Дзівосы начнога гораду. Першы кліп гурту #«Мерада»
Дзівосы начнога гораду. Першы кліп гурту #«Мерада» (+ відэа!)
У працяг дэбютнага альбома #«Проста вер» музыканты гурта #«Мерада» прапануюць слухачам свой першы прафэсыйны кліп на кампазыцыю #«Начны праспэкт», сцэнарыстам і рэжысэрам якога стаў гітарыст #Стыў Крамэр.
Пра нараджэньне сцэнара кліпа распавядае Стыў: «Ідэя такога відэа нарадзілася яшчэ ў эміграцыі. Я пастаянна сумаваў па роднаму Менску. І вельмі часта, засынаючы, у сваіх мроях,уяўна гуляў па яго вуліцах і галоўнаму праспэкту, дзе зь дзяцінства мне знаёмы кожны дом, нават кафэ і крамы… Таму сцэнар кліпа ў мяне даўно ўжо быў падрыхтаваны і чакаў свайго ўвасабленьня. І вось прайшлі гады, я вярнуўся ў Беларусь, і мая настальгія згасла. Таму тагачасны драматызм і эмоцыі я, як сцэнарыст, мусіў перадаць праз асабістыя перажываньні гераіні гэтай відэанавэлы, якую ўвасобіла вакалістка гурта #Ганна Крамэр. Пры тым, што галоўнай дзеючай асобай павінен застацца сталічны Начны Праспэкт».
Пры, здавалася б, простым сцэнарным увасабленьні, кліп напоўнены сымбалямі і спасылкамі, што адсылаюць гледачоў у мінулае нашай сталіцы, якая за гады падарожжаў Стыва па сьвеце, пераўтварылася ў эўрапейскі мэгаполіс. На яго вуліцах, праспэктах можна знайсьці і ўбачыць сапраўдныя дзівосы. Чароўны бок сталіцы – а ён пазнаецца не толькі па топаграфіі вуліц, разьлівах нэонавай рэклямы і сьветлавых шыльдаў – падкрэсьлены эпізодам з факірам, які разгортвае сваё шоў наўпрост ў адным з самых вядомых месцаў нашага горада. У гэтым эпізодзе здымаўся сапраўдны менскі факір, сябра Стыва і Ганны – #Фахрадзін.
Досыць яскравымі падаюцца здымкі гурта ў студыйных умовах, у якіх перададзены рок-н-рольны дух і стылістычныя прыхільнасьці музыкантаў гурта «Мерада», а таксама артыстызм і выдатныя сьпеўныя здольнасьці вакалісткі Ганны Крамэр.
У адрозненьні ад тых трэндаў, якія пануюць сярод сучасных кліпмэйкераў, якія імкнуцца шакаваць псіхадэлічнымі кампутарнымі эфэктамі ці аголенай натурай, стваральнікі кліпа «Начны праспэкт» разьлічвалі выклікаць ў гледачоў пачуцьці прыналежнасьці да гісторыі і сёньняшняга дня сталіцы. І гэта музыкантам і стваральнікам кліпа ўдалося, бо кіраваліся яны сапраўднай любоўю да роднага места.
Відэамарэтыял для кліпа здымалі Паліна Герасімовіч, Дзяніс Жыгуноў, Арцём Абакумаў і сам Стыў Крамэр. Арцём і Стыў таксама займаліся мантажом і постпрадакшн кліпа.