#Ігар Варашкевіч: «Мару больш часу надаваць унучцы!»
Упэўнены, што ў будучым такім музыкантам, як #Ігар Варашкевіч, знойдзецца месца і ў Беларускім саюзе кампазітараў, і на канцэртах з нагоды самых важных дзяржаўных мерапрыемстваў... І ўжо дакладна такія ўніверсальныя творцы, як Варашкевіч, будуць уганароўвацца званнем «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь», а да іх юбілеяў на дзяржаўныя сродкі будуць выдавацца анталогіі іх твораў…
Нажаль, да разумення значнасці ўнёска ў нацыянальную культуру шматлікіх незалежных творцаў, нашай дзяржаве пакуль мала справы. Дзякаваць Богу, што ёсць выданні, якія захоўваць для будучых даследчыкаў імёны тых, хто прысвяціў сваё жыццё стварэнню сучаснай нацыянальнай культуры Так па звестках даведніка «Хто ёсць хто ў Беларусі» 15 жніўня бягучага года Ігару Варашкевічу, лідэру гурта #«Крама», споўніцца 55 годоў. З гэтай нагоды мы запрасілі Ігара да перадюбілейнай размовы.
--Вялікую частку свайго жыцця вы, Ігар прысвяцілі музыцы. Нажаль, названы даведнік не дае поўных звестак пра творчы шлях беларускіх артыстаў. Таму нашым чытачам найперш будзе цікава даведацца, колькі вы ўжо працуеце на беларускай рок-сцэне і ці памятаеце свой першы канцэрт?
-- У гэтым годзе мне спаўняецца не толькі 55, але і 30 год маёй афіцыйнай беларускамоўнай музычнай дзейнасці. Канцэртаў за гэты час адбылося шмат, таму першы канцэрт, нажаль, запомніўся не так выразна. Хутчэй за ўсё, ён адбываўся ў зале Беларускага дзяржаўнага тэатральна- мастацкага інстытута, дзе ў пачатку 80-х гадах мінулага стагоддзя працаваў гурт «Бонда», у якім я спяваў з 1983 па 1989 год.
-- Пасля «Бонды» вы працавалі ў гурце “Крама” -- адным з самых тытулаваных у Беларусі. Раскажыце, якая ўзнагарода для вас асабіста была самай дарагой і памятнай?
-- Гэта, безумоўна, наша #«Рок-Карона» 1994 года. Памятаю цудоўную атмасферу гэтай першай айчыннай музычнай прэміі: прыйшло шмат аматараў маладога беларускага року, на гэтай «каранацыіі» прысутнічаў тагачасны міністр культуры Беларусі А. Бутэвіч, кампазітар Э. Ханок і спявак В. Вуячыч. З рук арганізатараў мы ўпершыню атрымалі Вялікую рок-карону. Гэта, безумоўна, быў найлепшы ў гісторыі гурта «Крама» час!
Я на ўсе жыцце ўдзячны тагачаснаму дырэктару кампаніі «Дайнова» Адаму Палюховічу, які дапамагаў беларускім музыкам і, ўвогуле, беларускаму незалежнаму мастацтву ў той цяжкі, але незабыўны перыяд! Наша «Рок-карона-94» у вялікай ступені і заслуга гэтага беларускага мецэната.
-- За ўсе гады вашай працы ў гуртах #“Бонда”, #“Рокіс” і #“Крама” вам даводзілася супрацоўнічаць з рознымі музыкамі. Хто з іх пакінуў у вашай памяці найбольшы след, паўплываў на вас, як чалавек і музыкант?
-- Ну калі браць «Бонду», дык, безумоўна, адзначу ўплыў яркага і віртуознага музыканта, гітарыста Івана Маркава ды тагачаснага бубнача і самабытнага паэта-тэкставіка Сяржука Кныша, з якімі мы разам напісалі такія хіты, як #«Слуцкая Брама», #«Стэфка»... Калі казаць пра «Краму», то я вельмі ўдзячны ўсім хлопцам, з якімі працаваў і працягваюць працаваць такі доўгі час. Ну і, безумоўна, было вельмі прыемна супрацоўнічаць з вядомым расійскім блюзмэнам, лідэрам гурта «Лига блюза» Мікалаем Аруцюнавым, які добра вывучыў нашу мову і мы разам стварылі праект «Мікалай Аруцюнаў & The Blues Barbarians». Яго складам мы далі некалькі канцэртаў, запісалі па-беларуску кампазіцыю «Бяжы, хлопец». Таксама ў розныя часы моцна паўплывалі на мяне і шэраг замежных гуртоў і выканаўцаў, такіх як #Джымі Хендрыкс, #Led Zeppelin, #Free, #Dire Straits, #АС/ДС, польскія гурты, якія ў 80-х утварылі плынь #«музыкі млодай генэрацыі» (MMG)…
-- Ігар, раскажыце, як ствараюцца песні і іх аранжроўкі ў “Краме” – калектыўна альбо па накірунку вашага аўтарытэту? Ці патрэбная рок-музыканатам «цвёрдая рука»?
-- «Цвердая рука» можа і не патрэбна, бо аўтарытарызм не спрыяе асэнсаванай творчасці. Але і анархіі ў камандзе не павінна быць, бо тады таксама нічога не атрымліваецца. Значыць, каб гурт дасягнуў творчых мэтаў, трэба казаць пра звычайную дысцыпліну: ўдзельнікам гурта важна ў час і рэгулярна наведваць рэпетыцыі, удзельнічаць у агульнай творчай працы гурта, карацей, жыць яго патрэбамі, яго жыццём…
Што тычыць нашых песень, то практычна ўсе мелодыі пішу сам, словы потым дадаюць паэты, якія стала супрацоўнічаюць з «Крамай» -- Наста Гулак, Зміцер Лукашук і іншыя. А вось апрацоўка тэм робіцца разам, хоць ў апошніх альбомах гэтай справай ў большасці займаўся наш гітарыст Сяржук Трухановіч.
-- Як вы лічыце, ці магчымы сёння праект па перазапісу класічных кампазіцый гурта «Бонда», у якім вы доўгі час працавалі, і ці ёсць зацікаўленасць беларускага грамадства гэтымі кампазіцыямі?
-- Не думаю, што такі праект патрэбны, бо час змяніўся настолькі, што гэта стала нікому не патрэбным. Да таго ж, і музыкантаў таго класічнага «бондаўскага» складу сабраць практычна немагчыма.
Мне больш даспадобы праекты кшталту #«25 АБ-БА АРКЕСТР’а», які разам з беларускамоўнымі дзеткамі і музыкантамі з Беласточчыны, выклікаў сапраўдны фурор на #«Басовішчы-2014». У гэтым праекце, які рэалізаваўся дзякуючы ініцыятыве вядомага беластоцкага музыканта Юркі Асеньніка, ўдзельнічалі не толькі дзеці, але і музыканты з Беларусі – #А. Памідораў, #Л.Вольскі, ну і я. У выніку мы запісалі некепскі дыск, на якім, разам з іншымі гучаць «бондаўскія» гіты «Слуцкая Брама» і «Стэфка».
--Цяпер стала модным наракаць на крызіс у беларускай рок-музыцы. Ці лічыце вы, што гэта сцвержанне мае рацыю? Калі так, дык у чым яго карані і ці ёсць рацыянальнае выйсце з такога становішча?
-- Беларуская рок-музыка не раз зазнавала крызісы, таму што некаторым нашым музыкантам (часта таленавитым!) неставала мэтанакіраванасці, большасць з іх хацела атрымаць ўсё і адразу. Маю на ўвазе папулярнасць, канцэрты, грошы… Дадайце моўную непаслядоўнасць: адны спявалі па-расейску, другія -- па-беларуску, а трэція намагаліся па-ангельску (ці, дакладней, на «рюсліш» -- нягеглай сумесі «Russian» I «English»). Вось, на маю думку, складнікі гэтага крызісу, які можна пераадолець толькі ўпартай творчай працай, удасканальваннем свайго выканаўчага майстэрства, цвёрдай пазіцыяй адносна роднай мовы. Па маім назіранням, ёсць маладыя каманды, якія мне падабаюцца менавіта гэтымі якасцямі. Маю на ўвазе гурты «Re1ikt», «Navi», «Nizkis»…
-- Ведаю, што вы, Ігар, -- чалавек шырокіх захапленняў і зацікаўленнасцяў. А чым канкрэтна вам падабаецца займацца, калі вы вольныя ад канцэртаў? Якую ролю ў вашым жыцці адыгрывае сям’я?
-- У вольны ад канцэртаў і рэпетыцый час шмат займаюся над удасканальваннем тэхнікі ігры на электрычнай гітары, хаця гэта трэба было рабіць на шмат раней. Люблю турызм з рыбалкай, добрае кіно.У мінулым годзе нарадзілася мая ўнучка, якой хутка трэба будзе надаваць больш увагі і часу.
-- Па афішах і па тэлерэкламе можна заўважыць, што 55-годдзе свайго лідэра гурт «Крама» вырашыў адзначыць шэрагам канцэртаў. Адзін з іх адбудзецца ў рэстаране-бровары “Сябры” (вул.Кульман, 40). Якая праграма чакае вашых прыхільнікаў на юбілейным канцэрце?
-- Я не збіраўся святкаваць сваё 55- годзе, але калі атрымаў прапанову зрабіць канцэрт з гэтай нагоды, то згадзіўся. Хочацца зноў парадаваць сяброў і прыхільнікаў «Крамы» нашымі новымі песнямі і старымі гітамі. Няхай яны адпачываюць! Таму запрашаю вас, сябры, 30 жніўня а 19 гадзіне ў рэстаран-бровар «Сябры» на канцэрт гурта «Крама», дзе вас чакаюць шчырыя мелодыі і добры рок-н-рольны драйв!
Гутарыў Анатоль Мяльгуй
|