Пятница, 2024-04-26, 3:24 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Сентябрь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Главная » 2016 » Сентябрь » 24 » У гасцях у Torvald'а
9:20 PM
У гасцях у Torvald'а

Вайцюшкевіч у горадзе Альгерда

Кампанія вандроўнікаў з Мінску – сяброў ТБМ імя Ф.Скарыны, музыкантаў, журналістаў, прадзюсараў і проста ахвочых да новых уражанняў -- не так даўно зладзіла паездку ў Віцебск. Мэта гэтай вандроўкі, арганізаванай актывістамі ТБМ, культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» пры падтрымцы віцебскага арт-паба «Torvald» і яго ўладальніка Віталя Броўкі, стала знаёмства з лепшымі кампазіцыямі з апошніх альбомаў вядомага аўтара і выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча, а таксама прэзентацыя кнігі пра творчасць З.Вайцюшкевіча «Беларускае слова ад спеву».

Па прыбыцці ў Віцебск Змітру і яго сябрам віцяблянамі была праведзена змястоўная экскурсія па гораду, які гісторык, краязнаўца і наш экскурсавод М.Півавар, назваў «лепшым горадам у свеце». Пад патранажам спадара Міколы мінчукі аглядзелі экспазіцыі Віцебскага краязнаўчага музею, Віцебскую ратушу, прайшліся па вуліцах гораду, агледзелі віцебскія святыні – Святаўваскрасенскую царкву, царкву Прачыстай Багародзіцы і базыльянскі кляштар, царкву Звеставання Багародзіцы. А таксама помнікі часоў руска-французкай вайны 1812 года, месцы, якія памятаюць Марка Шагала і іншыя славутасці горада. Шмат пытанняў узнікла ў гасцей з Мінска адносна выдатнага па задуме і выкананні коннага помніка віцебскаму князю, а ў далейшым і Вялікаму князю ВКЛ Альгерду, які паўстаў на пастаменце ў адным з самых прыгожых месцаў Віцебску.

Нажаль, усе гістарычныя мясціны Віцебску за адзін дзень абыйсці немагчыма і, пасля падзякі спадару М. Півавару за яго веды і сапраўдны патрыятызм, рушылі да ўжо вядомай гарадской культурніцай пляцоўкі -- арт-паба «Torvald», дзе чакалі Змітра Вайцюшкевіча з яго новымі песнямі.

Гасцей з Мінску сустракаў гаспадар арт-паба Віталь Броўка, які шчыра вітаў усіх падарожнікаў і заклікаў ў госці да «Torvald’у». Думаю, што ўжо многія ў Беларусі ведаюць пра Торвальда-вандраўніка з Ісландыі, які па некаторых гістарычных звестках, у ранзе хрысціянскага місіянера, высадзіўся на землях Полацкага княства і першым пазнаёміў нашых продкаў з верай Хрыста і ахрысціў іх.

Сёння арт-паб «Torvald» нясе не толькі адукацыйную функцыю, але і дапамагае маладым віцяблянам умацаваць цікавасць да беларускай мовы, культуры, гісторыі, знаёміць з лепшымі прадстаўнікамі віцебскай інтэлігенцыі, з беларускімі выканаўцамі і мастакамі. Артыстычную накіраванасць «Torvald’а» падкрэслівае і вінтажнае афармленне залы і галерэі арт-паба, а яго нацыянальную накіраванасць – беларускамоўнае меню і абслугоўванне наведвальнікаў. Усім гэтым акалічнасцям мінчане шчыра парадаваліся таму, што і ў сталіцы не часта такое сустрэнеш.

Пакуль госці аглядаліся, рабілі заказы, на імправізаваную сцэнічную пляцоўку выйшла арганізатар гэтай канцэртная паездкі, журналістка і адзін з аўтараў кнігі «Беларускае слова ад спеву» Эла Дзвінская. Спадарыня Эла выказала падзяку віцяблянам за гасціннасць, нагадала пра мэты кампаніі «Будзьма беларусамі!» а таксама коратка распавяла пра творчы шлях сённяшняга госця Віцебску – спевака і кампазітара Змітра Вайцюшкевіча.

Аўтар гэтых радкоў і па сумяшчальніцтву суаўтар кнігі «Беларускае слова ад спеву», распавёў пра стылістычную і жанравую разнастайнасць кампазіцый, якія запісаныя на альбомах і складанках Змітром Вайцюшкевічам. А таксама звярнуў увагу на негалосную забарону канцэртаў выканаўцы, на бюракратычны ціск, які суправаджае яго апошнім часам. Тым не менш, справядлівасць абавязкова пераможа, бо песні Змітра Вайцюшкевіча заўсёды былі вышэй забаронаў і перашкод.

Пасля кароткай журналісцкай інтрадукцыі да віцебскі і мінскіх слухачоў выйшаў Зміцер Вайцюшкевіч. Першую частку свайго канцэрта ў арт-пабе «Torvald» выканаўца прысвяціў песням Яраміра Нагавіцы ў перакладах А. Хадановіча і В.Воранава з альбому «Камета». Філасафічныя творы Нагавіцы ў выкананні Вайцюшкевіча яшчэ больш уражваюць, калі выконваюцца ў камерных умовах, калі слухачы знаходзяцца побач з выканаўцам.

Таму кантакт паміж усімі, хто знаходзіўся ў «Torvald’зе», быў усталяваны адразу, як толькі прагучалі першыя акорды песні з альбома «Камета» «Святло Сараева». Затым былі іншыя творы – «Як бралі мяне ў салдаты», «Коўдра-магіла», «Стары муж», «Амерыка», прысвячэнне канадскаму спеваку Леанарду Коэну «Танец смерці», якія дадалі слухачам светлага роздуму над сэнсам і каштоўнасцю жыцця. А вось гумарыстычныя прыпеўкі «Вядома і дэбілу» наладзілі слухачоў на гуллівы лад.

Такі настрой ужо дамінаваў у другой частцы песеннай праграмы Вайцюшкевіча на вершы паэта Уладзіміра Някляева для праекта «Жаночае імя Беларусі», які выканаўца запісвае ў Польшчы са струнным квартэтам. Тым больш, што Зміцер з уласцівым яму артыстызмам заахвочваў слухачоў паспрабаваць сябе ў якасці бэк-вакалістаў у такіх яго песнях, як «Дамініка», «Будзьце самымі жаданымі і каханымі»…

Завяршаючым акордам канцэрта сталі беларускія эвергрыны «Жыве Беларусь, Беларусь жыве!» на верш У. Някляева, «Я нарадзіўся тут» аўтарства Л.Вольскага, «Бывайце здаровы!» Ісака Любана і Адама Русака, якія зала ўжо выконвала не ў якасці падпеўкі, а саліравала нароўні са Змітром Вайцюшкевічам. Вечарына скончылася масавым сэлфі і пажадннямі віцяблян новых сустрэч з выканаўцам у слаўным горадзе на скрыжаванні Дзвіны з Лучосай і Віцьбой.

 

 

Анатоль Мяльгуй

http://novychas.by/kultura/vajcjuszkevicz-u-horadze-alherda

 

 

 

Просмотров: 662 | Добавил: FMM | Теги: Беларускае слова ад спеву, Віцебск, ТБМ імя Ф.Скарыны, Дзвіна, Нагавіца, Torvald, Някляеў, Вайцюшкевіч, Будзьма беларусамі!, Альгерд | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz