Четверг, 2024-05-02, 0:16 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Июль 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Главная » 2012 » Июль » 15 » Купальскія хвалі Арэсы
7:40 AM
Купальскія хвалі Арэсы

Купальскія хвалі Арэсы

 Надыйшоў ліпень – час, калі па ўсёй Беларусі святкуюць Купалле, калі па рэках і ў вазёрах плывуць купальскія вянкі, паляцца вогнішчы, а маладыя дзяўчаты і хлопцы шукаюць легендарную Папараць-кветку…

У кажным беларускім горадзе, мястэчку ці вёсачцы цяпер можна трапіць на Купалле, якое нясе адбітак мясцовых традыцый святкавання і, у той жа час, мае шмат агульнага, што лучыць гэтае свята ў агульнанацыянальнае. Вось такі сінтэз панбеларускага і лакальнага, старажытнага і сучаснага ўдалося назіраць пад час святкавання Купалля на гасціннай Любанскай зямлі. Ініцыятыва правядзення любімага ў народзе свята Купалля ў новым фармаце належала двум беларусам – загадчыку аддзела культуры Любанскага райвыканкама Васілю Сцяпанавічу Каткаўцу і вядомаму фалькларысту і фолк-рок-музыканту Юрасю Выдронку, які і прапанаваў любанцам правесці чарговы, восьмы па ліку, фестываль "Таўкачыкі на Купаллле” ў іх горадзе. Зрэшты, жыхарам, а таксама, спеўным гуртам і выканацам Любані Юрась знаёмы яшчэ з 2004 года, калі з ініцыятывы сталічнага музыканта на Любаншчыне была зроблена рэканструкцыя старажытнага абрада Юр’я. Таму, даведаўшыся, што ў Любань зноў завітаў фестываль "Таўкачыкі”, яе жыхары паспяшаліся ў гарадскі парк адпачынку, які суседнічае як раз са знакамітай па паэме Я. Купалы "...ракою Арэсай”.

Купалле над ракою Арэсай распачалося традыцыйна для гарадскіх умоў – парадам фальклорных калектываў Любаншчыны, які ўзначальваў Купальскі Дзядок. Каларытны фальклорны персанаж передаў Юрасю Выдронку фестывальную эстафету – купальскую Папараць-кветку і музычная частка свята распачалася. Канцэртную пляцоўку запоўнілі карагоды маладых купалінак у нацыянальных строях з вянкамі. Гэтая частка святкавання была лагічна працягнута спеўнымі гуртамі, якія прадстаўлялі гаспадароў фестывалю. Гэта, у першую чаргу, фальклорны гурт "Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное Любанскага раёна. Трэба адзначыць тое, што гэтыя аўтэнтычныя выканаўцы і іх спеўная манера прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю. А падрыхтоваў і вывеў гурт "Глыбокія крыніцы” да шырокай канцэртнай вядомасці сапраўдны энтузіяст фальклорнай музыкі, метадыст Любанскага раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка. Дарэчы, танцавальны гурт "Верабейкі”, якім кіруе спадар Выскварка, быў вельмі прыхільна сустрэты землякамі, бо надаў фестывалю шмат рыс сапраўды народнага свята. І калі суправаджаў сваімі фолк-мадэрнавымі танцамі выступ кампазіцыі гурта URIA, і калі разам з гараджанамі развучваў даўнішнія танцы ля купалькага вогнішча.

Святочная эстафета перайшла да фальклорнага гурта "Нашчадкі”, удзельніцы якога выканалі некалькі песень купальскай тэматыкі і завяршылі сваё выступленне абрадам кідання вянкоў на дах, у дадзеным выпадку сцэнічнай пляцоўкі. Па купальскім павер’ю тая дзяўчына, чый вянок застанецца на даху, насёлята выйдзе замуж. Такія шчаслівыя маладзіцы знайшліся і былі ўзнагарожданы шчырымі апладысментамі любанцаў. Дарэчы, асаблівасцю Купалля ў Любані стаў парад нявест, якія прадстаўлялі розныя мястэчкі і вёскі Любаншчыны. Дзяўчаты былі апрануты ў гожыя святочныя сукенкі з рознакаляровымі лентамі, на якіх была пазначана мясцовасць, адкуль прыехала патэнцыйная нявеста.

Вядучы "Таўкачыкаў на Купалле” Юрась Выдронак перадаў мікрафон гасцям Любанскай зямлі – спеўнаму гурту "Калыханка” (Міханавічы) пад кіраўніцтвам Л. Рыжковай. Удзельнікі гурта, – у асноўным школьнікі, -- здзівілі слухачоў разнастайным рэпертуарам, шчырасцю і дзіцячай непасрэднасцю выканнання. Сапраўды, "Калаханка” заслужыла сваім натхнёным выступленнем на фэсце тыя апладысменты, якімі іх адарыла публіка!

Наступны госць "Таўкачыкаў на Купалле” ў Любані стаў фолк-гурт "АЛЬТАНКА” пад кіраўніцтва Д. Лук’янчыка. Пра свае адносіны да інструментальнага склада калектыва ўжо даводзілася выказвацца ў артыкулах, прысвечаных мінулым фэстам "Таўкачыкі”. Але музыканты, не зважаючы на ўсё, працягваюць граць тую музыку, якая ім падабаецца. Можа таму і іх музыку таксама ўпадабалі любанцы, хоць многія з іх адзначалі зацягнутасць сэта "АЛЬТАНКІ” і павольна перамяшчаліся да прахалоднай Арэсы, з цікаўнасцю разглядалі прадукцыю мясцовых народных майстроў.

Так, святочная праграма, якая спадарожнічала святкаванню Купалля ў Любані, таксама была вельмі разнастайнай. І людзі, карысталіся магчымасцю пазнаёміцца з ёй бліжэй. Асаблівай арыгінальнасцю і апетытнымі пахамі вылучаліся месцы, дзе разгарнулі свае кулінарныя шэдэўры ўдзельнікі мясцовага таварыства аматараў беларускіх нацыянальных страў, а таксама любанскія траўнікі, якія частавалі жадаючых духмянай гарбатай. Пах стаяў навокал, што нос зрывала!

Пасля ўсяго гэтага вяртаць ўсіх на канцэртную пляцоўку давялося ўзельнікам фолк-рок-шоў URIA. Па-першае, гурт упершыню за апошні час прадстаў у "старым”, класічным складзе з Вольгай Рыжковай і кіраўніком фальклорнага гурта "Мотальскія суседзі” Эльмірай Каткавец на вакале. Дарэчы, мой сябра, журналіст В. Мартыненка, – вялікі прыхільнік трылогіі В.Якавенкі "Пакутны век”, -- шмат чаго цікавага вынес з гутаркі са спадарыніяй Эльмірай, якая цікава распавяла яму пра галоўных герояў рамана – рэальных жыхароў Моталя.

URIA ж выканалі на "Таўкачыках” сваю лепшую праграму з хітоў, якія добра вядомы слухачам у многіх краінах Еўропы. І хоць апрацоўкі і гучанне калектыва адпавядалі стылістычнаму азначэнню "элітарны”, "прагрэсіўны фолк-рок”, слухачы вельмі добра прымалі URIA, натхнёна танчылі і віталі музыкантаў купальскімі вянкамі.

Па заканчэнні канцэрта Юрась з дапамогай Папараць-кветкі, якую яму ўручыў Купальскі Дзядок, перадаў святочны агонь факельшчыкам і тыя рушылі да берага Арэсы. Там і запаліліся купальскія вогнішчы, якія прыцягнулі ўвагу тысяч жыхароў горада розных узростаў. Iх чакалі карагоды і скокі праз вогнішчы, старадаўнія танцы, шмалікія святочныя забавы, вянкі, якія па купальскай завядзёнцы пускалі ў Арэсу маладыя дзяўчаты…

Няма сумневу, што Купалле-2012, што адблося ў Любані на мінулым тыдні будзе помніцца жыхарам раённага цэнтра доўга. І калі б быў купальскі рэйтынг, то святкванне ў Любані магло б мець самыя высокія адзнакі за прыхільнісць да нацыянальных традыцыі, за зберажэнне галоўнага песеннага скарбу народа – яго фальклора.

Анатоль Мяльгуй





Просмотров: 2635 | Добавил: FMM | Рейтинг: 3.2/6
Всего комментариев: 1
1 VM  
0
О, а здымачкі тут лепшыя нават за тое, што трапіла ў "Новы час" з таго сьвята. Але мяне зноў няма, хоць быў таксама.

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz