Прэзентацыі
Vincent: рэп "без буслоў”
Цікаўнасць слухачоў да сольнага канцэрта беларускага
рэпера Vincent’a была каталізавана паведамленнямі пра тое, што музыкант
прыняў непасрэдны ўдзел у здымках першага беларускамоўнага серыяла "Вышэй за
неба”, сцэнарыстам і прадзюсарам якога стаў вядомы беларускі драматург Андрэй
Курэйчык. У гэтай драматычнай шматсерыйнай стужцы Vincent’у выканаў адну з музычных
роляў. Да таго ж, музыкант напісаў і заспяваў галоўную песню, якая стала
лейтматывам усяго серыяла. Маецца на ўвазе кампазіцыя "Ні кроку назад”, на якую
стваральнікі серыяла "Вышэй за неба” знялі відэа-кліп.
"Жывой” і відэа-прэзентацыі кампазіцыі
"Ні кроку назад” і быў прысвечаны канцэрт Vincentа, які сабраў прыхільнікаў
творчасці рэпера ў сталічным клубе Re:Public. Па традыцыі на канцэрт былі запрошаны сябры музыканта,
сярод якіх вылучаўся пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па фрыстайлу
(спантаннай рэп-імправізацыі) па версіі Street Awards -2011 Gleboki Smak. Рэпер цяпер жыве і
вучыцца ў Вільні. Беларускамоўны фрыстайлер прапанаваў слухачам тэмы для
рыфмаў, якія імгненна кампанаваў у вершаваныя радкі і чатырохрадкоўі. Нажаль,
не ўсе з іх былі арыгінальнымі ("Жыве Беларусь і гэтым ганарусь!”), хоць
некаторыя з іх прымушалі слухачоў уважліва асэнсоўваць тэму імправізцый, падбадзёрваць
Smak’а апладысментамі. Сэт Gleboki Smak пацвердзіў, што ў самым
складаным раздзеле вулічнай музычнай культуры – фрыстайле – шмат залежыць ад
вопыта спаборніцтваў і падрыхтаванасці да іх, ведання мовы і паэтычнага
талента. Гарманічнае спалучэнне гэтых якасцей у рэпера-імправізатара Gleboki Smak яшчэ наперадзе…
Пасля імправізацыйнай часкі
канцэрта на сцэну клуба Re: Public быў запрашаны Vincent і яго каманда. Выканаўца здзівіў слухачоў сваім сцэнічным касцюмам у стылі
"мілітары” і "будзёнаўкай” з нацыянальным гербам. Аказалася, што так Vincent адзначыў святочны дзень Перамогі,
у які і адбываўся канцэрт-прэзентацыя сінгла "Ні кроку назад”.
Свой жа музычны сэт рэпер
распачаў кампазіцыяй "Працягваю
жыць”:
А я
працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,
Я
працягваю жыць, калі са мною вецер.
Маё
сэрца бьецца, і яго не спыніць,
але
людзі са мной, і я працягваю жыць.
А я
працягваю жыць, калі нічога ня сьвеціць,
Высвятлілася, што гэтую
рэп-чытанку, як і іншыя творы Vincent’а, беларуская моладзь ведае і можа дэкламіраваць
напамяць. Такое заданне было аб’яўлена арганізатарамі канцэрта і кампаніяй
"Будзьма беларусамі!” у выглядзе конкурса для знаўцаў рэп-тэкстаў Vincent’а. Менавіта "Будзьма!” прадставіла
сувеніры для пераможцаў. Ад жадаючых прачытаць тэксты Vincent’а з яго першага альбома не было
адбоя і прызы ад арганізатараў хутка знайші сваіх шчаслівых уладальнікаў.
Крытыкамі ўжо адзначаліся змены ў
творчасці Vincent’а. Цяпер канцэрты рэпера суправаджае паўнавартасная рок-каманда. З гэтага
факта выявіліся змены ў гучанні кампазіцый Vincent’а. Цяпер гэта сапраўдны rap-metal. Не здарма Vincent прапанаваў слухачам
беларускамоўны кавер на творчасць класікаў гэтага стылю – гурта Rage Against the Machine (RATM), які ў беларускім варыянце называецца "Нас не скарыць”.
Зразумела, што беларускія музыкі захавалі выбуховую энергетыку твора. Гэткім жа
эмацыянальным запалам і адпадеднай энергетыкай адрознівалася выкананне іншых хітоў
Vincent’а, такіх як "Бог. Радзіма.
Воля”, "Выжывае”, "Наша слова ў небяспецы”, "Плошча”, "Слава героям!” Яскравыя
рытмы гэтых кампазіцый і "металічнае” гучанне рок-суправаджэня Vincent’а выклікалі на танцполе
клуба сапраўдны слэм – хаатычныя
скокі і штурхатні перад сцэнай, якія лічацца станоўча-пазітыўнай рэакцыяй
публікі на музыку.
У той жа час, іншыя творы выканаўцы,
якія гучалі ў гэты дзень, залагоджвалі слухачоў пранікнёнасцю і шчырасцю
пачуццяў. Маю на ўвазе кампазіцыі "Лютаўскі дождж”, "Вусны”, "Восеньскі вальс”.
Гэтую якасць лірычных песень Vincent’а маладыя слухачы выкарыстоўвалі на сваю карысць: павольна
танчылі вальс са сваімі маладымі спадарожніцамі.
Яшчэ адзін сюрпрыз канцэрта – выступленне
Саша Захарык, якая ў дуэце з Vincent’ам выканала песню "Не
пакіну”. Відавочна, што маладая спявачка ўжо мае канцэртны вопыт, які дапамагае
ёй скарыстаць свае вакальныя магчымасці для выяўлення эмацыянальнга стрыжня музычнага
твора. Нажаль, Саша "засвяцілася” толькі ў адной кампазіцыі, таму пажадем
маладой спявачцы больш плённай дзейнасці ў якасці салісткі.
Доўгачаканая прэм’ера кліпа на
песнію "Ні крока назад” суправаджалася выхадам на сцэну клуба Re: Public здымачнай групы фільма "Вышэй за
неба” начале са сцэнарыстам і крэатыўным прадзюсарам Андрэем Курэйчыкам, якія
расказалі будучым гледачам стужкі пра акалічнасці стварэння кліпа, акрэслілі
ролю беларускамоўнай музыкі ў сваім новым серыле. Андрэй Курэйчык з гонарам
прадэманствараў маладзі сваю цішотку з надпісам "Без буслоў” і патлумачыў, як
разумець навамодны слоган. Па словах Курэйчыка, "без буслоў” -- значыць "без
пошласці, дрэннага густа і танных пантоў.” Крэатыўна, але пры чым тут
беларуская птушка бусел?
Сам жа кліп падаўся даволі
дынамічнай і відовішчнай відэа-дзеяй. Слухач, знаёмы са сталічнай тапаграфіяй, пазнае
ў ім шмат знаёмых месц і адзнача шэраг моцных сімвалаў і алюзій, якімі багаты
новы кліп Vincent’а. Таксама, як і якасць запісу, якая толькі ўзмацняла сілу думкі, ўкладзеную
аўтарам у тэкст кампазіцыі:
Мне так халодна ў гэтым
горадзе сонца,
Мне
так самотна, калі наўкол маскарад.
І мы
з табою цяпер незнаёмцы,
І ні
кроку, ні кроку, ні кроку, ні кроку назад. Беларускамоўны рэп, як і многія
іншыя стылістычныя напрамкі сучаснай музыкі ў Беларусі, праходзіць шмат
супярэчных этапаў у сваёй эвалюцыі. Пад час гэтых натуральных зменаў айчынныя
выканаўцы нешта набываюць, а бывае -- губляюць. Добра, што застаецца галоўны набытак
іх творчасці апошніх гадоў – шчырасць у дыялогу са сваімі прыхільнікамі, імкненне
ствараць праўдзівы нацыянальны музычны прадукт, якасць якога вызначаецца павагай
да роднага слова. І пацверджаннем гэтай тэндэнцыі стаў сольны канцэрт
беларускага рэпера Vincent’а.
Анатоль Мяльгуй
|