Четверг, 2024-03-28, 11:59 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Апрель 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
Главная » 2012 » Апрель » 7 » In memorian
10:52 AM
In memorian


"Раскрылі крылы музы” альбо мастацкі вобраз роднай Беларусі

 

Галоўнай жыццёвай мэтай не так даўно адыйшоўшага ад нас у Вечнасьць знакамітага беларускага краязнаўцы, калекцынэра, кіраўніка культурна-асветнага клуба "Спадчына” Анатоля Яўхімавіча Белага было адраджэнне гістрачнай памяці беларускага народа праз ушанаванне тытанааў і герояў Беларусі мастацкімі сродкамі жывапісу, графікі і скульптуры. Дзеля таго, каб гэтыя сродкі спрацоўвалі найбольш эфектыўна Анатолем Яўхімавічам была задумана нечувальная для нашай краіны канцэпцыя прыватнага беларускага музея. Сапраўды беларускага, як па духу, так і па зместу. Гэта наватарскі падыход, да рэалізацыі якога столькі гадоў ішоў Белы і яго паплечнікі, выклікаў шмат пярэчанняў прыхільнікаў "чыстага мастацтва”, а таксама тых, для каго дэфэніцыя "беларускае мастацтва” ўяўляецца надзвычай цмянай і ненавуковай.

Анатоль Яўхімавіч усё жыццё змагаўся з гэткім недальнабачным падыходам да нацыянальнага ў выяўленчым мастацтве, даводзіў ўсім сумняваючымся, -- мастатацтвазнаўцам і "майстрам” пэндзля, -- беларускім мастаком быць пачэсна, што для гэтага патрэбна тэматычна акунуцца ў беларускае жыццё ды гісторыю, глядзець на рэчаіснасць вачамі Беларуса. Ягоны музей, як частка культурнай спадчыны нашага народа, стаў своеасаблівым палігонам, на якім выпрабоўваліся культуралагічныя падыходы і прынцыпы музеіфікацыі рознабаковай мастацкай спадчыны. А таксама найбольш эффектыўнага прадстаўлення яе сучасным прыхільнікам мастацтва – моладзі, айчыннай інтэлегенцыі, жыхарам горада, а таксама тым, хто яшчэ не спрычыніўся да феерычнага свету выяўленчай творчасці.

Адлюстраваць жыццё сапраўднага нацыянальнага музея, яго набыткі і падыходы да экспанаваньня лепшых твораў беларускага мастацтва – гэтую мэту паставіў Анатоль Белы не толькі ў дачыненьні да музэя, але і, у не апошнюю чаргу, інфармацыйных выданьняў – праспектаў і каталогаў. Так, А. Я. Белы добра разумеў, што без інфармацыйнай падтрымкі будзе цяжка давесці прыхільнікам беларускага мастацтва ідэю музэя, гісторыю яго рознабаковых экспазыцый і артэфактаў. І першым інфармацыйным выданнем такога кшталту можна лічыць даведнік "Старадарожскі нацыянальна-мастацкі музей Анатоля Белага”, які паслужыў арганізатарам экспазыцый ў Старых Дарогах самым добрым чынам: мінімалістычнымі выяўленчымі і інфармацыйнымі сродкамі ў ім распавядалася пра рукатворны мастацкі цуд, рэалізаваны сям’ёй Белых у гэтым правінцыйным горадзе. Але фотаздымкаў экспазіцый, помнікаў знакамітым беларусам на сядзібе музэя, рэпрадукцый мастацкіх твораў і азнаямляльны тэкст, усё ж, не поўнасцю адлюстроўвалі канцэпцыю музея і яго калекцый. Таму ў Анатоля Яўхімавіч з’явілася ідэя пра больш грунтоўны каталог, які б быў прысьвечаны яго глабальнаму праекту. Ты больш, што сам музей, яго калекцыі, мастацкае ўвасабленне сядзібы пастаянна папаўняліся новымі набыткамі. Таму лагічным было стварэнне вялікага "каталога калецый прыватнага музэя А. Я. Белага ў горадзе Старыя Дарогі” з лірычнай назвай "Раскрылі крылы музы” (выдавецтва "Рыфтур”, г. Мінск, 2011 г. ).

Са скрухай трэба адзначыць, што праца над каталогам "Раскрылі крылы музы” трагічна супала з кульмінацыяй цяжкой хваробы Анатоля Яўхімавіча, якую ён пераносіў стаічна, безупынна працаваў над праектам, чым натхняў ўсіх спецыялістаў выдавецтва і дабраахвотных памочнікаў працаваць з падвойнай энэргіяй. Вынікам гэтых намаганняў стала грунтоўнае выданне, якое прэтэндуе на адзнаку выдатнай з’явы ў айчынным мастацтве ўвогуле. Зразумець тое, у чым прыцягальнасць асобы Анатоля Белага, сутнасьць яго чыну на карысьць беларушчыны ва ўсіх праявах, а таксама вытокі яго змагарскага характару можна будзе з тэкстаў дачкі Святланы Белай і самога Анатоля Яўхімавіча, якімі распачынаецца літаратурная частка каталога.

А вось першае важнае візуальнае ўражаньне ад выдання – цудоўная калекцыя медальернага мастацтва, якая сабраная А. Белым і захоўваецца ў Старых Дарогах. Гэтым зборам вельмі ганарыўся Анатоль Яўхімавіч, таму з такой любоўю і натхненьнем адлюстравана ў першым раздзеле каталогу. Цікава, што распачынаецца яна рубрыкай "Уладары старажытнай Беларусі”, у якой прадстаўлена плакеткі з выявамі беларускіх вялікіх князёў аўтратства мастака Міколы Несцярэўскага. Гэтая акалічнасць трохі засмуціла некаторых чытачоў: пры чым тут плакеткі да медалёў. Але справа ў тым, што гэты від дробнай пластыкі як раз і адносіцца да медальёрнага мастацтва. Так што атрымліваецца ў медальернай калекцыі А. Белага ёсць яшчэ больш рэдкі для калекцыянэраў падраздзел -- "плакеткі”...

Што ж тычыцца непасрэдна медалёў, то іх выявы, каталогавы вопіс прадстаўлена пад іншымі рубрыкамі. Тут і "Медальерная Скарыніяна”, "Нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі”, "Удзельнікі вызваленчага руху на Беларусі”, "Дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэння”, "Песняры Беларусі: Якуб Колас і Янка Купала” і шмат іншага. Чытачоў прыцягне і выява каранацыйнага медаля Вялікага князя Літоўскага Аўгуста III, якая была выканана да падзеі невядомым мастаком ў XVIII стагодьдзі. Цудоўны прыклад айчыннага медальернага мастацтва! Нездарма гэты твор упрыгожвае вокладку каталога "Раскрылі крылы музы”.

Знайшлося месца ў каталозе медалям і плакеткам, якія адлюстроўваюць выявы самых актыўных сяброў культурна-асветнага клуба "Спадчына”, а таксама медалёў, якімі па рашэнню Камітэта па Ўшанаваньню (старшыня А. Белы) адзначаліся самыя выбітная дзеячы беларускага нацыянальнага руху канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў. У каталозе ёсць і ўнікальныя старонкі з выдатнымі творамі, якія адлюстроўваюць гісторыю і цяперашні час старажытнага герба ВКЛ "Пагоня”, а таксама пячаткі гарадоў Беларусі, якія, ў свой час, былі адораныя Магдэбурскім правам і шмат іншых цікавых твораў беларускіх майстроў медальернай справы: Уладзіміра Мелехава, Алеся Зіменкі, Мікалая Байрачнага...

Наступным па значнасці і аб’ёму мастацказнаўчай інфармацыі трэба вылучыць раздзел каталога пад тытулам "Выяўленчае мастацтва. Жывапіс. Графіка. Скульптура”. Сапраўды, са старонак каталога на нас глядзяць творы шматлікіх майстроў выяўленчага мастацтва, якія пакінулі свой творчы скарб Музею выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах. Тут ёсць рэпрадукцыі палотнаў Леаніда Шчамялёва, дынастыі мастакоў Ціхановічаў, знакамітых творцаў Барыса Заборава, Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Сулкоўскага, Сямёна Геруса, Васіля Шаранговіча, Георгія Папалаўскага, Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Басалыгі, а таксама Анатоля Крывенкі, які зрабіў для музэя сямейную галерэю Белых, і шмат іншых палотнаў беларускіх мастакоў-сучасьнікаў.

У каталогу прадстаўлены мастацкія творы беларускіх аўтараў, якія маглі б упрыгожыць дзяржаўны музэй любога ўзроўню. Тут сустракаюцца палотны і дываны легендарнага мастака-вандроўніка Язэпа Драздовіча, графічныя працы мастакоў-эмігрантаў Віктара Жаўнеровіча, Уладзіміра Шыманца і Івонкі Сурвілы. Творчасць прадстаўнікоў заходнебеларускай мастацкай школы прадстаўлена палотнамі Пётры Сергіевіча. Своеасаблівымі і вельмі каштоўнымі рарытэтамі ўяўляюцца жывапісныя творы нашых знакамітых артыстаў і літаратараў. Маю на ўвазе адлюстрованыя ў каталозе рэдкія палотны першага Народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка і Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Дарэчы, у музэі А. Белага створана экспазыцыя, якая прысвечана гэтаму сусветнавядомаму літаратару. А прадстаўленыя на ёй мастацкія творы Быкава з’яўляюцца пераканаўчай ілюстрацыяй геніяльнай унівэрсальнасці вялікага Творцы. Але пра гэта – у артыкуле аўтара гэтых радкоў, які завяршае каталог "Раскрылі крылы музы”.

Пасля азнаямлення з новым мастацкім выданнем, якіх не так шмат зараз выдаецца ў Беларусі, можна можна пашукаць адказ на пытанне: чым зверне ўвагу беларусаў каталёг музэя Анатоля Белага? Перш за ўсё тым, што само выданьне – твор друкарскага мастацтва, які трэба гартаць і атрымліваць эстэтычную асалоду, а потым самому імкнуцца наведаць музей і "ўжывую” пабачыць тое, пра што ідзе размова на ягоных старонках. Безумоўна, апошняе выданне – каталёг "Раскрылі крылы музы”, да якога спрычыніўся Анатоль Яўхімавіч Белы, ягоная сям’я і паплечнікі, не пакіне чытачоў абыякавымі да лёсу беларускага мастацтва, надасьць новы імпульс цікаўнасці мастакоў, мастацтвазнаўцаў і праста аматараў жывапісу да мінуўшчыны і сучаснасці беларускага выяўленчага мастацтва разнастайных жанраў.

Анатоль Мяльгуй


Просмотров: 1217 | Добавил: FMM | Теги: мастацтва, Белы, Спадчына | Рейтинг: 3.8/9
Всего комментариев: 1
1 Alex  
0
Дык гэта кніга ці мультымедыйны дыск? І дзе можна пазнаёміцца з гэтым выданнем?

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz