Среда, 2024-04-17, 1:33 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Декабрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Главная » 2012 » Декабрь » 29 » Святло і цені мінулага рок-года
8:35 AM
Святло і цені мінулага рок-года

Неяк легендарны амерыканскі блюзмэн Бі Бі Кінг паўжартам заўважыў: "Блюз вынайшлі чорнаскурыя музыканты, а самыя вялікія "бабкі” заграбае белы Эрык Клэптан!” Парадаксальна, але пры пэўнай долі фантазіі, гэтыя словы можна аднесці і да сітуацыі на музычным рынку нашай краіны. Мяркуйце самі...

За мінулы год абылося некалькі дзесткаў паспяховых канцэртаў, якія засведчылі тое, што беларускі рок ў той форме і змесце, якім гэты рух задумваўся яго пачынальнікамі (перш за ўсё -- беларускамоўным), паспяхова нарошчваў колькасць сваіх адданых прыхільнікаў, прададзеных дыскаў і мерча (сувеніраў), а таксама атрымаў вартае развіццё ў музыцы больш маладых калектываў. Прыгадаю толькі ўдалыя канцэрты і прэзентацыі гуртоў :B:N:, IQ48, "Крамбамбуля”, ZNICH, Re1ikt, "Разбітае сэрца пацана”, POMIDOR/OFF, AKUTE, BLAGI MAT!!!, салістаў З. Вайцюшкевіча і Л. Вольскага, рэпера Vincent’а, творчасць якіх знайшла адлюстраванне ў новых альбомах і праектах. Праўда, большасць гэтых канцэртаў адбывалася ў клубах ці мела "падпольны” статус. Менавіта канцэрты гэтых беларускіх артыстаў вызначылі музычныя вынікі мінулага года. Але чаму ж, аўтар гэтых радкоў бачыць паралелі з выказваннем Бі Бі Кінга? Толькі таму, што найбольшы камерцыйны поспех у гэтых умовах на ніве "беларускага року”, як яго разумеюць мясцовыя рамеснікі ад рок-музыкі, у гэтым годзе меў гурт "Ляпис Трубецкой”! Так, пры той напружанай працы, якую вядзе прадстаўнікі беларускамоўнага рока па ўсёй краіне, амаль уся ўвага музычнай грамадскасці нашай краіны рознымі сродкамі была перанакіравана на "ляпісаў” і іх апошнюю працу – альбом "Рабкор”, які з пафасам прэзентаваўся ў Маскве, Кіеве, Вільні і Празе. Сапраўды, на гэтым дыску маецца некалькі моцных беларускамоўных кампазіцый, у прыватнасці "змагарскі” хіт на словы Я. Купалы "Не быць скотам”. Але іншыя песні з гэтага альбому ўяўляюць сабой мешаніну з навязлівых штампаў расейскага рока, няхай прафесіянальна пададзеных слухачам у рытмах ска-панка. Тое, што гэтая музыка мае другасны гатунак, у мінулым годзе прызналі нават самыя апантаныя апалагеты "Ляписа Трубецкого”: "Рабкор”—альбом, магчыма, і непрыдуманы, але перапоўнены змагарскім патасам настолькі, што адварочвае пасля першага знаёмства” (С.Будкін, "Тузін гітоў”), ці вось такая адзнака вартасці гэтага альбома: "Набор лозунгов, прописных истин, вычурных поз, гневных обличений превысил все мыслимые размеры” (Олег Климов, Experty.by). Таму вынік году здаецца нелагічным: адныя ўпарта працуюць са слухачамі, іншыя ж стрыгуць купоны поспеху!

Такое становішча ў беларускай рок-музыцы будзе працягвацца да той пары, пакуль "Ляписа Трубецкого” не зменіць сапраўдны аўтарытэт з нацыянальнай рок-плыні, пры якім будзе заўважна, што цяперашнія куміры, заняўшы чужое месца пад шыльдай "беларускі рок” -- падробка. Магчыма, гэта будзе малады ці зусім невядомы калектыў, які здолее заваяваць увагу беларускіх слухачоў, альбо на гэту ролю высунуццца героі мінулага года – магілёўскі гурт AKUTE, які з гонарам і адказнасцю прадставіў айчынную рок-плынь на сумесным канцэрце з сусветнай зоркай -- гуртом PLACEBO ў Мінску. Застаюцца спадзяванні, што адродзяцца старыя аўтарытэты -- N.R.M., ULIS’а ці "Крама”, хоць гэта ўяўляецца даволі праблематычным з-за бесперапыннага ціску на гэтых музыкантаў з-за прыналежнасці іх да "чорных спісаў”. Успомнім, як у мінулым годзе з бюрактратычнай упартасцю адмяняліся канцэрты гуртоў Neuro Dubel, "Крамбамбуля”, удзельнікаў праекту Tuzin unplugged... Нават юбілейны канцэрт да 20-годдзя гурта "Палац” у Тэатры беларускай драматургіі быў на мяжы зрыва. І толькі аператыўнае ўмяшанне былога міністра культуры Паўла Латушкі выратавала сітуацыю ад чарговай ганьбы забаронаў, на гэты раз у адносінах да знаных у Еўропе выканаўцаў беларускага фальклору.

Неяк незаўважна са сталічнага культурнага ланшафту знікла такая папулярная ў гараджан канцэртна-забаўляльная кропка, як фальварак "Добрыя мыслі”, які, як высветлілася, вымушаны быў пераехаць у мяжы сталічнага рэгіёну. Але рэкорд па забаронах і спробах адрадзіцца на новым месцы належыць арганізатарам ужо легендарнага сталічнага культурніцкага асяродка "Арт сядзіба”, якая ў гэтым годзе былі вымушаны з’ехаць са свайго месца аж тры разы! І ў чым правіна ініцыятара "Арт сядібы” Паўла Белавуса і яго каманды? А ў тым, што яна стала месцам правядзення творчых сустрэч, літаратурных і музычных вечарын, канцэртаў і праглядаў кінастужак. А гэта зусім не падабаецца нябачным ахоўнікам "грамадскага парадку і спакою”, тым больш што там праводзіліся беларускамоўныя канцэрты, а яго ўдзельнікі і слухачы размаўляюць па-беларуску. Чым не жахлівы сон чыноўніка! Але Павел Белавус не губляе аптымізму і верыць у тое, што эпоха забаронаў згіне, як дрэнны сон, і тое, што рабілася пры "Арт сядзібе” ў гэтыя гады, стане для іншых арганізатараў беларускіх музычных і літаратурных сустрэч ўзорам некамерцыйнай культурна-асветніцкай працы.

На гэтым "чорнаспісачным” фоне яшчэ большую сілу набывалі новыя канцэртныя формы, якія сталі супрацьвагой забаронам і ігнараванню нацыянальнага ў музычным мастацтве. Маю на ўвазе творчыя сустрэчы беларускіх музыкантаў са слухачамі ў межах акцыі "Рок-салідарнасць”, у якіх прынялі ўдзел такія выканаўцы як Кася Камоцкая, Аляксандр Кулінковіч, Вячаслаў Корань, Аляксандр Памідораў, Піт Паўлаў і іншыя айчынныя музыканты. Гэтыя сустрэчы адбываліся не толькі ў сталіцы, але і ў многіх іншых беларускіх гарадах і вёсках. Напрыклад, "кватэрнік” гурта "Голая манашка” з поспехам прайшоў у Вілейцы, кіраўнік гурта "Палац” Алег Хаменка спяваў свае фолк-творы ў Магілёве, а рок-бард Андрэй Плясанаў – на радзіме пісменніка Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне. Многія з гэтых выканаўцаў маглі рэалізаваць свае творчыя планы не толькі на сустрэчах праекта "Рок-салідарнасць”, але і на "жывых” канцэртах, якія адбываліся ў вольным фармаце на сталічная вуліцы К. Маркса. У гэтым годзе тут пад апладысменты гараджан гучалі мелодыі песень гуртоў "Рэха”, "Гаротніца”, "P.L.A.N.”…

Што тычыцца беларускіх дыскаў і альбомаў, якія пабачылі свет сёлета, то нашу ўвагу працягнулі некалькі навінак ад айчынных выканаўцаў. Маю на ўвазе праекты З. Вайцюшкевіча "Ваячак” і Л. Вольскага "Саўка ды Грышка. Сто песень 2010-2012 г.”, якія даволі яскрава адлюстравалі два накірунка ў беларускай непадцэнзурнай музычнай творчасці: эксперыментальна-авангардны і сатырычны. Але, на маю думку, барацьба за лаўры найлепшага беларускага альбома разгорнецца паміж гуртом AKUTE і іх альбомам "Nie isnuje” і музыкантамі :B:N:, якія ў гэтым годзе прадставілі слухачам доўгачаканы дыск "Крок за крокам”. Магчыма, у гэтую спрэчку ўмяшаюцца музыканты гурта LITVINTROLL, якія падрыхтавалі слухачам сюрпрыз у выглядзе новага альбома "Chornaja Panna”. Тут трэба ўзгадаць, што гэты дыск музыканты прысвяцілі так рана адыйшоўшаму ад нас рок-музыканту, бас-гітарысту гурта LITVINTROLL Алегу Клімчанку.

Нельга не успомніць і іншыя страты нашай музычнай культуры, якія адбыліся ў 2012 годзе. Гэта і трагічны адыход у лепшы свет музычнага прадзюсера і арганізатара рыцарскага руха Беларусі Арыны Вячоркі. Добрым помнікам яе дзейнасці абавязкова застанецца выдадзены Арынай ў гэтым годзе дыск з "Полацкім сшыткам” – унікальным зборам шэдэўраў старадаўняй беларускай музыкі. Ветэраны беларускага рок-руха будуць памятаць і былога кіраўніка "Талакі” Сяржука Вітушку, які шмат зрабіў для адраждэння Беларусі і папулярызацыі беларускай рок-музыкі сярод моладзі ў 80-90 годы мінулага стагоддзя. Дыск "Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі”, які з дапамогай партала "Тузін Гітоў” быў выдадзены ў Беларусі, адлюстраваў творчасць Сержука ў апошнія гады яго жыцця. У рэалізацыі гэтага фанаграфічнага праекта прынялі ўдзел многія беларускія артысты: Л. Вольскі, А. Хаменка, З. Вайцюшкевіч, Г. Хітрык, а таксама вядомыя літаратары (А. Глобус, А. Хадановіч), заслужаная артыстка Беларусі З.Бандарэнка, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі С. Эрыксан і іншыя.

Калі ўспомніць самыя важныя падзеі фестывальнага руху ў нашай краіне, то як і ў мінулыя гады, тон задавалі беларускія фолк-выканаўцы, якія ажыццявілі некалькі праектаў еўрапейскага кшталту. Напрыклад, сёлетні фолк-фэст "Камяніца”, які прайшоў у Музеі народнай архітэктры і побыта ў Строчыцах, мог бы зрабіць гонар любому еўрапейскаму гораду, як па якасці выконваемай музыкі, так і па кантынгенту наведвальнікаў. Радасна, што на ім з поспехам аднавіў сваю канцэртную дзейнасць унікальны па інструментальнаму складу і рэпертуару фолк-гурт "Ліцьвіны”, які ў апошнія гады не часта можна ўбачыць на канцэртных пляцоўках. Да таго ж, наведвальнікі фэста пазнаёміліся з творчасцю маладых гуртоў, такіх як Vyraj і Re1ikt – перспектыўных выканаўцаў новай хвалі беларускай фолк- і рок-музыкі.

Сапраўдным рухавіком сёлетняга фестывальнага года ў нашай краіне трэба было б прызнаць кіраўніка гурта URIA Юрыя Выдронка: не паспела восенню адгучаць тэатралізаванае фолк-шоў "Таўкачыкі” на Дзяды ці Halloween па-беларуску”, як летам Ю. Выдронак пра падтрымцы Міністэрства культуры з дапамогай мясцовых уладаў правёў фестываль "Таўкачыкі” на Купальле” ў Любані. Фестываль ускалыхнуў музычнае жыццё гэтага раённага цэнтра: у фэсце прынялі ўдзел не толькі гурт URIA і іх сябры з рэгіёнаў, але і дзесяткі мясцовых калектываў і сотні любанскіх аматараў фальклора. Здаецца, уся Любань танчыла і спявала беларускія песні каля Купальскага вогнішча! Гэты год Ю. Выдронак завяршае новым фэстам, "Таўкачыкамі” на Каляды” і першым у Беларусі сольным канцэртам свайго гурта URIA. Будзем спадзявацца, што гэты канцэрт-фэст стане аптымістычай кодай гэтага супярэчнага, але цікавага года, які стаў яшчэ адной прыступкай у развіцці айчыннай рок- сцэны.

Анатоль Мяльгуй

Просмотров: 1462 | Добавил: FMM | Рейтинг: 2.4/5
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz