Пятница, 2024-03-29, 2:46 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Сентябрь 2015  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930
Главная » 2015 » Сентябрь » 7 » #«Камяніца-2015»: пад знакам беларускай вышыванкі
8:14 AM
#«Камяніца-2015»: пад знакам беларускай вышыванкі

Камяніца-2015»: пад знакам беларускай вышыванкі

 

   Фолк-фестываль «Камяніца-2015» праводзіўся ў сёмы раз. Бадай, такога пастаянства не мае ні адзін open air, які адбываецца ў краіне. Дзве сцэнічныя плыцоўкі, што месціліся на маляўнічых ланшафтах Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, былі вельмі карыснымі як для выканаўцаў фальклору (ім была адведзена малая сцэна), так і для тых музыкантаў, якім з-за іх электрычнага гучання патрабуецца значная тэхнічная падтрымка і вялікая плыцоўка.

І.Лучанок вітае фэст «Камяніца» 

Перад тым як распачалася праграма «Камяніцы-2015» на галоўную сцэну былі запрашаны прадстаўнікі Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага музею народнай архітэктуры і побыту, генеральнага партёра фэсту – ААТ Банк БелВЭБ, якія дапамагалі ў арганізацыі «Камяніцы-2015». А ганаровы госць фэста, Народны артыст СССР і Беларусі, старшыня Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь І.М.Лучанок выказаў словы ўдзячнасці арганізатарам за тое, што такі фестываль дазваляе моладзі больш глыбока адчуць шматвекавыя карані нашай фальклорнай спадчыны. Як адзначыў Ігар Міхайлавіч, мы шчаслівыя, бо многія нацыі ўж згубілі свой фальклор, а мы яго маем і адраджаем у сучасных умовах.

У пацвержанне слоў Ігара Міхайлавіча на фальклорную сцэну выходзілі маладыя выканаўцы, якія спевамі і мелодыямі нагадалі пра прыгажосць старажытных спеваў і глыбокую філасафічнасць думак нашых продкаў. Гонар адкрыць малую сцэну выпаў дзіцячым калектывам #«Folk-Rада» і #«Мілавіца», якія парадавалі фальклорнымі пярлінамі – народнымі спевамі «Да ў зялёнай дуброве», вясельнай «Едуць мазуры». А вось самабытны палескі фальклор годна прадставіў гурт #«Мярэжа», як выканаў шэраг бытавых і лірычных спеваў, песень каляндрана-абрадавага цыкла -- «Ой, сонейка маё жаркае», «Жаль, жаль жа мне на казака». У працяг гэтым выканаўцам, на сцэну быў запрошаны фальклорны гурт беларускіх спеваў #«Горынь», які выканаў праграму песень, многія з якіх былі сабраныя ўдзельнікамі калектыву пад час экспедыцый.

Гурт #«Варган» прыехаў на фэст у Строчыцы з Полацка. Адразу было заўважна, што яго ўдзельнікі імкнуцца да аднаўлення аўтэнтычнасці ў спевах і ў іх інструментальных апрацоўках, такіх як «Покуць, мая покуць», «Непраўдзівая», «Галубка на вішні» ды іншых.

                                                           Вядучая малой фолк-сцэны Руся    

Галоўную сцэну адкрываў ветэран фэста «Камяніца» гурт #Altanka. Музыканты разам са сваёй салісткай Дар’яй Лаўрэнц’евай нагадалі пра шырокае выкарыстанне музыкантамі струнных інструментаў: домры, бас-домры, мандаліны, гітары. У іх выкананні прагучалі ўжо знаёмыя слухачам творы паводле беларускага фальклору «Кура-рабушка», «Як на рэчцы», «Лыжка-талерка»…

Своеасаблівым адкрыццём малой фальлорнай сцэны стала выступленне #«Этна-суполкі» Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. У тым, што калектыў дасягнуў значных творчых вынікаў сведчыць тое, што на фолк-сцэну калектыў выходзіў двойчы. Пад акампанемент дуды В.Касуліна (гурт #«Кашлаты Вох») студэнты БДУКа выканалі шмат народных мелодый, якія яны запісалі пад час этнаграфічных вандровак.

Чаруе Іван Кірчук

Трэба адзначыць, што на тэрыторыі музею была створана яшчэ адна канцэртная пляцоўка, якая мела вялікі поспех у наведвальнікаў. Маю на ўвазе дзіцячую мітэрыю «Споведзь пад стрэхамі», якую тройчы за фестывальны дзень выканаў лідэр этна-гурта #«Троіца» Іван Кірчук. Канцэрт адбываўся пад страхой ўнікальнага помніка беларускага драўлянага дойлідства – уніяцкай царквы ХVIII ст. з вёскі Логнавічы Клецкага раёна.

Перад пачаткам містэрыі Іван Іванавіч распавёў пра гісторыю запісу ўсяго музычнага матэрыялу «Споведзі пад стрэхамі». Таксама пра тое, што песні для гэтай містэрыі ўзяты з выдадзенага ў Галандыі дыска #«Спадчына загунуўшых вёсак».

Каляндарна-абрадавая дзея ў выканні Івана Кірчука яшчэ раз паказала, па словах выканаўцы, глыбіню і мудрасць нашых продкаў, якія пакінулі нам такую самабытную спадчыну. Ну, а сам Іван Кірчук у каторы раз здзівіў слухачоў сваім універсальным майстэрствам фальклорнага выканаўцы, актора, якасцямі шчырага і тактоўнага чалавека.

Любімцы беларускай публікі

Не згасае слухацкая любоў да творчасці лідэра айчыннай медыевальнай сцэны, гурта #«Стары Ольса». Іх сэт паказаў, што ўсе іх кампазіцыі хутка становяцца хітамі, якія цытуюцца і спяваюцца слухачамі. Так стала з кампазіцыямі «Ліцьвін», «А дзе ж тыя ваяры», «Пекна ёсць кола рыцэрска», «Клецкая бітва» і іншымі творамі. Добрай традыцыяй сталі сюрпрызы ад «Старога Ольсы». Гэтым разам музыканты парадавалі апрацоўкай ў фолк-стылістыцы песні гурта Beatles Obladi Oblada, якая была ўспрынята слухачамі з асаблівым энтузіязмам і апладысментамі.

Ласкава просімо ў наш палескі "Раёк"

Яшчэ адзін ветэран «Камяніцы», фолк-гурт #Vuraj прадставіў праграму на аснове трэцяга па ліку альбома #«Раёк», які адзначаны многімі крытыкамі, як найлепшы за мінулы год. Таму музыкам прышлося ў нейкім сэнсе абараняць высокую адзнаку музычнай грамадскасці Беларусі. Але музыкантам даказваць нічога не трэба было: высокі выканаўчы ўзровень, арыгінальнае гучанне на аснове спалучэння аўтэнтыкі і сучасных формаў этнічнай музыкі, джазавых інтэрпрэтацый і вакала лідара калектыва С.Доўгушава зрабілі сваю справу. Рэакцыяй на музыку гурта слухачы пацвердзлі іх статус, як аднаго з лідэраў айчыннай фолк-сцэны. Асаблівую прыхільнасць музыканты гурта Vuraj здабылі выкананнем сваіх вядомых кампазіцый: «Ой, ляцелі гусі», «За валамі», «Гаю, мой гаю»

Гамельчане з фолк-праекта #«Ягорава гара» пад кіраўніцтвам І.Архіпава ад фолк-аўтэнтыкі перайшлі да стварэння кампазіцыій, якія спалучаюцца на аснове двух-трох народных песень. Для надання сучасных рысаў сваім апрацоўкам гомельскія выканаўцы шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрныя тэхналогіі. Так адна з кампазіцый праекта была створана на аснове народных мелодый «Я скакала, я плясала» і «Бувала, не бувала». Таксама, гамельчане адзначыліся сваімі аўтарскімі прыпеўкамі, адна з якіх была прысвечана «Камяніцы».

Польская музыка людова ад Dzikie Jablka

Яшчэ адна фествальная традыцыя – вечаровы фолк-рок-канцэрт, гэтым разам міжнародны. Першыя госці з Польшчы, гурт #Dzikie Jablka адзначыўчя на фэсце разнастайнымі ўдарнымі інструментамі, якія маюць нават афрыканскае паходжанне. Але такая ўжо канцэпцыя гэтага world-music гурта: важна данесці да слухачоў прыцягальнасць і спрадвечнасць «музыкі людовай». А вось, як толькі музыкі загралі найгрыш «Мазур», дык ногі самі пайшлі ў скокі. Польскія музыканты паказалі блізкасць славянскага фольклору. У выкананні Dzikie Jablka прагучалі і шчадроўкі, і рэкруцкія песні, падобныя да нашых, беларускіх напеваў. Хоць у фальклоры кожнай краіны заўсёды ёсць свае адметнасці. Гэта падкрэслілі сваёй творчасцю польскія музыканты.

Вольга Траян -- украінская музычная амбасадарка

     Было цікава пазнаёміцца і з творчасцю ўкраінскіх фолк-рок-музыканатаў з гурта #«ДримбаДаДзиґа». Многія беларускія слухачы ведаюць хіты ўкраінскіх братоў і заспявалі іх разам з вакалісткай «ДримбаДаДзиґа», артыстычнай і пластычнай Вольгай Траян. А гэта такія кампазіцыі, як «Паравая машына», «Муха», «Коломыйка», «Біла мяне маці»…

Эстонскі этна-гурт #Trad Attack! – адзін з самых тытулаваных у гэтай балтыйскай краіне. На ESTONIAN MUSIC AWARDS 2014 гурт, іх альбом і песня былі названыя лепшымі. Аснова гучання Trad Attack! сінтэз народных мелодый, заграных на эстонскай bagpipe (ці, па-нашаму, дудзе) і варгане з рок-рыфамі акустычнай дванадцаціструннай гітары.

Сандра Сілама -- зорка эстонскага фолку

Трэба адзначыць уражваючае выканаўцчае майстрэства эстонскіх музыкантаў (такім яно было нават пры СССР) і асабліва #Сандры Сілама, якая ўразіла беларусаў сваім узорна чыстым выканеннем на эстонскай дудзе, варгане і тэнар-саксафоне.

Завершыў вечаровы канцэрт гурт #Znich, які выступаў на фэсце ў абноўленым складзе. Старыя хіты і новыя кампазіцыі харызматычнага Алеся Таболіча і яго каманды сталі добрай, пазітыўнай кодай для сёлятняй «Камяніцы».

Проста Znich!

 

Фестываль скончыўся, калі сонца ўжо зайшло за далягляд. Але нават у цемрадзі можна было ўбачыць тое, колькі дзяцей, моладзі і людзей старэйшага веку ўпадабалі беларускую вышыванку, старажытныя нацыянальныя карункі і абярэгі. Бадай ўпершыню грамадскі трэнд на нацыянальныя рысы ў вопрадцы быў аператыўна падтрыманы народнымі майстрамі, грамадскімі арганізацыямі і гандлярамі, які ў патрэбны час змаглі прапанаваць ахвочым вышыванкі, вышымайкі і шмат іншага фестывальнага мерчу ў нацыянальным стылі. Добры знак!

Анатоль Мяльгуй, фота аўтара

Апублікавана на сайце газеты "Новы Час":

http://novychas.info/kultura/kamianica_2015_pad_znakam_biel/

 

Просмотров: 920 | Добавил: FMM | Теги: «Камяніца-2015», «Мілавіца», «Мярэжа», Altanka, «Кашлаты Вох», «Горынь», «Варган», «Троіца», «Folk-Rада», «Этна-суполка» | Рейтинг: 4.0/3
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz