Четверг, 2024-11-21, 1:19 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Сентябрь 2014  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Главная » 2014 » Сентябрь » 4 » Пакаленне next: вучні ці канкурэнты?
10:03 AM
Пакаленне next: вучні ці канкурэнты?

Пакаленне next: вучні ці канкурэнты?

Заўсёды з асаблівым хваляваннем услуховаюся ў дэбютныя альбомы беларускіх гуртоў новай генерацыі. А што калі мы, музычныя крытыкі, выпадкова не заўважым геніяў айчыннага року? Што калі талент прападзе без падтрымкі, альбо здарыцца іншая крайнасць – неабгрунтаваная кампліментарнаць створыць з айчыннага рок-руха нейкі рассаднік«зорнай хваробы»?

Добра, што маладыя гурты з зайздроснай рэгулярнасцю пастаўляюць на музычны рынак Беларусі новыя рэлізы і дэманструюць, па меры сваіх магчымасцяў, арыгінальныя падыходы да такой складанай, шматграннай мастацкай з’явы, як беларускі рок. Вось і цяпер надыйшоў час зрабіць агляд дыскаў беларускамоўных гуртоў новай генерацыі. Магчыма, менавіта яны рыхтуюць слухачам незабыўныя эмацянальныя ўзрушэнні?

 

Як класіку зрабіць класнай?

Калі ўпершыю давялося паслухаць дэбютны дыск гурта «M.G.» «К чорту гарэлку», то быў прыемна ўзрадаваны дабротным гукам і выканаўчым майстэрствам наваградскіх музыкантаў. Сапраўды, гітарныя сола (Герман Кулік), партыі ударных (Артур Кулік) і баса (Уладзіслаў Мазалеўскі) ствараюць на запісу тое, што ў музыкантаў завецца груваам. Бадай такія ўражанні можна адчуць пасля першай кампазіцыі гурта «Бульбатрэш». Што ж тычыцца стылістычнай накіраванасці маладых музыкатанаў, то іх прыхільнасці палягаюць у захапленні хард-рокам з сучаснымі дамешкамі, кшталту, progressive-metal, alternative-metal, hard-core. Ад гэтага першая кампазіцыя альбома вылучаюцца насычанай энергетыкай і падаецца неардынарнымі з меладычнага пункту гледжання.

Ужо наступныя кампазіцыі «M.G.» з альбома «К чорту гарэлку» могуць распавесці слухачам зусім пра іншы бок творчасці каманды. Асабліва загалоўная песня на аднайменны верш Ларысы Геніюш. Доўгае, глыбокае intro, здаецца, задумана, каб стварыць атмасферу непрыняцця таго лада жыцця, які адвяргаўся паэткай. Цяжкія рыфы надаюць кампазіцыі трагічнае адценне, а сэнс кампазіцыі нібы папярэджвае слухача: «У сэрца народу скірованы выстрал / Досыць нам голаў хлусьнёю кружыць!/Жыць яму заўтра, альбо ня жыць…» Безумоўна, кампазіцыя на вострасацыяльную тэму «К чорту гарэлку» – адна з самых эмацыянальных на альбоме і вартая каб яе змясцілі на новых выпусках складанкі «Жыць для Беларусі» з песнямі пмааводле лірыкі Л.Геніюш.

Арыгінальным словам у сучаснай музычнай багдановічыяне з поўным правам можна было назваць версію «Пагоні» М. Багдановіча, якую прапанавалі нам, слухачам наваградскія музыканты. Кампазіцыя распачынаецца лірычнымі гітарнымі пераборамі, якія нагадваюць яшчэ адзін сучасны багдановічскі шэдэўр – кампазіцыю «De la musique avant toute chose» ад мінскага гурта «Dead Marsh». Але ў гурта «M.G.» лірызм плаўна транфарміруецца ў рок-гімн роднаму краю, яго вялікай гісторыі і культуры.

Адзін з варыянтаў «класічнай» песеннай серыі ў выкананні гурта «M.G.» – кампазіцыя «Дзецюкі» (на верш Ларысы Геніюш «Не сумуй»). Сапраўды, у музычным сэнсе гэты твор можна смела назваць працягам таго, што ёсць стрыжнем новай канцэпцыяй маладога гурта. Канкрэтна, гэта і баладнасць, і глыбокае асэнсаванне тэкста твора, яго гарманічнае спалучэнне за мелодыяй, якая пастаянна развіваецца. Праз гэта песня спрыяе ўзнікненню эмоцыі, якая ахінае ўвесь твор. А дакладней, выклікае глыбокую веру ў тое, што наша зямля і краіна будуць вольнымі і незалежнымі. Справядліва будзе адзначыць у гэтых меладычна і гарманічна складаных кампазіцыях вакал У. Мазалеўскага, які дасягае неблагіх вынікаў у агульнай музычнай канве альбама.

Нельга абыйсці і англамоўныя кампазіцыі гурта «M.G.» («Nail King», «Price of Life»,). Ну хаця б таму, што гэта даволі прафесійна спрацаваныя рок-опусы, мэта якіх наследваць самым сучасным музычным плыням. Што ж тычыцца іх дапасаванасці да альбому «К чорту гарэлку», то гэтыя кампазіцыі проста выпадаюць з кантэкста дыска (у тым ліку і гукавы эксперымент гурта – кампазіцыя «S.O.U.L.»). Безумоўна, маладым музыкантам патрэбна цвёрдая рука прадзюсера, якія б параіў музыкантам, як зрабіць чарговы альбом больш канцэптуальным, чым папярэдні. А пакуль што чакаем наступных рэлізаў ад гурта «M.G.».

Пераадольваючы сіндром «другога альбома»

Вядома, што і ў музыкантаў існуе сіндром «другога альбома». Гэта значыць, што другі альбом, звычайна, самы складаны і таму яго выпуск суправаджаецца вялікай колькасцю творчых і фінансавых праблем. Напрыклад, дэбютны дыск пераможцы «Басовішча-2008», гарадзенскага панк-гурта «TlustaLusta» «Блін першы» заслужыў даволі шмат пазітыўных адзнак, хоць і меў некалькі хібаў, палягаючых у адсутнасці вопыта. І вось, пераадолеўшы псіхалагічныя перашкоды, гурт прапанаваў слухачам свой новы рэліз – альбом «Пераначуеш – больш пачуеш», выдадзены лэйблам БМА group. Але як з наваным сіндромам?

Адразу скажу, што гэтая праца гарадзенскіх музыкантаў можа прывабіць слухачоў больш разнастайнай кампазіцыйнай і стылявой палітрай твораў, а таксама больш сур’ёзным падыходам да лірыкі. Ну чаго варты толькі пералік аўтараў, на тэксты якіх былі створаны кампазіцыі альбома: Н.Арсеньнева, С. Грахоўскі, А.Глобус, А.Кулінковіч, Ю.Пацюпа, Л.Дранько-Майсюк, нават Ф.-К.Агінскі (у перакладзе В.Сёмухі). Безумоўна, такі разнастайны падбор аўтараў робіць альбом у нейкім сэнсе панарамным.

Альбомны падыход адчуваецца і ў музычным аздабленні песень гурта «TlustaLusta». Адразу слухач звяртае ўвагу на тое, што панк-рок у ёй ўжо не дамінуе стоадсоткава, хоць і застаецца адным з осноўных стылістычных складнікаў. Напраклад, кампазіцыя «DE SAD» (на верш Ю.Пацюпы, з алюзіямі на радкі У.Дубоўкі і Н.Арсеньневай) вылучаецца рэтраспектыўным рок-гучаннем, у якім аддаецца шмат увагі аранжыроўкам для духавых інструментаў (Ігар Жэброўскі – трамбон, труба). Да таго ж, рэтра-рытмы мелодый гурта месцамі нагадвадваць пародыі на хіты савецкай эстрады.

Нельга сказаць, што «TlustaLusta» поўнасцю адмовілась ад свайго экстрэмальнага крэда: у іншых кампазіцыях гарадзенскія музыканты шмат увагі надаюць музычнаму стылю, з якога пачыналі свой шлях на беларускай рок-сцэне. Так ў кампазіцыях «Душа» (на верш С.Грахоўскага), «Эратаграфія» (аўтарства Л.Галубовіча) музыканты імкнуцца падкрэсліць сваю адданасць панк-року і яго больш сучасным адгалінаванням – хард-кору, альтэрнатыўнаму року. Гэтаму дапамагаюць і два басісты гурта – Павал Фалейчык і Раман Варошка, а таксама два выканаўцы на ўдарных – Ян Каламыцкі (па сумяшальніцтву і гітарыст) і Аляксандр Сыраежка.

Бадай, адна з самых яскравых кампазіцый альбома «Ён і яна» (ана верш Л.Дранько-Майсюка), расквечаная вакалам Т. Беланогай, якая ў саюзе з вакалістам і гітарыстам «TlustaLusta» К. Богушам падкрэсліваюць актуальнасць вечнай тэмы кахання, адносін паміх жанчынай і мужчынам. Трэба адзначыць, што дуэты Беланогая-Богуш – адна з прыемных нечаканасцяў гэтай кружэлкі.

Што ж тычыцца «сіндрому другога альбома», то градзенскія музыкантам яго ўдалося пераадолець без асаблівых страт: выканаўцы захавалі свой адметны творчы почарк, расквецілі стылістычную палітру сваіх кампазіцый новымі адценнямі, прапанавалі слухачам даволі спелы прадукт – альбом «Пераначуеш – больш пачуеш».

Ад альбома да сюіты ў стылі «adult»

Цікава, што некаторыя з тутэйшых выканаўцаў і гуртоў спярша называюць свае музычныя праекты англамоўнымі назвамі. Адпаведна і творчасць іх першапачаткова -- англамоўная. Але далейшая хада падзей прыводзіць многіх з іх да кардынальных змен: маладыя музыканты, расчараваўшыся ў сваіх іншамоўных «эксперыментах», звяртаюцца да роднага слова і беларускага культурніцкага кантэсту. Такі шлях пераадолеў і студыйны праект «Like a Gossamer», ініцыятарам якога сталі гітарыст і вакаліст А.Акульчык і басіст Дз.Голін.

Музыканты ўжо мелі досвед удзелу ў беларускамоўных музычных праектах, такіх як «Прэм'ер Тузін’2007». Узрушаныя ўдалай спрабай, музыканты «Like a Gossamer» прапанавалі слухачам свой першы і ў нечым манументальны рэліз – гадзінную рок-сіюту «Клятва вернасьці». Сапраўды, гэты альбом мае сваю складаную структуру, сваё развіццё і эмацыянальныя ўзлеты і затуханні…

Маю на ўвазе тое, што сюіта ўвабрала ў сваю канву шмат музычных і гукавых сродкаў: тут і фальклорнае выканне (народныя песні «Ой, стаіць бяроза», «Зашумела дубровачка» выконвае салістка гурта «Rokash» П. Дулінец), і гукавыя замалёўкі, якія перадаюць атмасферу беларускага наваколля ў розныя поры года: веснавыя спевы птушак, шум летнятняга жытняга поля, пошчак восеньскага дажджу, зімняе рыпенне сельскага вазка і капыт гаспадарскага коніка… Быццам, як у Баршчэўскага і Караткевіча, малады этнограф-фалькларыст вандруе па Беларусі ў з мэтай даследваць легенды і паданні роднай зямлі, прасачыць лёс яе герояў і выдатных людзей – Чарадзея, М.К.Агінскага, Каліноўскага, зафіксаваць іх для будучых пакаленняў беларусаў (кампазіцыі «Зімовым шляхам», «Полем», «Вільня»…). Сярод гэтых акустычных экзэрсісаў вылучаецца «Непачуты палянэз», прысвечаны М.К.Агінскаму і яго жыццёваму шляху патрыёта роднай Літвы.

Эмацыянальны цэнтр альбома «Клятва вернасьці» -- музычныя творы на вершы паэткі А. Жукавай, у якіх сплятаюцца не толькі сімвалы мінулага, але і знакі веры продкаў – паганскай культуры і светаполяду нашых продкаў. З гэтага сімвалізму і вынікае і стылістычнае ўвасабленне цэнтральнай часткі рок-сюіты – кампазіцый «Краіна расамах», «Свіцязь», «Клятва вернісці», «Чарадзеё», «Заклятая гара», «Шведы» і іншых. Яно палягае на мяжы арт-рока і pagan-metal, ствараючы вельмі яскравы вобраз мінулага роднага краю. Адзначу тое, што «разынкай» гэтых кампазіцый з’ўляецца ўнутрыкампазіцыйныя кантрастныя эпізоды: напрыклад, сярод экстрэмальных гітарных рыфаў альтэрнатыўга року ці pagan-metal, харызматычнага гроўла А. Акульчыка, можна пачуць лірычныя спевы П. Дулінец, спакойныя гітарныя пераборы і фартэпіянныя акорды клавішныцы гурта К.Ганчаровай, элекронныя імправізацыі ўзельнікаў гурта, якія быццам бы рыхтуюць слухачоў да наступных трэкаў альбома.

Багаты на візуальныя эфекты і сімвалы буклет альбома дапаўняе яго музычную плынь новымі крэатыўнымі вобразамі і кліча слухачоў да паўторнага праслухоўвання гэтай музычнай сюіты. Безумоўна, новую працу музыкантаў можна назваць сучасным увасабленнем забытай «музыкі для дарослых»-- adult-oriental-rock’а (AOR), якая атрымала падмацаванне ў нашай краіне з творчасцю гурта «Like a Gossamer» і працягнула традыцыю «Песні пра зубра» «Сузор’я» і «Сымона-музыкі» ад «Dialectic Soul»…

Анатоль Мяльгуй

 

 

Просмотров: 1407 | Добавил: FMM | Рейтинг: 4.0/3
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 3
Гостей: 3
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz