Четверг, 2024-11-21, 1:18 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Сентябрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Главная » 2012 » Сентябрь » 20 » Беларускія акцэнты “Камяніцы”
11:47 AM
Беларускія акцэнты “Камяніцы”

Беларускія акцэнты "Камяніцы”

 Асноўным адрозненнем сёлетняга фэста "Камяніца”, як неаднойчы было падкрэслена на прэс-канферэнцыі, прысвечанай гэтай музычнай падзеі, павінна была стаць аматарская сцэна. Мэта гэтай арганізацыйнай навінкі -- стварыць рэзерв для айчыннай фолк-музыкі і пазнаёміць слухачоў з юнымі выканаўцамі і гуртамі. Кіраваць аматарскай сцэнай на фэсце запрасілі вядомую беларускую спявачку, якая апошнім часам вельмі актыўна працуе ў беларускім фолк-напрамку, лідара фолк-праекта Shuma Русю. Канцэртную пляцоўку для аматарскай сцэны размясцілі ў вельмі заўважным месцы – на тэрыторыі экспазіцыі Музея народнай архтэктуры і побыта ў Строчыцах, прысвечанага Цэнтральнай Беларусі, побач з уніяцкай царквой XVIII стагоддзя. Таму слухачы, якія вырашылі стаць наведвальнікамі фэста "Камяніца-2012”, не маглі прамінуць канцэрт маладых фолк-выканаўцаў з усёй Беларусі.

Удзельнікамі аматарскай сцэны сталі 157 выканаўцаў, якія прадставілі самыя разнастайныя узоры народнай музычнай творчасці – спевы, танцы, каляндраныя абрады і народныя жарты. Узост і геаграфія ўдзельнікаў таксама была розная: напрыклад, дзіцячы фальклорны калектыў "Чарнабрыўцы” (кіраўнік Р. Басаў) складаўся з выхаванцаў Маркавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Гомельскай вобласці, а ўдзельніцай узорнага фальклорнага ансамбля "Рудабельскія зорачкі” (пад кіраўніцтвам В. Дульскай) стала сапраўдная аўтэнтычная спявачка Варвара Данілаўна Верас, якой споўнілася 86 гадоў! Гэтыя гурты спявалі народныя песні Гомельшчны, іншыя ж прадстаўлялі Міншчыну, Гарадзеншчыну. А вось салістка знакамітага ўжо ў беларускім эмігранцкім асяродку фальклорнага гурта "Яваровы Людзі” прадставіла на фэсце творчасць нашых суайчыннікаў з далёкай Канады. Безумоўна, слухачоў, якія завіталі на канцэрт маладых фолк-выканаўцаў, не магла не ўразіць станоўчая энэргетыка таленавітых дзяўчат і хлопцаў, якія дэманстравалі адданасць народным мелодыям свайго края, сваім караням. Гэты фальклорны марафон, які адбыўся ў межах фэста "Камяніца-2012”, стаў лепшым сведчаннем таго, што беларушчына можа быць прывабнай і для сучаснай моладзі, якая выхаваная на "віртуальна-камп’ютарных” праявах глабалізаванай поп-культуры.

Далей фестывальны шлях да галоўнай сцэны "Камяніцы-2012” праходзіў праз "Горад майстроў”, на якім разгарнулі свае перасоўныя майстэрні беларускія мастакі і рамеснікі, якія прапаноўвалі сувеніры ў нацыянальным стылі. Тут можна было набыць і творы выяўленчага мастацтва, і разьбу па дрэве, і ювелірныя ўпрыгожанні. Многія з гэтых сувеніраў, ўпрыгожанняў сталі дадатковымі аксэсуарамі да нацыянальных строяў, у якіх былі апранутыя многія наведвальнікі фэста. Гэтая бела-чырвоная гама кашуль і намітак, золата саламяных капелюшоў ставаралі святочны настрой для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю ў Строчыцах.

Гэта не прамінулі заўважыць і ганаровыя госці і спонсары фэсту "Камяніца-2012”, якіх запрасілі на сцэну перад пачаткам асноўнай фествальнай дзеі. Дырэктар Дзяржаўнага музею архітэктры і побыта С. Лакотка падкрэсліла, што фэст дапаможа ўнікальнаму беларускаму скансэну пашырыць свае экспазіцыі, а таксама будзе спрыяць большай наведвальнасці музея. Уладальнік беларускай рэстарацыі "Камяніца” С. Чагрынец паабяцаў наведвальнікам музея не толькі якасную музыку, але і пашыранае меню традыцыных беларускіх страў, якімі можна будзе паласавацца ў перапынках паміж выступамі гуртоў. Прыемна было пачуць добрую беларускую мову і ад прадстаўніка галоўнага спонсара фэста "Камяніца”, намесніка страшыні БелВЭБанка А. Прохарчыка, які пажадаў поспехаў гэтаму музычнаму святу, мэта якога – пашырэнне сярод моладзі ведаў пра нацыянальную спеўную культуру, павагі да нашай фальклорнай спадчыны.

Пасля цёплых прывітальных слоў і шчырых зычэнняў новых музычных адкрыццыў традыцыйнаму, чацвёртаму па ліку фестывалю "Камяніца”, на сцэну быў запрошаны фальклорны гурт "Ліцвіны” пад кіраўніцтвам У. Берберава. "Ліцвіны” ўжо даўненька не радавалі сваіх прыхільнікаў канцэртамі і ўдзелам у фолк-фэстах. Таму і сэт чакаўся з асаблівым інтарэсам. Трэба адзначыць, што цяперашнія "Ліцвіны” прыцярпелі значныя змены ў складзе, але гэта не выклікала вялікіх пераменаў у гучанні калектыву. Гурт Уладзіміра Берберава застаецца аўтэнтычным па гучанні, якое вызначаецца ўнікальным інструментальным складам, у якім дамінуюць беларуская дуда, цымбалы і гармонікі. "Ліцвіны” застаюцца самымі паслядоўнымі прыхільнікамі аўтэнтычнасці рэперуара і выканання нацыянальнага фальклору. Гэта было адзначана і слухачамі, якія шчырымі апладысментамі віталі музыканатаў.

Іншую музычную стыхію, якую можна ўмоўна назваць фолк-фэнтэзі, прапанавалі музыканты з гурта Irdorah (Гродна). Трэба адзначыць, што тон усёй драйвавай музычнай канве гурта задаюць выканаўцы на нямецкіх дудах – дудэльзаках У. Калач і Н. Гапава, якія прадстаўляюць свае творы ў лепшых еўрапейскіх традыцыях рэканструкцыі сярэдневечнай музычнай спадчыны. Музыканты гарадзенскага гурта Irdorah выканалі творы на мове венгерскіх цыган, на страфранцузкай і рускай мовах. Толькі не на сваёй, беларускай, патлумачыўшы слухачам свой моўны выбар: "Беларусь такая толерантная страна!” Трэба было чуць каментары слухачоў на гэты пасаж музыкантаў Irdorah: "Ага, вось такая талерантнасць, што ні слова на роднай мове!” Нам жа застаецца спадзявацца, што ў наступны раз таленавітыя гарадзенскія музыкі зразумеюць, што беларускі гурт, калі ён спадзяецца на творчае прызнанне, не павінен ігнаравать нацыянальную музычную спадчыну і мову сваёй краіны. Бо яны з’яўляюцца неад’емнай часткай еўрапейскага арэалу, без якога агульная культурная палітра Старога Свету не будзе поўнай. Нават ў абранай Irdorah стылістыцы фолк-фэнтэзі.

Гэты тэзіс, толькі ў галіне дызайну вопраткі, быў пацверджаны цудоўнай калекцыяй нацыянальных строяў, якія былі зроблены спецыялістамі навукова-выстворчага прадпремства беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца” і прадэманстраваны на фэсце. Сапраўды, беларускія дзяўчаты ў гэтых рэканструяваных касцюмах паводле традыцыйных узораў пад час дэфіле выглядалі проста чароўнымі, а іх строі сучаснымі і па-еўрапейску моднымі. Дарэчы, тэма нацыянальнага на "Камяніцы-2012” мела свой працяг і для слухачоў: у рамках фэсту адбыўся конкурс для тых, хто завітаў на яго ў беларускіх народных строях. Удзельнікамі гэтага спаборніцтва сталі пяць маладзёжных пар з Полацка, Магілёва, Івянца, Мінска і Мінскай вобласці. Па рашэнню журы конкурса ўсе яны былі ўзнагароджаны магчымасцю наведаць рэстарацыю "Камяніца” і бескоштава там правесці вечар за беларускімі стравамі і напоямі. Сапраўды, цудоўная традыцыя фестывалю і за гэтую ініцыятыву вялікі дзякуй ўладальніку рэстарана беларускай кухні "Камяніца” Сяргею Чагрынцу!

Цікавай неспадзянкай, якая здарылася пасля адмены сэтаў заяўленых раней "Крамбамбулі” і URIA, стала выступленне гурта VuRaj (як яны сябе называюць "палесскім музычна-вандтроўным аркестрыкам”), які сваімі рытмічнымі мелодыямі прымусіў слухачоў успомніць, што фэст на "адкрытым паветры” і праводзіцца, каб танчыць, водзіць карагоды -- выяўляць свае эмоцыі без абмежаванняў. Саліст VuRaj’я Сяржук Войта, якія на сцэне таленавіта выконваў ролю завадатара, разам з музыкамі свойго гурта прапанавалі слухачам кампазіцыі "За валамі зеляненькімі”, "Перапілка”, "Поле чыстае”, этна-дыскатэчную "Полечку”. Гэтыя творы ў нечым адкрылі для наведвальнікаў "Камяніцы” гэты малады фальклорны калектыў, творчасць якога абяцае слухачам новыя адкрыцці і эмоцыі.

У праграме фэста было дастаткова знакамітых імёнаў, але былі зусім невядомыхя для аматараў фолк-музыкі выканаўцы. Адным з такіх "цёмных конікаў” на "Камяніцы” стаў гурт Silver Sky. Трэба адзначыць, што ўдзельнікі гэтай каманды, якая арыентуецца на metal-напрамак у рок-музыцы, яшчэ зусім не маюць вопыта ўдзелу ў фолк-фэстах. Гэтая акалічнасць адбілася і на ўражаннях слухачоў фэсту: музыка Silver Sky многім з іх падалася даволі далёкай ад фальклорных крыніц, ад мэтаў фестывалю "Камяніца”. Хоць сярод выкананых гуртом і яе вакалісткамі твораў можна было б вылучыць яскравую фолк-metal-кампазіцыю "Купальскія сны”, якая магла б стаць пачаткам новай стылістыкі гэтай каманды.

Затое прадстаўнікі сярэдняй генерацыі айчыннага фолк-напрамку – гурты "FolkRoll” і Наста Някрасава, PAWA, "пажарны аркестр” "Гаротніца” не аставілі абыякавымі на фэсце нікога. Музыканты гэтых разнастайных па стылістыцы калектываў не скупіліся на новыя падыходы да беларускай песеннай спадчыны. Тут можна адзначыць камерна-авангардныя з джазавым ухілам апрацоўкі фальклора ад Насты Някрасавай, якая разам са сваімі музыкантамі ставаралі сапраўды ўражваючую эмацыянальную канву беларускай народнай песні. Антыподам "FolkRoll’у” на фэсце, у нейкай ступені, можна было б назваць выступленне фолк-электроннага праекта PAWA і гурта "Гаротніца”, якому было даручана завяршыць фестываль. Музыка гэтых каманд было напоўнена станоўчай энергетыкай, якая дазваляла слухачам то засяроджвацца на ладзе старажытных мелодый, то падпарадкоўвацца іх рытмічнаму і гарманічнаму малюнку дзеля фестывальнай разняволеннасці і практыкаванняў у скоках.

Асобна хацелася б спыніцца на сэце ўзыходячай зоркі беларускай рок-сцэны -- гурта Rel1kt, выступленне якога выклікала сапраўдны фурор сярод слухачоў. Вельмі прыемна, што сярод маладых выканаўцаў знаходзяцца тыя, хто здатны сэрцам адчуваць непарыўнасць паміж мінулым і сённяшнім у айчыннай рок-музыцы, сваімі творамі падкрэсліваць гэтыя нябачныя сувязі. Да таго ж, музыканты гурта Rel1kt прадэманстравалі, што фальклорным кампазіцыям з дапамогай сучаснага "цяжкага” рок-гучання можна надаць новыя рысы, якія стануць вельмі блізкімі для сучаснікаў. Відавочна таму з такім імпэтам слухачамі былі сустрэты кампазіцыі гурта Rel1kt паводле фальклору "Ой рана на Йвана”, "Чаго ты лося”, а таксама фальклорны твор з сольнага праекта І. Кірчука.

Асаблівай увагай слухачамі фэста "Камяніца” былі ўшанаваныя госці Беларусі – вядомы расійскі электронна-этнічны праект "Иван Купала”. Перад пачаткам фэста, яго арганізатарамі было заўлена, што расіяне едуць да нас з прэм’ерай – альбомам "Родина”, які ставораны на аснове песеннага фальклору Беларускага Палесся. Так яно і адбылося: "Иван Купала” з гонарам прэзентаваў беларускім слухачам гэтую кружэлку. І хоць назвы песень былі ў традыцых гэтага гурта: "Дятел”, "Заенька”, "Канарейка”, "Стол”, "Коледа”, "Брови”, "Канюшня”, "Родина”, выконваліся яны, як падкрэслівалі самі музыканты, "практически на белорусском языке”! З музычнага пункту гледжання кампазіцыі гурта "Иван Купала” яўляюць сабой рытмічныя і меладычны структуры, якія выбудоўваюцца з дапамогай шматлікіх электронных сінтэзатараў, сэмплераў і сучасных камп’ютэрных праграм. Праўда, ў электроннай палітры праекта знаходзіцца месца і традыцыйнай рускай балалайцы, гармоніку і бубну. Гэтаму можна было знайсці пацвержданне ў хітах "Ивана Купалы”, якія вельмі часта гучаць на радыё-хвалях. Маю на ўвазе такія кампазіцыі, як "Кострома” ці "Пчёла”. На фінал сэта "Ивана Купалы” музыкантамі быў падрыхтаваны сюрпрыз: сумеснае з вядучым фэста – лідарам гурта "Палац” Алегам Хаменкам -- выкананне песні "Сваточкі”. Разам расійскія і беларускія музыканты стварылі непаўторны вобраз славянскай песеннай спадчыны, да якой трэба падыходзіць не толькі з піетэтам прафесіянала, але адчуць яе сэрцам. Каб надоўга захаць скарбы беларускага народа, даць ім новае жыццё ў сучасных умовах. Адзначу, што гэтым разам удзельнікі фолк-фэста "Камяніца” зрабілі значны крок у гэтым напрамку.

Анатоль Мяльгуй


Наведвальнікам маёй інтэрнэт-стронкі прапаную невялікі фота-рэпартаж з фэста:


Просмотров: 2417 | Добавил: FMM | Рейтинг: 2.5/11
Всего комментариев: 1
1 VM  
0
"Re1ikt" - наймацнейшаe ўражаньне сёлетняга этапу "Камяніцы"!

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 2
Гостей: 2
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz