Агляд музычных падзей
года
Крах "чорных спісаў”
непазбежны
Колькі ў СМІ не вялося дыскусій
пра такую агідную з’яву, як "чорныя спісы” для айчынных выканаўцаў, усё адно
мінулы год не стаў пераломным у гэтым сэнсе. Канцэрты забаранялся і быццам тыя,
па чыёй ініцыятве гэта робілася не ведалі, што самі спрыяюць росту папулярнасць
"чорнаспісных” артыстаў і гуртоў. Зміцер Вайцюшкевіч,Лявон Вольскі, Аляксандр
Кулінковіч – імёны гэтых беларускіх выканаўцаў усё больш асацыіраваліся з нацыянальным
культурніцкім падполлем. Хоць не так даўно іх канцэрты былі не рэдкімі на
нацыянальным тэлебачанні, радыё і канцэртных залах, пры тым, што выступленні на
палітычных акцыях кшталту "Песні Свабоды” з іх удзелам даўно адышлі ў мінулае.
Упартасць чыноўнікаў ад культуры мяжуе з бязглуздзіцай, бо іх дзеянні па
паглыбленні "чорных спісаў” нясуць разбурэнне нацыянальнай культурнай прасторы,
абядняючы і пазбаўляючы яе частку канкурэнцыі з выканаўцамі нацыянальнага
кірунку, а з ёй і моўнага, меладычнага каларыта.
Ці зробіцца "Нацыянальная
музычная прэмія” сапраўды нацыянальнай?
Ну, ці не культурны парадокс, што
ў незалежнай краіне "Нацыянальная музычная прэмія”, якая не так даўно з помпай уручана
прадстаўнікам так званага "беларускага шоу-бізнеса”, была заснавана і ў
намінацыі "Лучшая
песня на белорусском языке”? А як жа астатнія намінанты
на "Нацыяльнаную музычную прэмію”? Відавочна, спяваць "на белорусском” у
прадстаўнікоў дзяржаўнай эстрады застаецца непрэстыжна, бо большасць з іх пазіцыяніруюць
сябе за прадстаўнікоў каланіяльнай культуры на тэрыторыі Беларусі. Толькі з
дапамогай больш лаяльных аргументаў, маўляў, "у нас двуязычие”, "на русском
больше понимают”. І калі дазваляецца нешта беларускае, то гэта -- абавязкова
фальклорнае. Вось і ў гэтым годзе "Нацыянальная музычная прэмія” была аддадзена
этна-трыо "ТРОІЦА”, якое, па-праўдзе, даўно трэба было ўшанаваць ганаровым
артыстычным званнем ці дзяржаўнай прэміяй больш высокага ранга. Узровень гэтых
музыкантаў нельга нават праўноваць з іншымі "трыўфатарамі” "Нацыянальнай
музычнай прэміі”, кшталту гуртаў "ТЕО”,
"Litesound” і іншых.
Халодны душ і
расчараванне для прыхільнікаў "Ляпіса Трубяцкога”
Цікава, што цэтлік "забароненага”
стаў вельмі жаданым для некаторых артыстаў, якія ўбачылі ў гэтым прывабны
маркетынгавы ход: а ці не магчыма чыноўніцкую недальнабачнасць паставіць сабе
на карысць і зрабіць яе асновай камерцыйнага поспеху? Так, гэта магчыма.
Напрыклад, у выпадку гурта "Ляпіс Трубяцкой”, музыканты якога седзячы ў Маскве апошнім
часам раздавалі гучныя інтэрв’ю, ладзілі масавыя канцэрты пад лэйблам
"забароненых”, здымалі палітычна афарбаваныя кліпы. Апошні з іх – на верш Янкі
Купалы "Не быць скотам”. Безумоўна, у мастацтве выяўлення сваёй музыкі відэа-сродкамі
музыкантам гурта "Ляпіс Трубяцкой” няма роўных на беларускім эстрадным
небасхіле. Вобразы беларускіх рабочых, сялян і прадстаўнікоў інтэлегенцыі
"нашаніўскага” перыяда на фоне бел-чырвона-белага сцяга са святой Пагоняй, пад
жорсткія і гімнападобныя рокавыя рыфы зрабілі твор сенсацыяй гэтага года. А
таксама далі многім падставы для таго, каб называць гурт лідэрамі айчыннай
рок-музыкі. Але іх чакаў халодны душ: падчас выбрачых хваляванняў у Маскве
"Ляпіс Трубяцкой” не аднойчы запрашалі выступіць на Балотнай плошчы для
прадстаўнікоў расійскай апазіцыі. Але "ляпісы” адмовіліся, спаслаўшыся на на
тое, што ў гэты час будуць даваць канцэрт у іншым горадзе. Так статус
"забароненых змагароў” гурта "Ляпіс Трубяцкой” быў зніжаны да крытычнага
ўзроўню. Хаць на самой справе, у інтарэсах беларускіх слухачоў каб музыканты
гурта "Ляпіс Трубяцкой” вярнуліся ў лона айчыннага рок-руху. І для гэтага
патрэбна, каб выканаўцы не проста дэкларавалі сваю пазіцыю ці цытавалі класікаў
беларускай паэзіі. Патрэбны беларускамоўны альбом! Толькі ён будзе дастатковым
доказам беларускасці музыкантаў. Будзем спадзявацца, што наступны год будзе
пераломным у творчасці гурта "Ляпіс Трубяцкой” і тады зможам сказаць, што гурт у
поўнай ступені стаў беларускім і ўсе дыскусіі на гэтую тэму скончацца.
Ці не пара пераадолець
беларускую сціпласць?
Праўда, не заўсёды беларускамоўны
альбом у творчасці таго ці іншага гурта сведчыць пра нацыянальную пазіцыю
выканаўцаў. Напрыклад, гурту "J Морс”, відавочна, аднаго альбома "Беларускае золата” было
замала, каб напоўніцу асэнсаваць сябе нацыянальнымі артыстамі, як і ўдзельнікам
барысаўскага гурта "Без билета” дзеля гэтага не дастаткова адной песні "Мая
краіна Беларусь”. Цяпер гэтыя таленавітыя поп-рок-калектывы выкарыстоўваюцца ў
якасці тарана, якім падрываецца стан непадцэнзуранага рок-руха, а гэтыя
калектывы выстаўлюцца як альтэрнатыва забароненным гуртам і выканаўцам. Добра
гэта ці дрэнна, то няхай вырашыць час. Але тое, што згаданыя выканаўцы
сабіраюць поўныя канцэртныя залы сталіцы, наводзіць на думку, што на беларускай
музычнай дзялянцы знойдзецца места ўсім. Важна навучыцца карыстацца шанцам,
быць больш смелымі, крэатыўнымі для больш шчыльнага кантакта менавіта з
беларускай публікай.
Не аднойчы даводзілася бываць на
клубных канцэртах гуртоў :B:N, Akute, IQ48, «Mauzer», "Спрат” і іншых таленавітых беларускіх каманд.
Адзначу, што гэтыя выканаўцы ўжо сёння вырастаюць з клубных "штонікаў” і гатовы
для штурму вялікіх канцэртных залаў. Справа засталася за больш прадуманай
рэкламай, канцэртным сінтэзам цікавай музыкі і яркага рок-шоу, узаемадапамогай
беларускіх выканаўцаў.
Да таго ж, нашым выканаўцам не
хапае актыўнасці на міжнароднай фестывальнай арэне. Не многія са згаданых
гуртоў цяперашнім летам выпраўляліся на фэсты і open-air’ы. Тлумачылі сваю пасіўнасць фінінсавым
крызісам і адсутнасцю сродкаў для музычных падарожжаў. А ўдзел у аўтарытэтных
музычных дзеях з’ўляецца лепшай рэкламай для выканаўцаў. Прыклад гэтаму -- сёлетні
поспех берасцейскага гурта Sciana, які стаў лаўрэатам прэстыжнага рок-фэстываля ў Польшчы,
атрымаў з перамогай салідную грашовую прэмію на запіс новага альбома, а таксама
некалькі перспектыўных прапаноў на гастрольныя паездкі па еўрапейскім
канцэртным пляцоўкам. Адзначу, што гэта падзея выглядае абсалютнай справядлівай
. Бо Sciana – адзін з лепшых
канцэрных калектываў Беларусі, які мае свой непаўторны саунд, валодае ўнікальнай
выканаўчай тэхнікай і арыгінальным рэпертуарам.
Новыя праекты – новыя
музычныя далягляды
Гэты год стаў вельмі важным для
многіх маладых каманд, а таксама для музычных праектаў, якія прэтэндавалі на
лідарства на айчыннай рок-сцэне. Свой статус "узыходзячых зорак” маладыя
музыканты падмацоўвалі сваімі новымі альбомамі. Так напрыклад, перспектыўная
каманда Re1ikt прыцягнулі ўвагу крытыкаў сваім
дэбютнікам "Рэкі прабілі лёд”, які вылучаецца сярод аналагічных рэлізаў
стылістычнай навізной музычнай канвы і шчырымі тэкстамі. Тое ж можна казаць і
пра праект PAWA,
якім кіруе вядомы беларускі дудар і майстар, лідэр гурта сярэдневечнай музыкі TESTAMENTUM TERRAE Юрась Панкевіч. Тут
сітуацыя больш складаная: музыканты праекта прапанавалі слухачам электронныя
версіі кампазіцый альбому ТТ "Angleza”, чым высунулі праект у лідары айчыннай
фолк-электронікі. Цяпер слухачы будуць чакаць ад PAWA і Юрася Панкевіча новых
нефармальных падыходаў да апрацовак беларускага фальклору на аснове электронна-танцавальнага
гучання. Галоўнае, каб імкненні да сучасных электронных трэндаў на забівала
душу народных спеваў, а эксперыменты не знішчалі мелодыю і рытміку шматвекавых
спеваў беларусаў.
На FM спадзявайся, але і сам
не тармазі!
Добра было б для творчасці
маладых выканаўцаў і іх рэлізаў, пра якіх ішла размова размова вышэй, каб яны
часцей гучалі ў беларускім FM-эфіры. Колькі б новых слухачоў улілася ў шэрагі
прыхільнікаў айчыннай рок-і электроннай музыкі! Але гэткі цуд пакуль не для пачаткоўцаў,
бо нават ветэраны айчыннай сучаснай папулярнай музыкі і іх творы мала цікавяць
радыё-дыджэяў FM-радыёстанцый.
Бо ў іх зусім іншыя прыарытэты: ў асноўным расійская папса, з дапамогай якой
паўсюдна запаўняюцца музычна-эфірныя прагаліны, якія ўтварыліся пад уздеяннем
"чорных спісаў”.
Цяпер можна казаць што
нацыянальны FM-эфір
зусім знік з закрыццем знакамітага "Аўтарадыё”. А вядучыя іншых радыёстанцый не
маюць патрэбы звяртаць увагу на нацыянальную музычную культуру, тлумачачы сваю
пазіцыю наяўнасцю гэтых сумнавядомых забаронаў, "чорных спісаў”. Зрэшты, ўсё
залежыць ад асабістых прыхільнісцяў. І ў нашым "безнацыянальным” эфіры можна
пачуць класічныя беларускамоўныя рэчы. Так "Радыё-Мінск” мае сантымент да
першых альбомаў гурта "Уліс”, а "Радыё Мелодыі Века” часцяком аддае перавагу беларускамоўнаму
каверу Юрыя Несцярэнкі і Пятра Ялфімава "Мару ўбачыць гэты дождж” на знакаміты
хіт гурта "Creedence Clearwater Revival” "Have You Even Seen The Rain”. Трансляцыі гэтых
беларускіх кампазіцый, безумоўна, граюць вялікую ролю ў папулярызацыі таго ці
іншага выканаўцы. Але і самі артысты цяперака імкнуцца надаць штуршок
цікаўнасці да сваёй творчасці. Дзеля гэтага яны самі бяруцца распаўсюджваць
наклады сваіх дыскаў, а тыя хто не мае такой магчымасці, давяраецца прыватным
распаўсюджвальнікам. Тыя гандлююць музычнай прадукцыяй, і таксама папулярызуюць
творчасць айчынных зорак: распавядаюць пра стылістычныя асаблівасці кампазіцый,
гісторыю ўзнікненя забаронаў і забароненых гуртоў. А каб падтрымаць цікаўнасць да
"жывых” канцэртаў арганізуюцца "кватэрнікі” і невялікія open-air-фэсты на прыватных
тэрыторыях, слухачамі якіх становяцца ўсё больш беларусаў, як гараджан, так і
маладых сельскіх жыхароў. А гэта тлусты цвік у труну "чорных спісаў”, якія яшчэ
практыкуюцца ў нашай краіне. Наступны год, я веру, павінен прынесці айчынным
выканаўцам доўгачаканую творчую свабоду, за якую яны ўпарта змагаюцца вось ужо
некалькі год.
Анатоль Мяльгуй
|