Суббота, 2024-04-27, 8:10 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Апрель 2014  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930
Главная » 2014 » Апрель » 23 » У гонар пані Арыны
9:45 AM
У гонар пані Арыны

In memory

У гонар пані Арыны

Чарговы дзень нараджэння вядомай дзеячкі нацыянальнага руху 90-х гадоў мінулага стагоддзя Арыны Вячоркі многія беларускія выканаўцы сярэдневечнай музыкі прапанавалі адзначыць мемарыяльным канцэртам. Бо пані Арына, як яе называлі тыя, хто тады супрацоўнічаў з гэтай цудоўнай жанчынай, застаецца ў памяці сучаснікаў, як вопытны музычны прадзюсер, арганізатар рыцарскага руху ў Беларусі, ініцыятар самага значнага ў краіне музычнага праекта «Легенды Вялікага Княства», а таксама прадзюсер першага ў Беларусі выдання «Полацкага сшытка».

Таму 14 красавіка ў мінскім Палацы ветэранаў сабраліся шматлікія прыхільнікі музычнай культуры мінулага, медыевальныя выканаўцы і гурты, родныя і блізкія А. Вячоркі, каб успомніць яе добрым словам на фоне музыкі, папулярызацыі якой доўгія гады спрыяла пані Арына. Да таго ж, гэты канцэрт – добрая нагода для прэзентацыі дыска з «Полацкім сшыткам», рэалізацыі якога аддала столькі сіл і таленту.

Гонар распачаць канцэрт памяці А. Вячоркі выпаў ветэранам беларускай медыевальнай сцэны, гурту «Стары Ольса». Яго кіраўнік Зміцер Сасноўскі распавёў пра тое, якім чынам пані Арына ўплывала на іх музычныя арыентыры, а пазней на гучанне гурта і рэпертуар.

А распачаўся канцэрт кампазіцыяй «Выправа», якая спачатку была створана для «Лошыцкага фэсту», у арганізацыі і правядзенні якога ўдзельнічала пані Арына. Далей гурт «Стары Ольса» выканаў баладу «Вайтоўна», якую, па словах З. Сасноўскага, можна было б аднесці і да лёсу А. Вячоркі.

Слухачы цёпла прынялі выкананне лютністам гурта І.Кубліцкім п’есы В. Длугарая. Музыканты «Старога Ольсы» выканалі «Вітальны танец» з «Полацкага сшытка», а на заканчэнне – рэканструкцыю старадаўняй рыцарскай песні «Пекна есть кола рыцэрска» на польска-беларускай моўная мяшанцы…

Вядучы мемарыяльнага канцэрта Франак Вячорка распавёў пра тое, што гэтае мерапрыемства не толькі мемарыяльнае, але гэта і прэзентацыя дыска са старажытным помнікам беларускай музычнай культуры XVI-XVII cт. – «Полацкім сшыткам». І таму ён запрасіў на сцэну кіраўніка «Беларускай капэлы», знанага опернага спевака і даследчыка беларускай музычнай культуры, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Скарабагатава. Віктар Іванавіч вельмі цікава распавёў пра гістрыю вяртання «Полацкага сшытка» і ўдзел у гэтым працэсе У. Караткевіча і А. Мальдзіса.

Наступным на сцэну Палаца ветэранаў быў запрошаны ансамбль «Кантабіле», які ўжо ў 70-я гады мінулага стагоддзя выконваў п’есы з «Полацкага сшытка». Трэба адзначыць, што гэты ансамбль выкарыстоўвае флейту, віяланчэль, скрыпку, клавесін, што надае яго аркестроваму гучанню камерныя рысы. У рэпуртуары ансамбля шмат п’ес з «Полацкага сшытка»: «Вітальны танец», «Бергамаска», «О, дзіўная прыжагосць», «Я паранены табой», «Куранта», «Я не злодзей». Некаторыя з гэтых п’ес прагучалі ў выкананні «Кантабіле».

Наступнымі на сцэну былі запрошаны ўдзельнікі дзіцячага гурта BREVIS пад кіраўніцтвам Паўла Сурагіна. Нагадаю, што BREVIS – ансамбль блок-флейтыстаў, у складзе якога ёсць інструменты рознай танальнасці: сапрана, альт і тэнар. У гэты вечар юныя музыканты пад кіраўніцтвам свайго настаўніка прапанавалі слухачам апрацоўкі для блок-флейт твораў В. Длугарая, сюіту з твораў «Полацкага сшытка» і вакальную «Баладу», якія былі прыняты слухачамі гучнымі воплескамі і воклічамі «Брава!»

Госці з Баранавічаў – гурт камернай сярэдневечнай музыкі «Контрданс» выканалі некалькі танцаў з «Полацкага сшытка», п’есы для лютні В. Длугарая Асаблівасць гучання «Контрданса» у выкарыстанні духавых, струнных, клавішных і ўдарных інструментаў, што надавала аранжыроўкам твораў у выкананні «Контрданса» еўрапейскую вытанчанасць і беларускую душэўную цеплыню.

Завяршаў канцэрт, прысвечаны дню нараджэння Арыны Вячоркі і прэзентацыі «Полацкага сшытка», гурт Testamentum Terrae пад кіраўніцтвам Юрася Панкевіча. Музыканты добрымі словамі ўспомнілі пані Арыну і адзначылі той неацэнны ўклад у нацыянальную культуру, які яна зрабіла на працягу свайго жыцця. Таму музыканты Testamentum Terrae ў памяць пра А. Вячорку прапанавалі кампазіцыю «Шлях караля». якую адразу ж перайменавалі ў «Шлях каралевы».

Далей у выкананні гурта прагучала некалькі папулярных кампазіцый з рэпертуару Testamentum Terrae: «Англеза», «Рыцар Верабей» і беларускі рок-н-рол «Каваль», якія ўнеслі ў сум па страчаных блізкіх ноту жыццёвага аптымізму. Бо і сама спадарыня Арына Вячорка была чалавекам дзейным і жыццярадасным, якой і засталася ў памяці ўсіх тых, хто шмат гадоў супрацоўнічаў з ёй на ніве адраджэння беларускай музычнай спадчыны.

Анатоль Мяльгуй

 

Просмотров: 1030 | Добавил: FMM | Рейтинг: 4.3/6
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz