Сяброўскія
«вячоркі» з Камоцкім10 чэрвеня ў
памяшканні Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы адбыўся канцэрт па
старонках альбома «ЧАС -- канцэрт з
сябрам» Алеся Камоцкага. Па-сутнасці, гэтая музычная імпрэза, ці
па выразу самога Алеся сяброўскія вячоркі, з’явілася канцэртнай рэпетыцыяй
музыкантаў перад паўнавартаснай прэзентацыяй дыска ў Рэспубліканскім тэатры
беларускай драматургіі, якая адбудзецца 17 чэрвеня.
А паколькі гэты канцэрт меў рысы рэпетыцыі, то і ход яго
нагадваў музычную імправізацыю. На сцэну выходзілі не толькі ўдзельнікі запісу
дыска «ЧАС-канцэрт з сябрамі», але проста
сябры Алеся Камоцкага. І першым на музейную пляцоўку быў запрошаны малады бард
Алесь Емельянаў. У яго выкананні прагучалі песні «Акварыум» (на верш В. Жыбуля)
і а таксама кампазіцыя «Вясна прыйшла», якая настроіла слухачоў на пазітыўны
лад, хоць за вокнамі музея бушавала летняя залева.
Па словах Алеся Камоцкага, ён спланаваў свае сяброўскаія
вячоркі па прынцыпу чаргавання выканаўцаў: хлопчык – дзяўчынка, каб не было папрокаў
у гендернай несправядлівасці. Таму наступнай на сцэну была запрошана дзяўчына з
гітарай – Алеся Сівохіна, яка брала ўдзел у запісу дыска «ЧАС – канцэрт з сябрамі». У выкананні Алесі прагучалі два рамансы ў перакладах А. Камоцкага, якія
былі прадстаўлены слухачам на вельмі высокай эмацыянальнай ноце. Што адбілася і
на ўспрыманні творчасці А. Сівохінай, якую слухачы віталі гарачымі
апладысментамі і воклічамі «брава!».
Паэтка Л. Хейдарава, разам з віншаваннямі А. Камоцкаму з нагоды
толькі што адсвяткаванага дня нараджэння, прапанавала слухачам свае пародыі на
вершаваныя радкі Алеся. Гэтыя пародыі дазволілі ўсім прыхільнікам зірнуць на
паэзію Алеся Камоцкага з гумарыстычнага боку і выклікалі шмат дасціпных рэплік,
як з боку аўтара, так і слухачоў…
Бард Аляксей Нежэвец, які падхапіў эстафету музычнай
вечарыны, выканаў песню са свайго новага альбома "Высоцкі па-беларуску”. Гэта
была песня «Караблі», а таксама музычную кампазіцыю на верш Н. Гальпяровіча «Вечнасць
і аблокі», чым выклікаў зацікаўленасць сваімі новым, пакуль плануемымі,
рэлізамі.
Вялікую ўвагу сярод слухачоў, як заўжды, выклікаў сэт
аўтаркі і выканаўцы з Маладзічна Таццяны Беланогай. Яна выканала дзве кампазіцыі
на вершы Я. Янішчыц і М. Багдановіча. Гэтыя песні Таццяны захапілі ўсіх
суладдзем класічных паэтычных радкоў і мелодый, на якія яны пакладзены, шчырым,
па-жаноцку яскравым выкананнем.
Бард Максім Знак, які толькі што выдаў на CD свой дэбютны
альбом «Ветразь», прысвяціў Алесю
Камоцкаму прэм’еру сваёй песні «Жыццё непростае», а ўдзельніца запісу дыска «ЧАС
– канцэрт з сябрамі», салістка фолк-гурта DZIVASIL Іна Перасецкая выканала кампазіцыю з гэтага праекта, а
таксама разгорнутую фартэп’янную п’есу для «неіснага мульфільма» «Зачараваны
горад».
«Сяброўскую» частку канцэрта А. Камоцкага завяршыла
вядомая выканаўца аўтарскай песні, лідэр гурта «Верасень» Вольга Акуліч, якая
запрасіла на сцэну сваіх памочнікаў – электрагітарыста Арцёма Лабіна і
выканаўцу на губным гармоніку Віталя Валошына. У такім складзе свайго гурта
Вольга і выканала кампазіцыі з альбома «Трохкутнік» – «Муза» і «Пра мора».
Як і абяцаў арганізатар гэтых музычный «вячорак» Алесь
Камоцкі, сваё выступленне ён пабудаваў як рэпетыцыю да больш буйной імпрэзы ў
РТБД, якая адбудзецца праз колькі дзён. На яе Алесь настройваў не толькі сваіх
паплечнікаў, але і слухачоў. Каб падтрымаць іх цікаўнасць ў яго выкананні
гучалі песні з альбома «ЧАС – канцэрт з сябрам», свежыя кампазіцыі, якія, па
словах Камоцкага, мусяць вызначыць новы этап яго творчасці, як аўтара .
Напрыклад, гераічная «Ірландская балада» асэнсаваная аўтарам у беларускім
кантэксце. Ну а завяршыў Алесь свае сяброўскія «вячоркі» песняй з CD «З бацькоўскай кружэлкі» «Лятуць пералётныя птушкі», якім
слухачы ўжо падпявалі ў рэжыме караоке.
Як усе «вячоркі», гэтая музычная сустрэча з Алесем
Камоцкім завяршыліся аўтограф-сесіяй стваральнікаў альбома «ЧАС – канцэрт з
сябрамі», віншаваннямі ў адрас выканаўцаў і надзеяй на новыя музычныя сустрэчы,
ўжо 17 чэрвеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
Анатоль
Мяльгуй
|