Незалежны беларускі паэт і выдавец Яўген Гучок, які
вядомы чытачам па шматлікіх паэтычных зборніках ("Блакінтыя чмялі”, "Сэрцам і
думкай”, "На патрэбу душы”, "Формула травы” і шэрагу іншых), на гэты раз
прапанаваў чытачам нешта зусім адрознае ад звычнага сімвалізму паэтычных
радкоў. Яўген Гучок падрыхаваў даведачнае выданне "Беларусь у магдэбургскім
праве”, якое не так даўно пабачыла свет ў сталічным выдавецтве "Рыфтур Прынт”.Трэба адзначыць, што гістарычная тэма мінулага нашай
краіны і роднага Слуцка – шматгадовае захапленне і наканаванне паэта. Таму з
пад яго пяра выйшлі і мелі шырокі чытацкі розгалас такія грунтоўныя эсэ і
нарысы, як "Чаму мы страцілі этнонім "Літва” ці Да гісторыі аднаго рабства”,
"Ах, Родчанка”, "Nekropolis”…Новая кніга Яўгена Гучка – працяг даследніцкай працы,
якую некалькі дзесяткаў гадоў вядзе Яўген Сяргеевіч. Гэтым разам яго позірк
палягаў у глыбіню гісторыі Вялікага княства Літоўскага і аднаго з самых
дэмакратычных атрбытутаў старабеларускай дзяржавы – магдэбургскага права ці
іншымі словам, еўрапейскай сістэмы феадальнага гарадского самакіравання. Для
аўтара магдэбургскае права ў Беларусі-Літве -- сведчанне таго, што наш народ
ёсць еўрапейскі, бо "хай сабе і латэнтна, але і на сённяшні дзень даююць аб
сабе ведать такія знакі і чыннікі нашых грамадзян-беларусаў (колішніх
ліцвінаў), іх інтэлектруальны патэнцыял, паэтычнасць, філасафічнасць, глыбіня і
прыгажосць роднай мовы, прыхільнасць да стабільнасці ва ўсіх яе пазітыўных
праявах і інш. А сярод іншага яшчэ і тое, што наша зямля прайшла ў свой час
школу магдэбургскага права.”
Яўген Гучок у свой час працаваў вядучым рэдактарам ў
выдавецтве "Народная асвета”. Мо таму новае выданне адрозніваецца строга
вызначанай структурай, дакладнымі звесткамі і формуліроўкамі, быццам бы з
падручніка па гісторыі магдэбургскага права. Але паэтычная натура Яўгена
Сяргеевіча не дае аўтару "засушыць” свой нарыс, які, дзякуючы цікавым фактам і
эмацыянальным каментарыям і падачай матэрыяла, чытаецца як гістарычная паэма
еўрапейскага мінулага нашай краіны. У новай кнізе чытач можа пазнаёміцца з
гісторыяй самакіравання ў еўрапейскіх краінах і ў яго пачынальніку – нямецкім горадзе
Магдэбургу, а таксама пазнаёміцца з думкамі аўтара наконт уплыву магдэбургскага
права на развіццё дзяржавы, у прыватнасці, ВКЛ.
Даведачная частка выдання ўяўляе сабой збор звестак па
гарадах і мястэчках, якія ў свой час займелі магдэрургскае права. Аўтар
прыводзіць дату надання права, зафікасаваную ў архіўных дакументах, таксама
даводзіць, хто з вялікіх уладароў яго надаў, якія выгоды гараджанам ці
местачкоўцам даваў гэты прывілей. Думаю, гэтыя звесткі будуць карысныя цяперашнім
уладам тых ці іншых "магдэбургскіх” гарадоў ці мястэчак Беларусі ў сэнсе абуджэння
гістарычнай памяці, з’ўлення новых магчымасцяў для развіцця мясцовага турызму,
рэстаўрацыі помнікаў даўняй архітэктуры.
Нельга у гэтай сувязі не сказаць некалькі слоў пра
апісанне Я.Гучком "магдэбурскага” Слуцка. Аўтар дасканальна распавядоае не
толькі гісторыю роднага гарада, але і аналізуе яго геаграфічнае, эканамічнае і вайсковае
значэнне для ўсё старабеларускай дзяржавы. Таксама Я. Гучок раскрывае значэнне
горада, як духоўнага і асветніцкага цэнтра, нагадвае пра ўдзел случакоў у
нацыянальна-вызваленчай барацьбе, падтрымцы насельніцтвам Случчыны БНР,
успамінае знакамітых дзеячоў случакоў…
Сам аўтар па завяршэнні сваёй кнігі нагадвае і выбачаецца,
што, магчыма, не ўсе "магдэбургскія” гарады і паселішчы трапілі ў яго
"паслужны” спіс. Сапраўды, ў кнізе Я. Гучка есць такая гістарычная "прагаліна”.
Гэта Чачэрск, што ў Гомельскай вобласці, які ў 1510 зрабіўся цэнтрам Чачэрскага ваяводсва і атрымаў
магдэбурская права, а з ім герб і ратушу, якая захавалася з тых часоў амаль у
нязменным выглядзе. Думаю, у наступным перавыдані кнігі гэтыя і іншыя
дадатковыя звесткі па магдэбургскім праве ў Беларусі будуць выкарыстаны з
карысцю для чытачоў.
Аналізуючы змест кнігі, шматлікія гістарычныя
звесткі, змешчаныя ў ёй, параўноўваючы тагачасную феадальную рэчаіснасць і сучасны
стан гарадскога самакіравання ў Беларусі, прыходзіш да несуцяшальных высноў:
калі ў краіны з’явіцца патрэба ў рэальным самакіраванні, у многім прыйдзецца
пачынаць з "нуля”. Дзякаваць Богу, што ў Беларусі памятаюць каштоўнейшы
гістарычны вопыт гарадскога самакіравання -- магдэбургска права.
Анатоль Мяльгуй
|