Пятница, 2024-04-19, 10:01 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Апрель 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
Главная » 2012 » Апрель » 11 » R.I.P.
10:02 PM
R.I.P.
Не стала Арыны Вячоркі (Вележ) 
Цяжка паверыць, але нас пакінула,адыйшла ў лепшы свет светлы чалавек, сапраўды вялікая дзеячка Нацыянальнага Адраджэння ХХ стагоддзя, шаноўная спадарыня Арына Вячорка. З ёй мне даводзілася сутыкацца па музычна-журналісцкіх справах. І заўсёды я дзівіўся яе жыццёвай энергіі, аптымізму і жаданню зрабіць нешта рэальнае на карысць беларускай культуры. Цяперака спадарыні Арыны няма і яе месца ў беларускім нацыянальным шыхце будзе доўгі час пуставаць...
Пасля яе руплівай дзейнасці беларуская культура ўзбагацілася такімі музычнымі артэфактамі, як серыя дыскаў "Легенды Вялікага княства", "Страдаўняя музыка Беларусі"... І самы апошні набытак -- выданне з яе непасрэдным удзелам "Полацкага сшытка", пра выхад якого я паведамляў у папярэднім артыкуле на маім сайце. Цяперака нам засталося са скрухай услухоўвацца ў гукі беларускай музыкі мінулага, якую так любіла Арына Вячорка. Выказаваю шчырыя спачуванні сям'і Вячоркаў у іх невымерным смутку.    
Няхай Беларуская зямля будзе ёй пухам, а мы будзем памятаць Арыну такой:  
У памяць пра заўчасна адыйшоўшую ад нас Арыну Вячорку  прапаную свой матэрыял, прысвечаны яе нядаўнімі рэлізам:
Музычныя далягляды спадарыні Арыны

Бадай, адной з самых вялікіх праблем сённяшняга этапу развіцця айчыннага музычнага рынку з’яўлецца недастатковая колькасць прадзюсераў, якія б генерыравалі свае ідэі і ўкладвалі сродкі ў рэалізацыю арыгінальных праектаў. А калі ідзе размова пра нацыянальна арыентаваныя прадзюсарскія сілы, то ўвогуле трэба казаць пра кадравы недахоп...
Але ўслед за прыкладам знакамітага "рухавіка” сучаснай беларускай музычнай культуры, кіраўніка лэйбла БМА group Віталя Супрановіча, да справы выдання нацыянальных музычных праектаў далучаюцца ўсё больш і больш зацікаўленых асоб, які здабываюць такі неабходны выдавецкі вопыт, шукаюць "залатую сярэдзіну” паміж мастацкай вартасцю сваіх рэлізаў і камерцыйным попытам на іх.
Адным з такіх выдаўцоў-прадзюсераў, які сваімі праектамі ўзбагачае сучасную беларускую музычную культуру, можна назваць Арыну Вележ, якая дэбютавала ў якасці прадзюсара ў 2001 годзе супольным з БМА group агульнабеларускім музычным праектам "Легенды Вялікага Княства”. Праект быў задуманы і рэалізаваны, як цалкам еўрапейскі, як па свайму рэпертуару, так і па вонкаваму афармленню ў выглядзе дыгіпака-складанкі. Высокую якасць выдання адзначылі беларускія і замежныя музычныя аглядальнікі, а таксама шматлікія слухачы, якія набылі ўнікальнае выданне. Поспех "Легендаў” спарадзіў працяг праекта: Арына завяршыла складаную прадзюсерскую працу і яе намаганнямі быў падрыхтаваны дыск "Старажытная Зямля. Гістарычная музыка Беларусі”, які зноў жа пабачыў свет на БМА group. Рэалізацыя гэтых арыгінальных праектаў высунула Арыну Вележ у лік найбольш аўтарытэных незалежных прадзюсараў Беларусі.
Апошнім часам творчая скарбонка Арыны папоўнілася новымі выданнямі. Гэтыя дыскі і іх праграмы часцяком называюць супярэчнымі, але пры больш дасканальным разглязе ўпэўніваешся – мы маем справу з новым крокам у справе захавання і адраджэння нацыянальнай культуры.


Музыка сядзіб і палацаў. Еўрапейскіх...
Упэўнены, што цікавасць да дыска "Medieval. Музыка сярэдневечных фэстаў” будзе забяспечана тым, што прадзюсар адабрала для яго праграмы трэкі медыевальных гуртоў, якія ў большасці не маюць сваіх сольных дыскаў. Нажаль, многія з іх, як заўважае Арына, недастаткова надаюць ўвагу беларускаму па паходжанню рэпертуару, а засяроджаны на еўрапейскай музыцы. Гэтыя творы, якія верагодна, гучалі і на тэрыторыі Беларусі, цяпер аб’яднаны пад адной вокладкай. Гурты, якія прадстаўлены на гэтым дыску, дарэчы, датаваным 2008 годам, -- актыўныя ўдзельнікі фэстаў сярэдневечнай музыкі ("Лошыцкі фэст”, "Старажытная зямля”), завадатарам якіх да сённяшняга часу з’яўляецца спадарыня Арына. А ўсё пачалося з захаплення айчыннай гісторыяй, гісторыяй рыцарства ў Беларусі. Шмат часу і энергіі А. Вележ аддае арганізацыйнай працы маладзёвага клуба "Рыцары Вялікага княства”, удзельнікі якога адраджаюць рыцарскія традыцыі ВКЛ. Гэтая зацікаўленнасць заўсёды ішла паралельна з вывучэннем айчыннай музычнай спадчыны, з крокамі па яе адраджэнню і папулярызацыі, спачатку ў асяроддзі музыкантаў, а пасля і сярод слухачоў.
Вынікам гэтай працы, у тым ліку і спадарыні Арыны Вележ, стала трывалая тэндэнцыя, калі беларускія выканаўцы і гурты старажытнай музыкі пачалі шукаць сваю творчую тоеснасць у айчынным культурным кантэксце. Напрыклад, у рэпертуары гурта сярэдневечнай музыкі "Lituus” (Баранавічы) большасць п’ес – айчыннага паходжання ("Полацкі сшытак”, "Віленскі сшытак”). Але ў баранавіцкіх музыкаў ёсць і музычныя творы заходнееўрапейскіх аўтараў мінулага, якія яны з поспехам выконваюць на айчынных і замежных музычных фэстах. І не звяртаць увагу на гэтую частку творчасці гурта "Lituus”, як іншых медыевільных выканаўцаў, было б не справядліва. Бо мы, беларусы не без падстаў лічым сябе часткай еўрапейскага культурнага мацерыка!
Гэты пасыл прадзюсара Арыны Вележ і падкрэслівае альбом "Medieval. Музыка сярэдневечных фэстаў”. Мо таму так яскрава гучаць творы ад іншых выканаўцаў, якія прадстаўдены на дыску. Слухачоў, безумоўна, прыцягне ўвагу выканаўчы прафесіяналізм удзельнікаў гурта "Brevis”, якімі кіруе Павел Сурагін, узрушыць гучанне еўрапейскіх танцавальных рытмаў пад беларускую дуду ў цудоўным выкананні Юрася Панкевіча і яго капэлы "Testamentum Terrae”, зачаруе ірландскі меладызм, які спавядае гурт "Ceilidh Ceol” і яго заснавальнік Алесь Чумакоў ...
Да таго ж, праца А. Вележ упершыню знаёміць з таленавітымі выканаўцамі старажытных мелодый, якія яшчэ не паспелі выдаць свае дыскі. Думаю, слухачам цікавым падасца гурт "Ліцвінскі хмель”, творчасць якога вельмі горача прымаюць наведвальнікі медыевільных фэстаў. Гэта тычыцца, напрыклад, такой знакамітай шведскай песні, як "Herr Mannelig” у арыгінальнай апрацоўцы музыкантаў "Ліцьвінскага хмелю” з жаночым вакалам. Дарэчы, гэтая кампазіцыя дае падставы для параўнанняў: тая ж старажытная мелодыя натхніла і беларускіх рок-музыкантаў з гурта "LitvinTroll”. Вось чаму дыск "Medieval. Музыка сярэдневечных фэстаў” стане пажаданым папаўненнем айчыннай медыевільнай фанатэкі, а таксама збороў аматараў старажытных мелодый у арыгінальных апрацоўках...


Сялянская "папса” альбо "фолк”-кіч?
Чарговы дыск прадзюсара А. Вележ – "Вяскова лірыка. Рамансы, дрындушкі” выклікаў даволі гарачую дыскусію аб мэтазгоднасці такіх спрэчных праектаў. Чаму так абылося? Таму, што А. Вележ вырашыла прадставіць узоры сучаснага "фальклору”, які часцяком нараджаецца пад уздзеяннем стродкаў масавай інфармацыі суседняй краіны, русіфікацыі беларускай вёскі з суцэльным дамінаваннем "трасянкі”. Па сутнасці, на дыску з цудоўнай назвай "Вясковая лірыка” хаваецца зборнік сучаснага кіча, які не мае амаль нічога агульнага з сапраўдным фальклорам. Кшталту такіх "шэдэўраў”:
Слышу шагі там раздаюцца,
Наверна мілый мой ідёт.
Но он савсем другую, другую
Девушку ведет...

Вазьму наган
У свае я рукі.
Пайду ў садочак я гуляць.
А там в зялёненькам садочку
закончу сваю я любоў.
Крытыкі гэтага праекта адзначаюць, што па-сутнасці, такая "народная творчасць” забівае спеўную душу народа, стварае падставы для падмены фальклора з яго паэтыкай і сакральнасцю квазі-варыянтам, які ўжо стаў візітоўкай "Дажынак” і "Славянкага базара” ("...у Беларусі знайшліся рупліўцы, каб пільна захаваць засмарканыя парцянкі нашых першых акупантаў-перасяленцаў.” В.Мартыненка, http://belmusic.org).
Але А. Вележ бярэ на сябе адказнасць і выдае зборнік беларускага фолк-кіча. Бо лічыць, што і гэты напрамак псеўдамастацтва, парадаксальна адлюстроўвае тыя складаныя культурныя і моўныя працэсы, якія адбываюцца на вёсцы. Яны маюць негатыўную афарбоўку, але не заўсёды. Вось спробу адшукаць пазытыўныя тэндэнцыі ў гэтым працэсе ставіць за мэту А. Вележ. Напрыклад, частку музычнай праграмы "Вясковая лірыка” складаюць інструментальныя п’есы ў выкананні простых вясковых музыкаў. Упэўнены, "Падыспань”, "Вальсок” альбо "Танга” з "Полькамі” дадуць айчынным фолк- і медыевальным выканаўцам шмат падстаў для разваг наконт таго, як павінен гучаць сапраўды беларускі музычны гурт, што ёсць сапраўднае беларускае гучанне.
Да таго ж, сярод гэтай падборкі кіча ёсць сапраўдныя "хіты”, якія, негледзячы на наша непрыняццё "трысянкі” і псеўда-фолку, выклічуць едкі смех. Вось, напрыклад, пра што распавядаецца ў "Жорскім рамансе”:
Аднажды была гімназістка, я с ней в Ленінграде был знаком.
Патом она стала данцісткай, імела врачебный діплом...
Далей ідзе традцыйны расповед пра "няшчасную любоў”, "ізмену” і тое, што "аднажды ў сырую пагоду я зубы свае застудзіў”. І вось -- выратавальны візіт да дантыста, да былой каханкі, якая мае свае планы на помсту:
А жэншчына-урач маладая скруціла мне рукі назад.
Чатыры здаровыя зубы ўсе вырвала Надзя падрад.
В тазу мае зубы ляжалі, а я, как рабёнак, рыдаў,
А жэншчына-ўрач хахатала, па голасу Надзю ўзнаў.
– Уйдзі ж з майго кабінэта, бяры свае зубы ў карман,
Насі свае зубы ў карманах і помні з данцісткай раман.
І такіх "шэдэўраў” дастаткова, каб асэнсаваць тое, што робіцца з сучасным беларускім фальклорам. І зрабіць нешта для яго захавання і папулярызацыі. Нават, такімі сродкамі, якімі гэтага робяць некоторыя беларускія фолк-выканаўцы. Маю на ўвазе гурт "ДЖАМБІБУМ”, удзельнікі якога зрабілі сваю сатырычную апрацоўку песні "Кіпарысы”, што прадстаўлена на дыску. Вось яшчэ адзін станоўчы вынік спрэчнага рэлізу: мы смяёмся (хоць іншы раз хочацца плакаць!), значыць -- існуем...

Ад родных ніў...
Лагічна, што пасля "Вясковай лірыкі” спадарыня Арына вырашыла засяродзіцца на ўзорах сапраўднай народнай музыкі і тым самым паўтарыць поспех і ўклад у скарбонку нацыянальнай культуры праектаў "Легенды Вялікага Княства” і "Старажытная Зямля”. Такім крокам стала выданне новай фолк-энцыклапедыі "Спевы Беларусі”, якую Арына ажыццявіла ў супрацы з вядомым спецыялістам-фалькларыстам Таццянай Песьнякевіч. Іх намаганнямі быў выдадзены зборнік аўтэнтычнага беларускага фальклору розных рэгіёнаў нашай краіны, запісы якога былі зроблены на працягу апошнх сарака гадоў. На дыску прадстаўлена ўся тэматычнай разнастайнасць нацыянальнага фальклора: вясельныя спевы, калядкі, купальскія і вяснавыя і побытавыя песні...
І тут зацікаўлены слухач заўважыць тыя каласальныя адрозненні, якія ляжыць паміж псеўдафальклорам "Вясковай лірыкі” і глыбіннымі нацыянальнымі каранямі мелодыкі "Спеваў Беларусі”. Гэтую прорву адразу ж адчуеш, калі услухаешся ў такія народныя шэдэўры, як купальская песня "Яна Купала” з яе старажытным таямнічым сэнсам і традыцыйным шматгалосным распевам. Гэта гучаць запісы спеваў гурта з вёскі Раеўчшына Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці.
Традыцыйна такія праекты А. Вележ уключаюць і інструментальныя нумары. Гэта стымул для айчынных фолк- і фолк-мадэрн-выканаўцаў шукаць новыя адценні ансамблевага гуку, больш ярка і чыста выкарыстоўваць магчымасці народных інструментаў, а таксама шляхі іх гарманізацыі ў гурце. Упэўнены, што маладыя музыкі, якія вырашаць, што яны ўсё ведаюць пра асаблівасці нацыянальнага выканання, шмат чаго змогуць узяць, напрыклад, ад музыкаў гурта вёскі Старое Сяло Магілёўскай вобласці, якія з агеньчыкам выконваюць на дыску знакамітую "Лявоніху”, альбо ад мелодый "Мазуркі” і "Кадрылі” ў выкананні "чалавека-аркестра” Станіслава Маленчыка, які прыцягвае ўвагу слухачоў сваёй віртуознасцю і ўніверсальнасцю. І такія пачууці ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам узрастаюць ад песні да песні, ад трэка да трэка дыска "Спевы Беларусі”!
Шкада, што такія цудоўныя па сэнсу праекты часам суправаджаюцца не вельмі якасным афармленнем. Пра гэта прыходзіцца ўзгадваць, бо надпісы назваў трэкаў і выканаўцаў на "Спевах Беларусі”, нават пры добрым зроку, чытаюцца вельмі цяжка. А гэты недахоп псуе добрае ўражанне ад усяго альбома. Думаю, гэты адзіны недахоп апошняга дыска і ён не зменшыць вартасць гэтай працы прадзюсара А. Вележ і складальніка праграмы Т. Песьнякевіч, іх уклад у захаванне скарбаў нацыянальнага фальклору.
Анатоль Мяльгуй
  
Просмотров: 1588 | Добавил: FMM | Теги: беларусь, вялікага, княства, легенды, вячоркі, сярэдневечча | Рейтинг: 5.0/3
Всего комментариев: 1
1 Alex  
0
50 гадоў жыцьця - чаму так мала? І чаму адыходзяць менавіта тыя, каму за малы пэрыяд, адпушчаны лёсам, удалося надзвычай шмат: Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Анатоль Сыс, Арына Вячорка?

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz