Четверг, 2024-03-28, 8:07 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Июнь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
Главная » 2016 » Июнь » 15 » Рэцэнзія
3:55 PM
Рэцэнзія

Слова, якое «не дасць чужынцамі быць…»

Не праходзіць і дня, каб ў мясцовых сродках масавай інфармацыі (асабліва ў электронных) не ўзнакала палеміка вакол лёсу беларускай мовы ў нашым грамадстве. І сапраўды, любая спроба беларускамоўных грамадзян нагадаць пра правы Роднага Слова ў Беларусі, выклікае як гарачую падтрымку, так і ачмурэлую імперскую прапаганду.

Шматмільённыя ўліванні ў шавіністычную лухту, якую імкнуцца прышчапіць на беларускай (чытай, еўрапейскай) глебе дае адваротны вынік – беларусы (нават рускамоўныя) ўсё часцей гатовыя падтрымаць роднае слова. І сёння беларуская інтэлігенцыя, як і ў мінулым, застаецца першай ў шыхтах зберагальнікаў галоўнага скарбу беларусаў усіх пакаленняў.

Сведчаннем гэтага працэса сучаснай Беларусі можна назваць захапляльны па сваёй эмацыянальнай і публіцыстычнай насычанасці паэтычны зборнік «Аднойчы вечарам», які быў здзейснены па ініцыятыве паэтаў-сяброў Таварыства беларускай Мовы імя Ф. Скарыны з дапамогай выдаўца Змітра Коласа. Як адзначыў ў прадмове да гэтага выдання аўтар праекта паэт Яўген Гучок, новы зборнік змяшчае ў асноўным вершы паэтаў-рупліўцаў беларускай мовы, які прагучалі на сядзібе ТБМ на адной з вячэрніх красавіцкіх паэтычных сустрэч. Адсюль і назва кніжкі «Аднойчы вечарам»

Своеасаблівымі ўводзінамі ў кантэкст зборніка можна назваць вершы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Святланы Багданкевіч. Асноўная тэма яе творачасці, як большасці паэтаў-сяброў ТБМ імя Ф.Скарыны – лёс роднай мовы. Але гэтая тэма раскрываецца аўтарам без плачу па беларушчыне, без сумных алюзій. У вершы, прысвечаным У. Содалю (Каб не ўмёрлі) С.Багданкевіч аддае даніну павагі і захапляецца подзвігам такіх беларусаў:

«Хто вы сёння, яе (Беларушчыны – А.М.) героі?

Непрыкетныя рыцары-воі

Што па кроплях яе збераглі.

Хай абраных ня шмат. Іх вобмаль.

Ды сам дух яны, соль зямлі!... »

Святлана Багданкевіч чуйна ўслухоўваецца ў мову горада і з радасцю адзначае, што роднае слова, асабліва ў моладзі, становіцца прыкметай яго вяртання і ўмацавання (Беларусы ў горадзе!), смяецца над выкрутасамі свядомасці некаторых нашых сучаснікаў, якія адркаюцца ад сваіх моўных каранёў. Асабліва гэта камічна выглядае, калі такіх поглядаў трымаюцца некаторыя вяскоўцы (Імперац).

Яшчэ адзін з аўтараў зборніка -- паэт-тэбээмавец, стараста праваслаўнай суполкі Афрасіньні Полацкай Мікола Бакас. Мэта суполкі -- адрадзіць ў краіне дзейнасць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. І гэтае імкненне вернікаў адлюстравана ў паэзіі Міколы Бакаса, які таксама бачыць у родным слове Боскую дапамогу нам, беларусам:

Ад Слова ставрылася наша жыццё,

А наша айчына – ад роднага слова.

Няхай жа гучыць яно гімнам вясновым

Магутнаму Богу, і маці з айцом.

(Мікола Бакас Да Божае ласкі -- пад сцягам Хрыста)

Нажаль і ў творах М. Бакаса эпізадычна назіраюцца рэцыдывы непрымірымасці да іншых веравызнанняў, характэрныя для РПЦ: недобрым словамі ўспамінае аўтар (Пан Хрыстос уваскрос! Не верце рабам) паганцаў (хоць гэтая вера была на нашай тэрыторыі асноўнай да прыняцця хрысціянства), а таксама містычна-эзатэрычную частку яўрэйскай Торы – Кабалу (прадстаўнікі гэтай нацыі спрадвек жылі ў Беларусі і зрабілі важкі ўнёсак у беларускую культуту). А таксама ў адрас прадстаўнікоў самай вялікай сусветнай канфесіі – безбожнікаў…

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Вера Буланда – шукае натхненне ва ўспамінах пра дзяцінства (Крый Божа), калі жыла ў натуральным, родным моўным асяродку, калі кожнае слова мела мела сакральны сэнс:

Нібы запавет пранясу я два словы,

Каб дзеці і ўнукі запомнілі іх.

Крый Божа не ведаць бабулінай мовы,

Крый Божа зрачыся вытокаў сваіх.

Таму асноўны лейтматыў творчасці паэткі – адраджэнне Беларусі разам з мовай яе народа, якія стануць асновай дарабрабыту яе грамадзян і росквіту краіны. Для гэтага трэба ўсвядоміць нашу мэту – адрадзіць беларускасць у сабе і адчуць сваю адказнасць за Беларусь як перад продкамі, так і перад нашчадкамі.

Такі ж лірычна-філафофскі роздум характэрны і для творчасці паэткі Аляксандры Грыцкевіч з ліцвінскага шляхецкага роду герба «Харугва». Спадарыня Аляксандра з дзяцінства мела прагу да творчасці класікаў. І гэта паспрыяла нараджэнню цікаўнасці аўтара да перакладаў, к тым ліку твораў У. Шэкспіра, М. Забалоцкага, Р. Шырмана, С. Ясеніна, Г.Ахматавай. Упэўнены, чытачам будуць таксама цікавыя прысячэнне аўтаркі У. Караткевічу, наследванне павучэнням Буды да першых паслядоўнікаў у садзе Газэляў (Праўда пра боль), арыгінальны экскурс у гісторыю ўзнікнення рускай мовы (Нататкі дылетанта)…

Адзін з самых актыўных аўтараў-сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны Яўген Гучок прадставіў чытачам сваю новую паэму трохрадкоў’яў «Пакутнік-пілігрым», прысвечаны жыццёваму шляху вучонага-педагога, прафесара Ф.А. Бельскага. Паэме Я. Гучка папярэднічае «Слова да чытача» доктара філілагічных навук А. Бельскага, у якім мовазнаўца распавядае біяграфію вучонага, яго ролю ў айчыннай педагагічай навуцы. Разглядаючы вершы Я. Гучка, аўтар прадмовы адзначае інавацыйную форму паэмы трохрадкоў’яў, у якой працуе паэт, а таксама яго «…ёмістыя сацыяльна-філасофскія абагульненні аносна… ролі школы, настаўніка, адукацыі, культуры ў жыцці грамадства…»

Калі ў пачатку гэтых нататкаў мне даводзілася гаварыць пра тое, што і шматлікія рускамоўныя беларусы выступаюць за вяртанне роднага слова ў грамадскае жыццё краіны, то меў на ўвазе творчасць паэта, сябра культурна-асветнага клуба «Спадчына» Іллю Копыла, творчасцю якога прадстаўлена на гэтым зборніку. Сваю пазіцыю сапраўднага беларуса спадар Ілля тлумачыць вершам «На перекрёстке», «Очнитесь, беларусы!», «Мне 80 лет», «Путь к свободе» і іншымі творамі. Трэба адзначыць, што тэматыка паэтычных радкоў І.Копыла, яго разуменне патрыятызму наводзіць на думку, што аўтар гатовы да працэсу вершаскладання на роднай мове і беларускія словы, якія ён часам «укручвае» ў свае вершы сведчаць пра гэтую гатоўнасць.

Міхась Мазурэнка больш вядомы як аўтар гумарыстычных вершаў і баек, які друкаваліся ў часопісе «Вожык». На старонках зборніка «Адной вечарам» мы знаёмімся з паэтычным бокам яго творчасці: вершы «Афганская Хатынь», «Тут Курапаты» ўздымаюць пытанне: чаму ў адных умовах беларусы становяцца катамі, а ў іншых – ахвярамі? Адказ аўтар бачыць у тым, што нашым лёсам кіруе не Бог, а хцівая імперыя, у якім абліччы нам яе не навязвалі, ці то у іпастасі Расейскай, ці то -- Савецкай.

Эмацыянальнай выразнасцю адрозніваюцца вершы Надзеі Сармант, якая з’яўлецца ветэранам нацыянальна-асветніцкага руху, ад часу стварэння ТБМ была яго актыўным сябрам. На старонках выдання прадстаўлены вершы спадарыні Н. Сармант, у якіх аўтар імкнецца перадаць вытокі сваёй любові да роднай зямлі і мовы яе народа (Мова мая, Да суачыннікаў) і, ў той жа час, дзеліцца сваімі лірычнымі перажываннямі, якія хвалявалі і цяпер хвалююць аўтарку (Ты, мая маладосць, Дарога да шчасця, Не размінуліся).

Амаль ў гэтым жа рэчышчы працуе і іншая аўтарка – паэтка Ганна Хваль, вершы якой прасякнуты лірызмам і шчырымі развагамі пра лёс краіны (Беларусь, ты -- Радзіма). Адна з асаблівасцяў паэтычнай палітры спадарыні Ганны – паэтычныя прысвячэнні, якія з’яўляююца пад уражаннямі ад асабістых сустрэч (Масею Сяднёву), альбо з мэтай нагадаць чытачам пра жыццёвы подзвіг беларускіх патрыётаў (Ларыса і Янка). У той жа час, некаторыя творы Г.Хваль апяваюць родную прыроду, да якой аўтарка адносіцца, як да жывога арганізма (Усё змянілася, Восені сумнай матывы).

Пры ўсёй жанравай разнастайнасці зборніка вершаў паэтаў-сяброў ТБМ імя Ф.Скарыны (вершы, прысвячэнні, наследванні, паэмы, песні), некаторыя творы з яго яшчэ захоўваюць рысы спрошчаных уяўленняў пра шляхі нацыянальнага Адраджэння ў ХХІ стагоддзі, але ўжо без залішніх песымістычных прадчуванняў, без пустых стогнаў пра тое, што «гіне мова»…

Як і Максім Багдановіч, які заклікаў «Бiйце ў сэрцы iх - бiйце мячамi,

Не давайце чужынцамi быць!» аўтары, прадстаўленыя на паэтычным зброніку «Аднойчы вечарам» звяртаюцца да самых патаемных і далікатных струн беларускай душы нашых суачыннікаў, каб «не ўмёрлі».

Анатоль Мяльгуй,

http://novychas.by/kultura/slova-jakoe-ne-dasc-czuzyncami-byc

Просмотров: 606 | Добавил: FMM | Теги: ТБМ імя Ф. Скарыны, М.Мазурэнка, Н.Сармант, В.Буланда, Я.Гучок.М.Бакас, Г.Хваль, І.Копыл, Я.Гучок, Аднойчы вечарам, А.Грыцкевіч | Рейтинг: 4.5/2
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz