Суббота, 2024-04-20, 6:04 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Ноябрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Главная » 2012 » Ноябрь » 4 » “Нашы” Дзяды і “іх” Halloween: сінтэз магчымы
9:59 AM
“Нашы” Дзяды і “іх” Halloween: сінтэз магчымы

Культурны працэс у Беларусі, таксама як і ў іншых краінах, перажывае перыяд адаптацыі сусветных з’яў масавай культуры пад нацыянальныя традыцыі і ментальнасць. Нешта падобнае абдываецца і з Halloween’ам ці святам Ўсіх Святых, якое ўварвалася ў наша "свецкае” жыццё разам з тэматычнымі вечарынкамі, што пачалі ладзіцца ў сталічных клубах. Частцяком гэтыя party капіравалі не самыя густоўныя забавы рознашэрстнай маскоўскай тусоўкі ці, у лепшым выпадку, былі падобныя па стылістыцы на ўзоры з галівудскіх стужак адпаведнай тэматікі. Але капіраванне – не самы прадуктыўны шлях у культурніцкай сферы, таму з’явіліся спробы неяк наблізіць тэму свята Halloween да беларускай рэчаіснасці. Нагадаю, што першым гэта зрабіў кіраўнік фолк-рок-гурта URIA, прадзюсер фестывальнага руху Юры Выдронак, які стварыў арыгінальнае фестывальнае шоў "Таўкачыкі” на Дзяды альбо Halloween па-беларуску” з аўтэнтычнымі дзядоўскімі спевамі і адпаведным антуражам – велізарнымі гарбузамі са свечкамі і тэатралізацыяй ў выглядзе ценяў родкаў, якія павыходзілі ў гэтую ноч са сваіх магіл…

Новую спробу "беларусізіравать” Halloween зрабілі арганізатары і ўдзельнікі канцэрта, прысвечанага гэтаму святу, які 31 кастрычніка прайшоў у клубе RE: PUBLIC. Вядучы канцэрта вядомы беларускі рок-музыкант Алесь Таболіч пачаў вечарыну з пытанняў да прысутных накант роднасных Halloween’у беларускіх Дзядоў, якія таксама ў гэтыя дні адзначаюцца па ўсёй краіне. Ці зразумелі гэтую сувязь маладыя людзі, якія ў гэты дзень прыйшлі ў клуб? Будзем спадзявацца, што так, бо вельмі дружна дэманстравалі Алесю сваю дасведчанасць наконт абодвух гэтых традыцыйных святаў. Тым часам на сцэну быў запрошаны першы ўдзельнік Halloween’а ў клубе RE: PUBLIC. Гэта быў гурт EXEGUTOR (амаль EXEСUTOR), які ў сваёй творчасці арыентуецца на thrash metal. Відавочна, што музыканты выкарыстоўваюць сцёб як мастацкі сродак, як у музыцы, так і тэкстах песень. Запомнілася ў гэтым сэнсе кампазіцыя "Алкаголік”. Але не ўсё ў гэтай каманды выглядае са смяшынкамі. Напрыклад, у іх з’явілася першая беларускамоўная кампазіцыя "На поўнач”, якая прымусіла слухачоў больш сур’ёзна паставіцца да эксперыментаў гурта EXEGUTOR. І хоць у аб’ёмнай зале клуба у першыя хвіліны вечарыны стаяла даволі прахалодная атмасфера, дзякуючы завадной рытміцы EXEGUTOR слухачам стала намнога больш цёпла і ўтульна.

Працягнуў "металічна-хэлоўэнаўскую” эстафету магілёўскі праект OUTSIZE, які паўстаў на базе metal-гурта ASGUARD -- ветэранаў экстрэмальнай музычнай сцэны гэтага горада. Хто ж, канцэртнага вопыту музыкантам OUTSIZE не пазычаць. Іх выканаўчая тэхніка, уменне стварыць канцэртнае шоў і наладзіць кантакт з публікай гаворыць пра прафесіяналізм удзельнікаў праекта. А вось тэксты песень гэтага англамоўнага гурта нельга назваць нейкім адкрыццём. Яны традыцыйна змрочныя і спрошчаныя. Што ў праграмнай кампазіцыі "Dark Wave”, што ў эмацыянальнай песні "Freeman”. Тым не менш, OUTSIZE пакінуў у слухачоў станоўчыя эмоцыі.

Калі папярэднія гурты, што першымі ўзрушылі клуб RE: PUBLIC, успрымаліся як святочны сюрпрыз, то наступная каманда-удзельніца вечарыны на Halloween добра вядомы сталічным слухачам. Размова ідзе пра гурт SOULSIDES, які быў створаны ў 2003 годзе. За гэты перыяд музыканты не раз удзельнічалі ў фанаграфічных metal-праектах і іх прэзентацыях, на фестывалях у Беларусі і за яе межамі. Гэтым разам свой сэт музыканты пачалі кампазіцыяй "Лабірынт”, у якім перапляліся такія музычныя напрамкі, як thrash metal і punk rock. Сэт гурта SOULSIDES складаўся з такіх кампазіцый, як "Зомба-тэлебачанне”, у якім музыканты выказалі свае адносіны да практыкі "прамыўкі мазгоў” з дапамогай электронных СМІ, энергічнай і эмацыянальнай "Вендэты”, старога хіта "Не для мяне”, які ўпершыню пабачыў свет у беларускім metal-праекце "Hard Life-Heavy Music”. Трэба адзначыць, што ўся вакальная нагрузка ў гурце кладзецца на аднаго вакаліста – Ігара Баланюка, якому у дадатак прыходзіцца выконваць і гітарныя партыі. Адзін вакаліст у такім "гучным” гурце – гэта недастаткова, бо збядняе агульнае гукавое палатно каманды. Каб вакальнае напаўненне адпавядала інструментальнаму, патрэбны дадатковыя вакальныя партыі. Праўда, у рэпертуары SOULSIDES ёсць такія кампазіцыі, як "Кніга мёртвых” ці "Ратавальнік” (прысвячэнне не так даўно памёрламу рок-музыканту А. Клімчанку), якія прымушаюць забыцца на недахопы і шчыра, разам з усімі слухачамі, вітаць гэты гурт.

Стылістыку doom metal на гэтай вечарыне прадстаўляў гурт WEEPING TWILIGHT, які можна смела аднесці да адкрыцяў Halloween-2012. Не гледзячы на "замудроную” англамоўную назву, каманда ўяўляе сабой сфарміраваны беларускамоўны калектыў, які шукае і знаходзіць апірышча ў айчыннай культуры і фальклоры, імкнецца ісці нераспрацаванымі шляхамі ў рок-музыцы. Чаго каштуюць спробы музыкантаў агучыць у metal-рытмах паэму Я. Купалы! На святочнай вечарыне гурт прадставіў кампазіцыі з апошняга альбома "Парасткі памяці на руінах былога”, кампазіцыі "Пракляцце 9 сына” і іншыя творы, у якіх спалучаюцца цьмяная эстэтыка doom metal і фальклорны пачатак у кампазіцыях. Цікава, што у дадзены момант у гурце грае беларускі гітарыст, вядомы па гурту "Neuro Dubel” і GODS TOWER, Віталь Абрамовіч, які разам з лідэрам гурта, басістам і вакалістам Аляксандрам Глякавым і іншымі музыкантамі ствавараюць на сцэне сапраўднае рок-шоў, а галоўнае – завершаныя музычныя вобразы сваіх музычных легенд.

Музыка наступнага гурта – ROKASH, адрознівалася па стылістыцы ад таго, што гучала са сцэны клуба RE: PUBLIC раней. Вядома, што каманда, якую доўгія гады ўзначальвае басіст Лявон Казакоў, грае неафольк, медіевал-фэнтэзі, пост-фольк і сваім мяккім гучаннем, быццам, не дапасуе да "ўзрыўных” рытмаў і сінкопаў "металістаў”. Тым не менш, слухачы скарысталіся магчымасцю адпачыць пад рамантычныя гукі флейты і клавішных інструментаў, а таксама разам з вакалісткай Палінай Дулінец заспяваць хіты з альбома ROKASH’а "Запалі агонь”. А гэта былі ўжо знакамітыя мелодыі "Стары замак”, "Крумач” (прысвячэне А. Клімчанку), "Ваўкалак”, "Духі Зямлі” і іншыя кампазіцыі, якія тэматычна падыходзілі да дзядоўска-хэлоўэнаўскай тэматыкі вечарыны.

Доўгачаканы сэт узыходзячай зоркі беларускай metal-сцэны гурта RE1IKT быў азмрочаны паведамленнем пра тое, што вакаліст Уладзімір Казлоў нечакана сарваў голас на бардаўскім (!) фэсце і не зможа прыняць удзел у гэтам канцэрце. Але гэтая непрыемнасць была з ліхвой кампенсавана тымі музычнымі імправізацыямі, які выканалі ўдзельнікі гурта RE1IKT. Гэты матэрыял мог стаць ілюстрацыяй той музычнай плыні, на якую сёння арыентуюцца музыканты – post metal. Разынкай кампазіцый сталі разгорнутыя музычныя плотны, у якіх выкарыстоўваліся складаныя па структуры кампазіцыйныя формы, нестандарныя меладычныя хады, акорды і сугуччы з арсеналу progressive rock і industrial. Слухачы ў захапленні прынялі музыку гурта RE1IKT і віталі шчырымі апладысментамі навацыі каманды, яе магутнае і празрыстае інструментальнае гучанне.

Безумоўна, арганізатары святкавання Halloween-2012 пайшлі іншым шляхам, чым Юры Выдронак, які зрабіў стаўку на падабенства рысаў "нашых” Дзядоў і "іх” Halloween’а. У святкаванні, што прайшло ў клубе RE: PUBLIC, бачыцца больш просты, лінейны падыход, які выканаўцамі выкарыстаны для запаўнення "заморскай” формы блізкім маладым беларусам музычным матэрыялам. Такі шлях таксама магчымы і мае права на жыццё. Хоць наступным крокам мусіць стаць адначасова змястоўнае і фармальнае запаўненне канцэртных праграм беларускімі па духу атрыбутамі (напрыклад, змяніць назву і антураж) гэтага містычнага свята.





Просмотров: 1240 | Добавил: FMM | Рейтинг: 2.6/7
Всего комментариев: 1
1 Вова Камянецкі  
0
На жаль, яшчэ доўга мы будзем задумвацца, як сьпяваў Саша Памідораў, "сьвяткаваць Халоўін ці ісьці на Дзяды нам?", але, словамі іншага паэты, "будзе й на нашай вуліцы сьвята". Для тых, хто бывае на беларускіх канцэртах, гэта ўжо адчуваецца.

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz