Піт
Паўлаў: яшчэ сустрэнемся!
6 лістапада
ў рок-бары «Крылы»
адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім
рок-музыканатам, удзельнікам гуртоў N.R.M. і
«Папараць» Пітам Паўлавым, якая ладзілася
ў межах кампаніі «Рок-салідарнасць».
Добра вядома тае, што Піт Паўлаў не толькі арыгінальны
кампазітар і музыкант, але і вельмі цікавы і дасціпны субяседнік. Таму яго
сустрэчы з прыхільнікамі заўсёды адбываецца пры поўнай зале і ў вельмі прыязнай,
сяброўскай атмасферы. Тым больш, што гэта сустрэча ў рок-бары «Крылы» была прымеркавана
да дня народжэння музыканта, што выклікала дадатковую порцыю шчырых віншаванняў
у адрас музыканта.
Гэтым разам Піт распачаў свой міні-канцэрт з прэзентацыі
новых музычных кампазіцый. Аматары творчасці П. Паўлава з цікавасцю даведаліся
што Піт стварыў некалькі кампазіцый да новай мастацкай стужкі, прысвечанай польскамоўнаму
пісьменніку беларускага паходжання С. Пясецкаму. З саўнд-трэка да гэтай стужкі музыкант
выканаў такія кампазіцыі, як "Залаты сезон”, «Зброя, золата, кабеты» і «Каханак
Вялікай Мядзведзіцы», «Схватка«». Між іншым, апошняя са згаданых кампазіцый мае
і іншае прызначэнне. Яна была створана і як музычнае аздабленне да турніра
памяці Алега Караваева – першага беларускага алімпійскага чэмпіёна па
грэка-рымскай барацьбе, двухразовага чэмпіёна света. Высветлілася, вольны ад
музыкі час Піт прысвячае гэтаму віду спартыўнага адзінаборства.
Далей песні ў выкананні аўтара суправаджаліся
разгорнутымі каментарыямі і аповедамі пра гісторыю іх стварэння, а таксама
цікавымі выпадкамі з музычнага жыцця Піта. Дзякуючы неардынарнай асобе
музыканта, камернасці сяброўскай атмасферы, ў рок-бары скалалася атмасфера
зацікаўленага дыялога паміж выканаўцам і яго слухачамі.
Далейшая праграма міні-канцэрта Піта Паўлава складалася з
настальгічных успамінаў пра удзел у сваіх ранейшых праектах. Так гучалі песні з
рэпертуару гуртоў «Гарадзкія», KRIWI. У прыватнасці, шквалам апладысметаў была сустрэта
апрацоўка народнай песні «За туманам», якая ў свой час была запісана з
Веранікай Кругловай і Змітром Вайцюшкевічам.
Таксама Піт распавёў пра лёс праекта Pete Paff,
пра тое, што ён нікуды не знік, але трансфармаваўся і выступае пад іншай назвай
– «Папараць». З рэпертуару гэтага калектыва у выкананні П. Паўлава прагучалі
апрацоўкі народных мелодый «Бору», «Там, каля млына» і іншыя кампазіцыі.
Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікалі кампазіцыі з
новага альбома гурта N.R.M., які названы музыкантамі Д.П.Б.Ч. Нагадаю, што гэты
дыск быў выдадзены ў двух фарматах – на CD і
на модным сёння вініле. Піт Паўлаў распвёў пра гісторыю створаэння загалоўнай
песні гэтага альбома -- «Прамень» і яе алюзіі з песняй Beatles «Here Comes The Sun», а таксама пра ўнікальныя здымкі кліпа на гэтую
кампазіцыю.
«Прамень», як і іншыя кампазіцыі – «Мроя мая», «Хрусць і
папалам» (напісаная ў суаўтарстве з Г.Галушкіным), «Ты маўчыш і я маўчу», «Д.П.Б.Ч.»
выклікалі шчырыя апладысменты і новыя пытанні слухачоў адносна альбома Д.П.Б.Ч.
і далейшага лёсу гурта N.R.M. Піт запэўніў, што гурт настроены ствараць новыя песні,
гастраляваць, здымаць кліпы – быць заўважным складнікам беларускага рок-руху, а
новы альбом N.R.M. гэтаму добрае пацвержанне.
На заканчэнне творчай сустрэчы ў рок-бары «Крылы» Піт
Паўлаў на замову слухачоў выканаў беларускамоўны кавер на песню гурта Metallica «Nothing Else Matters» якая ў П. Паўлава мае назву «Сродак і мэта». Выкананне
гэтага кавера яшчэ раз засведчыла той сур’ёзны падыход, які музыкант выкарыстоўвае
ў працы над апрацоўкамі і асабістымі кампазіцыямі, што маюць неардынарныя
тэксты і мелодыі.
Ну а скончылася сустрэча з Пітам Паўлавым на
настальгічнай ноце – сумесным выкананнем легендарных «Трох чарапах». Цікава,
што гэтая, здавалася б простая песенька, стала своеасблівым гімнам, які здольны
аб’яднаць розныя пакаленні аматараў беларускай рок-музыкі. Агульныя спевы
вядомага хіта выклікала ў наведвальнікаў творчай сустрэчы з Пітам Паўлавым жаданне
набыць новы альбом гурта N.R.M., які хутка разышоўся па калекцыях беларускіх меламанаў.
А таксама прыйсці на канцэрт, прысвечаны выхаду дыска Д.П.Б.Ч.
Нагадаем,
што прэзентацыя новага альбома гурта N.R.M. адбудзецца
15 лістапада ў клубе «ЮЛА» (вул. Сурганава, 26, ст. метро «Акадэмія навук») а 19
гадзіне. Піт Паўлаў і гурт N.R.M. запрашаюць усіх аматараў беларускай рок музыкі!
Анатоль
Мяльгуй, фота аўтара На ніжнім здымку: суўладальнік рок-бара "Крылы", былы гітарыст гурта "Модуль" Алег Спіцын і Піт Паўлаў. Матэрыял апублікаваны тут:http://novychas.info/kultura/muzyka/pit_paulau_jashce_sustreniemsi/
|