Четверг, 2024-03-28, 3:12 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Апрель 2017  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Главная » 2017 » Апрель » 5 » Праект «Зброя. Золата Кабеты»: у чаканні рэальнай салідарнасці і дапамогі
11:09 AM
Праект «Зброя. Золата Кабеты»: у чаканні рэальнай салідарнасці і дапамогі

Праект «Зброя. Золата Кабеты»: у чаканні рэальнай салідарнасці і дапамогі

Вядомы беларускі рок-выканаўца і прадзюсар Піт Паўлаў працуе над захапляльным прыгодніцкім тэлесерыялам і музычным альбомам на гістарычнай аснове, які мае назву «Зброя.Золата.Кабеты».

  1. Яго сцэнарый з’явіўся пад уплывам жыццёвага шляху і серыі аўтабіяграфічных раманаў польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага і ахоплівае міжваенны перыяд жыцця савецка-польскага памежжа пад Ракавым. Але ўсе гісторыі і персанажы ў ім будуць аўтарскімі. Пра асаблівасці гэтага незвычайнага праекта мы і гутарым з Пітам Паўлавым.

-- Піт, як і калі з’явілася ідэя пераасэнсаваць лёс такой неардынарнай асобы, як Сяргей Пясецкага– кантрабандыста, агента многіх выведак, вязня і пісьменніка -- у сваёй музычнай творчасці?

--Адразу скажу, што праект «Зброя.Золата. Кабеты» задумваўся як адгалінаванне, так бы мовіць, незалежны сайд-праект «Народнага альбома». Яго ідэя з’явілася пасля таго, як я пазнаёміўся з аўтабіяграфічнымі раманамі гэтага польскага пісьменніка беларускага паходжання. Я чытаў іх у арыгіналах, на польскай мове, бо перакладаў на той час проста не было.

Сяргей Пясецкі – асоба па-сапраўднаму выбітная: авантурыст, перамытнік (менавіта так больш па-беларуску называлі кантрабандыстаў у Ракаве), агент польскай «Двуйкі» і, магчыма, іншых спецслужб), вязень польскіх турмаў, асуджаны на смяротнае пакаранне, аўтар шматлікіх дэтэктыўна-прыгодніцкіх раманаў, якія былі перакладзены на мовы ледзь не ўсіх краінЕўропы.

Мяне, як і многіх чытачоў уразіла тое, што Пясецкі, нягледзячы на складанасці лёсу, змог напісаць так шмат захапляльных раманаў і аповесцяў:«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі», «Жыццё раззброенага чалавека», «Роўныя начным багам», «Пяты этап» і іншых. Існуе нават легенда, што аўтар сагі пра Джэймса Бонда Ян Флемінг быў знаёмы з біяграфіяй і творчасцю Сяргея Пясецкай і той стаў правобразам агента «007». Доказам таму служыць факт, што пісьменнік апошнія гады пражыў у Вялікабрытаніі і мог кантактаваць з былым выведнікам Флемінгам…

-- Піт, многія чытачы таксама захапляюцца прыгодамі Сяргея Пясецкага, які былі запісаны ў яго раманах, але не ўсе задумваюцца аб яго музычным увасабленні. Што падштурхнула вас да гэтага кроку?

-- Гэты легендарны чалавек мяне захапляў яшчэ і падабенствам свайго лёсу да майго: у «ліхія» 90-я я, таксама, круціўся ў каля-крымінальных колах з мэтай наладзіць свой бізнес, выкарыстоўваў для гэтага сувязі ў спартовых колах, дзе быў, можна сказаць, амаль «сваім». Але ў адрозненне ад сваіх знаёмцаў, я не выбіраў паміж багаццем з крымінальным мінулым і турмой, а пайшоў трэцім шляхам – творчым, як і Сяргей Пясецкі.

Таму «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» і іншыя раманы С.Пясецкага толькі натхнілі мяне на стварэнне ўласнай гісторыі, у якой я ўбачыў сцэны шматсерыйнага тэлефільма, а таксама музычнага альбому. Асабліва пасля таго, як пагутарыў з Ежы Гедройцам, Феліксам Янушкевічам, ветэранамі АК, якія ўласна былі знаёмыя з Пясэцкім у віленскі перыяд, пабадзяўся па вулках і ваколіцах Ракава. Хаця зараз ад былой сталіцы беларускіх перамытнікаў засталося мала, было цікава ўбачыць мясціны, дзе адбываліся падзеі, апісаныя ў рамане. Гэтыя лакацыі і сталі фонам для здымак першага эпізоду нашага крымінальна-дэтэктыўнага трылера «На Памежжы»і кліпаў да песень праекту «Зброя. Золата. Кабеты».

-- Піт, як праходзілі здымкі першых частак вашай стужкі і што ўлічвалася пад час падрыхтоўкі акцёраў і мізансцэн у час працы на камеру?

-- Мы выкарыстоўваем у сваёй працы падабенства нашых герояў з тагачаснымі амерыканскімі «калегамі». У гэтыя часы ў Злучаных Штатах дзейнічаў сумна вядомы «сухі закон», вынікам якога стала з’яўленне гангстараў кшталту Аль Капонэ, стыльных бандытаў з аўтаматамі Томпсана ў духу стужкі «Недатыкальныя» Браяна Дэ Пальмы. Але былі і свае лакальныя адрозненні ў сітуацыі.

У першую чаргу, у тым, што ракаўскім перамытнікам даводзілася супрацьстаяць не толькі польскай памежнай службе, але і савецкай. Карыстаючыся татальным дэфіцытам тавараў у Савецкай Беларусі, кантрабандай перапраўляліся голкі і парфума, бялізна і цыгарэты, панчохі і шкарпэткі. Не забываліся і на дарагі алкаголь… Гэтая супрацьстаянне не абыходзілася без кровапралітных сутычак з памежнікамі, без арыштаў, уцёкаў і шчасліваг вяртання да хаты.

Гэтыя неверагодныя сюжэты, на якія я натхніўся пад уражаннем раманаў С.Пясецкага, мая фантазія і ўяўленні пра той час, падштурхнулі мяне да ідэі шматсерыйнага серыялу з некалькімі яскравымі музычнымі тэмамі, якія павінны лейтматывам гучаць у фільме ў розных варыяцыях. Так, як напрыклад, гучыць музыка Ніла Янга у фільме Джыма Джармуша “Мярцвяк”, ці імправізацыі Мікаэля Тарывердзіева ў серыяле «Сямнаццаць імгненняў вясны». А ўжо больш шырокае музычнае палатно з’явілася падчас працы над альбомам «Зброя. Золата. Кабеты».

-- А што сабой будзе ўяўляць альбом «Зброя. Золата. Кабеты». Хацелася, каб ваш праект не аказаўся клонам «Народнага альбому»…

-- Ніякага падабенства «Народным альбомам»не будзе. Па той прычыне, што гэта не супольны праект вялікай колькасці артыстаў, а наадварот – вынік працы практычна аднаго чалавека пад прадзюсаваньнем другога, да якіх далучаюцца іншыя выканаўцы толькі па неабходнасці. Мы запісваем сапраўдны рокавы альбом. Калі гаварыць пра структуру альбома «Зброя. Золата. Кабеты», то ён будзе складацца з дзвюх частак. Адна мае назву «Легальная» і будзе змяшчаць мае кампазіцыі і інструментальныя тэмы да саўндтрэку серыялу, а другая -- «Кантрабанда» з песнямі, якія па розных прычынах не ўвайшлі ў альбом, але адпавядаюць тэматыцы, а таксама каверы на вядомыя мелодыі. Адна з іх будзе аўтарства знакамітага кампазітара і прадзюсара Квінсі Джонса.

Што тычыцца гучання альбома «Зброя.Золата.Кабеты», то яго я б назваў мадэрновым рокам, але які гучыць вельмі «олдскульна». Гэта трэнд апошняга часу у рок-музыцы: вінтажны гук, з вінтажным падыходам да запісу і выканання. Адным словам, у альбоме прысутнічае шмат гітарна-барабанна-басовых рыфаў у традыцыйнай стылістыцы. «Зброя. Золата. Кабеты» будзе гітарным рок-альбомам! А вось частку альбома пад назвай «Кантрабанда» можна назваць эклектычнай, бо там есць песні з акустычным гучаннем.

Да працы над альбомам «Зброя. Золата. Кабеты» былі прыцягнуты моцныя ў прафесійным плане выканаўцы, сярод якіх адзначу басіста і суаўтара Глеба Галушку, бубначоў Аляксандра Валошчыка і Назара Рэджэпава. Актыўную роля ў працы над альбомам адведзена і іншым удзельнікам праекту. Напрыклад, Яраш Малішэўскі ў некаторых тэмах грае на беларускай дудзе, а таксама, кансультуе і дае лінгвістычныя парады ў спрэчных момантах стварэння тэкстаў праекту. Плануецца, таксама, што надалей у запісу саўндтрэку і альбома будуць задзейнічаны іншыя выканаўцы – цымбалістка Алеся Шагун, Ян-Вінцэнт Луцэвіч, які зараз займаецца кліпамі да песень, ды іншыя выканаўцы…

-- Можна толькі здагадвацца, што шматвектарная задума праекту вымагае вялікіх сродкаў на яго рэалізацыю. Якім шляхам пойдзеце: простым, як умінулыя часы, звяртаючыся да спонсараў, ці сучаснымі -- праз краўндфандынг?

-- Усё прапановы будуць дарэчы і прынятыя з удзячнасцю! Але цяпер мы аб’весцілі краўндфандынгавую кампанію на платформе ulej.by (http://ulej.by/project?id=111567) і звяртаемся да нашых прыхільнікаў з просьбай дапамагчы не толькі добрымі пажаданнямі, але і рэальнымі грошамі. Бо да гэтага часу ўсё здымкі і запісы праекту «Зброя. Золата. Кабеты» рабіліся на мае асабістыя сродкі, а яны ўжо на мяжы!

Нашым донарам мы можам прапанаваць паштоўкі з аўтографамі выканаўцаў, бесплатную спампоўку альбома, білеты на «закрытую» прэзентацыю, Т-шулькі (такія Ка-шулькі, толькі ў выглядзе літары «Т»), CD–альбомы і вінілавыя дыскі гурту N.R.M. «Д.П.Б.Ч» і іншыя лоты, у залежнасці ад сумы ахвяраванняў на праект…

У сучасным беларускім кінематографе чакаць з’ялення такіх праектаў пакуль, нажаль, не выпадае. Тым больш, цікаўнасці да такіх выдатных асобаў беларускай гісторыі, як, напрыклад, Саламея Пільштынава, Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч, а тым больш да кантрабандыстаў-перамытнікаў у духу Сяргея Пясецкага. Таму мы спадзяёмся, што праект Піта Паўлава выкліча салідарнасць і дапамогу ў яго рэалізацыі , а вынік інспіруе беларускіх кінематаграфістаў і сцэнарыстаў да пошукаў сапраўды вартых персанажаў новых беларускіх кінастужак.

Анатоль Мяльгуй

http://novychas.by/kultura/zbroja-zolata-kabety-u-czakanni-salidarnasci

 

Просмотров: 713 | Добавил: FMM | Теги: Ракаў, Піт Паўлаў, На памежжы, Зброя. Золата.Кабеты, Сяргей Пясецкі, Каханак Вялікай Мядзьведзіцы | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz