Гурт «Верасень»: што такое стымпанк па-беларуску?
Карэтны дворык у Верхнім горадзе на некалькі гадзін стаў арэнай музычнай прэм’еры новага незвычайнага стылістычага рок-напрамку – стымпанку, які прадставіў слухачам гурт «Верасень» і яе салістка, аўтар тэкстаў і мелодый Вольга Акуліч. Стымпанк (ад англ. steam (пара) + punk) – эстэтычны напрамак у навуковай фантастыцы, звязаны з імаверным развіццём чалавечай цывілізацыі на аснове паравых тэхналогій і рэалій віктарыянскай эпохі.
Але гэта такі вонкавы антураж музыканатаў, які ў асноўным арыентуюцца на такія музычныя стылі, як дарк-вэйв, індастрыел і арт-рок. Таму многія музыканты гэтага музычнага напрамку з‘яўляюцца прыхільнікамі складаных музычных формаў і сур’ёзнага падыходу да тэкстаў песень. Філасофскае асэнсаванне з’яў навакольнага жыцця, рамантызм, -- а бывае сарказм і гумар, -- ствараюць станоўчы эмацыянальны фон для выканаўцаў стымпанка.
Перад пачаткам канцэрта гурта «Верасень» яе лідар Вольга Акуліч, калі прадстаўляла слухачам гурт, адзначыла: «У нас ўсё крыху інакш. У нас зусім іншыя абставіны, мода. Карацей, мы нязвыклыя для многіх з вас, шаноўныя слухачы. Але мы паспрабуем зразумець вас, а вы -- нас!»
Вольга Акуліч адзначыла, што гэты канцэрт адбываецца ў рамках праекта «Пешаходка», які ладзіўся ў Верхнім горадзе. А адна з важнейшых мэтаў музычнай сустрэчы з гуртом «Верасень» -- збор сродкаў для праекта дапамогі дзецям з невылечнымі хваробамі «Галоўнае жаданне», якім апякуецца краўдфандынгавая платформа «MaeSens»…
Калі слухачы ахінуліся ў акустычную атмасферу першай кампазіцыі гурта «Верасень» -- «Яблык», то адразу склалася ўражанне, што гурт шукае сваё гучанне ў канонах арт-рока. Тут слухачоў зацікавілі, а месцамі і ўзрушвалі, гітарныя сола Арцёма Лабіна і клавішныя партыі Анастасіі Лабінай, дружная ігра рытм-секцыі ў складзе Зураба Кутатэладзэ (бас) і Аляксея Кулеша (бубны). І новае гучанне было даволі адрознае ад звычнага слухачам камернага, якое дымініравала ў«Верасня» ў мінулым.
А вось многія з кампазіцый гурта і Вольгі Акуліч былі ўжо знаёмыя слухачам па ранейшым запісам і кружэлкам. Таму гэтыя кампазіцыі, сярод якіх «Мора», «Лета», «Смутак», «Запалі агонь», «Нешта не так», «Цябе няма», «Сцеражыся!» былі сустрэчаны і праводзіліся шчырымі апладысментамі тых, хто наведаў ў гэты вячаровы час Карэтны дворык. Ну а такія рытмічныя кампазіцыі гурта «Верасень», як жаночы дваравы рок-н-рол «Абцасы» і жартаўлівая «Песня жанчыны-кілера» сталі сапраўднымі гітам гэтага канцэрта і фонам для скокаў пад менскім небам.
Пасля завяршэння канцэрта гурта «Верасень», што адбываўся ў рамках праекта «Пешаходка», многія маладыя слухачы доўга не разыходзіліся, напаўнялі скрынку для ахвяраванняў сродкамі для здзяйснення дзіцячых мараў. Таксама гэта быў час пытанняў і адказаў на іх, час сэлфі з новымі зоркамі беларускай рок-музыкі. Няхай сабе і не вельмі звыклымі…
Анатоль Мяльгуй
http://novychas.by/kultura/jak-verasen-sprabavau-zdzejsnic-mary-hvoryh-dzja
|