Гукавая дарожка даўжынёй ў два гады
Добрым падарункам аматарам
айчыннай бардаўскай песні мусіць стаць новы рэліз ад Радыё Свабода,
супрацоўнікі якога падрыхтавалі і выдалі зборны дыск "Сто бардаў Свабоды”.
Трэба адзначыць, што гэты альбом – цудоўны падарунак для ўсіх аматараў
беларускамоўнай аўтарскай песні і сапраўднае выпрабаванне для музычных
крытыкаў, якія наважацца напісаць нешта рацыянальнае пра гэтае выданне. Справа
ў тым, што яго праграма ўтрымлівае не толькі сотню сталых і маладых выканаўцаў,
але і рэкордную колькасць твораў – каля пяцісот песень! Па іншаму быць не
магло: вядучы папулярнай радыё-перадачы "Барды Свабоды” Зміцер Бартосік сабраў
пад адной вокладкай усіх удзельнікаў свайго праекта, якія былі ў яго студыі на
працягу апошніх двух гадоў і ў ёй прадстаўлялі сваю песенную творчасць.
Традыцыйна для гэтага выдання,
новы дыск прадстаўляе кіраўнік Радыё Свабода Аляксандр Лукашук, які сваім
праграмным творам "Хор бардаў” акрэслівае сутнасць сучаснай беларускай
бардаўскай песні, а таксама мэту праекта "Барды Свабоды”. Зміцер Барстосік, як натхняльнік
і вядучы гэтай унікальнай радыёперадачы, працягвае тэму і распавядае пра той
шлях, які прайшоў праект за два гады, пра тое, што беларускіх бардаў
аб’ядноўвае: "...неабыякавасць да сваёй мовы, роднай гісторыі, да будучыні
нашчадкаў...”
Канцэпцыя праекта і дыска
пабудавана так, што слухачоў чакае знаёмства з будучыняй нашай бардаўскай
песні, з маладымі выканаўцамі. Для іх гэты дыск – своеасаблівы дэбют ў масавым
фанаграфічным выданні, няхай сабе і некамерцыйнага кшталту. Мо таму маладыя
выканаўцы падышлі да сваёй ролі суразмоўцаў і дэбютантаў з вялікай доляй
адказнасці: іх песні не паўтараюць напрацоўкі куміраў -- пачынальнікаў айчыннай
бардаўскай песні. Творы ў выкананні маладых аўтараў па-свойму, з новых музычных
і лірычных даляглядаў, раскрываюць тыя тэмы, якія хвалююць бардаў. Тут і філасофскі
роздум над сэнсам жыцця і хрысціянская тэматыка песень, як гэта адчуваецца ў
творчасці Ганны Антонавай, і тонкі гумар з лірычным адценнем, які прысутнічае ў
музычных творах Васіля Аўраменкі з Магілёва, і рок-н-рольны драйв, які
падкрэслівае вострую сатыру Цімафея Авіліна. Цікава, насколькі разнастайныя
асобы цяперака прадстаўляюць слухачам маладое крыло айчыннай бардаўскай песні!
Напрыклад, той жа згаданы Ц. Авілін захапляецца беларускай этна-касмалогіяй,
пра што ён надзвычай цікава распавядае ў гутарцы з вядучым праекта "Барды
Свабоды”...
Новыя тэматычныя і музычныя
падыходы да аўтраскай песні можна адчуць і ў спевах суворага Міхася
Бараноўскага, а таксама, ўладальніка шырокага вакальнага дыяпазона Васіля
Бартлава, і ў музычна-паэтычных беларускіх пераўвасабленнях ірландскага
фальклору Алеся Чумакова, у фальклорных традыцыях, якія спалучаюцца з
бардаўскімі спевамі Ірыны Дарафейчук...
Калі музычныя і паэтычныя пошукі
маладых выканаўцаў супаставіць з творчасйцю нашых улюбленых аўтараў-выканаўцаў
старэйшага пакалення – Алеся Камоцкага, Эдуарда Акуліна, Лявона Вольскага, Сяржука
Сокалава-Воюша, Андрэя Хадановіча, Андрэя Мельнікава ды іншых, чые творы таксама
шырока прадстаўлены на новым дыску, дык можна адзначыць наступнае. У беларускай
бардаўскай песні няма канфлікту "бацькой і дзяцей”, а ёсць тая пераемнаць
традыцый, якая забяспечвае ўсяму айчыннаму бардаўскаму руху развіццё і музычную
пазнавальнасыць, спрыяе ўзбагачэнню нацыянальнай культуры.
Для вас, рамантыкі ХХІ стагоддзя!
У музычным рэпартажы, прысвечаным
"Грунвальдскаму фэсту-2011”,
мы распавядалі пра паспяховую прэзентацыю гуртом "Rokash” свайго дэбютнага альбома
"Запалі агонь”. Паказальна, што дыск, прынамсі, яго сігнальны наклад, у той
дзень слухачам быў раскуплены поўнасцю. У чым прыцягальнасць гэтай працы гурта,
які выконвае неафолк-рок? Бадай у тым, што новая генерацыя слухачоў выгадаваная
на фэнтэзіных творах Дж. Р.Р. Толкіена, Роберта Э.Говарда і Г. Ф.Лавкрафта, а ўдзельнікі
гурта "Rokash” прапануюць сваё
фэнэзійнае светаадчуванне, якое суадносіцца з беларускім фалькларам, легендамі
і паданнямі роднага края, з яго старажытнай міфалогіяй. Гэта не супярэчыць
прыхільнісцям моладзі і дапаўняе фэнтэзійны свет слухача яркім беларускім
складнікам – таямнічым, чароўным і рамантычным па-сутнасці. Мо таму моладзь,
якая захапляецца творамі класікаў фэнтэзі, аддае перавагу музыцы гэтага
калектыву.
Трэба адзначыць, што ў гурце "Rokash” шчасліва сышліся ў
творчым тандэме аўтар тэкстаў Лявон Казакоў (бас, варган, бэк-вакал, канцэпцыя
гурта) і аўтарка музыкі Паліна Дулінец (вакал). Як па класічнай формуле "інь” і
"ян”, у музыцы і тэкстах гурта спалавіліся жаночы рамантычны меладызм і гераічная
лірыка тэкстаў песень, якая сваім каранямі ідзе ад беларускага і еўрапейскага
фальклору. Гэтыя асаблівасці твораў "Rokash” робіць калектыў арыгінальнай з’явай у айчынным
рок-руху.
Яшчэ больш рамантычнай робяць
музыку гурта ўзнёслыя партыі флейты, на якой грае Вольга Драпеза, гукі віяланчэлі
Алены Холадавай і аранжыроўкі клавішніка Мікола Ліпневіч. Затое, гітарыст Алесь
Акульчык і барабаншчык Міхаіл Кічын, якія разам з басістам Л. Казаковым, не
даюць слухачам падстаў для сумневу: "Rokash” – сапраўдны неафолк-рок-гурт.
Альбом гурта "Запалі агонь”
утрымлівае шмат вядомых песень, якія сталі хітамі незалежнай беларускай
рок-сцэны і добра вядомы слухачам па шматлікіх канцэртах каманды. Гэта такія
ўдалыя кампазіцыі, як "Крумкач”, "Дух Зямлі”, "Ваўкалак”, у якіх магчымасці
ўдзельнікаў гурта адлюстравана напоўніцу. Ну а драйвавыя песні альбома –
"Запалі агонь”, "Дзеці паўночнага ветру” дадаюць дэбютнаму альбому гурта "Rokash” рысы канцэптуальнасці і
завершанасці.
Адзначу, што запіс, выданне і
прэзентацыя альбома "Запалі агонь” сталі для гурта і своеасаблівай прыступкай
ва ўдасканаленні канцэртнага гучання: каманда стала больш збалансаванай і
прафесійнай, што адлюстроўваецца на настроі слухачоў. Моладзь не шкадуе
апладысментаў музыкантам і дружна набывае ў свае калекцыі новы дыск, як гэта
здарылася на "Грунвальдскім фэсце”.
Якая яна, новая генерацыя беларускай рок-сцэны?
Каб адказаць на гэтае пытанне,
прапаную пазнаёміцца з дэбютным альбомам "Дзевачкі і космас” магілёўскага гурта
AKUTE. Цікава, што музыканты,
яка і належыць прадстаўнікам новай хвалі айчыннай рок-музыкі, сваю працу спачатку
выклалі ў Інтэрнэт для вольнага спампоўвання, а ўжо пазней выдалі яго на фірме
"Вігма”. Гэта намальны прэцэдэнт для музыкантаў, якія хацелі б задзейнічаць больш
рэзерваў для прасоўвання свайго прадукта ў разнастайныя асяродкі аматараў рока.
Пра тое, што ўдзельнікам AKUTE гэтая задача, хоць і не
без цяжкасцяў, удаецца сведчыць тое, што музыканты сталі ўладальнікам Гран-пры
"Басовішча-2010”,
лаўрэатамі яшчэ некалькіх фестываляў, набылі шчырых прыхільнікаў як у сябе на
малой радзіме, так і па ўсё краіне. І вось навіна – дэбютны альбом
перспектыўнай каманды. Безумоўна, гэтая кружэлка адразу нарадзіла шмат
меркаванняў наконт таго, ці здолелі музыканты AKUTE пазбавіцца ўплываў каманды, якая
была для іх канцэптуальным фундаментам – гурта "ГЛЮКІ”? Лепшыя песні гэтага
альбому сведчаць, што гурт на шляху да гэтай мэты: кампазіцыі "Адзіноцтва”, "Прамяні”(
ці "Свяці”, якая заняла другое месца ў мега-туры партала "Тузіна Гітоў”),
"Адшукай”, "Агонь”, "Павольна” – сапраўды нясуць у музычным плане нешта новае,
свежае для айчыннай рок-сцэны. І гэта пры тым, што гурт складаюць трое музыкаў:
Стась Мытнік -- гітара, вакал, Раман Жыгараў -- бас гітара, бэк-вакал, Павал
Емельянаў – бубны. Але і ў запісу, і на канцэрце (сталічныя слухачы маглі
палухаць гурт на прэзентацыі альбома "Porna” гурта Mauzer) гурт здзіўляе завершанасцю ансамблевага гучання,
у якім няма "правалаў” ці "пустэч”. Кожная нота песень AKUTE быццам сведчыць пра тую працу,
яку музыканты здзейснілі, перш чым сесці за запіс дыска ці выйсці на сцэну.
І хоць гурт AKUTE – тыповы прадукт эпохі
рок-н-рола, у іх музыцы досыць новага, што з’яўляецца прывабным для сенняшніх слухачоў.
Тут і незвычайныя гітарныя акорды, рыфы і хады, эмацыянальна насычаныя меладычныя
ўсплескі, досыць разнастайныя аранжыроўкі і вакальныя партыі. Да таго ж, у
музыцы AKUTE назіраецца яшчэ адна
асаблівасць – яны выкарыстоўваюць танцавальныя рытмы, якія ў спалучэнні з іх
мелодыямі, надаюць песням альбома дадатковыя пачуццёвыя рысы, характэрныя для
рок-музыкі новай эпохі. Праўда, за гэтымі эксперыментамі хаваецца небяспека
зрабіцца аднастайнымі і прадказальнымі ў музыцы.
Але ў музыкантаў AKUTE ёсць рыса, якая можа засцерагчы
іх у будучым ад памылак – іх стыльнасць, як у музыцы і лірыцы, так і сцэнічным
шоу. Стыль AKUTE – сучасны па гучанню і мелодыцы гітарны
рок, магія якога ідзе ад фанэтыкі роднай мовы.
Анатоль Мяльгуй, для газеты "Новы Час”
Апублікавана: http://novychas.org/culture/%D1%80%D1%8B%D1%82%D0%BC%D1%8B-%D0%BC%D1%83%D0%B7%D1%8B%D1%87%D0%BD%D0%B0%D0%B3%D0%B0-%D0%BB%D0%B5%D1%82%D0%B0
А таксама тут: http://arche.by/by/41/20/6925/%D0%A0%D1%8B%D1%82%D0%BC%D1%8B-%D0%BC%D1%83%D0%B7%D1%8B%D1%87%D0%BD%D0%B0%D0%B3%D0%B0-%D0%BB%D0%B5%D1%82%D0%B0.htm