Четверг, 2024-04-18, 10:06 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Октябрь 2014  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Главная » 2014 » Октябрь » 2 » Тату з нацыянальнай эстэтыкай, як сімвал беларускага рокера
9:24 AM
Тату з нацыянальнай эстэтыкай, як сімвал беларускага рокера

           Тату з нацыянальнай эстэтыкай, як сімвал беларускага рокера

    Спачатку TATTOO-FEST быў задуманы як супольны праект прадстаўнікоў некалькіх творчых напрамкаў: майстры тату мусілі дэманстраваць сваё ўмельства і мастацкі густ,  а музыканты – музычныя камазіцыі і прыхільнасць да ўпрыгожвання свайго цела. Але ў гэтым годзе ІІ TATTOO-FEST быў пабудаваны па іншай схеме. Татуіроўшчыкі правялі сваю канвенцыю ў сталічным Палацы чыгуначнікаў, а музыканты свой музычны TATTOO-FEST – у легендарным мінскім клубе RE:PUBLIC.

Арганізатар і натхніцель гэтага фэста, майстар татуіроўкі, па большасці нацыянальнага каларыту, лідар гурта ZNICH Алесь Таболіч патлумачыў, што гэты фестываль павінен прадэманстраваць тое, што прадстаўнікі беларускага року павінны рабіць сапраўды беларускія па тэматыцы татуіроўкі. У якасці доказу сваёй пазіцыі ён прадэманстраваў асабістыя дызайнерскія напрацоўкі ў гэтай галіне мастацтва – тату-абярэг на аснове старажытнага беларускага арнаменту, які ў Алеся «набіты» на руцэ, і выяву казачнага Цмока на плячы.

Тым часам распачалася фестывальая праграма. Першымі на сцэну быў запрошаны гурт SAMADO BRATA, які выковаў жвавы цяжкі рок з  дамешкамі поп-музыкі, фолка, панка, з сола на акардыёне і вакалам, які выковаў інструментальную функцыю. Кампазіцыі мелі назвы – «Песня пра маму», «Песня пра страшнае». Гэтыя і іншыя творы гурта патроху разварушвалі публіку, якая ў гэты дзень завітала на чарговы TATTOO-FEST. Адзначу вакаліста гурта, які ў сваіх спевах выкарыстоўваў эфект кантрасту: то спяваў гроўлам, то фальцэтам, а то – чытаў запраўскі рэп пад metal-суправаджэнне сваіх калегаў-музыканатаў.

Магілёўская легенда – ска-панк-гурт ZATOCZKA выйшаў на сцэну клуба ў добрым гуморы, хоць публіка працягвала збірацца. Баявога настрою музыкантам надаў факт узнагароды лідара гурта Макса спецыяльным дыпломам і прызам за лепшую па выніках-інтэрнэт-галасавання татуіроўку рок-музыканта. Гурт ZATOCZKA, пасля традыцыйнага прывітання слухачам, распачаў сэт. У сваёй рэзкай і гучнай рок-н-рольнай манеры хлопцы-магілёўцы выканалі шэраг хітоў са свайго рэпертуару – кампазіцыі сацыяльнай накіраванаці «Я нарадзіўся тут», «Аборт», «Свабода», «Заточка». Трэба адзначыць, што мінская публіка добра ведае гэтую каманду і заўсёды сустракае яе бурнымі эмоцыямі і апладысментамі. Тое ж здарылася і гэтым разам.

З берасцейскім гуртом TERRAKOD слухачам і аўтару гэтых радкоў давялося шчыльна пазнаёміцца на фэсце «Амбасовішча-2014». Там гурт неяк згубіўся сярод больш вядомых і спрактыкаваных у фестывальнай стыхіі каманд. Але цяпер, на TATTOO-FEST’е музыканты быццам расправілі плечы: гурт загучаў зладжана, прафесійна і іх folk-metal пад беларускую дуду адрадзіў у зале клуба атмасферу разняволеннасці і ўнутранай свабоды. Гэтаму спрыялі і даволі прафесіянальныя спевы вакалістаў гурта – Касі Леванюк і Байсана, якія спявалі паасобку ў розных вакальных манерах – экстрэмальным і фальклорным. Гэтая ўзаемазамяняльнасць і кантраснасць надавала такім кампазіцыям гурта, як «Пакой 101», «Мята», «Брудныя танцы» арыгінальнасці і драйву.

Гурт NAKA і яе лідар Наста Шпакоўская прадставілі публіцы шэраг сваіх беларускамоўных кампазіцый: «Бяжы», «Муза», «Пагоня». Здавался б толькі засталося пачуць знакамітую купалаўска-мулявінскую «Малітву», каб забыцца на тое, што таленавітыя беларускія музыканты працуюць у рычышчы «русского рока». Але не, пакуль NAKA, паводле  класіка беларускай літаратуры М.Гарэцкага, жыве на «дзве душы» і гэты парадокс разрывае іх творчасць на нераўназначныя часткі. Да прыемнасцяў трэба аднесці той факт, што ў дзень правядзення TATTOO-FEST’а Н.Шпакоўская адзначала свой дзень народзінаў і прымала з гэтай нагоды шматлікія віншаванні, як ад музыкантаў, так і ад слухачоў.

Наступныя ўдзельнікі TATTOO-FEST’А – англамоўныя metal-гурты VERSUS7, CLAN, EVTANAZIA A.D., EXEGUTOR адрозніваліся толькі стылявымі нюансамі экстрэмальнай музыкі (меладэт, трэш, метал-кор) і тым што рознымі шляхамі імкнуліся зрабіць якаснае рок-шоў. Адныя з дапамогай дапамогай хэдбэнінга  (рытмічнага матляння доўгімі валасамі), другія каверамі на класікаў JUDAS PRIEST «Breaking the Law», выхадам да слухачоў на танцпол з гітарамі і мікрафонамі… Іншыя ж, сумеснымі трэкамі. Напрыклад, гурт EXEGUTOR з Аляксандрам Памідоравым стварылі хіт «Латруга», у якім сатырычнымі сродкамі высмейваецца прыхільнасць некаторых беларусаў да п’янства.

Shamanic-folk metal гурт FOLCORE здзівіў не першы раз. Такое ўжо здаралася на «Купальскім фэсце», калі каманда і яе лідар і гітарыст Павел скаралі слухачоў вулканічнай энергетыкай і, у той жа час, меладычнасцю і шчырасцю выканання кампазіцый, такіх як «Да зорак шлях». Гурт толькі выігрывае, запрашаючы такіх вакалістаў як Э.Стэльмашонак, вядомай сталічым слухачам па гурту OMUT. Дадатковую экспрэсію гучанню каманды надае нямецкая (шкада, не беларуская) дуда – дудэльзак. Трэба адзначыць, што сэт гурта FOLCORE стаў адным з самых яскравых і замацаваў каманду ў ліку адных з перспектыўных калектываў экстрэмальнага накірунку.

Ну а далей слухачоў чакаў сюрпрыз: пад час сэту гурта ZNICH, калі музыканты і іх лідар Алесь Табліч выканалі шэраг хітоў з рэпертуару гэтай легенды айчыннага pagan-metal, на сцэну ўзняўся лідар гурта Litvintroll Андрэй Апановіч. Алесь Таболіч прапанаваў калегу па «металічнаму цэху» разам праспяваць колькі песень з рэпертуару ZNICH’а. Гэта былі хітовыя кампазіцыі «Язычнік Я», «Крыжы-абярэгі». Дуэт Табліч-Апановіч надаў кампазіцыям новыя вакальныя фарбы і выклікаў у слухачоў шмат станоўчых эмоцый.

Трэба адзначыць, што на TATTOO-FEST’е была прадстаўлена рэдкае адгалінаваанне бодзі-арта – body suspension – мастацтва падвешвання (!) жаночага цела. Гэтае шоў таксама прыцягнула шмат увагі наведвальнідкаў клуба RE:PUBLIC.

Як абяцалі арганізатары фэста, па выніках інтэрнэт-галасавання былі адзначаны самыя выдатныя татуіроўкі беларускіх рок-музыкантаў. Дыпломы і кнігі «222 альбомы беларускага року і ня толькі…» былі ўручаны альбо накіраваны Максу з гурта ZATOCZKA, З.Афанасенку з гурта AMAROKA, Русі з гурта SHUMA, С.Міхалку з гурта BRUTTO, А.Памідораву з POMIDOR/OFF, А.Таболічу з гурта ZNICH і іншым выканаўцам. Прыемна, што сумесная кніга аўтара гэтых радкоў і вядомага беларускага журналіста і рок-паэта В.Мартыненкі «222 альбомы беларускага року і ня толькі…» будзе радаваць тых выканаўцаў, якім яна прызначалася ад пачатку.

Анатоль Мяльгуй

Просмотров: 4878 | Добавил: FMM | Рейтинг: 4.2/4
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz