Четверг, 2024-04-25, 9:38 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Октябрь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Главная » 2016 » Октябрь » 8 » «Рунь» прэзентавалі ў Менску
7:09 PM
«Рунь» прэзентавалі ў Менску

Погляд на паэтычную Альбарутэнію з берагоў Альбіёну

Менавіта пра такія паралелі ў старажытных назвах нашых краін (Alba Ruthenia—Albion), нагадала, калі звярталася да беларуска-брытанскіх культурных сувязяў, Вольга Калацкая -- перакладчыца новай кнігі вядомага даследчыка беларускай літаратуры, прафесара Арнольда Макміліна «Рунь». Яе прэзентацыя не так даўно адбылася ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Літаратурны крытык і вядучая прэзентацыі Ганна Кісліцына адзначыла, што новая кніга Арнольда Макміліна вельмі актуальная, бо кніга дае погляд на найноўшыя тэндэнцыі ў маладой беларускай паэзіі з гледзішча зацікаўленага еўрапейскага чытача і крытыка. Да таго ж, у беларускай літаратурнай крытыцы не так часта разглядаюцца творы маладых паэтаў, а больш засяроджваюцца на класіках, пра якіх ужо напісана непараўнальна больш.

Ганнна Кісліцына параіла толькі звярнуць увагу на назву раздзелаў, пад якімі разглядаецца творчасць таго ці іншага маладога паэта, а іх, між іншым, у кнізе прадстаўлена сорак аўтараў: «Пратэст супраць адчужанасці», «Рэлігія і розныя формы пабожнасці», «Ужыванне мовы і яе абарона», «Паэзія перформанса», «Гумар», «Паэты і паэтычнае натхненне» і іншыя цікавыя вызначэнні кірункаў паэтычнага аналізу.

«Гэта таму, -- заўважыла Г.Кісліцына, -- што А. Макмілін абсалютна не баіцца класіфікаваць творчасць аўтараў, вершы якіх разглядаюцца аўтарам у кнізе. Такі падыход вельмі карысны для чытача, бо той будзе мець трывалы арыентыр: гэта гумар, а гэта -- твор духоўнага зместу, а тут лірыка». І ў гэтым крытык бачыць цуд гэтай кнігі з такой паэтычнай і абавязваючай назвай «Рунь».

Калі А.Макмілін распавядаў пра гісторыю яе напісання, то ён спыніўся на працэсе адбору імёнаў для ягонай манаграфіі: «Я звярнуўся да творчасці тых паэтаў, чые кніжкі былі ў маіх руках. Я ўжо ў гадах, а таму мне хацелася пісаць пра маладых аўтараў, як добры дзядзька! Я не жадаў падзяляць аўтараў на добрых і благіх. Мне цікава думкі і паэтычныя вобразы маладых беларускіх аўтараў, якія, як і большасць беларусаў, пазбаўлены фанабэрыі, а тэмы іх твораў і хада думак супадае з еўрапейскімі тэндэнцыямі».

Госць прэзентацыі, які дапамагаў у стварэнні кнігі, вядомы беларусіст, старшыня Англа-беларускага таварыства, прафесар Джым Дынглі ў сваім вітальным слове выказаў удзячнасць А.Макміліну за яго жаданне займацца гэтымі «танюсенькімі томікамі вершыкаў». Спадар Дынглі таксама адзначыў ролю перакладчыка, якія не так даўно адзначалі сваё прафесійнае свята.

«Перакладчыкі ствараюць сувязі людзьмі, культурамі, народамі. Без такіх перакладчыкаў, як Вольга Калацкая, якая працавала над перакладам з англійскай мовы кнігі «Рунь»,не было б такога багацтва ў нашых кнігарнях, якое ёсьць сёння. Перакладчыкі ствараюць сувязі людзьмі, культурамі, народамі. Таму трэба хваліць працу перакладчыкаў!»-- падкрэсліў Д.Дынглі.

В.Калацкая адзначыла, што беларуская літаратура на мапе Еўропы -- «тэра інкогніта» ці недаследаваная планета, кшталту Марса. Але ў той жа Брытаніі ёсць навукоўцы, кшталту астраномаў, якія ў свае «тэлескопы» вывучаюць жыццё на гэтай невядомай планеце і дзеляцца сваймі назіраннямі з усімі зацікаўленымі чытачамі ў Еўропе. Ясна, што на вялікай адлегласці некаторыя рэчы і асаблівасці беларускага літаратурнага працэсу выглядаюць не так, як мы прызвычаіліся ўспрымаць.

Галоўнае, калі чытаць кнігу «Рунь», то можна шмат даведацца і пра самога аўтара, якому неабыякавы лёс нашай краіны, лёс беларускай мовы, што яго займаюць пытанні рэлігійнасці і пабожнасці, што ў яго добрае пачуццё гумару. Вольга Калацкая падзякавала спадарам Макміліну і Дынглі за тое, што яны ўжо як сапраўдныя «астраномы і астранаўты» вывучаюць нашу літаратурную «планету», разглядаюць нашыя тэксты і падтэксты.

Паэты А.Хадановіч, В.Жыбуль пажадалі беларускім аўтарам і крытыкам, каб кнігі Арнольда Макміліна, і не толькі новая -- «Рунь», але і ўжо класічная манаграфія «Пісьменства ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён» сталі настольнымі для нашых аўтараў, больш вывучаліся і шырэй цытаваліся» -- зазначыў Андрэй Хадановіч. Свае словы паэты падмацавалі паэтычнымі радкамі, якія выклікалі апладысметы ў гасцей і прысутных на прэзентацыі ў кнігарні «ЛогвінаЎ».

Некаторыя дзеючыя асобы новай кніга А.Макміліна – паэты Алесь Емяльянаў, Ігар Палякоў з удзячнасцю да аўтара працытавалі свае вершаваныя радкі, пацвердзіўшы словы даследчыка з Вялікабрытаніі пра рух маладой беларускай паэзіі ў еўрапейскім рэчышчы.

Лідар кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімір Някляеў нагадаў, што кніга «Рунь» прысвечана светлай памяці незабыўнага айца Аляксандра Надсана, які шмат зрабіў для пашырэння ведаў пра Беларусь і яе культуру ў Вялікабрытаніі, зацікавіў ёй перакладчыцу Веру Рыч, вучоных-славістаў Арнольда Макміліна і Джыма Дынглі. Уладзімір Пракопавіча са словамі шчырай падзякі за іх тытанічную працу на карысць узаемаразумення нашых народаў, прачытаў верш «Паводка», прысьвечаны Арнольду Макміліну.

Анатоль Мяльгуй

http://novychas.by/kultura/pohljad-na-paetycznuju-albaruteniju-z-berahou-albi

 

Просмотров: 668 | Добавил: FMM | Теги: Рунь, Некляеў, Макмілін, Жыбуль, Хадановіч, Кісліцына, Дынглі, Надсан | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz