Пятница, 2024-04-26, 3:04 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Октябрь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Главная » 2016 » Октябрь » 4 » Новае ў «Беларускай мемуарнай бібліятэцы»
9:57 PM
Новае ў «Беларускай мемуарнай бібліятэцы»

Навуковец, які вярнуў беларусам летапісы

«Даць народу гісторыю» -- так названа кніга ўспамінаў і лістоў выдатнага гісторыка, археографа і вязня ГУЛАГа Мікалая Улашчыка, якая не так даўно была прэзентаваная на сядзібе ТБМ імя Ф.Скарыны.

 

Новы дакументальны зборнік, укладальнікам якога з’яўляецца беларускі паэт, перакладчык і выдавец Міхась Скобла, быў выдадзены ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» і ўключае ўпершыню апублікаваныя ўспаміны гісторыка, а таксама яго 128 лістоў, знойдзеных у архівах.

 

На правах гаспадара сядзібы, старшыня Таварысвта беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, сам па прафесіі гісторык, адзначыў унікальнасць для айчыннай гістарычнай навукі постаці Улашчыка. І не толькі таму, што зрабіў шмат адкрыццяў, апублікаваў вялікую колькасць важнейшых гістарычных крыніц і матэрыялаў, якія паўплывалі на фармаванне беларусаў, як нацыі. Але і таму, што гісторык перажыў шматлікія арышты (іх было ажно пяць!) і турэмнае зняволенне. Спадар Трусаў успомніў такі «жарт» Улашчыка: «У адным лагеры я піліў сосны і пісаў кандыдацкую працу, выйшаў – абараніў. Зноў лагер і, калі чарговы раз піліў сосны, то пісаў ужо доктарскую» Таму гісторык і выжыў у жудасных умовах сталінскіх канцлагераў, бо меў ідэю. А калі такой ідэі не меў бы, то загінуў – падсумаваў А.Трусаў.

Было падкрэслена, што навуковыя працы Улашчыка значна паўплывалі на светапогляд сучасных гісторыкаў, у прыватнасці М.Ткачова і М.Ермаловіча, якія здзейснілі сапраўдны прарыў у беларускай гістарычнай навуцы. Таму выхад кнігі ўспамінаў «Даць народу гісторыю» з лістамі і ўспамінамі М.Улашчыка – справа надзвычай важная і з’яўляецца значным крокам у асэнсаванні яго жыццёвага і навуковага подзвігу.

Складальнік новага тома ўспамінаў М. Улашчыка, паэт і выдавец М.Скобла распавёў пра тое, як ішла праца над новым томам серыі: «Даць народу гісторыю – гэта словы самога навукоўца, якія я знайшоў у адным з лістоў да менскіх сяброў. Чаму гэтая кніга з’явілася сёлета? Таму, што ў гэтым годзе Мікалаю Мікалаевічу споўнілася б 110 гадоў! А ўсё пачалося з таго, што «галоўны беларус» Масквы Аляксей Каўка перадаў мне частку архіва М.Улашчыка. «Ты нешта з ім зробіш» – было сказана, калі А. Каўка перадаў яго мне. Пры вывучэнні архіва аказалася, што ў ім захоўвалася шмат машынапісных копій лістоў Улашчыка. Таму для даследчыкаў, прынамсі для мяне, было вельмі зручна працаваць з імі: не трэба было бегаць па архівах і шукаць дакументы. Адна частка гэтай кнігі створана на падставе лістоў Улашчыка, з архіва, які перадаў А.Каўка. Другая частка кнігі «Даць гісторыю народу» складаецца з успамінаў самога М.Улашчыка пра дзяцінства і юнацтва ў Віцкаўшчыне, Самахвалавічах і Менску, дзе ён вучыўся».

Міхась Скобла нагадаў, што М.Улашчык упершыню выдаў і пракаментаваў беларускія летапісы ў серыі Поўны збор рускіх летапісаў у 32-гім і 35-тым тамах. Выдаў ён іх у Маскве, дзе ў то час гісторык жыў. Працаваць над гэтымі гістарычнымі дакументамі было няпроста, бо пастаянна ўзнікалі цяжкасці з перадрукоўкай старабеларускіх тэкстаў машыністкамі. Таму М.Улашчыку прыходзілася браць на сябе і ролю звышпільнага карэктара. Гісторык вельмі засмучаўся таму факту, што ў Беларусь былі адпраўлены ўсяго толькі 8 асобнікаў збору летапісаў. М.Скобла выказаў думку, што наспела пара перавыдаць 32 і 35 тамы Поўнага збору з беларускімі летапісамі ў тым выглядзе, якімі іх падрыхтаваў М.Улашчык.

Кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі ў свой час дапамагаў Улашчыку ў працы над беларускімі летапісамі. Вячаслаў Антонавіч успамінае: «Ужо з паўсотні гадоў, як літаратуразнаўца і крытык, я цікавіўся беларускімі і літоўскімі летапісамі. Таму аднойчы М.Улашчык, ведаючы мае захапленні, прапанаваў падрыхтаваць для 32 тома «Хроніку Быхаўца», а потым, праз тры гады -- «Магілёўскую хроніку» на польскай мове, рукапіс якой захоўваўся ў Ленінградзе. Для гэтага, па фотакопіі гэтай хронікі на друкарскай машынцы з лацінксім шрыфтам сам набіраў гэты складанейшы тэкст два ці тры месяцы. Такім чынам, дапамог М.Улашчыку ў падрыхтоўцы летапісаў і хронік. Для гэтай кнігі я перадаў Міхасю некалькі дзесяткаў лістоў Улашчыка, бо вельмі рады, што спадчына М.Улашчыка вяртаецца на радзіму».

Беларускі гісторык і палітолаг Анатоль Сідарэвіч, які ў 80-я гады мінулага стагоддзя працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», актыўна паспрыяў таму, што публікацыі М.Улашчыка пабачылі свет і на радзіме. Анатоль Міхайлавіч зазначыў, што Улашчык сам звярнуўся ў рэдакцыю са сваімі артыкуламі, што вельмі здзівіла тагачасных супрацоўнікаў «ЛіМа» -- «Той самы Улашчык?» Цяпер я ведаю, -- працягвае А.Сідарэвіч, -- што і праз сто год, маладому даследчыку, які будзе займацца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Вялікага княства Літоўскага абавязкова спатрэбяцца два тамы беларускіх летапісаў Улашчыка, а таксама яго ўнікальнае даследаванне «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». На маю думку, -- падкрэсліў Анатоль Міхайлавіч, -- чый аўтарытэт не могуць аспрэчыць нават «вучоныя» снобы – гэта аўтарытэт М.Улашчыка, які разам з М.І.Ермаловічам, здзейснілі сапраўдны подзвіг ў айчыннай гістарыяграфіі.

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі падзіляўся ўспамінамі пра тое, як яго бацька Гаўрыла Гарэцкі разам з паэтам Петрусём Броўкам, звярталіся да кіраўніцтва Акадэміі навук з прапановай дапамагчы вяртанню Улашчыка ў Беларусь. Нажаль, гэтаму працівіліся тыя, хто лічыў вучонага «ворагам народа». Р.Гарэцкі распавёў і гісторыю стварэння і ўдзелу ў яго выданні М. Улашчыка «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» І.Бялькевіча -- мужа старэйшай сястры М.Улашчыка Ніны, якая таксама зазнала цяжкі лёс вязня ГУЛАГа.

Доктар гістарычных навук, прафесар Л.Лыч распавёў, што ў 60-я гады і да канца існавання СССР увесь Інстытут гісторыі АН Беларусі ведаў Улашчыка, нават тыя, хто непасрэдна не займаўся яго тэматыкай, не сутыкаўся з яго даследаваннямі. Памятаю, амаль усе супрацоўнікі захапляліся яго дасягненнямі, яго лёсам, але былі ў яго і праціўнікі, недабразычліўцы.

М.Улашчык заўсёды шукаў магчымасці для сустрэч з беларусамі, і вось аднойчы ён запрасіў мяне да размовы. Мы пазнаёміліся, паразмаўлялі на цікавыя для нас тэмы і праз некаторы час зноў сустрэліся ў Інстытуце гісторыі. Улашчык з радасцю паведаміў, што хутка, з упэўненасцю амаль на сто адсоткаў, будзе працаваць разам з намі. Але гэтыя мары і надзеі Улашчыка не спраўдзіліся з прычынаў, пра якія вёў размову акадэмік Гарэцкі.

Леанід Лыч падкрэсліў ролю беларускага калекцыянера і стваральніка першага ў Беларусі прыватнага музея Анатоля Белага ў справе ўшанавання памяці выдатнага гісторыка. Менавіта на тэрыторыі яго музея ў Старых Дарогах, у нацыянальным Пантэоне славутых беларусаў адкрыты адзіны ў краіне помнік М.Улашчыку мастака А.Шатэрніка. Вядучы прэзентацыі Міхась Скобла выказаў надзею, што прыдзе час, калі ўсе помнікі, што былі ўсталяваны дзякуючы руплівасці А.Белага, «раз’едуцца» па ўсё Беларусі і будуць сведчыць пра выдатных дзеячаў беларускай гісторыі.

Асаблівымі апладысментамі ўдзельнікі прэзентацыі ўганаравалі фальклорную спявачку Наталлю Матыліцкую, якая заспявала некалькі народных песень з рэгіёну, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў М.Улашчык. Спевы «Чаго лосеньку, чаго сівенькі…» і «Голуб на чарэшні, галубка на вішні» (з рэпертуару фолк-гурта «Ліцьвіны») выклікалі не толькі эмацыянальны водгук слухачоў, але і цікавасць да тых абставін, як і дзе яны былі запісаны фалькларыстамі.

Наступная прэзентацыя кнігі ўспамініў і лістоў М.Улашчыка «Даць гісторыю народу» адбудзецца ў Маскве.

Анатоль Мяльгуй,

http://novychas.by/kultura/navukovec-jaki-vjarnuu-belarusam-letapisy

Просмотров: 742 | Добавил: FMM | Теги: Лыч, Улашчык, Чамярыцкі, Скобла, Каўка, Гарэцкі, Трусаў, Сідаровіч, Матыліцкая | Рейтинг: 4.5/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz