«Купальскае кола-2014»: фолк-метал за ўзаемаразуменне і павагу
Напрыканцы мінулага тыдня ў мінскім клубе RE:PUBLIC адбыўся VI міжнародны фолк-метал фестываль «Купальскае кола-2014», які арганізатарамі прысвячаўся старажытнаму святу Купалле, прымеркаванага да дня летняга сонцастаяння. У гэты дзень, па вераваннях нашых продкаў, жыватворныя сілы Прыроды. Матухны-Зямлі дасягаюць найвышэйшай ступені росквіту і ўрадлівасці…
Сёлятняе «Купальскае кола» сабрала пад свае сцягі больш за дзесяць гуртоў з Беларусі, Польшчы і Ўкраіны. (Нажаль, ад удзелу ў фэсце па розных прычынах адмовіліся беларускія гурты Wartha і Litvintroll, украінскі «Веремій») Тым не менш, сваімі выступленнямі на беларускай сцэне артысты паказалі тое, ў якіх напрамках рухаецца адзін з прагрэсіўных музычна-экстрэмальных напрамкаў – фолк-метал. Скажу адразу, што распавядаць пра такі вялікі фэст, які працягваўся каля 10 гадзін, вельмі складана, як для аглядальніка, так і для чытача, які гэтую інфармацыю асэнсоўвае. Таму прапаную блочны падход да разгляду музычных падзей «Купальскага кола-2014».
Чым слаўны, пані-гаспадар?
Беларускі сэт на «Купальскім коле» распачаў малады калектыў – гурт Ula, які прадэманстраваў высокае выканаўчае майстэрства і патэнцыял у абраным кірунку. Нажаль, пакуль што цяжка казаць пра будучае каманды, бо ў абраным музычным кірунку амаль усе стылістычныя нішы запаўнены. Таму знайсці свае адметнае месца ў фолк-року – гэта задача будучыні для гурта.
У многім гэтыя словы можна аднесці і да наступнага беларускага выканаўцы – гурта «Кліч», які выклікаў апладысменты і ўвагу да сябе майстэрскім выкананнем кавера на палацаўскую «Канюшню». Па стылістыцы «Кліч»-- фолк-метал гурт, які для аздобы свайго гучання выкарыстоўвае акустычные інструменты – акардэон і народныя духавыя інструменты.
Сваіх маладых калег на сцэне змянілі больш вопытныя музыканты з гурта OMUT, які прадстаўляюць на айчыннай экстрэмальнай рок-сцэне палесскі фолк-метал. Паколькі Палессе – край спеўны, то і ў гурце асноўныя дзеючыя асобы -- вакалісты. Гэта Эльвіра Стэльмашонак, якая валодае моцным фальклорным голасам, і Алесь Максімовіч, які адказвае за партыі скрымінгу і гроўлу. Але гэты падзел умоўны: Максім можа падтрымаць Эльвіру ў фолк-спевах, а Эльвіра добра сябе пачувае, калі спявае экстрэмальна. Што тычыцца праграмы гурта, то яна была пабудавана на вядомых матэрыяле і песнях з новага альбома гурта. Таму прагучалі такія кампазіцыі, як «З крывёй ваўка», «Вясна». Асаблівымі апладысметамі быў ўганараваны сінгл гурта «Без назвы». Слухачоў зачаравала мелодыя сінгла, падобная на гімн, філасофскі, узвышаны тэкст і разнастайныя вакальныя партыі і гітарныя аранжыроўкі з арсеналу фолк- і паган-метал.
Рэдкія госці на канцэртных і фествыльных паляцоўках – метал-гурт Sontsevorot, які прадстаў перад сённяшнімі слухачамі пасталеўшым і вопытным калектывам. Слухачы ацанілі харызматычны вобраз вакаліста гурта Аляксандра Бузуна, які выканаў як вядомыя кампазіцыі гурта, так і новыя. Паколькі песні не аб’яўляліся, рызыкну выказаць здагадку, што гучалі такія кампазіцыі, як «Імкненне», «Захад сонца», «Шторм» і іншыя хіты калектыва.
Своеасаблівы фурор зрабілі музыканты гурта Folcore, якія спалучаюць такі экстрэмальны музычны напрамак як hard-core і фолк-рок з гучаннем нямецкай дуды -- дудэльзака. Безумоўна, сваімі жорсткімі рытмі і разняволнымі паводзінамі на сцэне (музыканты з інструментамі нават гралі на танцполе!) выклікалі ў слухачоў пачуццё сімпатыі. Ды і кампазіцыі «Другі бераг», «Да зорак шлях» прыйшліся да густа маладой аўдыторыі.
Негледзячы на малады імпэт, слухачы вельмі цёпла сустрэлі і аўтэнтычных фальклорных выканаўцаў з Гомеля, фальклорны праект «Ягорава гара». Адметнасць калектыву – выкарыстанне ліры ў спалучэнні з жалейкай і ўдарнымі інструментамі родных народаў. Гэта стварае песням удзельнікаў праекту непаўторны каларыт. Але асноўны складнік поспеху выканаўцаў – іх вакальныя магчымасці. А гэтымі якасцямі Бог гамельчанак не абдзяліў! Чулі б вы, як сустракалі слухачы палескія напевы, кшталту, «На Івана-Купалу», «На тым баку, на гэтым берагу», «Лелі, каліна» і іншыя. Былі ў іх выканнані і песні пад «мінус» з электроннымі інструментамі. Безумоўна, гэта даніна модзе, якая адлюстроўвае трэнды «Еўрабачання»…
Што тычыцца беларускіх хэдлайнераў «Купальскага кола-2014», то да гэтай катэгорыі трэба аднесці гурт Znich, лідэр якога Алесі Таболіч з’яўлецца ініцыятарам і арганізатарам гэтай «гучнай» імпрэзы, а таксама праект Юрася Панкевіча Pawa. Абодва калектыва так узрушылі публіку, што здавалася на астатніх выканаўцаў не хопісь маладой энергіі. Znich гэта рабіў з дапамогай старых хітоў і новых кампазіцый, якія ўжо лічацца класікай беларускага pagan-metal. Pawa ж здабывала прыхільнасць слухачоў еўрапейскімі танцавальнымі рытмамі і меладычнымі пералівамі дуды Ю.Панкевіча, скрыпкі Н.Працько і жалейкі і свірэлі М. Грышанавай.
Фолк-метал з-за Буга
Пасля таго, як Еўропа і ўвесь свет зразумелі, што Расія са сваёй агрэсіўнасцю і дактрынай «русского мира» ўжо не успрымаецца як лідэр славянскага свету, гэтую нішу, на мой погляд, імкнецца заняць Польшча. Успомнім хоць Еўрабачанне і іх прадстаўніц-прыгажунь, якія спявалі Song Slavic Girls…Так і гурт з мудронай назвай Persival Schuttenbach імкнецца стаць рэпрэзентантам славянскага фолк-метал на еўрапейскай сцэне. Прынамсі, гэта бачна па іх дысках, дзе польскія музыканты свядома акэсліваюць сваю славяна-еўрапейскую пазіцыю.
Па словах музыканатаў іх рэпертуар – гэта народныя спевы, а таксама аўтарскія кампазіцыі, якія перадаюць атмасферу Сярэдневечча. Але гурт спявае не толькі польскія, але і песні народаў- суседзяў. Для дасягнення сваіх творчых мэтаў, польскія музыканты выкарыстоўваюць элементы тэатралізацыі, маскарада, а музыка гурта Persival Schuttenbach з’яўляецца ўзорам фолк-метал з элементам hard-core і псіхадэліі. Цяжка вылучыць кагосць з удзельнікаў гурта – усе яны сапраўдныя прафесіяналы, але асноўнымі дзеючымі асобамі на «Купальскім коле-2014» сталі гітарыст Мікалай Рубацкі і вакалістка Joanna Lacher, спевы якой уваскрэсілі ўспаміны пра легендарны польскі гурт Lombard і яе ўнікальны голас – Малгажату Астроўскую. Трэба сказаць, што такі варыянт выканання фолк-музыкі прайшоўся даспадобы беларускім слухачам, якія ўпэўніліся, што на польскай фолк-рок-сцэне шмат цудоўных калектываў еўрапейскага кшталту.
Украінскі дзень у RE:PUBLIC
З асаблівым нецярпеннем беларусы чакалі канцэртных сэтаў братоў-украінцаў, якія, негледзячы на закалот у іх краіне, дружна выправіліся ў Беларусь. Першымі на сцэну былі запрошаны музыканты гурта «Тринадцатый бубен» з Запарожжа. Зразумела, запарожцы былі апрануты ў адпаведныя гістарычным рэаліям касцюмы, толькі асучасненыя, мелі яркі майкап і тату па ўсім целе. Што тычыць музыкі, то «Тринадцатый бубен» прытрымліваецца традыцыйных падыходаў да фолк-метал і гэта спрацоўвала: песні, прынамсі ўкраінскамоўныя, былі праслуханы з увагай і шчыра віталіся беларускім слухачамі.
Наступны прадстаўнік Укаіны на «Купальскім коле-2014» гурт Natural Spirit прадставіў слухачам узоры ўкраінскага паган-метал, які адрозніваецца нацыянальнымі фолк-мелодыямі і выкарыстаннем народных музычных інструментаў. Гэтым разам музыканты выканалі некалькі энергічных і меладычных кампазіцый з іх апошняга альбому «Ціна Свободи». Трэба адзначыць, што названыя гурты з’ўляюцца руска-украінскамоўнымі. Але гэта не было перашкодай для ўспрымання музыкі, хоць некаторыя рускамоўныя песні гурта вельмі нагадвалі хіты расійскіх выканаўцаў, кшталту «Мельницы».
Хэдлайнер «Купальскага кола-2014», яскравы прадстаўнік «казацького року» ва Ўкраіне -- гурт «Тінь сонця» вырашыў парадаваць слухачоў з Беларусі прэзентацыяй свайго новага альбома «Грім в ковальні Бога». Слухачы аддалі належнае выканаўчаму майстэрству, кампазітарскаму таленту ўдзельнікаў гурта, іх харызматычнаму лідэру Сергію Васілюку, якя сталі ўлюбёнцамі мінскай публікі. Са згаданага альбому на фэсце музыканты зайгралі такія кампазіцыі, як «Меч Арея», «Сонцечоловік», «Колі на серці сумно», «Косарі», «Дики гуси», «Народна війна» і шмат іншых. Негледзячы на цяперашнія драматычныя адценні ў музыцы і тэкстах гурта, якія сталі вынікам трагічных падзей на іх радзіме, кампазіцыі гурта адрозніваліся меладычнасцю і шчырасцю, а таксама вытанчаннасцю ў аранжыроўках. Гэтаму спрыяла тое, што ў складзе гурта ёсць народны інструмент -- бандура, гучанне якой надавала электрычным рок-рытмам празрыстаці і прыроднай чысціні.
Трэба азначыць, што ў рэпертуары гурта «Тінь сонця» ёсць некалькі беларускамоўных твораў, якія з’явіліся дзякуючы супрацоўніцтву гурта з журналістам, паэтам і перакладчыкам Вітаўтам Мартыненкам: «Песня Чугайстра» (кавер на GODS TOWER) і «Дарога ў лес». Але гэтым разам беларускіх слухачоў чакаў сюрпрыз – песняроўская «Малітва» на верш Янкі Купалы, якую натхнёна выканалі музыканты гурта «Тінь сонця» разам з лідэрам Сергіем Васілюком. Гэты кавер так узрушыў публіку, што выступленне ўкраінцаў завяршылася пад няспынныя воклічы залы: «Дзякуй!» і «Слава Украіне!»
Пасля канцэрта і агульнага сэлфі многія слухачы захацелі паразмаўляць з С. Васілюком, падзякаваць за павагу да беларускай мовы асабіста. У Сяргія знайшоўся час, але хутка гурт разам з іншымі ўдзельнікамі фэста «Купальскае кола-2014» былі ў купэ вагона чыгуначнага цягніка. Іх чакаў цудоўны ўкраінскі горад Камянец-Падольскі, у якім меўся адбыцца ўкраінскі працяг «Купальскае кола».
Анатоль Мяльгуй
|