Фестывалі
"Гальшанскі замак-2012”: адкрыты ўрок рыцарства (плюс фотарэпартаж)
Адна з самых важных задач
фестывалю "Гальшанскі замак”, якую паставілі перад сабой арганізатары, — прыцягненне
ўвагі дзяржаўных і прыватных структур да лёсу гэтай пярліны сярэдневечнага
абароннага дойлідства, якая, па словах знанага даследчыка сярэдневечча
М.Ткачова, з’яўляецца "ілюстрацыяй тых змен у архітэктруры, якія адбыліся на
працягу стагоддзяў”. Фэст праводзіцца не толькі для папулярызацыі старонак
гісторыі гальшанскай зямлі і яе выдатных асоб – князёў Гальшанскіх і
пачынальнацы дынастыі Ягелонаў Сафіі Гальшанскай ў прыватнасці, але і для
актывізацыі больш кантрэтных спраў. Галоўная з іх – аднаўленне Гальшанскага
замка. Праўда, у гэтай высакароднай справе важна заставаца рэалістамі: хоць
замак яшчэ магчыма аднавіць, але дзеля гэтага неабходна шмат падрыхтоўчай
працы. Цяпер актуальнай застаецца кансервацыя таго, што ў будучым можа стаць
падставай для паўнавартаснага аднаўлення замка.
Пра гэтую праграму і шляхі яе
рэалізацыі ішла размова падчас прэс-канцерэнцыі, у якой удзельнічалі намеснік
старшыні Ашмянскага райвыканкама А.Саванец, старшыня Гальшанскага сельскага
выканаўчага савета В.Коўзан і кіраўнік праекта па даследванню і аднаўленню замка
І. Раханскі. Журналісты і ўдзельнікі фестываля "Гальшанскі замак” з цікаўнасцю
даведаліся пра тыя захады, якія робяцца для выратавання ўнікальнага помніка
сярэдневечнай архітэктуры. З цяперашнім станам навукова-даследчых работ па
вывучэнню гісторыі і стану замкавых сцен і вежаў для мясцовых жыхароў і гасцей мястэчка
была створана тэматычная выстава "Гальшанскі альфабэт”, з якой можна было
пазнаёміцца ў сельсавеце. Вынік прэс-канферэнцыі падвёў намеснік старшыні Ашмянскага
райвыканкамa Аляксандр Анатольевіч Саванец, які падкрэсліў: "Праект па
аднаўленню Гальшанскага замка быў унесены ў дзяржаўную праграму "Замкі
Беларусі” і таму мы пачалі працу над рэалізацыяй пачатковай яго часткі --
праекта "Дух рамантычных руін”, які з’яўляецца ўнікальнанай спрабой віртуальнага
ўзнаўлення тагачаснай эпохі, калі тут жыла Сафія Гальшанская.” Спадзяемся, што
пасля віртуальнай часткі надыйдзе і чарга рэстаўрацыйна-аднаўленчай. І ўжо
зроблены першыя крокі да гэтай стадыі. Прынамсі, пачалося добраўпарадкаванне замкавай
тэрыторыі і выкашана двухмятровая трава, што паспрыяла турыстам, якія больш
актыўна наведвалі вежы, былыя залы і пакоі замка.
Пашырэнне ведаў пра эпоху Соф’і
Гальшанскай і гістарычных падзей, звязаных з мястэчкам, якія папярэднічалі
з’ўленню дынастыі Ягелонаў, былі прысвечаны тэатралізаваныя пастаноўка
"Сватаўство Ягайлы да Соф’і Гальшанскай” і "Каралеўскае вяселле” ў выкананні
тэатра "Падарожжа ў сярэдневечча” з горада Ліда. За выняткам некаторых
недахопаў і зацягнутасцей у сцэнічнай дзеі, пастаноўка выклікала жывую цікаўнасць
і апладысменты тых, хто завітаў на адкрыццё ІІІ фестывалю "Гальшанскі замак”.
Aсаблівая ўвага мясцовых жыхароў
і турыстаў, якія ў гэты дзень трапілі на свята, была аддадзена
музычна-харэаграфічнаму спектаклю "Карнавал стагоддзяў”, які і надаў тэматычную
скіраванасць усяму сёлетняму фэсту ў Гальшанах. Маладыя і гожыя танцоркі і
танцоры з тэатраў сярэдневечнай культуры "Фламея” і "Яварына” нагадалі
гледачам, што і як танчылі людзі ў часы
Сярэдневечча. Ну, а ўдзельнікі клуба "Залатая шпора” запрашалі прысутных на
шляхецкія балі, якія праводзіліся напярэдадні руска-французкай вайны 1812 года.
Далей танцавальнае шоу перарасло ў сапраўдны баль каля муроў Гальшанскага
замка, на якім уже жадаючыя змаглі павальсіраваць з маладымі паненкамі і
стромкімі ўланамі. Увогуле, рэканструкцыя і знаёмства з рэаліямі эпохі вайны
1812 года – навінка сёлятняга "Гальшанскага замка”.
А ў гэты час на фестывальных
пляцоўках адбываліся цікавыя дзеі з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі. На
іх можна было пабачыць прадстаўнікоў розных прафесій і як яны працавалі ў часы
Сярэдневечча. Ля муроў Гальшанскага замка разгарнулі свае варштаты ткачы,
ганчары і кавалі, якія прапаноўвалі жыхарам мястэчка і гасцям навучыцца азам
прафесіі, сваімі рукамі вырабіць рэч, якая будзе доўгія гады нагадваць пра
фэст. Пра тое, што Сярэдневечча было, усё ж было не такім рамантычным перыядам
у гісторыі чалавецтва, нагадвалі хмуры кат, які запрашаў ахвотных у клетку-катоўню
і каларытны мніх, што побач гандляваў індульгенцыямі.
Дзяцей, якіх у гэтым годзе было
на фестывальных пляцоўках непараўнальна больш, зацікавіла магчымасць самім
паўдзельнічаць ў рыцарскіх спаборнітвах. Дзеля гэтага ім прыходзілася апранаць
цяжкія кальчугі, рыцарскія шлемы і фехтаваць сярэдневечным мячом. І трэба было
бачыць, з якім непадробным імпэтам хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі да спаборніцтваў,
негледзячы на вялікую вагу даспехаў. Безумоўна, гэты першы ўрок рыцартсва малыя
будуць памятаць доўга і дай Божа, каб яны кіраваліся яго законамі ўсе жыццё!
У гэтым годзе асаблівая ўвага
арганізатараў была нададзена правядзенню пешага і коннага рыцарскага турніру, у
якім ўдзельнічалі некалькі дзесяткаў вояў. Безумоўна, гэта частка фэсту –
найбольш выйгрышнаяа з-за свайго драматызму і дынамікі. Але хацелася б запытаць
тых жа арганізатараў і ўдзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі: чаму каля
сцен Гальшанскага замка вялі рэй крыжакі і іх памагатыя з ўсёй Еўропы –
шматвякавыя ворагі нашай старажытнай Бацькаўшчыны? Такую "рэканструкцыю” ўзгаданыя
раней Вітаўт і Ягайла, князі Гальшанскія, калі б маглі прысутнічаць на фэсце,
не зразумелі б. О, тады сцеражыся вялікакняскага гневу!
Але вернемся на фестывальныя
пляцоўкі, дзе ўсе ж дамінавала беларушчына і айчынная гісторыя. На замкавую сцэну
адзін за адным выходзілі любімцы публікі – выканаўцы фальклорнай і
сярэдневечнай музыкі, якіх так упадабала публіка Гальшан на мінулагодніх
фестывальных канцэртах. а
Безумоўным лідарам слухацкай
зацікаўленасці стаў гурт "Стары Ольса”, кіраўнік якога Зміцер Сасноўскі
паспяваў вырашаць шматлікія арганізацыйныя пытынні, раздаваць аўтаграфы сваім
прыхільнікам, рыхтавацца да выступлення з гуртом, а яшчэ са сваім "Opel-Масквічом” ўдзельнічаў у
выставе рэтра-аўто. Але ўсе гэтыя турботы не адбіліся на якасці гучання і
музыкі "Старога Ольсы”. Іх праграма складалася як з любімых слухачамі хітоў, так
і твораў "Полацкага сшытка”, якія не так даўно ўвайшлі ў рэпертуар калектыка.
Адну з кампазіцый музыканты прысвяцілі "сапраўднаму чалавеку сярэднявечча”,
лідару гурта Nirvana Курту Кабэйну. Гэта знакамітая мелодыя XIII стагоддзя Ai Vis Lo Lop, асэнсаваная беларускімі
музыкантамі ў постмадэрнісцкай стылістыцы з выкарыстаннем мелодый Кабэйна і яго
гурта.
Атмасферу свята стваралі і
іншыя гурты сярэдневечнай музыкі. Высокім выканаўчым майстэрствам грання на
нямецкіх дудэльзаках і іспанскіх гаітах вылучаліся музыканты гурта CORNUCOPIA, якія традыцыйна абапіраліся
на еўрапейскі рэпертуар. Але найбольш слухачы ўпадабалі выкананне гуртом CORNUCOPIA беларускай песні "Зялёны
дубочак”. Вопытным музыкантам дабра дапамагалі і маладыя, менш вядомыя каманды
– "Тутэйшыя” і "Яварына”. Апошні гурт з’яўляецца музычным калектывам
аднаймённага танцавальнага тэатра.
Сапраўдны фурор на фестывалі
зрабіў іншы малады гурт – UNIA, які ўпершыню быў госцем фэста "Гальшанскі замак”. Іх
фолк-рок у сучаснай трактоўцы, з цяжкай, "гарматнай” рытм-секцыяй, вельмі
спадабаўся гальшанцам і гасцям фэста, якія апантана танчылі пад іх рытмы, а
потым некалькі раз выклікалі гурт UNIA "на біс”. Як тут не захапіцца
маладой энергетыкай салістаў – маладых дзяўчатак і хлопца-волата, якія разам
стварылі на сцэне сапраўднае рок-шоў! Ды й кампазіцыі, што ў гэты дзень гучалі
са сцэны, безпройгрышныя народныя хіты: "Хлопец пашаньку пахае”, "Я скакала, я
плясала...”, "Каваль”...
Калі фестывальную сцэну выйшлі
музыканты фолк-мадэрн-праекта PAWA, то над Гальшанамі запанавала
ноч. Цёмныя абрысы муроў і вежаў замка надалі іх сэту таямнічасці і нейкай тэатральнага
змрочнасці. А яшчэ паспрыялі большаму жаданню ўдзельнікаў і гасцей фестывалю пабачыць
абяцанае фаер-шоў, якое сваім іскрыстым святлом разагнала цені, што навіслі над
замкавымі калонамі і скляпеннямі.
Анатоль Мяльгуй
|