"Свята старажытнай музыкі...”
27-29 красавіка ў Мінску адбыўся ХІ міжнародны фестываль
сярэдневечнай і фальклорнай музыкі "Дударскі фэст”. Яго канцэрты сабралі на
сталічных сцэнічных пляцоўках шматлікіх выканаўцаў і майстроў, якія прысвяцілі
свой талент адраджэнню нацыянальнай школы грання на беларускай дудзе. Таксама
"Дударскі фэст-2012”
стаў сапраўдным святам для шматлікіх прыхільнікаў старажытнай музыкі, бо на
фестывалі, як заўжды, быў прастаўлены авангард айчыннай медыевальнай сцэны, навінкі
ад лідараў дударскага руху Беларусі.
Адна з пастаянных задач
"Дударскага фэста”, якія вырашаюць арганізатары гэтай музычнай імпрэзы – пошук
такой канцэртнай формы, якая б была цікава слухачам і захапляла выканаўцаў. Бо
ад іх узаемаеадносін, як раз, і залежыць поспех альбо няўдача імпрэзы. Таму на
мінулагодніх "Дударскіх фэстах” былі прадстаўлены разнабаковыя аспекты існавання
беларускай дударскай традыцыі ў кантэксце еўрапейскай: беларускія слухачы
даведаліся як гучаць розныя тыпы інструментаў, пазнаёміліся з выканаўцамі з
Польшчы, Японіі, Эстоніі, Латвіі, Расіі. Своеасаблівую сенсацыю (і дыскусію) зрабіла
нараджаючаяся ў краіне жаночая традыцыя грання на дудзе. Прыемна, што
беларускія дзяўчыны стварылі на сцэне цудоўны музычны вобраз з выразным славянскім
жаночым шармам (гляньце на здымкі дзяўчат з дудамі ў альманаху "DUDAR”!). Гэты сінтэз робіць
наш дударскі рух больш разанастайным і прывабным. Нельга не ўспомніць і
нараджэнне такога стылістычнага спалучэння, як выкарыстанне дуды ў беларускіх
рок-гуртах. Гэтай тэматыцы заўсёды адводзілася шмат ўвагі на сцэне "Дударскіх
фэстаў”. Бо арганізатары разумеюць важнасць развіцця дударскай традыцыі ў межых
сучасных стылістычных напрамкаў. Вось і "Дударскі фэст-2012” займеў сваю разынку.
Арганізатары аб’явілі, што яго лейтматывам стане выкарыстанне дуды разам з
электроннай музыкай, а таксама ў ды-джэйскіх сэтах.
Праўда, першы дзень "Дударскага
фэста” быў аддадзены беларускай традыцыі ў чыстым выглядзе: ў холе Палаца
ветэранаў граў малады дударскі гурт "Тутэйшыя”, а на сцэне валадарылі тыя, хто
сёння вызначае стан айчыннай дударскай школы. Першымі на сцэну выйші ўдзельнікі
івянецкага дзіцячага гурта "РАРОГ”, якім кіруе былая ўдзельніца гурта "Стары
Ольса”, а цяпер педагог Кацярына Радзівілава. Інструментальны склад гурта "РАРОГ”
– два шалмеі, дуда і бубен. Неглeдзячы на невялікі склад, гурту пад сілу
выконваць даволі складаныя інструментальныя п’есы, як сярэдневечныя, так і
фальклорныя. Слухачы цёпла прымалі вядомыя такія дударскія мелодыі, як
"Верабей”, "А мой дзядзька дуднік быў”, што надало юным музыкантам імпэту і
добрага творчага настрою да наступнага "Дударскага фэста”.
Дударскі дуэт Дзяніс Сухі (які
граў на мацянцы – трохбурдоннай, безрагаўнёвай дудзе сваёй вытворчасці) і Стась
Чавус парадавалі слухачоў яркім выканаўчым майстэрствам: гучанне іх
інструментаў адрознівалася чыстатой тэмбраў, глыбінёй дудовага гуку і выразнай
танцавальнасцю. Здаецца, музыкі толькі што сышлі з подыўма сельскай карчмы. Іх
рэпретуар складаўся з музыкі ХІХ-ХХ стагоддзяў: найгрышаў вядомых беларускіх
дудароў мінулага: беларускай "Полькі”, "Мяцеліцы”, малавядомай версіі "Лявоніхі”.
З часам да дуэта Сухі-Чавус дадаўся бубнач Яўген Барышнікаў, а Стась ўзяў у
рукі скрыпку. Так утварыўся традыцыйны гурт "траістых музыкаў”, толькі ў яго
складзе дамінавала дуда Дзяніса, што было характэрна для сельскіх капэл яшчэ да
з’яўлення на беларускіх землях гармоніка.
Гурт абрадавага фальклору ESSA вітаў слухачоў змененым
скаладам. Цяпер ў ім граюць дудар Тодар Кашкурэвіч, вакальныя партыі выконвае
Вольга Кашкурэвіч, на скрыпцы грае і спявае Кацярына Радзівілава. Як зазначыў
Т. Кашкурэвіч, галоўная мэта музыкантаў – перадаць слухачам адчуванне эмоцыі,
якую геніяльна ўклалі нашы продкі ў спеўны фальклор. "Фальклор не можа быць
гісторый, ён жыве ў нашай рэчаіснасці” -- падсумаваў свае філафскія погляды
Тодар. Сапраўды, у выканні ESSA прагучалі песні каляндарнага цыклу – "Юр’я-Цмок”,
рэлігійны спеў "Замова да Пяруна”, вядомы танец "Таўкачы” ў мінорнай
танальнасці. Поспеху гурта ESSA спрыяла высокае выканаўчае майстэрства і аўтарскае
прачытанне даўніх ўзораў народнай творчасці, след якіх губляецца ў стагоддзях.
Асабліва хацелася б звярнуць увагу на вакальныя магчымасці Вольгі Кашкурэвіч,
якая зачаравала слухачоў экспрэсіўнасцю спеваў і заглыбленасцю ў фалькорную тэму...
Першы дзень "Дударскага фэсту”
завяршыў гурт "Стары Ольса”, музыканты якога выканалі творы эпохі Рэнесанса і
ранняга Барока. Асаблівай шляхетнасцю вызначаліся адносны ольсаўцаў да "Полацкага
сшытка”. Зразумела, справа рэканструкцыі гэтага музычнага помніка – вельмі
тонкая і патрабуе шмат ведаў па сярэдневечнай тэматыцы. Гэтыя веды музыканты
маюць, таму факт застаецца фактам: апрацоўкі "Полацкага сшытка” ад "Старога
Ольсы” застаюцца ўзорнымі для айчыннай медыевальнай сцэны. У гэтым
наведвальнікі "Дударскага фэста” ўпэўніліся, калі гучалі такія п’есы з
"Полацкага сшытка”, як "Танец у балканскім стылі”, "Пастыр”, "Немец”,
"Ягелонскі танец” і інш. Акрамя гэтых мелодый, музыканты выканалі і некалькі
твораў, якія раней былі мала вядомы слухачам. Такім сюрпрызам стала кампазіцыя
"Маці-каралева” з адной з еўрапейскіх музычных партытур мінулага. "Маці-каралева”
-- твор рэлігійны, баладнай структуры, які мае больш за дваццаць вершаваных
слупкоў. Удзельнікі "Старога Ольсы” пераклалі тэкст на беларускую мову і
гарманізіравалі яго для гурта старажытнай музыкі. Увогуле, новая кампазіцыя ў
выкананні "Старога Ольсы” прагучала манументальна і сугучна беларускай музычнай
традыцыі. Такія ўражанні ад беларускай і еўрапейскай музыкі мінулага сталі
галоўнымі чыннікамі першага дня "Дударскага фэста”...
Другі дзень "Дударскага фэста”
быў прасвечаны традыцыйнай "Дударскай канферэнцыі”, якая прайшла на свежым
паветры ў музейным комплексе "Дудуткі”. Не ўсе слухачы змаглі туды патрапіць,
таму арганізатары фестывалю продубліравалі музычную праграму ўжо ў сталічным
клубе RE:PUBLIC. У рамках гэтай часткі праграмы
выступілі ўжо знаёмыя па першаму фествыльнаму дню выканаўцы: гурт "Тутэйшыя”, "траістыя
музыкі” Д.Сухі-С.Чавус-Я.Барышнікаў. І завяршыў першую частку апошняга дня
фестываля гурт "Стары Ольса”. Іх сэты паўтарылі праграмы першага дня, як і
слухацкую рэакцыю на іх выстпупы. Таму засяродзімся на тым, што новага чакала
слухачоў па завяршэнні фэста...
І першай такой "навінкай” стаў
выступ гурта дударскай музыкі CORNUCOPIA з салістамі на галісійскай гайце Зміцерам Шыманскім і
Ягорам Кацючэнкам. Гурт арыентуецца збольшага на еўрапейскую музычную традыцыю
і адпаведны рэпертуар, а гучанне CORNUCOPIA наблізілася да чыстага дударскага, без нейкіх музычных
дамешкаў. Хоць гурт па сваёй спецыфіцы застаецца інструментальным, у рэпертуары
ёсць вакальныя творы, у тым ліку і беларускага паходжання. Адна з іх –
"Рэкруцкая” песня выклікала асабліва шчырыя апладысметы слухачоў і арганічна завяршыла
праграму CORNUCOPIA.
Міжнародная частка фэсту была прысвечана
музыцы Польшчы, Ўсходняй і Паўночнай Еўропы, якую прапанаваў слухачам гурт
сярэдневечнай музыкі са Шчэціна TRYZNA пад кіраўніцтвам М. Матыня (Michal Matynia). У складзе гурта шмат старажытных інструмпентаў:
галісійская гайта, цыстра, шведская nyckelharpa і інш. Беларускія слухачы высока
ацанілі выканаўчае майстэрства і арыгінальнасць аранжыровак гасцей і волклічамі
"брава!” выказвалі спадзеў на новыя музычныя сустрэчы.
Своеасаблівую сенсацыю стварыла
суполка дудароў, якія своечасова вярнуліся з "Дударскай канфэерэнцыі” ў
Дудутках. Абяцаны арганізатарамі імправізацыйны сэт з удзелам ды-джэя Паўла
Бальцэвіча падтрымалі сваім дударскім імпэтам Дзяніс Шматко ("Тутэйшыя”),
Зміцер Сасноўскі, Сяргей Тапчэўскі ("Стары Ольса”) і Дарэк Джаман (TRYZNA). Іх іправізацыі
адрозніваліся спантаннасцю і, у той жа час, гарманічнай зладжаннасцю с
сучаснымі электроннымі рытмамі ды-джэйскіх прылад. Малады люд выкарыстаў
магчымасць ад душы патанчыць і навучыцца старажытным па ў танцавальных гуртоў "Яварына”,
"Ды Грыза”, "Фламея”, "Гістрыён”.
Праект "PAWA”, заснавальнікамі якога
з’яўляюцца Юрась Панкевіч і Мікіта Седзянкоў, прапанавалі слухачам сваё разуменне
сінтэзу сучаснасці і старажытнасці. Іх дыска-фолк заснаваны на выкарыстанні
дыскатэчных рытмаў, тэмбраў сінтэзатараў, драйву струнных інструментаў і
фолкавага гучання беларускай дуды. Па сутнасці, "PAWA” – пост-фолк-мадэрнавы гурт, які
пашырае веды моладзі пра айчынны фальклор з дапамогай папулярных рытмаў і рок-аранжыровак.
Таму менавіта музыкі гурта "PAWA” падрыхтавалі слухачоў да супер-моцных уражанняў, якія выклікалі
ў іх лідары айчыннай фолк-рок-сцэны – гурты "Кашлаты Вох” і "LITVINTROLL”...
Ва ўступным слове да слухачоў і
ўдзельнікаў "Дударскага фэста-2012”
яго заснавальнік Тодар Кашкурэвіч адзначыў, што адрожаная дударская школа
Беларусі – самая аўтрытэтная ва Ўсходней Еўропе. І сёлетні "Дударскі фэст” даў
новыя падставы для такога сцвярджэння. Хоця і не гарантаваў спакою яго
арганізатарам у новым дударскім сезоне.
Анатоль Мяльгуй
|