Четверг, 2024-11-21, 11:42 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Февраль 2014  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
2425262728
Главная » 2014 » Февраль » 3 » Музычны рух: Наперад да каранёў!
6:59 PM
Музычны рух: Наперад да каранёў!

Агляд беларускіх дыскаў

Для нацыянальнага музычнага руху ў Беларусі выданне дыскаў з’ўляецца важнейшым каналам распаўсюджвання твораў разнастайных жанраў аўчыннай рок-музыкі, бардаўскай і фолк-песні, медыевальнай музычнай спадчыны Беларусі. Таму выданне непадцэнзурных дыскаў з беларускамоўным музычнымі і літаратурнымі творамі стала магістральным напрамкам у з знаёмстве слухачоў з айчыннымі творамі. Як вынік, толькі ў гэтым годзе на розных тутэйшых і замежных лэйблах, было выдадзена каля 40 беларускамоўных CD- і DVD-дыскаў. У гэтым сэнсе кожны год становіцца рэкордным. Не стаў выключэннем і год мінулы, што стала нагодай для разгляду мастацкіх вартасцей, на наш погляд, найцікавейшых з іх. Прынамсі, па радзелу «рок».

Новы «цвік» ад N.R.M., ці вяртанне «генералаў»

Невыпадкова, што для ўсёго беларускага рок-руха стала важнай падзеяй чарговы рэліз ад ветэранаў, «генералаў айчыннага року», гурта N.R.M. іх альбома «Д.П.Б.Ч.» Нагадаю, што ўпершыню ў беларускай фанаграфіі ён быў выдадзены ў CD-фармаце і на вінілавым носьбіце.

Цікава, што новы альбом легендарных пачынальнікаў нацыянальнай плыні ў айчыннай рок-музыцы прыйшоўся да спадабы як спрактыкаваным ў музычных тэндэнцы аналітыкам, так і маладым рэцэнзентам. Вось як падсумаваў значнасць чарговага альбома N.R.M. вядомы музычны крытык В. Мартыненка: «Калі вам скажуць, што N.R.M. страціў канцэптуальнасць з адыходам Вольскага, дык ня верце: вось вам альбом страчанага пакаленьня, якое чакае сонца, не губляючы аптымізму» (http://belmusic.org/). Вітаўта дапаўняе малады журналіст і музыкант А.Кавалеў, які ў рэцэнзіі на дыск «Д.П.Б.Ч.» (delaemvmeste.by) адзначыў: «N.R.M., безумоўна адзін з лепшых беларускіх гуртоў і выхад чарговага, семага ў кар’еры альбома «Д.П.Б.Ч.» – важная падзея не толькі для калектыва, але і для ўсёй беларускай рок-музыкі ў цэлым». Чаму ж меркаванні розных пакаленняў знаўцаў і аматараў беларускай рок-музыкі супадаюць? Няўжо мы назіраем рэнесанс былой легенды?

Адказ на гэта пытанне дасць музычнае напаўненне новай кружэлкі. А яно застаўшыся даволі знаёмым, паўстала ў новым абліччы, як гарманічна-меладычным, так і ў рытмічным. Паслухайце, напрыклад, паказальны твор -- кампазіцыю «Мроя мая», якая праз шматлікія асацыяцыі адсылае нас да творчасці «энэрэмаўскага» папярэніка – гурта «Мроя». Але музыка гэтай кампазіцыі не рок-н-рольна-фолкавая з дамешкам панк-рока. Яна зусім адрозніваецца ад звычнага гучання гэтага гурта.

Новая музыка N.R.M. -- больш сучаснае асэнсаванне альтэрнатывы, з яе пастаянным зваротам у лірыцы песень да экзістэнцыяльных праблем маладога слухача і выкарыстаннем пост-рокавых меладычных схем і аранжыровак. Але музыканты ў пагоні за навізной не зракаюцца і рок-н-рольнай «старыны», якая гарантавала ў мінулым поспех «Мроі» і N.R.M. Паказчыкам гэтых адносін да асноў рока можа служыць кампазіцыя «Прамень», якая мела шырокі рэзананс ў коле амаратаў айчыннай рок-музыкі, дзякуючы нечаканай ратацыі на тэлеканалах сапраўды ўражваючага сваім пазітывам відэа-кліпа на гэтую кампазіцыю. Свой піетэт да мінулага музыканты гурта абазначылі тым, што ў інтрадукцыі да яе выкарастана мелодыя Дж.Харысана «Here Comes the Sun» з альбома «Abbey Road», гурта Beatles.

Старыя прыхільнікі N.R.M. і цікаўныя маладыя слухачы, якія ўзгадаваліся на постмадэрнізме, знойдуць шмат свайго ў такіх кампазіцыях альбому, як «Ты маўчыш – я маўчу» ці «На далоні» з рэпертуару гурта Піта Паўлава Garadzkija,

Але трошкі пра траблы (ці няўдачы) альбома. На мой погляд, іх две. Гэта фолк-апарацоўка «Кузнічка», якая была запісана да мінулагодняга адборачнага конкурса да «Еўрабачання». Нажаль, музыканты спяшаліся і не поўнасцю выкарысталі патэнцыял народнай мелодыі, ну змаглі з дапамогай аранжыровак падкрэсліць яе энэргетыку і прыгажосць. Ды і сама «Кузнічка» больш стасуецца з якой-небудзь фолк-складанкай, чым з канцэптуальным альбомам. Кампазіцыя «Хрусць і папалам» зноў уздымае непрыемныя выпадкі адносін некаторых беларусаў ў метраполіі да прадстаўнікоў нашай эміграцыі сталага веку. Калі на альбоме N.R.M. «Тры чарапахі» (2000 г.) сатырычны дыялог з аналагічнай назвай быў успрыняты з разуменнем, то новыя люмінісцэнцыі на гэгую тэму выглядаюць недарэчнымі.

Думаю, лейтматывам альбома «Д.П.Б.Ч.» можа стаць песня, якая дала назву новай кружэлцы. Яна ўвасабляе і развітанне з былым, і крокі насустрач новаму пакаленню слухачоў, якія будуць складаць асноўную частку прыхільнікаў новага N.R.M.—  гурта-«доўгажыхара» беларускай рок-сцэны, мадэрновага і бескампрамісна беларускага.

 

«Камаедзіца» пра славянскую Атлантыду

Трэба адзначыцць, што канцэрты айчынных экстэмальных гуртоў апошнім часам адбываюцца не так часта. Гэтаму ёсць свае тлумачэнні: тут і арганізацыйныя цяжкасці, і адсутнасцуь канцэртных пасведчанняў, і музыка, якая часцяком не падабаецца тым, хто дае дазвол на канцэрты метал-каманд. Затое, гэты змушаны канцэртны «перапынак» айчынныя экстрэмалы не губляюць дарма: працуюць у студыі, запісваюць новыя камапазіцыі і альбомы.

Вось і адзін з лідараў айчыннай pagan folk-metal-сцэны гурт «Камаедзіца» зрабіў падарунак слухачам Беларусі, Украіны, Нямеччыны. Менавіта там цяпер можна паслухаць іх навінку – альбом «Чалавек Планеты», які быў спачатку выдадзены ў Кіеве, а пасля з дапаўненнямі быў паўтораны нямецкім выдавецкім лэйблам «Wewelsburg records». Нямецкія прадзюсеры альбома дадалі да праграмы дыска спецыфічны трэк ад «Камаедзіцы»-- музычны гімн «Дух ваяра» (на рускай мове), які быў запісаны да спаборніцтваў па змешаных баявых адзінаборствах М1, што праводзіцца пры спонсарстве аднаго з сусветнавядомых вытворцаў спартыўнай вопраткі.

   І вось беларускі, магутны, энергетычна насычаны pagan-folk metal «Камаедзіцы» з альбомам «Чалавек Планеты» праз інтэрнэт і шырокую еўрапейскую дыстыбуцыю стаў набыткам еўрапейскай музычнай супольнасці (мо таму і ўсе назвы кампазіцый альбома падазены на англійскай мове, я ж буду перакладаць іх у нашу мову). Якія ж ідэі і філасофскія асэнсаванні нясе экстрэмальная музыка вядомага беларускага гурта? Бадай тое, што якім бы ты не ўяўляю сябе чалавекам гэтай планеты, без моцы сваіх каранёў ты не можаш асэнсавацьваць на сваё месца ў Сусвеце.

Гэтыя пытанні востра ўздымаюцца ў такіх кампазіцыях, як «Свет ты робіш сам», «Свет каляровы, а не руды». Сурьёзныя філасофскія развагі, што даносіць да нас, слухачоў тэксты, не перастаюць здзіўляць: горыч ад страт універсальных каштоўнасцяў цывілізацыі, а з ёй і пачуцця Роднай Зямлі, трывога за лёс чалавеччага, самага дарагога, што засталося ў душы лірычнага героя, яго рашучасць адстойваць ўсё, што створана і пакінута прашчурамі нам у спадчыну…

Працягам філасофскіх разваг аўтара тэкстаў, а ім з’яўляецца лідэр гурта «Камаедзіца» Люты, можна вылучыць наступныя творы альбома: «Калі змагу ўбачыць Новы Сьвітанак», «Дакраніся да кветкі свайго сумленьня». Гэта канцэптуальны працяг і развіццё ўсяго таго, што было створана музыкантамі ў альбомах «Дзеці лесу», «Пяруне». А вось лірычны бок творчасці гурта адлюстраваны ў кампазіцыі «Каханай». Яна вылучаецца пранізлівай мелодыяй, якую дасканала выканаў на гітары ўдзельнік гурта Арцём, і пранікнёна праспяваў Люты. Гэтыя песні могуць лічыцца паказальнымі, бо ў іх ёсць кантраст, які дамінуе ў песеннай творчасці гурта «Камаедзіца», як у мелодыях, так і лірыцы, выкананні. Цікава, што на альбоме арганічна пераплеценыя і жорсткія рыфы pagan-folk-metal, электорнны hard-core з энергічным гроўлінгам, баладныя спевы. А таксама інструментальныя кампазіцыі, якія прадстаўлены такімі п’есамі, як загалоўная кампазіцыя «Чалавек Планеты» ці рытмізавана-мінімалісцкай камапазіцыяй «Там дзе жыве Сонечны Прамень»…

Нажаль, амбівалентнасць, падвоеннасць значэнняў некаторых узораў лірыкі гурта (скажам, калі музыканты крытычна ставяцца да ліберальных «выкрунтасаў»), пазітыўны нацыяналізм музыкантаў дае падставу некаторым звышпільным слухачам і інтэрнэт-тролямі абвінавачваць гурт ледзь не ў прыхільнісці да «расавай чысціні». Мы ж маем справу з чарговым арт-праектам, які музычнымі сродкамі абвяргае такія закіды ўдзельнікам калектыву.

Лёс Барбары Радзiвiл у року

З’яўленне на айчыннай рок-сцэне гурта LitvinTroll было ўспрынята беларускімі слухачамі, як новая арыгінальная музычная з’ява. І гэта не дзіва: у склад традыцыйнага metal-гурта былі ўключаны дзве беларускія дуды (на іх саліравалі лідэр гурта А. Апановіч і дудар, аўтар тэкстаў В. Верабейчыкаў), які надалі гучанню гурта незвычайныя рысы, вылучылі LitvinTroll з шэрагу аднатыпных каманд.

Услед за першай кружэлкай гурта Rockn'Troll (2008 г.), якая была прыхільна сустрэта крытыкай і слухачамі, музыканты падрыхавалі і выдалі новы дыск, які адразу стаў заўважнай падзеяй на беларускай «цяжкай» рок-сцэне. Трэба нагадаць, што выхаду альбома папярэднічалі трагічныя падзеі – гібель пад час metal-фэсту ў Гомелі басіста LitvinTroll Алега Клімчанкі. Таму новую працу музыканты прысвяцілі свайму сябру і далі альбому містычную назву «Чорная Панна». Дый сама праграма пачынаеца з кампазіцыі пад назвай «Да сябра». Але гэта даволі аптімістычная песня, дзе можна асэнсаваць гармонію сучасных электронных і старажытных інструментаў, рытмічных рок-рыфаў і акустычных пераліваў беларускіх дудаў.

Адно з мацнешых уражанняў альбома «Чорная Панна» – квазі-балада «Крыжак» («Песня пра Троляў ІІ»), якая захапляе слухачоў жахлівым, злобыным і, адначасова, сцёбным тэкстам пра прыгоды троляў-ліцьвіноў. Партыі клавішных інструментаў падкрэслівае баладную структуру кампазіцыі, якія вельмі гарманізіруюць з гроўлам А.Апановіча. У цэлым гэтая кампазіцыя – цудоўны прыклад сінтэзу сучаснага medieval’ю і гітарных metal-рытмаў. Працягам гэтай, важнай для гурта тэматыкі можна лічыць і «Каралеўскую» песню, тэкст да якой стварыў В.Верабейчыкаў, выступіўшы на альбоме як асноўны тэкставік гурта.

Васіль таксама літаратурна асэнсаваў у тэксце да песні «Чорная Панна» вобраз і трагічны лёс Барбары Радзівіл. З гэтага матэрыялу і змрочна-таямнічай мелодыі і аранжаровак атрымалася вельмі атмасферная кампазіцыя, якая быццам вядзе слухачоў па залах Нясвіжскага палаца XVI стагоддзя. Сярэдневечна-арыстакратычную тэматыку музыканты LitvinTroll працягнулі шыкоўнай інструментальнай п’есай Ad Astra («Да зор»), у якой саліруюць цыстра, на якой грае А. Апановіч, і флейта М. Шарый з гурта «Стары Ольса».

Фолк-старонку альбома «Чорная Панна» адчыняе даволі пацешная апрацоўка народнай песні «Камарова смерць», у якой А.Апановіч дэменструе віртуозны спеў-рэчэтатыў. Народная тэматыка мае працяг і ў народнай песні «Ліпка», якая выконваецца на польска-беларускай мяшанцы.

Тое, што новы дыск гурта LitvinTroll атрымаў высокую адзнаку крытыкаў і слухачоў, займае вядучыя месцы ў хіт-парадах і аглядах, невыпадкова. Сваім першым альбомам «Rockn'Troll» музыканты гурта LitvinTroll ўзнялі дастаткова высока творчую планку і чарговай студый працай тую планку падвысілі яе яшчэ вышэй. Гэта важны прыклад для многіх беларускіх выканаўцаў, і ўсяго айчыннага рок-руха.

Анатоль Мяльгуй

Просмотров: 1552 | Добавил: FMM | Рейтинг: 3.2/4
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 2
Гостей: 2
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz