Кірмаш добрага настрою і яскравых уражанняў
Нягледзячы на тое, што мінулая нядзеля стала звыш напоўненай актуальнымі мастацкімі падзеямі (выстава ручных вырабаў «Млын», прэзентацыя новага альбома гурта IQ48 і інш.) «Калядны handmade кірмаш», які прайшоў у сталічным арт-цэнтры «Грай», выклікаў вялікую цікаўнасць наведавальнікаў -- людзей паважнага ўзросту, моладзі і дзетак.
У адрозненне ад іншых калядных кірмашоў, «Калядны handmade кірмаш» запачаткаваў сабой новую святочную традыцыю: на клубнай пляцоўцы наведавальнікі змаглі не толькі набыць падарункі да Калядаў ці проста густоўныя рэчы, якія могуць упрыгожыць інтэр’ер, але і стаць удзельнікамі майстар-класаў, паслухаць выступленне выканаўцаў сярэднявечнай музыкі, патанчыць пад іх рытмы, пазнаёміцца з беларускімі настольнымі гульнямі, зацікавіць сваіх дзетак карысным ведамі і мастацкімі заняткамі – маляваннем, фарбаваннем гіпсавых фігурак, выразаннем з паперы выцінанак-сняжынак і даведацца шмат іншага.
Трэба адзначыць, што вялікую цікаўнасць у наведвальніц «Калядны handmade кірмашу» выклікаў майстар-клас вядомай мастачкі, майстра выцінанкі, сябра Саюза майстроў народнай творчасці Наталлі Сухой. Наталля перад пачаткам майстар-класа прадставіла цікаўным яе сумесную з В.Бабурынай кнігу «Мая выцінанка» і распавяла на прыкладах з гэтага выдання пра гэты від народнага мастацтва, які аб’ядноўвае графіку, жывапіс і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Асабліва Н.Сухая спынілася на нацыянальных асаблівасцях беларускай выцінанкі. У прыватнасці, на тэхніцы традыцыйнай навагародскай выцінанкі-выбіванкі, якая мае ўнікальныя асаблівасці. Асноўнае яе адрозненне тое, што малюнак ці карунак выбіваецца спецыяльным долатам на лісце ватману.
Мастачка заўважыла, што гэта тэхніка даволі складаная для пачаткоўцаў, таму лепш пачынаць з традыцыйнай выцінанкі, якую выразаць нажніцамі. І самы просты ўзор такой выцінанкі – усім знаёмая навагодняя сняжынка. Затым удзельніка майстар-класа навучыліся выразаць больш складаная выявы: дрэва, птушак і зорачкі. Гэтыя папяровыя выявы спатрэбіліся ім для стварэння аўтарскай каляднай паштоўкі, якія ўдзельнікі майстар-класа Н.Сухой панеслі з сабою, каб павіншаваць са святам блізкіх.
На гэтым «Калядным handmade кірмашы» можна было заўважыць тое, колькі цікавых беларускамоўных настольных гульняў з’явілася апошнім часам. Тут на гандлёвых кропках «Арт Сядзібы», інтэрнэт-крамы «Імбрык» і іншых кампаній былі прадстаўлены такія навінкі, як «Прастол Вялікага княства Літоўскага», «Вежа», «1514», «Мова» і шмат іншых гульняў для цікаўнага розуму.
Многіх з наведвальнікаў «Каляднага handmade кірмашу» зацікавілі зусім новыя гульні, якія былі прэзентаваны ў арт-цэнтры «Грай». Сярод іх -- «Палескія археолагі» -- настольны трэнінг па вядзенню археалагічных раскопак. Але, як высветлілася, гэтая гульня не толькі пра археалагічныя раскопкі, гісторыю Беларусі і яе культуру, але мае больш шырокія асаблівасці, якія адлюстроўваюць характар нашых суайчыннікаў, іх гумар, стыль у адзенні і ўклад жыцця. Цяпер вядзецца кампанія па збору сродкаў на краўндфандынгавай платформе talaka.by з мэтай наладзіць масавы выпуск гэтай цікавай гульні, якая можа захапіць не толькі дзяцей, але і дарослых гульцоў.
Пакуль рыхтаваўся да свайго выступу кіраўнік праекту «Спеўны сход» Сяржук Доўгушаў, дзеці разам з бацькамі ўдзельнічалі ў чытанні ўрыўкаў кнігі маладой пісьменніцы Надзеі Ясмінскай «Сем ружаў», у якой аўтарка знаёміць дзетак з рознымі раслінамі і кветкамі, з беларускімі іх назвамі, назіралі, як нараджаюцца ціснёныя карункі на скуры ў выкананні майстра Марыны Ільіной.
Нарэшце, дзіцячая праграма «Кірмашу» была скончана і Сяржук Доўгушаў запрасіў усіх ахвочых на свой «Спеўны сход», прысвечаны Калядам. Па традыцыі, якую запачаткаваў сам Сяржук, імпрэза пачалася распеўкай і простымі ўрокамі харавога спеву, вакала. Гэтая частка «Спеўнага сходу» выклікала ўсеагульны ўздым і жаданне працягнуць спевы ўжо ў калядным фармаце.
Дзеля гэтага з дапамогай С.Доўгушава ўдзельнікі «Спеўнага сходу» вывучылі некалькі беларускіх калядак і шчадровак, сярод іх такія вядомыя, як «Учора з вячора», «Шчодры вэчор», «Прыйшла Каляда ўвечары», «Яшчар» і іншыя. Пасля таго, як сярод удзельнікаў кірмашу былі выбраны традыцыйныя калядны персанажы – Звяздара, Казу, зайчыкаў, гэтыя спевы загучалі ўжо як сараўднае тэатралізаванае відовішча.
Як падкрэсліў С.Доўгушаў, -- «Гэты калядны «Спеўны сход» -- толькі рэпетыцыя перад вялікімі святамі. Таму нам усім трэба быць падрыхтаванымі: чакаць калядоўшчыкаў і самім калядаваць. Бо ў горадзе калядаванне з’ява яшчэ рэдкая і трэба каб Каляды сталі любімымі святамі ўсіх беларусаў».
Музычная частка «Каляднага handmade кірмашу» была працягнутая сэтамі выканаўцаў з тэатру старадаўняй культуры «Яварына» і гурта сярэднявечнай музыкі «Жвавы карчмар». Музыканты гэтых гуртоў не толькі выконвалі танцавальныя мелодыі мінулых стагоддзяў, але і вучылі сучаснікаў старажытным танцамі і гульням: ад «Юрачкі» і «Картузоў» да «Кракавяка» і «Лявоніхі». Усе гэтыя нязвыклыя рухі і тактыльныя кантакты пад час скокаў выклікалі шмат станоўчых эмоцый і пазітыўных вібрацый, якія цяжка адчуць на аналагічных кірмашах, што цягам перадсвяточных дзён ідуць па гарадах сталіцы.
Захапляльным па моцы і якасці гуку аказаўся і канцэрт зоркі беларускага фолк-року – гурта Re1ikt, якія паказалі надзвычай высокі выканаўчы ўзровень, здольнасць прыцягнуць увагу слухачоў не толькі вядомымі хітамі са свайго рэпертуару, але і найноўшымі кампазіцыямі. Таму кожны з твораў гурта быў сустрэты слухачамі ўсіх узростаў надзвычай прыхільна і з добрымі пажаданнямі гэтаму беларускаму калектыву.
Хочацца адзначыць энергічны і, у той жа час, драматычны спеў вакаліста гурта Уладзіміра Казлова, які разам са сваімі калегамі па гурту Re1ikt, здолеў перадаць самыя тонкія нюансы складаных кампазіцый, якія прагучалі на «Калядным handmade кірмашы» -- «Хадзіла галота», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Лосю», «Стары», «Люцэрна», у кампазіцыях з новай кружэлкі гурта, якая мае назву «Kufar» --«Сваточкі», «Дробненькі дожджык», «Разам з намі» і іншых.
Безумоўна, наведвальнікі сёлетняга «Каляднага handmade кірмашу» пакінуць сабе на памяць не толькі цацкі на навагоднюю ялінку, беларускія сувеніры і кнігі, але і добрыя ўражанні ад прадуманай культурна-адукацыйнай праграмы, якую падрыхтавалі інтэрнэт-крама беларускіх кніг Prastora.by і іх партнёры з арт-цэнтру «Грай».
Анатоль Мяльгуй
http://novychas.by/kultura/kirmasz-dobraha-nastroju-i-jaskravyh-urazannjau
http://bfk.by/?p=4370#more-4370
|