Пятница, 2024-04-26, 3:02 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Апрель 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Главная » 2016 » Апрель » 20 » Лесвіца ў неба Вітаўта Мартыненкі
8:54 AM
Лесвіца ў неба Вітаўта Мартыненкі

Лесвіца ў неба Вітаўта Мартыненкі

Памяці майго сябра і аднадумцы

 

Горкая навіна апякла душу і сэрца ў мінулую нядзелю: не стала майго даўнейшага сябра, паплечніка і аднадумцы, беларускага музычнага крытыка, паэта, літаратара, грамадскага дзеяча, шчырага патрыёта Беларусі Вітаўта Мартыненкі.

Пайшоў з жыцця ўнікальны чалавек, які з ранняй маладосці паставіў для сябе мэту – жыць ў беларушчыне, карыстацца ў творчасці толькі роднай мовай, нягледзячы на неспрыяльныя і нават варожыя ўмовы, які паўставалі перад ім у тагачаснай савецкай рэчаіснасці. Спярша многія, хто ведаў Вітаўта, адносіліся да такога жыццёвага крэда з доляй іроніі: маўляў, дзівачыць Вітаўт! Але калі тыя пабачылі вынікі яго працы на карысць беларускай справы, то стаўленне да яго метадаў карэнным чынам менялася: з іранізіруючых назіральнікаў людзі, якія яго атачалі, рабіліся яго паслядоўнікамі і абаронцамі роднай мовы і культуры.

Да такіх людзей, на якіх уплываў моўны рыгарызм Вітаўта, яго адданасць адраджэнскай ідэі, я  адношу і сябе. З той толькі розніцай, што я ніколі не іранізаваў наконт святых для Вітаўта ідэалаў – мовы, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Аднойчы дзякуючы “Радыё Свабода” я праслухаў радыё-варыянт вядомага эсэ Аляксея Каўкі “Ліст да майго рускага сябра”, які стаў для мяне асабіста своеасаблівым апакаліпсісам: дзякуючы публіцыстычнаму таленту спадара Каўкі я зусім па іншаму глянуў на нявызначанасць сваёй нацыянальнай прыналежнасці, на свае моўныя прыярытэты, на перспектывы беларускай справы і будучыні Беларусі…

Першае, што я зрабіў на шляху сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі – больш-менш вывучыў родную мову. Але на жаль, на гэтым усё скончылася: далей была служба ў войску, праца па спецыяльнасці “электрык”, вучоба ў БПІ, захапленне музыкай. Але зрабіць далейшы крок на гэтым шляху мне дапамагло знаёмства з Вітаўтам, які аказаўся маім суседам і нават далёкім сваяком. Гэта абумовіла нашыя пастаянныя кантакты, дыскусіі і з’яўленне агульных ідэй, практыкаванні ў размоўнай беларускай мове. Высветліпся, што мы абодва захапляемся сучаснай музыкай, абодва калекцыянеры. Мне было цікава і тое, што нават у тым, маладым узросце Вітаўт ужо скончыў журфак БДУ і працаваў у карэспандэнтам (а потым адказным сакратаром і намеснікам рэдактара) беларускамоўнай газеты “Чырвоная Змена”.

Аднойчы мой новы сябра запрасіў да сябе ў рэдакцыю, дзе я пазнаёміўся з выдавецкім працэсам, працэсам стварэння і рэдагавання публіцыстычных матэрыялаў, інтэрв’ю. Усё скончылася тым, што я падрыхтаваў і выдаў у газеце некалькі матэрыялаў, якія матывавалі мяне кінуць сваю “электрычную” прафесію і заняцца журналістыкай прафесіянальна.

Ужо тады ад пачатку нашага супрацоўніцтва мяне ўражвала такая якасць Вітаўта Мартыненкі, як крэатыўнасць (праўда, такое азначэнне тады не выкарыстоўвалася) яго мыслення. Памятаю, калі ў час нашых дыскусій з’явілася ідэя стварыць на базе “Чырвонай Змены” першы ў Беларусі рэгулярны музычны дадатак да выдання, то канцэпцыя, яго візуальнае афармленне таго ж “Нотнага аркуша” было распрацавана за нейкую гадзіну. Ідэі Вітаўта так і клаліся на рэдакцыйныя палосы.

За час нашага супрацоўніцтва такіх выпадкаў было шмат. Асабліва значныя крэатыўным ходам стала правядзенне першага фэсту беларускамоўнай рок-музыкі “Тры колеры”, які даў арыентыр выканаўцам ў тым, што

завецца нацыянальнае мастацтвам: яно не можа быць стваральным, калі не карыстаецца роднай мовай. Калі фэст быў фактычна заблакаваны і зачынены з гэтай прычыны, Вітаўт высунуў ідэю правядзення такога ж фэста, але ўжо на Беласточчне. Каб ажыццявіць гэтую ідэю, знайсці аднадумцаў у Польшчы, Вітаўт апублікаваў матэрыял з заклікам да аднаўлення фэста. Мы вельмі радаваліся што ў суседняй краіне знайшліся і арганізатары і сродкі, каб з дапамогай студэнцкага аб’яднання БАС свет пачуў пра “Басовішча”.

Нас, як філафаністаў, у той час вельмі турбавала тое, што адзіная ў Савецкім Саюзе фірма грамзапісу “Мелодыя” зусім не звяртала ўвагу на беларускіх выканаўцаў. Для таго, каб разварушыць гэтую бюракратычную структуру, мы з Вітаўтам распрацавалі адмысловую стратэгію: накіроўваць лісты з просьба выдаць кружэлкі беларускіх выканаўцаў у Кітаі, Індыі і нашых экзатычных краінах. Вітаўту, як аўтару гэтага эпісталярыя прыходзілі афіцыйныя адказы: маўляў, пакуль няма магчымасцяў, трэба час, каб пазнаёміцца з вашымі зоркамі. І вось гэтыя адказы мы ўжо перанакіроўвалі на “Мелодыю”. І гэта дало першыя вынікі: былі выдадзены сольныя дыскі “Мроі”, двайнік “Хіт-парад Беларускай маладзёжнай”, быў перавыдадзены дыск гурта “Уліс”.

Да таго ж, частым госцем нашай сталіцы стала перасоўная студыя гуказапісу фірмы “Мелодыя”, якая на нашых вачах зрабіла ўнікальны запіс песень гурта “Бонда” з мэтай выдання сольніка… Але марам пра “Бонду” у сваіх калекцыях ажыццявіцца не ўдалося спраўдзіцца, ды і час тады быў няўмольным. Мы не заўважылі, як надышла эра кампакт-дыскаў і іх масавай вытворчасці. Тут для таленту “генератара ідэй” Вітаўта раскрыліся новыя далягляды. Нашае супрацоўніцтва з выдавецкай кампаніяй БМА-group Вітаўт скарыстоўваў для таго каб пашыраць слухацкую базу беларускай рок-музыкі. Таму па яго прапанове выйшла некалькі важны для сучаснай айчыннай культуры музычных серый. Напрыклад, зборнік сусветных хітоў па-беларуску “Беларускі глобус”, тэматычныя серыі “Hard Life – Heavy Music”, “Hardcore манія: чаду!”, архіўныя дыскі гурта “Мясцовы час”, Данчыка, фінансаваў выданне дыска гурта PARTYZONE “Трэба рабіць” шмат іншага.

Мяне ўражвала тое, што гэтую журналісцкую і выдавецкую дзейнасць Вітаўт сумяшчаў з лінгвістычнымі праектамі ў галіне абароны роднай мовы. Вялікім праектам у гэтай галіне лічу транслітарацыю ў кіріліцу выдатнага рамана Г. Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) у перакладзе па-беларуску ксяндза Татарыновіча, да якога Вітаўт дадаў свае грунтоўныя каментары, якія выдаў асобнай брашурай «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003). Як перакладчык дадаў да тэксту выразаныя тагачаснымі ідэолагамі ўрыўкі рамана, у прыватнасці эратычныя. Атрымаўся самы поўны тэкст Г. Сянкевіча, які выходзіў на прасторах СНД.

Наступны крок Вітаўта ў абарону роднага слова стала яго асабістая кампанія за вяртанне ў беларускі алфавіт літары ґ (г выбуховага). І хоць на радзіме яго праект не ўдаўся, але яго высілкамі наша агульная рок-энцыклапедыя «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) стала першай ластаўкай гэтага аднаўленчага працэса. Да таго ж, ідэя Вітаўта паспрыяла таму што літара ґ вярнулася ва ўкраінскі алфавіт. Гэта радавала Вітаўта, давала яму надзею на вяртанне вынішчаных беларускіх літар, адраджэння сапраўднай, а не калечанай роднай мовы.

Апошнія гады майго сябра займаў праект выдання і рэалізацыі яго асабістай кнігі -- «Rock on-line». Як я адзначаў у рэцэнзіях на яе, «Rock on-line» можна прачытаць, як сапраўдны постмадэрнісцкі раман, дзе ёсць і інтэрнэт-спрэчкі, і тролінг, і цытаты выдатных беларускіх пісьменнікаў, мысляроў, асабістыя, думкі, назіранні, высновы. Да таго ж, з мэтанакіраванасцю, якая была ўласціва Вітаўту, аўтар вырашыў у наш час роспачы і страты аўтарытэтаў даказаць песімістам, што беларуская кніга мае попыт, мае чытачоў і прыхільнікаў. Гэта была яго тытанічная праца, але мой сябра вельмі ганарыўся тым, што ўвесь немалы наклад яе быў рэалізаваны, што дазволіла яму разлічыцца з выдаўцамі і думаць пра будучыя выданні. На жаль, няўмольны лёс не дазволіў спраўдзіцца ўсім задумам і ідэям Вітаўта.

Шкада, што маладыя беларусы, якія прыходзяць каля сталоў з беларускімі выданнямі на канцэрты айчынных і замежных гуртоў ужо больш не пачуюць зычны голас Вітаўта: “Не праходзьце міма! Увесь беларускі рок пад адной вокладкай!” Не будзе ўжо гарачых спрэчак, палемікі, лекцый па гісторыі айчыннага року, якія зрабілі яго знакамітым па ўсёй краіне.

Бывай, дружа, няхай беларускай зямля дае табе вечным прытулкам і супакаеннем для тваёй збалелай душы…

Анатоль Мяльгуй, фота з архіва аўтара і Андрэя Плясанава

http://novychas.info/asoba/lesvica-u-neba-vitauta-martynenki

Просмотров: 1039 | Добавил: FMM | Теги: Тры колеры, Мартыненка Вітаўт, Нотны аркуш, Басовішча, 222 альбомы беларускага року і ня т, ROCK on-line, Праз рок-прызму, Quo Vadis | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz