Карл Маркс быў бы задаволены У мінулыя выхадныя давялося сутыкнуцца з анархічным (па адзначэнні Тодара Кашкурэвіча, які завітаў у Мінск з Ракава) разгулам дэмакратыі і лібералізму, што з дазволу сталічных уладаў запанаваў на вуліцы Карла Маркса. Тут мы з музыкантам, лідарам гурта P.L.A.N. Андрэем Плясанавым, журналістам і паэтам Вітаўтам Мартыненкам зладзілі музычны перформанс, мэтай якога стала знаёмства з песеннай творачасцю Андрэя, які стварыў немала песень на вершы Вітаўта. Трэба сказаць, што наш выступ адбываўся у раёне фотавыставы "Сушка", што стварала добрыя падставы для паспяховага канцэрта. Андрэй падрыхтаваў камплект апаратуры для вулічнага выступлення і ў вызначаны час выбудаваў гук для свайго сэта на Карла Маркса. Перад канцэртам нам далі слова, у якім мы для маладых слухачоў прадставілі Андрэя і яго творчасць, а таксама сказалі некалькі слоў на нашы выданні, у тым ліку і апошнюю кнігу Вітаўта... Нас сустрэлі дабразычлівымі апладысментамі і мы перадалі слова нашаму сябру-музыканту. І вось загучалі песні А. Плясанава і гурта P.L.A.N. "Добрай раніцы, Беларусь!", "Скрып-блюз", лірычныя кампазіцыі "Шукальнікі сэнсу", "Анна-Мар'я", "Шлях да каханай", гераічная "Выправа", народныя мелодыі "Шынкарачка", "Туман-бацюхна" і шэраг іншых кампазіцый, якія былі прыхільна сустрэчаны маладымі слухачамі і тымі, хто знаёмы з песнямі Плясанава з яго альбомаў і канцэртаў. Гэты дзень завяршыўся і добрым настроем слухачоў і музыканта, які запрасіў нас на сяброўскую вячэру. Наведвальнікам майго сайта прапаную фотарэпартаж з вулічнага open air'а, якія абываюцца тут кожныя выходныя.
|