На мінулым тыдні адбылася нешараговая падзея, якая для шматлікіх аматараў
"жывой” беларускай рок-музыкі стала падставай зноў наведаць абноўлены мінскі
клуб "Re:public”. Тут прэзентаваўся новы альбом "HMR” папулярнага рок-гурта IQ48. Цікаўнасць да новага дыска
знакамітага гурта тлумачыцца тым, што цяпер, у выніку складаных падзей на
айчыннай рок-сцэне, каманды сярэдняга пакалення займаюць лідыруючае становішча,
свімі стылістычнмі пошукамі вызначаюць яе творчае і выканаўчае аблічча. Па музыцы
гуртоў кшталту IQ48,
як па маркерах, вызначаецца ўзровень усёй беларускай рок-музыкі. Таму шматлікія
слухачы з непадробным інтарэсам з’віліся на прэзентацыю, каб на "свае вушы”
пачуць новыя песні і старыя хіты IQ48...
Арганізатары канцэрта-прэзентацыі вырашылі, што
музыка IQ48
будзе ўспрымацца яшчэ больш рэльефна, калі разам з імі на сцэну клуба спачатку выйдуць
сябры-музыканты з гурта "Разбітае сэрца пацана”, хоць стылістычна яны
выконваюць кантрастную музыку. Але гэта не засмуціла запрошаных музыкантаў,
якія выкарысталі прадстаўленную магчымасць нагадаць слухачам свой звышапулярны
поп-трэш з элементамі танцавальнага шоў. Музычны сэт "РСП” распачалі
кампазіцыяй "Смаргонь”, а таксама музыканты нагадалі слухачам песні з новага
альбома "Не налівай”: "Смартфон”, "Хонгільдон”, "Неферціці”, "Лук і часнок”, а
таксама новыя песні і старыя хіты, кшталту, "Nocomment”, "Венесуэла”. З асаблівым
энтузіязмам слухачы ўспрынялі любімую кампазіцыю, па сваёй сутнасці гратэскна-гумарыстычную
замалёўку, "Палюбіла гапара”, якую суправаджалі дзяўчаты з танцавальнага шоў
"ЭВМ”. Пра ўдзельніц гэтага танцавальнага дуэта Юлю Шаўчук і Марыну Юрэвіч
трэба гаварыць асобна: на сцэне дзяўчаты падкрэсліваюць непаўторны вобраз
кампазіцый гурта "Разбітае сэрца пацана”, выкарыстоўваюць самыя выразнастайные
рухі і па з арсенала танцорак бурлеску, а таксама элементы эратычнага танца.
Гэтым разам Юля і Марына запрасілі на сцэну хлопцаў-энтузіястаў, якія сталі
ўдзельнікамі вясёлага стрыптыз-шоў, якое разыгралі разам з імі ўдзельніцы дуэта
"ЭВМ”. Што і казаць, канцэртны сэт ад "РСП” не пакінуў нікога абыякавымі, і
часамі складвалася ўражанне, што энтузіязм слухачоў можа перашкодзіць
успрыманню музыкі галоўных дзеючых асобаў канцэрта – гурта IQ48.
Але як толькі "айк’юшнікі” вышлі на сцэну з першай
кампазіцыяй, то стала зразумела, чаму свой новы альбом мінскія музыканты
назвалі "HMR”(heavy-metal-rock) – замест саксафона, на якім саліраваў ў свой час Д. Дзеравянка, цяпер граў
новы гітарыст Павел Яноўскі. Таму гук гурта IQ48 стаў больш шчыльным, пранізваючым залу
клуба "металічнымі” рыфамі і сола. Да таго ж, у калектыўным гучанні гурта
значна павялічылася нагрузка і на асноўнага гітарыста IQ48 Яўгена Бузоўскага, які пад
час канцэрта прадэманстраваў значны выканаўчы і стылістычны прагрэс. Што
тычыцца інструментальных навінак гурта, то нельга не адзначыць выкарыстанне
музыкантамі такога экзатычнага інструмента, як вамола – доўгай металічнай рэйкі
з гуказдымальнікам, на якой нацягнута басовая струна, сіла натяжэння якой
змяняецца з дапамогай спецыяльнай ручкі на версе інструмента. А граць трэба на
вамоле з дапамогай барабаннай палачкі. Гэтую экзотыку, якая па гучанні нагадвае
касмічны басавы інструмент, прадставіў слухачам бас-гітарыст гурта Ўлад
Плюшчаў. Дарэчы, вамолу ён вырабіў сам ды апгрэйдзіў яе зялёнымі лямпачкамі.
Асноўным жа звяном, якое злучала стылістыку і
акустычную атмасферу альбома "HMR” і папярэдніх дыскай IQ48, можна лічыць манеру выканання саліста
гурта Аляксандра Ракаўца, які спалучае металічны гроул і рэп-чытку тэкстаў. Гэта
можна было зразумець з першых жа кампазіцый, якія былі прадстаўлены на
прэзентацыі: "Сабой заставацца”, "Просты хлопец”, "Хвост пісталетам”, "Парыж”,
у якой музыканты выкарысталі мелодыю з репертуару Эдізт Піаф. Пад час выканання
песні "Эмігрант” адбываліся здымкі відэа-кліпа.
Другую частку праграмы прэзентацыі можна было б
назваць настальгічнай, бо яна уключала "жывое” выкананне знакамітых хітоў мінулых
гадоў. Напрыклад, "Карыду”, "Гэй, наперад” (на верш Я. Купалы), якія загучалі
па-новаму, больш яскрава і па-сучаснаму. А калі на сцэну выйшаў госць з Масквы,
былы ўдзельнік і адзін з заснавальнікаў IQ48 Павел "Фрэйд” Зыгмантовіч, то слухачы ў
прадчуванні новых уражанняў пачалі скандзіраваць назву чаканай кампазіцыі:
"Таполі!”. Так яно і здарылася, пад "Таполі” зала клуба выбухнула станоўчымі
эмоцыямі, а многія слухачы пусціліся ў энергічныя скокі!
Дарэчы, на новым альбоме гурта IQ48 "HNR” Павел стаў аўтарам тэкстаў
песень "Эмігрант” ды "Парыж”, у якіх ён выказаў, акрамя іншага, сваю тугу па
Радзіме, надзею на хуткае вяртанне ў Беларусь і супрацу са сваімі сябрамі.
Але гэта быў не адзіны сюрпрыз
гэтай прэзентацыі. Ганаровым госцем прэзентацыі стаў знакаміты беларускі рэпер Vinsent, які ніколі не адмаўляецца ад
магчымасці выступіць з айчыннымі рок-музыкантамі. Вось і ў гэты дзень рэпер у
выразнай рок-манеры разам з IQ48 выканаў энергічную кампазіцыю "Дай сілы”, якая
выклікала дадатковую цікаўнасць да дыска ў асяродку аматароў рэп-чытанак.
Музыканты IQ48 запрасілі на сваю
прэзентацыю і іншага ветэрана беларускага рэп-руху – Аляксандра Памідорава. Аляксандр
нагадаў слухачам як гучыць іх сумесны трэк "Выйсце”, а таксама хіт "Святло і
цемра”. Нажаль, песню Аляксандру завяршыць не ўдалося: на сцэну ўварваўся не
зусім цвярозы хуліган, якога музыканту давялося ўрэзоньваць, ды здаваць ахове
клуба. Непрыемны момант ідэаьнай прэзентацыі, але затое ўсе прысутныя
ўпэўніліся ў сапраўдныя мужчынскіх якасцях "вялікага ва ўсіх сэнсах” чалавека і
музыканта Аляксандра Памідорава!