Чэшская «Камета» Яраміра Нагавіцы заззяла ў Беларусі
На тыдні ў сталічным Маскоўска-Венскім гандлёвым цэнтры, пры арганізацыйнай падрымцы некамерцыйнай арганізацыі Арт-сядзіба адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім выканаўцам Змітрам Вайцюшкевічам з нагоды выхада яго чарговага альбома «Камета», на якім па-беларуску ў выкананні З.Вайцюшківіча і гурта WZ-orkiestra запісаны песні чэшскага паэта, кампазітара, аўтара і выканаўцы Яраміра Нагавіцы (Jaromir Nagovica).
Як падкрэсліў Зміцер Вайцюшкевіч на пачатку сустрэчы са слухачамі: «Перш чым заспяваць песні Яраміра Нагавіцы, хачу сказаць што гэта не зусім прэзентацыя ў звычным сэнсе, а хутчэй сустрэча сяброў і аматараў музыкі і паэзіі. Да таго ж, аўтографсесія і нетрадыцыйная спроба распачаць прамоцыю новага альбома з песнямі Яраміра Нагавіцы – таленавітага і глыбокага паэта і кампазітара, іконы чэшскай аўтраскай песні. Яго называюць чэшскім Булатам Акуджавай. Як і Акуджава, яго нельга назваць галасістым, але паэзія Яраміра Нагавіцы адрозніваецца пранікнёнасцю, філасафічнасцю і гумарам. Пераклад на беларускую мову вершаў Яраміра Нагавіцы таленавіта ажыццявілі Віталь Воранаў і Андрэй Хадановіч.
Мы разам з гуртом WZ-orkiestra – адзіныя на беларускай музычнай сцэне займаемся міжнароднымі музычна-паэтычнымі праектамі. Нам гэта цікава, і таму такія праекты сталі нашай справай. Мы спачатку думаем пра іх і спадзяемся, што чэхі таксама будуць думаць пра беларусаў, і які-небудзь паэт з Остравы, Прагі ці з якога яшчэ чэшскага горада возьме томік, напрыклад, Андрэя Хадановіча ці Ўладзіміра Някляева, іншых беларускіх паэтаў ды перакладзі іх радкі па-чэшску. Ці перапяе на сваёй мове Змітра Вайцюшкевіча, не важна! Гэта і будзе такі знак ўзаемнай удзячнасці і прызнання».
Трэба адзначыць, што на сустрэчу са сталічнымі прыхільнікамі Зміцер Вайцюшкевіч з’явіўся ў вобразе зухаватага хутараніна. І цёплыя камізелька і валёнкі падкрэслівалі гэткі статус вядомага жыхара хутара Вайцюшкі, куды дарэчы Зміцер шчыра запрашаў прысутных слухачоў на некалькі запланаваных фестываляў беларускамоўнай аўтарскай песні, якія музыкант мяркуе правесці ў бягучым годзе.
Заінтрыгаваныя такім ўступам, слухачы з асаблівай цеплынёй і прыязнасцю сустрэлі песні Я.Нагавіцы ў выкананні Вайцюшкевіча, такія як «Камета», «Іерусалім», Таксама, цёпла была прынята песня «Святло Сараева», у якой неверагодным чынам спляліся лірычныя вобразы кахання і жахлівая жорсткасць вайны. Антываеннай тэматыцы была прысвечана і кампазіцыя «Заўтра роўна ў пяць» -- споведзнь чалавека, якого ранкам павінны растраляць. Зміцер падкрэсліў: «Мне спадабалася драматургія гэтага твора Нагавіцы. Чалавек заўсёды мае схільнасць прымяраць на сябе такія сітуацыі. Але потым адгаворвае сам сябе: такога са мной быць не можа! Тым не менш, з такімі думкамі палоннныя пачынаюць свой дзень за чатырыста-пятьсот кіламетраў ад нас! Нажаль, гэтая песня не страціла сваёй актуальнасці. Не дай Бог, каб такое зноў паўтарылася!»
Увогуле, у творчым багажы Яраміра Нагавіцы не мала твораў прасвячаных тэме смерці, але на гэтую падзею бард глядзіць без песімізму, а часам і з гумарам. Да такіх песень можна аднесці філасофскае прысвячэнне канадскаму спеваку Леанарду Коэну «Танец смерці» і «чорную» гумарэску «Коўдра-магіла».
У традыцыі Я.Нагавіцы (як і ягонага беларускага калегі па цэху З.Вайцюшкевіча) пасля такога паэтычнага «хард-кору» падарыць слухачам хвіліны весялосці і гумару без межаў. Так абылося і на прэзентацы дыска «Камета»: Зміцер Вайцюшкевіч спачатку выканаў песню Нагавіцы «Стары муж», у якой аўтар заклікаў радавацца не толькі маладосці, але і старасці, без страха пераносіць войсковую службу («Як бралі мяне ў салдаты»). Потым Зміцер Вайцюшкевіч з дапамогай гумару Яраміра Нагавіцы прапанаваў пазітыўны погляд на розныя жыццёвыя акалічнсці ў песні-прыпеўцы «Вядома і дэбілу»!
На заканчэння творчай сустрэчы і прэзентацыі новага альбома «Камета» Зміцер выканаў некалькі твораў на замову сабраўшыхся. Напрыклад, «Зоркі» (на верш Р.Барадуліна) папрасіла З.Вайцюшкевіча выканаць маладая пара, якая не так даўно пабралася шлюбам. Гэтая песня стала падарункам для ўсіх закаханых, якія на прэзентацыі па камандзе Змітра правялі сеанс адначасовых пацалункаў.
Ну а беларускі варыянт праекта «Спяваем разам» быў рэалізаваны самімі слухачамі, калі на іх просьбу З.Вайцюшкевіч выканаў такія беларускія эвергрыны, як «Нёман» (верш А.Астрэйкі, муз.Н.Сакалоўскага) і «Бывайце здаровы» (верш А.Русака, музыка І.Любана), а прысутныя падхапілі і разам заспявалі знакамітыя мелодыі.
Творчая сутрэчы з любімым многімі беларусамі выканаўцам скончылася аўтографсесіяй, масавым сэлфі і надзеяй на новыя канцэрты і прэзентацы.
Анатоль Мяльгуй
http://novychas.by/kultura/ceshskaja_kamieta_jaramira_nah/
|