Прэзентацыямі і мастацкімі выставамі арганізатараў
галерэі "Ў” не здзівіць. Яны там ладзяцца штотыднёва. Але гэтая культурніцкая
падзея выпадала з шэрагу будзёных: у перапоўненай мастакамі і аматарамі
беларускага выяўленчага мастацтва галерэі прэзентавалася кніга мастацтвазнаўцы
Сяргея Гваздзёва "Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі”, што
нядаўна пабачыла свет у выдавецтве "Галіяфы”.
Нажаль, аўтар новага
мастацвазнаўчага даследвання з-за цяжкай хваробы не змог прысутнічаць на
прэзентацыі сваёй кнігі. Але постаць аўтара небачна прысунічала сярод
сабраўшыхся ў гэты дзень у галерэі "Ў”. Сяргей стварыў і перадаў да паказу на
прэзентацыі слайд-фільм, у якім прадставіў каляровыя здымкі палотнаў забытых
мастакоў Заходняй Беларусі, а таксама свае каментары да іх творчага лёсу і
значэння для гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва. Асаблівую ўрачыстасць
прэзентацыі надавала прысутнасць на ёй маці аўтара кнігі С. Гваздзёва -- Валянціны
Мікалаеўны.
Сяргей Гваздзёў – сталы аўтар
"мастацтвазнаўчых дэтэктываў”, якія друкуюцца ў газеце "Новы Час”. І таму
лагічна, што кніга "Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі”
запачаткавала выдавецкую серыю "Бібліятэка "Новага Часу”, якая мусіць стаць
скарбонкай палітычнай, эканамічнай і культурніцкай думкі, якую з дня свайго
заснавання гуртуе "Новы Час”. Таму вядучая імпрэзы, вядомая спявачка і чароўная
дзяўчына Таццяна Беланогая прадставіла ўступнае слова галоўнаму рэдактару
гэтага выдання сп. Каралю. Аляксей Сцяпанівіч высока ацаніў даследчую,
мастацтвазнаўчую працу сталага аўтара і паставіў новую кнігу С. Гваздзёва ў
адзін шэраг з выданнем двухтомніка В. Быкава, якія ажыццявіў С. Шапран, з
кнігамі А. Маракова, у якіх пададзены спісы тых беларусаў, рэпрэсаваных ў
сталінскія часы. "Сяргей Гваздзёў у сваёй кнізе вяртае ў нацыянальны
культурна-мастацкі кантэкст шэраз імён выдатных беларускіх мастакоў. Гэта плён
магчыма дзесяткаў гадоў руплівай працы, аасэнсаванняў і даследваанняў. Тым не
менш, наш час вылучае такія творчыя асабы, якія могуць ажыццявіць тое, што па
сілам цэламу калектыву адследчыкаў. Сяргей Гваздзёў – менавіта такая асоба”.
Музычную частку прэзентацыі новай
кнігі С. Гваздзёва працягуў малады інструментальны гурт "Fratrez”, музыканты якога
выканалі некалькі медытатыўных кампазіцый для струнных і духавых інструментаў.
Далей слова было прадстаўлена мастацтвазнаўцу Ларысе Фінкельштейн, якая
адзначыла, што перш чым абмяркоўваць новую кнігу, патрэбна яе глыбокае асэнсаванне.
"Бо праца С. Гваздзёва – не проста пералік імён забытых мастакоў, але і спроба
асэнсаваць іх унёсак у нацыянальнае мастацтва. Да таго ж асаблівасць творчасці
аўтара – тое, што кніга напісана вельмі прафесійнай і , адначасова, вельмі
простай для разумення чытачамі мовай.”—адзначыла мастацтвазнаўца. Спадарыня Л.
Фінкельштэйн адзначыла, што асноўная зацікаўленасць С. Гваздзёва – мастацтва
сучаснае, мадэрновае. Але ў Сяргея была і цяга да творчасці мастакоў мінулых
гадоў міжваеннага перыяда, асабліва, да мастакоў Заходняй Беларусі. Гэта не тыя
творцы, з якімі можна сёння паразмаўляць, папрацаваць, дыхаць адным паветрам...
Стварыць і выдаць такую кнігу –
гэта вялікая і цяжкая праца. Сяргей увесь свой вольны час, натхненне і
цікаўнасць ахвяраваў глыбокаму раскрыццю тэмы мастацкай школы Заходняй
Беларусі. Таму гэта праца павінна быць аддзячана і мастацкай грамадскасцю, і
беларускімі мастакамі, і навучэнцамі, для якіх кніга С. Гваздзёва можа стаць
важкім дапамонікам па гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва. "Думаю,
маладыя беларускія мастакі пойдуць за гэтай кнігай далей, будуць шукаць
страчаныя скарбы больш глыбока і шырэй”—завяршыла свае вітальнае слова
спадарыня Ларыса.
Ад імя мастацкай супольнасці,
якая была шырока прадстаўлена на прэзентацыі, выхад новай мастацтвазнаўчай
працы віталі знакамітыя беларускія мастакі А. Марачкін, М. Купава, А. Цыркуноў
і іншыя. "Выданне мастацтвазнаўчай кнігі – подвіг даследчыка, які аўтарам быў
задуманы як двухтомнік. Гэтая кніга, на маю думку, будзе успрымацца як важны
здабытак і ў Акадэміі мастацтваў, і ў мастацкіх каледжах, і ў саміх
мастакоў”—адзначыў мастак М. Купава. Спадар Мікола засяродзіў увагу прысутных
да актуальнасці праблем вяртання спадчыны прафесара Віленскага ўніверсітэта імя
С. Баторыя Ф. Рушчыца, як аднаго з пачынальнікаў заходнебеларускай мастацкай
плыні. Салідарны са сваім калегам быў і мастак А.Марачкін, які ўспомніў генэзіс
тэрміна "мастацтва Заходняй Беларусі” і распавёў пра думкі наконт яго, які
ўзнікалі ў мастака пад час даўнішніх гутарак з Сяргеем Гваздзёвым. І вось
менавіта тады мастацтвазнаўца выказаў думку аб тым, што важна данесці да
беларусаў імёны прадстаўнікоў заходнебеларускай "мастацкай "Атлантыды”.
Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея-архіва
літаратуры і мастацтва Г. Запартыка павіншавала Сяргея Міхайлавіча з выдатнай
падзеяй – выхадам унікальнай мастацтвазнаўчай кнігі. Спадарыня Ганна выказала
надзею, што мастацкая грамада будзе ўдзячна аўтару за тую каласальную даследчую
працу, якую ажыццявіў С. Гваздзёў, у тым ліку і ў нашым архіве. "Што тычыцца
асобы С. Гваздзёва, то гэтых людзей можна назваць ратавальнікамі памяці
людзей”—зазначыла Г. Запартыка.
З цікавасцю і ўвагай былі
выслуханы словы выдатных беларусістаў – прафесара Адама Мальдзіса і доктара
філалагічных навук Арсеня Ліса, якія нагадалі пра цяжкасці любога даследчыка,
які возмецца за такую каласальную працу па вяртанні спадчыны беларусаў, у якой
бы форме гэта не ажыцяўлялася. Ці то вяртання мастацкіх твораў, ці то вяртання
забытых імёнаў... Адам Язэпавіч таксама выказаў думку, што экзэмпляры кнігі С.
Гваздзёва абавязкова павінны быць ў Лонданскай беларускай бібліятэцы і ў
Інстытуце Беларусі, які функцыянуе ў Вільнюсе.
Безумоўна, такіх грунтоўных і наватарскіх даследванняў,
прысвечаных "белым плямам” беларускага мастацтва, пакуль у краіне выходзіць замала.
Але кніга "Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі” можа стаць
своеасаблівым пілотным праектам, які, іншым мастацтвазнаўца дапаможа адрадзіць грандыёзнае
палатно нацыянальнага выяўленчага мастацтва Заходняй Беларусі.
Анатоль Мяльгуй
|