных стылях ад папулярных беларускіх гуртоў, зь якіх і пачыналася айчынная рок-музыка. Акрамя згаданага "Мясцовага часу”, свой погляд на філязофскую катэгорыю людзкага права на выбар, ці то асабістага, ці то палітычнага, выказалі такія ветэраны, як Аляксандр Памідораў з гуртом Pomidor/OFF, гурт P.L.A.N., барды Віктар Шалкевіч і Таццяна Беланогая.

Свой, больш радыкальны погляд, на надзённую тэматыку акрэсьлілі і тыя айчынныя каманды сярэдней фармацыі – "MAUZER”, :B:N:, ZM99, Sciana -- , чые кампазыцыі распавядуць слухачам пра творчы і выканаўчы ўзровень тых музыкаў, якія складаюць цяперака авангард айчыннай рок-сцэны. Тут можна будзе адчуць эмацыйна ўзьнёслы драйв кампазыцыі "Жыцьцё маё” ад гурта 
:B:N: і гукавы эксьпэрымэнт у стылістыцы хард-рока, які прапанавалі ўдзельнікі гурта Sciana. Не пакіне абыякавым нас і лірычнае асэнсаваньне філасофскіх пытаньняў жыцьця ў сьпеве "Неба”, які выконвае Зоя Каральчук з гурта ZM99, і псыхадэлічнае ўвасабленьне экзістэнцыяльных разваг пра сэнс жыцьця ў таталітарных умовах, якое прапануе ў сваёй песьні "Усьміхайся” Янка Маўзэр...

У традыцыях сэрыйных беларускіх выданьняў прадстаўляць слова і 
маладым выканаўцам. Дыск "Выбіright: права на выбар” не выключэньне. Магчыма, ён дапаможа маладым выканаўцам адчуць смак фанаграфічнага дэбюту, штуршне іх да больш пільнай кампазыцыйнай працы, арыгінальнасьці ў аранжыроўках. Адзначу, што шмат цікавых каманд з дапамогай гэтай крыжэлкі знойдуць сваіх прыхільнікаў. Хацелася б верыць, што гэтыя словы спраўдзяцца, напрыклад, адносна гурта Rokash, які цікава працуе на стылістычным стыку рока і сярэдневечнай музыкі. "Запалі агонь” – адзін з гітоў згаданага калектыву. Таксама, шмат надзеяў слухачы ўскладаюць на росквіт музычнай творчасьці каманд, прадстаўляючых "залаты фонд” айчыннай рок-музыкі – рэгіянальны рок-рух. Маю на ўвазе смалявіцкі гурт Akropal, берасьцейскі "Спрат”, гарадзенскую каманду Tlusta Lusta, творчасьць якіх надае айчыннаму андэграўнду рысы непаўторнасці і калярыту.

Дыск "Выбіright: права на выбар” не змог адыграць у падзеях Плошчы-2010 такой сацыяльна-культурнай ролі, як "Песьні свабоды” ў 2006. Занадта ўсё адбылося хуткаімгненна і брутальна. Але, упэўнены, гэтае падпольнае музычнае выданьне застанецца своеасаблівым помнікам нашаму часу – часу расчараваньняў, сумненьняў і надзей на рэалізацыю нашага права на свабодны выбар.

Анатоль Мяльгуй, для газэты "Беларус"(Ню-Ёрк) 

Просмотров: 1279 | Добавил: FMM | Теги: песні свабоды, беларускі рэп, беларускі рок, беларускія барды | Рейтинг: 1.5/2
Всего комментариев: 1
1 VM  
1
Грунтоўна! Дзякую аўтару, што і Мартыненку згадаў, і Кастуся Акулу. А вось якія высновы выклікаў той самы дыск у іншай рэцэнзыі http://belmusic.org/reviews/zhyvyja-havorac-zhyvym.html

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz