Рамантычна-гераічная віхура нацыянальнага Адраджэння
80-90 гадоў ХХ стагодзьдзя паклікала да актыўнай культурніцкай і палітычнай
дзейнасьці маладых таленавітых беларусаў з розных крывіцкіх земляў: вёсак і
хутароў, гарадоў і мястэчкаў. Гістарычна, акрамя змаганьня за незалежнасьць
краіны, ім было наканавана сцярушыць саўковае лушпінне з таго, што ў той час выдавалася
пад шыльдай "нацыянальная культура”. А галоўная задача таго і цяперашняга часу
– акрэсліць сапраўды нацыянальны дыскурс і кантэкст культурнай прасторы
Бацькаўшчыны, знайсці спосабы яе трывалага існавання ў розных гістарычных
варунках. А на пачатку шляху тыя варункі выглядалі даволі цмянымі…
Таму ў шыхты нацыянальнага
Адраджэння час рэкрутаваў самых адданых і акрыленых прыхільнікаў Беларускай
Ідэі. "На гэтую справу (справу Адраджэння) разам падхапіліся многія і многія --
і з розных бакоў. Тут былі і калектыўныя "ветэраны” нацыянальнага руху
("Майстроўня”, "Талака”, "Бабілон”…), і толькі паўсталыя аб’яднанні, рухі,
партыі…, што без стомы гарталі старонкі мінулага, каб увідавочніць наяўнасьць
сапраўды нацыянальных каштоўнасцяў і сярод іх найвялікшую – саму беларускую
нацыю…”-- так малюе пачатак рашаючага для Беларусі сацыяльнага зруху ХХ
стагодзьдзя вядомы беларускі філёзаф В. Акудовіч у сваёй кнізе "Код
адсутнасьці” (Мн. "Выд. І. П. Логвінаў”, 2007,стар. 109). Кім былі гэтыя людзі:
апосталамі новага часу ці апантанымі прывіднымі ідэямі? Час мусіць адказаць і
на гэтае пытанне. Але, разважаючы пра лёсы "адраджэнскай” генерацыі канца ХХ
стагоддзя, нельга не згадаць аб панаванні рэнесанснага універсалізму, які быў
характэрны для маладых творцаў нацыянальнай хвалі пачатку 90-ых гадоў. Іх
талентам і ахвярнасцю, часам, гераічнымі ўчынкамі і геніяльнымі радкамі, як у
паэта Анатоля Сыса, закладвалася традыцыя новага (вызваленага ад догмаў соцарта)
беларускага прыгожага пісьменства, адкрываліся невядомыя старонкі нацыянальнай
гісторыі, асвойваліся мастацкія далягляды, што адкрыліся ў эпоху рок-н-ролу,
персанальных кампутараў і Інтэрнэту. Таму, ў адрозьненне ад інтэлектуальна-выкшталцоных
адраджэнцаў "нашаніўскага” перыяду, цяперашнім "тутэйшым” давялося працаваць з
аглядкай на стракатыя плыні і жанры масавай культуры, ад дэтэктыўнага рамана да
фолк-мадэрну і бардаўскіх спеваў. Такія патрабаванні да нацыянальнага
Адраджэння і да яго носьбітаў высунула новая эпоха -- эпоха постмадэрну. З
розных прычынаў многія з пасталелых прадстаўнікоў часоў Адраджэння 80-90 гадоў
так і засталіся ў наіўна-рамантычным палоне тых часін, а потым натуральна
сыйшлі з дыстанцыі, іншыя ж і цяпер засталіся
ў перадавых шыхтах Беларушчыны, і , як сапраўдныя атланты, трымаюць на
сваіх плячах нябёсы нацыянальнай культуры.
Адным з
такіх універсальны шыхтоў непадцэнзурнай нацыянальнай культуры, наследваўшых яе
шматвекавыя ідэалы гуманізму і справядлівасці, застаецца бардаўская песня. Жанр
бардаўскай песні ў Беларусі ўжо мае свае традыцыі і дасягненні: адметных па
музыцы і паэтычнай мове выканаўцаў, поўныя залы прыхільнікаў, якія наведваюць
бардаўскія канцэрты і, галоўнае, набываюць дыскі сваіх улюбёных аўтараў.
Адзін з
такіх выканаўцаў, пра якога можна з упэўненасцю казаць "знакавы беларускі бард”
– Сяржук Сокалаў-Воюш, якога летапісцы айчыннага бардаўскага руха адносяць да
нацыянальнай героіка-публіцыстычнай плыні беларускамоўнай аўтарскай песні. Класікі гэтага кірунку гартавалі свой паэтычны і выканаўчы талент не толькі ля
вандроўных вогнішчаў ці ў вагонах цягнікоў, але і на падпольных
канцэртах-кватэрніках, на забароненых сустрэчах сяброў "Майстроўні” і
"Тутэйшых”, пад пранізлівымі вятрамі ды дубінкамі першых мітынгаў апзіцыі.
Голас і
выканаўчая манера Сяржука Сокалава-Воюша падыходзіла для гэтых мэт найлепшым
чынам. Сам бард, з выгляду рахманы беларус, калі браў у рукі гітару,
ператвараўся то ў палымянага трыбуна, то ў з’ездлівага сатырыка-выкрывальніка
нацыянальнай хлусні і здрады, якая пачала пладзіцца за часамі ўраду Кебіча...
Трэба
адзначыць, што Сяржук Сокалаў-Воюш – першы беларускамоўны бард, які здабыў
масавую папулярнасць без апоры на законы шоу-бізнеса, без асаблівай рэкламнай
кампаніі і прэзентацый. Сваю справу рабілі не толькі шматлікія аматарскія
выступленні, але і простыя, кампазіцыйна запамінальныя мелодыі песень
Сокалава-Воюша.
Не
будзе перабольшваннем сцвярджэнне, што першым агульнабеларускім бардаўскім
хітом стала песня на верш Сяржука Сокалава-Воюша "Аксамітны вечар”, мелодыю для
якой стварыў навапалачанін Вадзім Навіцкі. Зрэшты не толькі з гэтай песняй
нараджалася вядомасць Сокалава-Воюша, як аднаго з карыфееў беларускага
бардаўскага руху. Вялікую папулярнасць мелі і іншыя зонгі барда, асабліва
сатырынай накіраванасці.
У
апошні час Сяржук Сокалаў-Воюш больш вядомы як літаратар, аўтар раманаў. Але і
аўтарская песня не зыходзіць з ягоных вуснаў. Пра гэта сведчыць
эксперыментальны альбом Сяржука "Песні Лісоўчыкаў”, які ўяўляе сабой тэматычную
музычна-паэтычную сюіту на тэму гераічнага лёсу нашага народа.
А вось
пачынальнікам лірычнага кірунка беларускамоўный бардаўскай песні можна лічыць
Алеся Камоцкага. Свой творчы шлях А. Камоцкі, дарэчы, па адукацыі філосаф,
пачынаў з выступленняў на невялікіх канцэртных пляцоўках і сяброўскіх
вечарынах. Цяпер ён часты госць шматлюдных канцэртных залаў і фестываляў,
ўдзельнік ў музычных праектаў тэлеканала ОНТ, госць радыёперадач канала
"Культура” і FM-радыёстанцый…
У
дыскаграфіі Алеся Камоцкага дзесяць альбомаў, адзін з якіх – "Псальмы” на
біблейскія тэмы -- быў выдадзены польскай кампаніяй "Magton records”. Трэба ўзгадаць, што ў
творчым багажы Алеся Камоцкага ёсць і зборнік паэзіі "Спроба ісці па расе”…
Асаблівую
цікавасць у слухачоў выклікалі аўтарскія студыйныя працы Алеся – альбомы "Дом”
і "Дым”, з лірычнымі кампазіцыямі і песнямі на вершы беларускіх паэтаў. Апошняя
навінка ад Камоцкага – альбом "Дах”. (у час выхаду гэтых дыскаў Камоцкі жартаваў,
што ў яго тады быў перыяд творчасці на "Д”). Да гэтага часу слухачы шчырымі
апладысментамі вітаюць выкананне ім кампазіцый "Горад”, "Я прымаю вясну
невялікімі часткамі”, "Усё роўна была ты”…
Алесь
Камоцкі і ў гэты час застаецца самым вядомым лірыкам беларускай бардаўска
песні, які імкнецца ўнесці новыя музычныя адценні ў палітру айчыннай бардаўскай
песні. Напрыклад, не так даўно пабачыў свет альбом Камоцкага "З бацькоўскай
кружэлкі”, на якой бард прадставіў падборку "абеларушаных” кавераў на хіты
савецкага часу. Тут гучыць і "Стары клён”, "Журавы”, "Птушкі” ("Летят
перелётные птицы”) і іншыя песні, які выклікаюць настальгічныя пачуцці ў людзей
сталага ўзросту. Задумка Алеся, – паставіць гэта пачуццё на службу Беларушчыне,
--атрымалася. Сведчанне гэтаму – поўныя залы яго сольных канцэртаў.
Вядомы гарадзенскі бард Віктар
Шалкевіч не так даўно адзначыў сваё пяцідзесяцігодьдзе. Гэта выдатная дата –
заўсёдная падстава для падрахункавання ўсяго жыццёвага досведу чалавека, а для
слухачоў і музычных крытыкаў -- нагода для асэнсавання фенамену творчай
адметнасці артыста. А яшчэ для выдання юбілейнай кружэлкі, такой як "Шчасьлівая
сямёрка”. Гэтым канцэртным альбомам Шалкевіч падвёў вынікі сваёй шматгадовай
творчай дзейнасці і стварыў падставу для канцэрта-прэзэнтацыі ў сталіцы.
Што тычыцца Шалкевіча-барда, то
яго шлях як выканаўцы і аўтара ў многім вызначаецца ягонай універсальнай
асобай. Ад школы акторскага майстэрства, якую Віктар шліфаваў у гарадзенскім
Тэатры лялек, выканаўца ўзяў уменне "пражываць” музычны твор – ладзіць
своеасаблівы міні-спэктакаль, пад час якога, дзякуючы акторскім здольнасцям,
выканаўца найбольш яскрава даносіць да слухача асноўны змест і сэнс музычнай
кампазіцыі. Ці то драматычнай, лірычнай, ці то сатырычнай... Ад вопыту вядзення
аўкцыёнаў у Шалкевіча ўменьне імправізаваць, "гумарыць” у нязмушанай форме,
адным словам, весьці са слухачамі даверлівую размову, дыялог, ствараць у
канцэртнай зале атмасферу сябрыны і беларускай салідарнасці...
Калі артыстычныя ды імправізацыйныя
здольнасьці Шалкевіча – у нейкім сэнсе, вынік ягонай прафэсійнай падрыхтоўкі,
то прыхільнась барда да разнастайных музычных плыняў – ад густу і выхавання. У
ягоных песнях неяк вельмі арганічна і "мірна” спалучаюцца вулічны шансон і рок,
лірычная балада і рытмы правінцыйных прыпевак, блюз і кабарэтныя меладычныя
матывы. У той жа час, творчасць Віктора Шалкевіча амаль поўнасьцю пазбаўленая
так званых "КСПэшных” рысаў. Нагадаю, КСП – "клубы самадзейнай песьні”, якія на
працягу свайго існавання заставаліся крыніцай ўплыву на бардаўскі рух у краінах
былога СССР. Яго ўдзельнікам убіваліся ў галаву меладычныя, кампазыцыйныя і
моўныя матрыцы Акуджавы, Візбара і Нікіціна (хоць ніхто не адмаўляе іх уклад у
расейскую культуру і бардаўскі рух гэтай краіны), што спрадзіла легіён іх
безаблічных эпігонаў. Але гэта не пра Шалкевіча, які сёння ўспрымаецца як адзін
са стваральнікаў і захоўнікаў традыцый творча незалежнага беларускамоўнага
бардаўскага руху.
Сярод знакамітых зорных постацяў
часу паўстання айчыннага бардаўскага руху сёння застаецца вядомым і, галоўнае,
вылучаецца чытачамі і слухачамі сярод іншых, паэт, бард і перакладчык Эдуард
Акулін. І хоць Акулін-бард, які працуе ў традыцыйна-класічным,
"багдановічаўскім” кірунку, ягоныя песьні нязменна звяртаюць на сябе прыхільную
ўвагу слухачоў, а дыскі і магнітаальбомы знаходзяць пачэснае месца ў фанатэках
беларусаў розных пакаленьняў.
Менавіта традыцыяналізм у
класічным разуменьні гэтага слова ў спалучэньні з вытанчаным да ўзроўню
апрацаванага дыямента меладызмам, што нясе ў сабе адбітак уяўленьня аб
ідэальнай, чыстай Красе сярод шматлікіх прыхільнікаў барда -- і ёсьць таямніцай
прыцягальнасьці песеннай творчасьці Эдуарда Акуліна. Гэтаму безумоўна спрыяе
тонкі лірызм ягонай паэзіі, пранікнёная любоў да роднага краю, празрыстая
чысціня і філіграннае гучаньне паэтычнай радка…
Сваім літаратурным дэбютам Эдуард
Акулін, на той час дзесяцікласьнік, лічыць публікацыю ў 1979 годзе на старонках
часопіса "Бярозка” верша "Бесядзь”, які быў прызнаны журы адным з лепшых сярод удзельнікаў
конкурсу "Я табе, Беларусь, песьню шчыра пяю”... Малады паэт стаў ляўрэатам
названага конкурсу. Думаецца, гэты факт у далейшым абумовіў літаратурны лёс
Эдуарда Акуліна.
Акалічнасць, якая стала
каталізатарам новай грані творчасці, -- ужо песеннай, -- вызначылася падчас
вучобы Э. Акуліна ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце. У гэты час Эдуард і
ягоныя сябры стварылі адзін з першых у нашай краіне беларускамоўных рок-гуртоў.
Назва камандзе была дадзена па пачатковых літарах прозьвішчаў удзельнікаў:
Бяляцкі (Так, так! Першы беларускі намінант на Нобелеўскую прэмію міра,
знакаміты на ўсю Эўропу старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна” прайшоў школу
рок-музыкі!), Акулін, Скачынскі (цяпер -- кіраўнік Веткаўскага аддзелу
культуры), Кавалёў (настаўнічае ў Жлобінскім раёне на Гомешчыне) – "БАСКІ”. Але
назва "БАСКІ” – гэта няпроста выпадковы
збег літар. Для маладога гурта -- баскі ( невялікі народ у Гішпаніі) сталіся
ідэалам ахвярнага змагання за нацыянальнае вызваленне і незалежнасць...
Імкненьне да гарманічнага
спалучэння зместу і формы (атрыманае Э.Акуліным у спадчыну ад М.Багдановіча),
пранікнёны лірызм, шчырасць і выкшталцоная манера выканання ў спалучэнні з
непаўторным меладызмам – вось тая аснова поспеху, які напаткаў першы
магнітаальбом аўтара. Не марна некаторыя музычныя крытыкі ў рэцэнзіях на
альбом параўноўвалі Эдуарда Акуліна з непаўторнымі
па манеры выканання – Хуліо Эглесіасам і славутым Джо Дасэнам. Між тым Э.
Акулін вельмі арганічна здолеў спалучыць у сваёй творчасці і тонкую лірыку
кахання, і высокія патрыятычныя матывы. Вось чаму барда можна было часта
ўбачыць і пачуць і ў кулуарах сталічнай паэтычнай багемы і на шматтысячных
мітынгах пратэсту.
Творы Эдуарда Акуліна і тады, у
часы ўздыму нацыянальнага Адраджэньня 80-90 гадоў, і цяпер, калі ідзе размова
пра спад адраджэнскіх працэсаў, нязменна задавальняюць неспатольную прагу
слухачоў да песняў з глыбокім паэтычным падтэкстам ды глабальным беларускім
кантэкстам. Э.Акулін быў і застаецца верным ідэалам свайго духоўнага пабраціма
і настаўніка Максіма Багдановіча. Такой уяўляецца песенная творчасць Эдуарда
Акуліна, якая неад’емная ад ягонай паэтычнай дзейнасці. Ня марна ж сам
паэт-бард называе Паэзію і Песню сваімі двума творчымі крыламі. Кожным
вершаваным зборнікам і музычным дыскам, кожнай новай песняй Эдуард Акулін
таленавіта пацвярджае гэтую выснову.
Спектр беларускай бардаўскай песні надзвычай разнастайны: ад лірыкі да
гумару і едкай сатыры, ад палымяных палітычных зонгаў да блюза... І кожны
прадстаўнік гэтых напрамкаў знаходзіць сваіх прыхільнікаў, сваіх слухачоў.
Мінскі бард Зміцер Сідаровіч таксама знайшоў сваю нішу на стылістычнай палітры
беларускай бардаўскай песні. І дапамог гэтаму яго ўдзел у працы знакамітага ў
сярэдзіне 90-х гадоў рок-гурта "Камэлот”. Яго кампазіцыі з рэпертуару "Камэлота”
"Тры жалуды”, "Краіна Талераў”, "Дуда, лютня ды бубен” сталі класікай
гістарычнай музыкі Беларусі. Паколькі гэты гурт адыграў вельмі заўважную ролю ў
станаўленні рок-музыкі Беларусі, нельга не закрануць тэму гістарычнага напрамку
ў бардаўскім руху.
Так сталася, што песні гэтай
тэматыкі аказаліся вельмі актуальнымі, таму што ў 1991 годзе, калі Зміцер пачаў
выступаць з гуртом, а гістарычная тэматыка не была прадстаўлена ў нашай
папулярнай музыцы. І вось тут з’явіліся аўтары, які ствараюць хіт за хітом
незвычайнай тэматыкі. Рыцарскія клубы толькі ставараліся, дык і не дзіўна, што
кожнаму неафіту, які прыходзіў туды, давалі слухаць запісы з песнямі "Камелота”.
Шкада, што ў 1996 годзе "Камэлот” спыніў сваю канцэртную дзейнасць, але Зміцер не
адмовіўся ад гістарычнай афарбоўкі сваіх кампазіцый.
Трэба адзначыць, што гістарычная тэматыка
ў беларускай бардаўскай песні настолькі неабсяжная, што яе нельга проста
скончыць. Цяперашняя песенная творчасць Зміцера Сідаровіча прысвечана маляванню
шырокага вобраза жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім, стварэнню яе міфалагічнай
карціны, каб для чалавека ХХІ стагоддя яна лёгка ўспрымалася, адразу клалася на
ўсе пачуцці не толькі факталагічна-разумова, але і эмацыйна.
Фактычна, Зміцер Сідаровіч і
ягоныя паслядоўнікі ў айчынным бардаўскім руху займаліся тым, чым Уладзімір
Караткевіч займаўся ў літаратурным жанры, а польскі рэжысёр Ежы Гофман
ажыццяўляў сродкамі кінематографа. Ведаючы свой гістарычны падмурак, сучаснік
зможа ўсвядоміць, хто ён ёсць, з якой адказнасцю да саміх сябе варта ставіцца і
што нам ўсім разам рабіць далей.
Разам з тым, Сідаровічу даводзілася
працаваць не толькі ў сярэдневечнай тэматыцы, але і пісаць і іншую музыку. Так ім
была запісана музыка да 4 караткаметражных мастацкіх і дакументальных фільмаў,
музыка да аднаго спектакля. Не так даўно Зміцерам у суаўтарстве са спявачкай
Таццянай Матафонавай і іх дзецьмі -- Адасём і Тамашом -- быў рэалізаваны
навучальны праект "Дзіцячы альбом”, які атрымаў высокую адзнаку крытыкі і
спецыялістаў па выкладанню музыкі.
Айчынны бардаўскі рух не стаў бы
масавай з’явай, калі б не меў падтрымкі ў выглядзе фестываляў беларускамоўнай
бардаўскай песні. Нажаль, цяпер такіх фэстаў не шмат, і адзін з іх –
"Бардаўская восень” праводзіцца на Беласточчыне. Але фестывальны рух меў свой
пачатак і паэт Анатоль Кудласевіч у бардаўскім асяроддзі вядомы тым, што 1993
годзе ўпершыню ўзяў на сябе смеласць і клопат стаць адным з арганізатараў
першага фестывалю беларускамоўнай аўтарскай песні. Ад таго фэсту прайшло шмат
часу, але Анатоль не закінуў гітару і працягвае сваю бардаўскую творчасць,
рыхтуе да выдання сваю першую аўтарскую кружэлку, у якую ўвойдуць лепшыя творы
барда: музычная візытоўка – кампазыцыя "Атрасіны” на верш паэта-вязьня
Славаміра Адамовіча. Да таго ж, слухачы чакаюць і пубікацыі іншых песень А.
Кудласеча, у прыватнасці кампазіцый паводле "турэмнага цыклю” Якуба Коласа
"Песню няволі”.
Вялікую долю ў бардаўскай
скарбонцы айчынных аўтараў-выканаўцаў складаюць творы беларускіх
рок-музыкантаў, якія па розных прычынах бяруць ў рукі акустычныя гітары і
становяцца на шлях бардаўскага выканаўцы. Сапраўды, гэтай каляінай рушаць рок-музыканты
з гурта NRM Лявон Вольскі і Піт Паўлаў,
беластоцкая рок-сьпявачка Ілона Карпюк, менскія блюзавыя музыкі Андрэй Плясанаў
і Юрый Несцярэнка... Дарэчы, песні апошняга з пералічаных выканаўцаў, напоўнены
блюзавымі і рок-н-рольнымі інтанацыямі. Але ў той жа час, песьні Юрыя адрозьніваюцца
шчырымі эмоцыямі і глыбокім філасофскім сэнсам. Гэтым крытэрыям адпавядала
кампазіцыя "Агні гараць” на верш Л. Рублеўскай. Шмат песень айчынных рок-бардаў
змешчаны дыску "Барды свабоды”. Адзін з іх -- кавер "Дождж” на песню лідэра
амерыканскага гурта «Creedence Clearwater Revival» Джона Фогенці, пераклад якой на беларускую мову зрабіў
Юрый.
Калі гаварыць пра адметнасьці
песеннай творчасьці іншых, больш маладых беларускіх аўтараў, то нельга не
ўспомніць творы вядомага паэта і барда Андрэя Хадановіча. Ягоны творчы мэтад
можна назваць постмадэрнісцкім сьцёбам пад знакамітыя мелодыі сусветнавядомых
гітоў. Так, Андрэй карыстаецца (і гэта ён не хавае ад слухачоў) эвегрынамі,
кшталту мелодый Эдзін Піяф альбо "Besame mucho”, напаўняе іх тутэйшымі
рэаліямі, як гэта можна будзе адчуць у фантазіі на тэмы песень Т. Кутуньё і А.
Ярмоленкі "Італьянскі базар” ці ў песьні "Безь цябе не прасыхаю” паводле гіта
Стыві Ўандэра, што гучаць на канцэртах А. Хадановіча.
Кастусь Герашчанка, кіраўнік
народнага вакальнага гурта "Пліса” з аднаймённага беларускага мястэчка
Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, вядомы і як бард. Пастаянны ўдзельнік
разнастайных музычных імпрэзаў у сталіцы, Кастусь з цягам часу зрабіўся
актыўным удзельнікам айчыннага бардаўскага руху. Таму слухачы вельмі прыхільна
прымалі яго творы, асабліва драматычныя па свайму сэнсаваму напаўненню песні на
вершы Анатоля Сыса.
Вялікім посьпехам у аматараў
айчыннай бардаўскай песні карыстаецца і яшчэ адзін прадстаўнік рэгіянальная
плыні бардаўскіх выканаўцаў -- Сяргей Верамейчык, які жыве і працуе ў Залесьсі.
Гэтаму мястэчку, дзе быў створаны знакаміты "Палянэз Агінскага”, аўтар
прысьвяціў своеасаблівы гімн – кампазыцыю "Гукі Залесься”. З ёй можна
пазнаёміцца на кружэлцы. Творы Сяргея – абразкі жыцьця беларускай глыбінкі,
напоўненыя тонкім гумарам, меладычнай лёгкасьцю і пазытыўным поглядам на
мясцовыя жыцьцёвыя рэаліі. Напрыклад, "Байка” распавядаецца ад асоб тых жывёл,
якія пасьвяцца на палетках князя Агінскага. А гумарыстычная баляда "Да
нядзелькі” – гульлівая аповесць пра акалічнасьці жыцьця беларускай правінцыі
"ад панядзелка да нядзелькі”, дзе ёсць усё: і праца ў будні, безаглядная
вясялосьць, скокі па выходных і сьвятах.
Як заўсёды, шчырыя аплядысменты
слухачоў выклікала бардаўская творчасьць Тацьцяны Беланогай. Сьпевы Тацьцяны з
альбому "Дзвюхкроп’е” напоўненыя непадробнымі пачуццямі і жаноцкасцю, лірычным
хараством паэтычных радкоў. Гэтымі творамі Т. Беланогая заінтрыгавала шматлікіх
слухачоў, як і тым, што хутка пабаць сьвет яе новы альбом "Ніткі”.
Для актывізацыі творчасці маладых
беларускамоўных бардаў энтузіястамі айчыннай бердаўскай песні быў распачаты
праект "Барды Свабоды”. У рамках яго заснаваны конкурс для пачынаючых
аўтараў-выканаўцаў пад назвай "Гітара Свабоды”. І вось ў сярэдзіне мінулага
года былі падведзены яго вынікі і вядучыя канцэртнай праграмы і радыйнага
варыянту "Бардаў Свабоды” ўручылі прызы пераможцам – акустычныя гітары.
Дазначым, што гэтымі цудоўнымі інструментамі былі ўзнагароджаны маладыя аўтары
Марыя Новікава, Дар’я Кадамская, Алесь Зайцаў, Раман Яраш і іншыя перспэктыўныя
бардаўскія выканаўцы. Іх песні, што запісаны на дыску "Барды Свабоды”, а
таксама аўтарскае іх выкананне падчас прэзэнтацыі, засьведчылі высокі творчы
патэнцыял аўтараў, якія, спадзяюся, ў хуткім часе стануць у адзін шыхт з
класыкамі айчыннай бардаўскай песьні, пазбегнуць стылістычных і тэматычных паўтораў
і самапаўтораў, і гэтым зробяць новы крок у развіцці айчыннай школы бардаўскай
песні.
Анатоль Мяльгуй, для часопіса "Гасцінец”
|