Пятница, 2024-04-26, 1:54 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Июнь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Главная » 2012 » Июнь » 2 » Агляд навінак беларускай фанаграфіі
8:21 AM
Агляд навінак беларускай фанаграфіі


Калі музыка -- альтэрнатыва спякоце

Лета — традыцыйна час адпачынку і падарожжаў. Музычная ж сцэна ў гэты час вызначаецца маўклівасцю: канцэртная дзейнасць згортваецца, а выданне і прэзентацыя новых музычных рэлізаў скарачаецца да мінімуму. Але ў гэтай тэндэнцыі бываюць і выключэнні. Не так даўно беларуская фанаграфічная калекцыя займела некалькі цікавых музычных выданняў, пра якія сёння пойдзе размова ў аглядзе новых беларускіх альбомаў.


Рэха вялікай традыцыі

Некамерцыйны праект удзельнікаў «Дударскага клуба» — дыск «Дударская музыка Беларусі» — мае значны адукацыйны кантэкст. На ім упершыню сабраны пад адной вокладкай узоры беларускай дудовай музыкі, якраз таго перыяду нашай гісторыі, калі гэты інструмент меў вялікую значнасць для народнай культуры, лічыўся ледзь не галоўным у нацыянальным фальклорным пантэоне, а таксама, больш пазнейшага перыяду бытавання дуды. З другога боку, з’яўленне на дыску архіўных трэкаў з запісамі дударскай музыкі можна лічыць вялікай удачай тых даследчыкаў, якія ў Беларусі шчыльна займаюцца вывучэннем гісторыі беларускай дуды і аднаўленнем школы ігры на ёй.
Тое, што ёсць адчувальныя вынікі росшукаў, сведчаць запісы народных мелодый у выкананні беларускіх дудароў 30-х гадоў мінулага стагоддзя Сцяпана Шыкоўскага і Хведара Стэся, прадстаўленыя на дыску. Першы трэк «Лявоніха» адразу рыхтуе нам яскравы сюрпрыз. Толькі добра ўслухаўшыся ў мелодыю твора, можна пазнаць славуты беларускі танец. І гэта не выпадкова: у часы, калі рабіўся гэты запіс, былі вядомы дзясяткі варыяцый «Лявоніхі». І дударскі варыянт — адзін з найбольш пераканаўчых. Да таго ж, час змяніў акустычную атмасферу запісу, і цяпер знакамітая мелодыя ахутана касмічнымі гукамі і тэмбрамі. Але для спрактыкаванага ў дударстве вуха гэтыя гукі і ёсць крыніцай спазнання гісторыі інструмента і фундаментам нацыянальнай выканаўчай школы. Як і наступныя найгрышы названых напаўзабытых беларускіх дудароў, творы якіх адшукалі маладыя энтузіясты. Сярод такіх каштоўных знаходак і «Дудар» у выкананні Хведара Стэся. У гэтых старажытных напевах, якія калісьці гучалі на сямейных святах ці пахаваннях, абрадах, ці проста ў корчмах, адчуваецца велічная прастата мелодый, магутны духоўны патэнцыял беларускай дуды як сакральнага інструмента.
Што тычыцца іншых трэкаў гэтай фанаграфічнай навінкі, то яны дэманструюць напрамкі, па якіх сёння ідзе развіццё айчыннай дударскай школы. Тут ёсць адноўленыя па нотных запісах узоры фальклорных найгрышаў, творы, якія рэканструяваныя паводле запісаў беларускіх фалькларыстаў і этнографаў мінулага. Яны на дыску гучаць у апрацоўцы гурта «Testamentum Terrae» пад кіраўніцтвам Юрася Панкевіча — «Слаўны Паніч» і «А я люблю піва», якія былі адшуканыя выканаўцамі ў запісах Міхала Федароўскага.
Для маладых слухачоў пададуцца цікавымі джазавыя імправізацыі з выкарыстаннем дуды міжнароднага трыа Кашкурэвіч—Ковера—Вішняўскас, ды-джэйскія эксперыменты з мелодыямі «Старога Ольсы» DJ Anton’а. Таксама, як і фолк-рок ад крэатыўных «Litvintroll», і Тодара Кашкурэвіча, які аднойчы запісаў разам з гуртом «Vicious Crusade» класічную цяпер «Тодараву песню».
Дыск «Беларуская дударская музыка» стаў яшчэ адным крокам да ўмацавання беларускай дударскай школы, метадычным дапаможнікам для пачынаючых выканаўцаў. Да таго ж выдатным гукавым дапаўненнем да матэрыялаў альманаха «Dudar» — асаблівага гонару беларускіх выканаўцаў на дудзе.

З правінцыі з любоўю


Бярозаўскі гурт «Кальмары» можна лічыць своеасаблівым сайд-праектам іншых знакамітасцяў горада Бяроза — гурта «:B:N:». У «Кальмарах» граюць шмат удзельнікаў «:B:N:», у тым ліку гітарыст Максім Літвінец, а таксама вакаліст і фронтмэн Алесь Лютыч. А вось лідар і стваральнік «Кальмараў» Сяржук Машковіч піша тэксты для абедзвюх каманд. У гэтым сэнсе «:B:N:» і «Кальмары» — таварыскія музычныя фармацыі. Але на гэтым усе паралелі заканчваюцца: занадта розныя творчыя і гукавыя канцэпцыі гэтых гутоў з Бярозы, што і засведчыў дэбютны дыск «Кальмараў» «Пад піва».

Відавочна, што рок-каманды з вострымі сацыяльнымі тэкстамі, якой і з’яўляецца «:B:N:», для аднаго невялікага горада будзе занадта шмат. Таму, стваральнікі «Кальмараў» вырашылі, не змяняючы накірунку ў бок нечага супер-моднага, напоўніць сваю музыку сатырычнымі і гумарыстычнымі вершамі і стыльным гучаннем, характэрным для пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэты кактэйль нагадвае і савецкую эстраду «застойнага» перыяду, і амбіцыйных сельскіх рокераў, што імкнуліся граць на ўсіх навакольных вяселлях, ператвараючы іх у нешта падобнае на рок-канцэрты.

Дыск пачынаецца праграмнай кампазіцыяй «Кальмары пад піва». Стварыць кампазіцыю, па гучанню якой бы вызначалі гурт, вельмі складана. Асабліва калі шукаць тэму, блізкую ўсім прыхільнікам. У «Кальмараў» гэткай «фішкай» з’яўляецца піва пад кальмары. Што ж, арыгінальнай ідэяй гэту песеньку не назавеш, але яна б магла стаць добрым дадаткам для культавага «Піўнога альбома», калі б той пабачыў свет.
А сапраўднай візітоўкай, як па ідэі, так і музычнаму ўвасабленню, стала наступная кампазіцыя дыска «Хлопчыкі з Бярозы». Наіўна? Але задорна і па-фальклорнаму хітова! Мелодыя песні адразу западае ў душу, сведчыць, што моладзь не перастае любіць сваю зямлю, сваю малую радзіму.
Частка кампазіцый гурта — сатырычныя замалёўкі з жыцця правінцыйнага горада Х. У іх і цяжкае жыццё бяздомных («Бамжы»), алкагалізм мясцовых жыхароў («Калдыры») і вузкасць кругагляду некаторай часткі моладзі («Пакаленне пепсі-кола»). Але «Кальмары» падыходзяць да балючай тэматыкі не з негатыўных пазіцый, а па-добраму, з гумарыстычнага пункту гледжання. Гэта робіць гурт і іх творчасць чаканым стылістычным дапаўненнем знаным гуртам сатырычнага напрамку ў Беларусі — «Крамбамбуля» і «Разбітае сэрца пацана».

На піку музычных трэндаў


Сярод лідараў айчыннай рок-музыкі апошнім часам вылучаецца творчасць магілёўскага гурта «Akute». Як адзначалася слухачамі і рэцэнзентамі, каманда імкнецца граць модную і адначасова інтэлектуальную музыку, падмацаваную беларускамоўнымі тэкстамі сімвалічна-філасофскай накіраванасці. Гэтая асаблівасць кампазіцый «Akute» была заўважана на дэбютным альбоме «Дзевачкі і космас», які адлюстраваў пачатковы этап развіцця рок-трыа. Але асаблівасць маладых музыкантаў — у пастаянным імкненні да навізны ў аранжыроўках і тэмах выконваемых музычных твораў. Гэтую тэндэнцыю можна заўважыць пры праслухоўванні новай кружэлкі «Akute», якую музыканты назвалі ў накірунку філасофскіх катэгорый В. Акудовіча — «Не існуе».

Відавочна, што музыканты натхніліся поспехам сваёй дэбютнай працы (якая спачатку была прадстаўлена ў інтэрнэце, а пасля прэзентавалася «жыўцом») і працягнулі свае інтуітыўныя музычныя эксперыменты на больш дасканалым тэхнічным узроўні. Гэтым музыканты забяспечылі новую якасць твораў альбома, якія цяпер успрымаюцца слухачамі як беларускія хіты новага часу. Такімі песнямі ў моднай стылістычнай «абгортцы» багаты новы альбом «Akute». Маю на ўвазе такія кампазіцыі, як «Кроў бы вада», «Ціха, як мая смерць», «Ліпкае», «Шпіталь». У гэтых кампазіцыях — і гэта агульная тэндэнцыя ў трансфармацыі гучання гурта — стаўка была зроблена на гітарны гук, набліжаны да мінімалізму, незвычайныя сугуччы акордаў і гітарных эфектаў Стася Мытніка. Да таго ж, гэтыя песні маюць яшчэ і выразную рытмічную структуру, якую забяспечваюць басіст Раман Жыхараў і бубнач Павел Філатаў. Такія спалучэнні робіць музыку «Akute» ідэальнай для канцэртных залаў і клубаў, дзе апошнім часам граюць магілёўцы.

Да гонару ўдзельнікаў «Akute» трэба адзначыць і яшчэ адну акалічнасць іх новага альбома: музыканты не замыкаюцца ў аднойчы абраным музычным напрамку. Яны імкнуцца да большай разнастайнасці ў аранжыроўках і да стварэння адрознай атмасферы кампазіцый. Таму такімі свежымі і незвычайнымі падаюцца песні, якія непадобныя да агульнага напрамку альбома: калыханка для дарослых «Спі», акустычныя «Зоркі», калючыя «Іголкі».

Стыльнасць і глыбіня лірыкі гурта, думаю, будуць дамінаваць у прыхільнасцях беларускіх слухачоў увесь год і зробяць вялікі ўплыў на рашэнне журы сёлетняй «Рок-каранцыі» адносна вызначэння лепшага альбома бягучага года. Сваім новым дыскам «Не існуе» «Akute» стварыў для гэта трывалы падмурак.

Анатоль Мяльгуй
 


Просмотров: 998 | Добавил: FMM | Теги: Дуда, кальмары, беларускі, акутэ, рок | Рейтинг: 3.8/5
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz