Суббота, 2024-04-20, 1:57 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Июль 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Главная » 2016 » Июль » 20 » Інтэрв'ю да юбілею
7:50 PM
Інтэрв'ю да юбілею

Зміцер Вайцюшкевіч: класік «паэзіі спяванай»

    Вядомаму беларускаму спяваку, кампазітару і мультыінструменталісту, кіраўніку гурта WZ-Orkiestra Змітру Вайцюшкевічу спаўняецца 45 гадоў. Няма неабходнасці пераконваць нашых чытачоў у тым, наколькі выдатны ўнёсак зрабіў гэты выканаўца ў сучасную беларускую культуру за гады сваёй творчай дзейнасці. Як па мне, дык я б вылучыў тое, што Зміцер Вайцюшкевіч сваімі песнямі, яркімі мелодыямі, мяккім выкананнем зацікавіў шмат маладых слухачоў беларускай паэзіяй, як класічнай, так і сучаснай. Знайшлося ў творчым багажы Вайцюшкевіча месца і для высокіх узораў сусветнанай паэзіі, з большага перастворанай па-беларуску. З гэтага пункту гледжання творчасць З.Вайцюшкевіча з’ўляецца ўнікальнай для ўсёй палітры сучаснай беларускай культуры.

--Зміцер, з чаго почыналася ваша беларуская самасвядомасць? Хто і што паўплывала на вашую беларускасць у пачатку вашага творчага шляху найбольш?

--У тыя часы, калі я вучыўся ў Лідзе ў музычнай вучэльні па класу кларнэта я, як і многія беларусы і слухачы ў іншых краінах, упадабаў песні Уладзіміра Мулявіна і «Песняроў». Мяне ўражваў меладызм твораў Мулявіна і арганічнасць беларускай мовы ў іх выкананні. Безумоўна, гэта прыгажосць роднага слова выклікала ў мяне жадання дакрануцца з нацыянальных крыніц, звязаць сваю будучую музычную кар’еру з беларушчынай. Я нават марыў, каб самому стаць удзельнікам «Песняроў».

Потым былі «KRIWI» і «Палац», які ў той час меў назву «Дворец кукурузных палочек». Падчас працы ў «Дварцы…» мы ўжо свядома зрабілі выбар на карысць беларушчыны і змянілі назву гурта на «Палац». Акрамя гэтага, мне захацелася адыйсці ад фальклору на карысць «паэзіі спяванай».

--З моманту выхада вашага першага альбома “Цацачная крама” прайшло ўжо 15 гадоў. Можна заўважыць, што вы, ў асноўным, у сваіх песнях аддаеце перавагу класічнай паэзіі. Якія вершы натхняюць вас найбольш? Творы якіх паэтаў вы б хацелі ўвасобіць у музыцы і спевах?

--Сапраўды, «Цацачная крама» -- гэта першая мая спраба ў рэчышчы супрацоўніцтва за прафесіянальнымі паэтамі. Я звярнуўся да Леаніда Дранько-Майсюка з прапановай парэкамендаваць некалькі ягоных вершаў для маіх музычных кампазіцый. Вынік быў добрым і так з’явіўся сатырычны музычны цыкл «Цацачная крама». І хоць пасля гэтага цыкла у мяне быў дыск «Балады» з беларускім фальклорам, песнямі на вершы Л.Дранько-Майсюка я запачаткаваў серыю праграм на вершы знакамітых паэтаў мінулага і сучаснасці.

Потым былі песенныя цыклы на вершы Алеся Камоцкага, Рыгора Барадуліна, Геннадзя Бураўкіна, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева. У рамках канцэпцыі гурта WZ-Orkiestra («Усход-Захад-аркестр») была падрыхтавана праграма на вершы замежных паэтаў -- У.Маякоўскага, Р.Ваячака, Я.Нагавіцы, а таксама на японскія вершы і на творы шведскіх паэтаў, перакладзеныя на беларускую мову. Цікавіла мяне і стварэнне кавераў на знакімітыя беларускія песні мінулых гадоў. Так я заспяваў знакаміты беларускі эвергрын «Бывайце здаровы» Ісака Любана і Адама Русака, а потым выдаў кружэлку з апрацоўкамі беларускіх аўтарскіх песень «Наша песня».

--Гурт WZ-Orkiestra – ваша канцэртная падтрымка, гурт сяброў і аднадумцаў. Як ў гэтай суполцы нараджаюцца творы: вы дыктуеце музыкантам як трэба граць ці гэта супольная творчая праца? Склад WZ-Orkiestra не змяняецца?

--У нас няма дыктату: бывае асноўныя ідэі для аранжыроўкі песні прыношу я, бывае што твор нараджаецца высілкамі ўсёй нашай каманды. Галоўнае, каб супольная творчасць спрыяла гарманічнаму спалучэнню музыкі і паэзіі. І тут давяраю такім цудоўным музыкантам-прафесіяналам, як Аляксандр Шувалаў ці Канстанцін Гарачы…

Што тычыцца гурта WZ-Orkiestra, то большасць яго ўдзельнікаў яшчэ працуюць у шмат якіх іншых калектывах, бо гэтага патрабуе стан беларускага шоў-бізнесу. Але, негледзячы на гэта, склад нашага гурта стабільны на працягу многіх гадоў. Былі праблемы з бубначом і бас гітарыстам, але цяпер іх ратацыя ў мінулым. Толькі Ксенія Мінчанка цяпер знаходзіцца ў «дэкрэтным адпачынку» -- выхоўвае дзіцяці. Але, спадзяюся, хутка вернецца ў гурт і ўпрыгожыць яго гучанне сваёй скрыпкай.

--Апошнім часам у СМІ шмат гаворыцца пра ваш культурніцкі праект «аграсядзіба Вайцюшкі». Ці можна казаць, што гэтая вясковая канцэртная пляцоўка ўладкавана канчаткова і ўся інфраструктура Вайцюшкоў гатова да сустрэчы слухачоў? Што ў гэтым сэнсе паказала правядзенне “Традыцыйнага Купалля на Нёмане”?

--Так, нядаўна прайшло наша «Трацыйнае Купалле на Нёмане», якое сабрала даволі шмат для аграсядзібы ўдзельнікаў, каля сотні чалавек з усіх куткоў краіны. Былі наведвальнікі нават з Мазыра…

Ведаеце, ўся гэтая гісторыя з забаронамі канцэртаў мае і станоўчы бок. Бо акрамя творчых ідэй у мяне заўсёды былі і матэрыяльныя планы. І забароны як разі і падштуршнулі мяне ўзяцца за ажыццяўленне матэрыяльнай мары пра сваю аграсядзібу з культурніцкім напрамкам дзейнасці. Хоць яна таксама патрабуе шмат фізічнай працы, фінансавых укладанняў, адміністратыўных узгадненняў.

Падумайце самі: калі мы запрашаем людзей да сябе ў госці, то мы павінны паклапаціцца пра побыт, бяспеку і адпачынак. Калі я прапаную людзям схадзіць, напрыклад, у лазню, то там павін быць адпаведны парадак, чысціня і камфорт. Тое ж і наладжванне традыцыйных святаў, правядзення фэстаў і канцэртаў пад адкрытым небам. Трэба прадумаць праграму свята, патурбавацца пра неабходную апаратуру, улічыць шмат іншых нюансаў, каб наведвальнікі вярнуліся ў Вайцюшкі наступным разам. Напрыклад, на фестываль беларускай бардаўскай песні «Пад ліпамі», які адбудзецца 6 жніўня.

--Цяпер вы з сям’ёй знаходзіцеся ў творчай камандыроўцы ў Варшаве. Ці ёсць там магчымасць ствараць новыя песні, канцэртаваць, запісвацца ў студыі? Ці ёсць нейкія зрухі ў прасоўванні да вашай мары – стварэння беларускага музычнага тэатра?

--Я вельмі ўсцешаны тым, што ў Польшчы у мяне ёсць ўсе ўмовы для спакойнай працы. За час побыту ў Варшаве я даў больш канцэртаў, чым за ўвесь перыяд працы ў Беларусі! Што тычыцца запісаў новых кампазіцый, то хачу вам выдаць таямніцу: цяпер у супрацы з выдатнымі польскімі музыкантамі мы запісваем альбом на вершы Уладзіміра Някляева. Я не меў мэту абыйсці музыкантаў WZ-Orkiestra, мне проста захацелася стварыць нешта адрознае ад таго, што мы гралі сумесна, каб потым разам узняцца на новы выканаўчы ўзровень.

Што тычыцца тэмы беларускага музычнага тэатра З.Вайцюшкевіча, то пакуль гэтая ідэя невырашальная ні ў Польшчы, ні тым больш у Беларусі. А вось аўтарскі клуб, накшталт супер-папулярнага клуба Яраміра Нагавіцы ў Празе, гэта больш рэальна.

--Вы займаецеся музыкай каля 30 год, выдалі 19 паўнафарматных альбомаў з беларускай музыкай, далі безліч канцэртаў. За гэты час дзяржава ні разу не звярнула ўвагу на ваш унікальны ўнёсак у нацыянальную культуру. Толькі “аддзячыла” забаронай канцэртнай дзейнасці. У вас гэтыя факты не выклікаюць роспачы? Што матывуе вас працаваць у нацыянальным напрамку ў такіх варунках?

--Дарэчы, мяне ёсць і дзяржаўныя адзнакі. Напрыклад, я лаўрэат Усесаюзнага музычнага конкурса. Маю таксама недзяржаўныя ўзнагароды – уладальніе некалькіх «Рок-карон», у тым ліку ў намінацыі «Музыкант году» і іншыя. Але ўсё гэта не ўлічылі, калі вырашалася пытанне пра заборану маіх канцэртаў у Беларусі.

Не так даўно я меў размову на гэтую тэму з Лявонам Вольскім і мы разам прышлі да высновы, што такі ўжо наш лёс – ствараць музыку, выконваць яе, выдаваць дыскі насуперак неспрыяльным абставінам. Гэта наша пакліканне.

І калі б такая магчымасць была змяніць свой лёс, то канешне, нешта захацелася б зрабіць больш дасканалым, лепшым, але агульны жыццёвы і творчы напрамак пакінуў бы без змен.

Гутарыў Анатоль Мяльгуй,

фота з архіва аўтара

http://novychas.by/asoba/zmicer-vajcjuszkevicz-klasik-paezii-spjavanaj

http://budzma.by/news/zmicyer-vaycyushkyevich-klasik-paezii-spyavanay.html

Просмотров: 587 | Добавил: FMM | Теги: Караткевіч, Бураўкін, Зміцер Вайцюшкевіч, Ваячак, Дранько-Майсюк, Любан, Нагавіца, Маякоўскі, Барадулін | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz