Каб слухачы таксама паверылі
У сваёй грунтоўнай рэцэнзіі, якая была апублікаваная ў #“Нашым Слове” №29 ад 22 ліпеня бягучага года, музычны журналіст #Вітаўт Мартыненка падрабязна распавёў пра гісторыю стварэння і выдання альбома #“Проста вер” гурта #“Мерада”, прааналізаваў яго стылістычныя асаблівасці, яго паэтыку і мелодыку.
Праз некаторы час слухачам давялося параўнаць адзнакі Вітаўта і іншых крытыкаў са сваімі ўражаннямі адносна якасцей гэтай музычнай кружэлкі. У межах паэтычнага тэатра #“Арт. С”, які ўжо доўгі тэрмін працуе пры сталічнай бібліятэцы імя #Цёткі, адбылася “жывая” прэм’ера альбому “Проста вер”, у якой сабраліся як аматары беларускай сучаснай музыкі, так і знаўцы айчннай паэзіі. Яны да апошняга крэсла запоўнілі залу бібліятэкі, з цікавасцю разглядалі дыск, выдадзены кампаніяй #VIGMA…
Вядучыя і ініцыятары паэтычнага тэатра “Арт.С”, па сумяшчальніцтву і сужэнцы, паэтэса Аксана #Спрынчан і музыкант Яраш #Малішэўскі адзначылі тое, што гурт “Мерада” – з’ява на айчынным музычным небасхіле неардынарная. Гэта тычыцца те толькі музычнай стылістыкі, якая вызначаецца амерыканска-беларускімі ўзаемапранікненнямі, але і іх гранічна ашчаднымі адносінамі да роднага Слова і паэзіі ўвогуле. Гэта праца вельмі заўважна ў гэтай праграме, якая мелася прагучаць падчас прэзентацыі. Аксана і Яраш адзначылі, што гурт “Мерада” і яе заснавальнікі Стыў і Ганна #Крамеры – даўнія сябры паэтычнага тэатра “Арт.С”. Напрыклад, музыканты з поспехам выступілі тут на вечарыне памяці #Змітра Сідаровіча, які так рана пайшоў ад нас. Тады Сціў і Ганна выканалі некалькі твораў Змітра ў памяць пра незабыўнага сябра і музыканта.
У адрозненне ад музыкі і аранжыровак на дыску, дзе можна пачуць цэлую гаму разнастайных струнных інструментаў і клавішных, накшталт #“Хэманд-аргана”, “жывая” прэзентацыя альбома “Проста вер” была наладжана ў акустычным варыянце. Па меркаванню музыкантаў, камернае гучанне гурта павінна дапамагаць лепшаму ўспрыняццю музыкі, разуменню паэтычных радкоў. Таму склад гурта “Мерада” ў гэты дзень быў скарочаны: акустычная гітара, #steel-гітара, спеў – Сціў Крамер, steel-гітара – Сяргей #Бальцэвіч, вакал, перкусія, вусны гармонік – Ганна Крамер.
Праграма прэзентацыі альбома “Проста вер” распачалася кампазіцыяй “Дзень народзінаў вясны”, якая, на мой погляд, прыйшлася да густу прыхільнікам фольклорных кампазіцый. Бо песня “Дзень народзінаў вясны” з вакалам Ганны набыла яскравыя народныя рысы і больш паходзіла на фальклорны твор каляндарнага цыклу пад назвай # “Гуканне вясны”.
А вось наступная кампазіцыя “Ваяр святла” мела ўжо ўзвышаны змест, баладныя рысы, несла патрыятычны пасыл для тых, каму даводзілася ці давядзецца бараніць родную зямлю.
Асобнай часткай праграмы прэзентацыі стала выканне лірычных песень, тэмай якіх стала каханне. Гэта і эмацыянальна ўзрушваючая “Рака кахання”, і пяшчотная “Адзіны ты”, і “Няхай лунае любоў”, выкананя музыкантамі ў стылістыцы #госпел…Трэба адзначыць і тое, што ў гэтых песнях асноўную ролю выконвала Ганна і яе трапяткі голас, а таксама яе ўменне акцэнтаваць увагу слухачоў на стрыжнявым нерве паэтычнага тэкста. Не здарма ж, яе выкананне пастаянна суправаджалася дружнымі апладысментамі. Потым, пасля завяршэння канцэрта, падчас аўтограф-сесіі, слухачы выказвалі сваё захапленне і шчыра дзякавалі Ганне за яе спевы.
А вось загалоўная песня “Проста вер” стала сапраўдным бенефісам гітарыстаў “Мерады” – Сціва Крамера і яго вучня Сяргея Бальцэвіча, якія сваім сола, пасажамі і акордамі знайшлі адпаведныя хады для таго, каб голас Ганны прагучаў у гэтай кампазіцыі найбольш выйгрышна. “Проста вер” – сапраўдны канцэртны гіт у рытм-энд-блюзавай стылістыцы. Гэтым жа крытэрыем валодаюць і шмат іншых кампазіцый гурта, якія былі выкананы музыкантамі па-за межамі праграмы альбома. Маю на ўвазе новыя песні “Разам”, “Да лета”, якія па словах музыканатаў, абавязкова ўвойдуць у чарговую кружэлку “Мерады”. Прынамсі, студыйная праца над імі ўжо пачалася.
Ну а прэзентацыя скончылася яшчэ адным гітом ў кантры-стылістыцы з мясцовым каларытам – #“Шыбуе дзядзька ў Вільню”, якая была напісана сумесна са Змітром Сідаровічам і прысвечана гуртом “Мерада” памяці гэтага барда, дудара, кампазітара і цудоўнага чалавека, даўняга сябра Сціва і Ганны Крамер.
Анатоль Мяльгуй
http://tbm-mova.by/files/blocks/4m%D0%BD%D0%B0%D1%8839%D1%96.pdf
|