Рыфмы і рытмы на скрыжаванні сюжэтаў
Адно з модных месцаў сталіцы, якое прыцягвае ўвагу сталічнай моладзі сваёй нязмушанай атмасферай і ўтульнасцю – кавярня Утопія60» на мінулым тыдні стала месцам правядзення «жывой» прэзентацыі альбома «Bulbahuana» авангарднага трыа Buben-Naruczewicz-Baisan.
Прэзентацыя альбома адбылася ў межах праекту Beat Cafe, ініцыятарам якога выступіў вядомы беларускі культуролаг, журналіст і выкладчык Максім Жбанкоў.У рамках праекту Beat Cafe Максім Жбанкоў ладзіць live-падкасты (гэта значыць, робіць запіс аўтарскіх тэкстаў з музычным суправаджэннем для трансляцыі іх у Інтэрнэце), якія карыстаюцца папулярнасцю як у наведвальнікаў кавярні, так і ў сёрфераў па «сусветнаму павуцінню».
Як падкрэсліў Максім Жбанкоў, ідэя правесці прэзентацыю дыска з удзелам Улада Бубна (электроніка), Лявона Нарушэвіча (гітара) і паэта Алеся «Байсана» Плоткі ўзнікла таму, што гэтая кавярня ўжо стала важным культурным асяродкам. Тут у рамках праекту Beat Cafe адбываюцца не толькі згаданыя вышэй падкасты, але і творчыя прэм’еры аўтараў, якія не маюць магчымасці збіраць вялікія залы, але з’ўляюцца таленавітымі літаратарамі і выканаўцамі. «Іх «нефармальныя» творы маюць права знаходзіць свайго слухача, бо гэта частка нашага сённяшняга нацыянальнага культурнага працэсу і кантэксту. Таму сёння госцем праекту Beat Cafe будзе авангарднае трыа Buben-Naruczewicz-Baisan» -- падкрэсліў М.Жбанкоў.
Цэнтрам гэтай «нефармальнай» прэзентацыі стала паэтычная творчасць Алеся «Байсана» Плоткі – лаўрэата прэмій часопіса «Дзеяслоў», «Залаты апостраф», дыпламанта прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру, аўтара паэтычнага зборніка «Байсан». Як завязалася супрацоўніцтва з музыкантамі распавядае Алесь Плотка: «З тым жа Ўладам Бубнам мы супрацоўнічаем даўно ў рамках праекта «Танцы з Бубнам». Выпусцілі такія супольныя альбомы, як «В-52» і «Medication». Але нам стала сумна і мы пачалі шукаць трэцяга. Знайшлі Лявона Нарушэвіча – музыку вядомага, імправізатара. З ім стала значана весялей: цяпер мы можам ствараць нешта нечаканае. Разам мы запісалі гэты эксперыментальны альбом, да таго ж, нам сталі больш цікавыя «жывыя» канцэрты, бо з імправізацыйнай гітарай Лявона атрымліваецца кожны раз усё па-новаму.
Што тычыцца паэзіі, то вершы з першых альбомаў, якія мы рабілі з Уладам Бубнам, мелі пераважна больш грамадскае гучанне. Альбом «Bulbahuana» адрозніваецца лёгкім эскапізмам, калі чалавек зыходзіць у свой унутраны свет».
Сваімі думкамі наконт новага альбома і супрацоўніцтва з Уладам Бубнам і Алесем Плоткам з нашымі чытачамі дзеліцца лідэр гурту інтуітыўнай і імправізацыйнай музыкі «Князь Мышкін» Лявон Нарушэвіч: «У рамках праекту Beat Cafe ужо некалькі раз праходзілі выступы маладых беларускіх паэтаў, якія чыталі свае вершы пад музыку. І ў нас з Уладам ёсць такі паэт, чыя творчасць супадае з нашым светаадчуваннем -- Алесь «Байсан» Плотка. Вынікам нашай агульнай працы стаў альбом «Bulbahuana», а таксама канцэрты з гэтай праграмай. Не так даўно мы прэзентавалі наш альбом у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва.
Гэта ўжо пяты паэт, з якім я супрацоўнічаю, як імправізатар. Першы быў Ярыла Пшанічны (1973-2015), а затым супрацоўнічаў з Віктарам Сямашкам, Дзмітрыем Строцавым і Сяргеем Верацілам. Так што, супрацоўніцтва з Алесем – працяг добрай творчай традыцыі».
Нягледзячы на тое, што арганізатары прэзентацыі назвалі альбом «Bulbahuana» эксперыментальным, моладзь і слухачы больш сталага ўзросту з цікаўнасцю запаўнялі залу кавярні, дзе на подыуме ўжо грала сэт вядомая ў сталічных клубных колах DJ Наста Лабада. Яе сэт патроху «падводзіў» слухачоў да той часткі канцэрта, на якой будзе гаспадарыць эксперыментальная паэзія і яе інтуітыўнае суправаджэнне.
Трэба адзначыць, што не ўсе слухачы яшчэ прызвычаіліся да таго, каб адначасова асэнсоўваць паэтычныя сімвалы і метафары і іх суаднясенне з музычным суправаджэннем. Але праз некаторы час усё стала на сваё месцы: прысутныя змаглі адчуць разумовы і эмацыянальны «меседж» экспрэсіўных радкоў А.Плоткі з трэкаў новага альбома «Bulbahuana» -- «Гармата», «Верлібр Маўчанне» «Муза», «У сэрцы тваім», а таксама асобных кампазіцый, кшталту «Розы вуліца», «Ты застаешся гламурным ліцвінам…» «Plus 375» і ўспрыняць іх музычную аздобу.
Гітарныя партыі Л.Нарушэвіча, спачатку ілюстратыўныя, ад кожнага наступнага трэку станавіліся больш насычанымі і экспрэсіўнымі, каб па завяршэнні канцэрту гітара стала сапраўдным дапаўненнем, нават, суаўтарам тэксту Алеся «Байсана» Плоткі.
Што тычыцца электроннага суправаджэння вершавана-гітарных кампазіцый, то вялікі вопыт Улада Бубна ў галіне эксперыментальнай музычнай творчасці быў вельмі дарэчы. Ні адзін біт, ні адзін гукавы эфект не супярэчыў настрою дэкламацыі аўтара, а, наадварот, падкрэсліваў пульсацыю ўнутранага рытму верша.
Гэта добра адчувалі слухачы, калі не шкадавалі гарачых апладысментаў, цікавіліся, дзе можна набыць новы альбом «Bulbahuana» авангарднага трыа Buben-Naruczewicz-Baisan. Але цяпер музыканты адыходзяць ад CD-фармату і накіроўваюць слухачоў у інтэрнэт. А хацелася б мець у сваёй калекцыі запісы з такімі цікавымі музычна-вершаванымі экзэрсісамі!
Анатоль Мяльгуй
http://novychas.by/kultura/ryfmy-i-rytmy-na-skryzavanni-sjuzetau
|