Пятница, 2024-04-19, 1:02 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Июнь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930
Главная » 2012 » Июнь » 30 » Эпоха “чорных спісаў”: супраціў нарастае
7:57 AM
Эпоха “чорных спісаў”: супраціў нарастае

Эпоха "чорных спісаў”: супраціў нарастае

 Парадокс сённяшней беларускай моўнай сітуацыі ў тым, што для дзяржаўнага бюракратычнага апарата мова тытульнай нацыі ў нашай краіне па розных прычынах стала небяспечнай, бо цвёрда атаесамліваецца з апазіцыяй. Для іх ўмацаванне пазіцый роднага слова сведчыць пра нарастанне пратэстных настрояў у грамадстве. Гэта палохае ўлады і таму беларуская мова застаецца ў падчарыцах, а яе носьбіты аб’яўляюцца "свядомымі”, "адмарозкамі”, "бэнээфаўцамі”.

Адным з вынікаў гэтых панічных адносін да роднага слова стала стварэнне штучнага дзяржаўнага прадукта пад умоўнай назвай "сучасная беларуская культура на мове суседняй дзяржавы”. На гэтую "ідэю” працуюць шматлікія моўныя калабаранты, ад вядучых FM-эфіру да "зорак беларускай эстрады”, якія імітуюць творчасць, мэта якой – кансервацыя каланіяльнага стану беларускай нацыі на як мага больш працяглы перыяд.

І калі нейкая сацыяльная ці культурная з’ява пярэчыць "новай палітыцы” ў галіне мастацтва, то вакол яе ствараюцца ўмовы для шчыльнай ізаляцыі, лакалізацыі і самазнішчэння. Сумнавядомыя "чорныя спісы” беларускіх рок-выканаўцаў – частка спроб бюрактаратычнага апарата паставіть пад кантроль распаўсюджанне альтэрнатыўнага культурніцкага прадукта, які з’яўляецца сведчаннем развіцця сучаснай беларускай культуры ва ўмовах татальнага нацыянальнага прэсінгу. Чаму ж тады нацыянальны па духу і зместу прадукт, напрыклад музычны, і ў такіх умовах усё ж знаходзіць свайго спажыўца, чаму моладзь усё часцей аддае перавагу малапрадстаўленым ў дзяржаўных СМІ творам гуртоў і выканаўцам, якія не грэбуюць родным словам?

Тут можна назваць і творчую нежыццяздольнасць дзяржаўнага культурніцкага істэблішмэнту, і распаўсюджанне прынцыпаў D.I.Y.-культуры, і магутны ўплыў інтэрнэта. Не малую рою ў гэтым працэсе адыгрываюць новыя формы існавання нацыянальнай культуры, якія становяцца яркай ілюстрацыяй эпохі "чорных спісаў”.

Усё пачыналася з "Басовішча”…

На самым пачатку канфлікта нацыянальнай рок-плыні і тутэйшай русіфікаванай бюракратыі фестывальны рух на тэрыторыі нашай краіны падпадаў пад татальны кантроль і фінансавы ціск мясцовых уладаў, якія не жадалі праводзіць на сваёй тэрыторыі такія неспакойныя мерапрыемствы. (Успомнім лёс полацкага фэста "Рок-Кола”). Таму стылістычная панарама Беларусі абмяжавалася фэстамі фальклорнай і дзяржаўна-папсовай накіраванасці. У адказ на гэтую тэндэнцыю айчынныя музыканты скарысталіся магчымасцю арганізацыі на тэрыторыі Польшчы адметнага рок-фестывалю. Гэтая ідэя належыла беластоцкім беларусам і іх аргументацыя палягала ў тым, што забараніць такі фэст у беларускіх уладаў магчымасці не будзе, да таго ж, творчасць беларускіх рок-гуртоў стане больш вядомай за межамі краіны. Арганізацыйны прынцып "Басовішча” быў скарыстаны і для правядзення шэрагу іншых open air’аў у краінах-суседках (Украіна, Літва, Расія, а таксама на суверэннай тэрыторыі ЗША – у амбасадзе гэтай краіны ў Мінску), якія зрабілі беларускую рок-музыку больш вядомай і запатрабаванай тут і за межамі Беларусі. Нажаль, пры змене палітычнага курса у той ці іншай краіне (акрамя Польшчы і "Басовішча”), дзе адбывалася музычная дзея, некаторыя з гэтых фэстаў мелі арганізацыйныя праблемы ці ўвогуле адмяняліся. Сёння ўсё больш актуальным з’ўляецца ўдзел айчынных выканаўцаў ў міжнародных еўрапейскіх фэстах, а таксама ў тых краінах, дзе пражывае дастаткова вялікая беларуская дыяспара. Хоць вага і значэнне для беларускамоўнай рок-музыкі пачынальнікаў "трансгранічнага музычнага абмена” – фэста "Басовішча” -- ў гэтых умовах толькі ўзмацняцца. З гэтай прычыны застаецца небяспека спроб спецлужбаў разбурыць гэты сімвал незалежнай сучаснай беларускай культуры знутры.

Пампуй, але падтрымай любімага выканаўцу

Першае, што было зроблена для напаўнення "чорных спісаў” рэальнымі зместам – уведзена негалосная забарона выступленняў і трансляцыі канцэртаў беларускамоўных выканаўцаў. У такіх умовах сусветнае інтэрнэт-павуцінне стала важным сродкам кантакта з патэнцыяльнымі слухачамі. Многія з выканаўцаў, асабліва андэграунднага накірунку, імкнуцца размясціць свае сінглы і альбомы ў выглядзе інтэрнэт-рэлізаў, якія папярэднічаюць выхаду іх твораў на матэрыяльных носьбітах. Існуюць парталы, на якіх можна праслухоўваць кампазіцыі маладых гуртоў і, адначасова, пералічыць грошы на падтрымку таго ці іншыга ўпадабанага гурта. Акрамя гэтага спецыялізаваныя сервісы прапануюць музыкантам паслугі па размяшчэнні іх твораў ў FM-эфіры па ўсёй Еўропе, а таксама, для стварэння саўнд-трэкаў да кіна-стужак.

Гэтымі магчымасцямі карыстаюцца і беларускія выканаўцы, асабліва маладыя. Для іх інтэрнэт – магчымасць пазнаёміць патэнцыйных слухачоў са сваёй музыкай, заявіць пра свае творчыя планы і дасягненні. Але выкладаннем новых сінглаў у інтэрнэце выкарыстанне яго магчымасцей не абмяжоўваецца. З дапамогай "сусветнага павуціння” праводзяцца кампаніі з патрабаваннямі адмены "чорных спісаў”, замаўляюцца на FM-радыёстанцыях беларускамоўныя кампазіцыі, а ў сацыяльных сетках ствараюцца суполкі аматараў беларускамоўнай музыкі ўсіх напрамкаў. Калі існуе неабходнасць аператыўна давесці нейкую рэкламную інфармацыю пра запланаваны канцэрт, то з дапомогай інтэграцыйных праграм навіна распаўсюджваецца па ўсіх каналах сацыяльных сетак адразу. На чарзе – онлайн-канцэрты беларускіх рок-гуртоў, падчас якіх слухачы маюць магчымасць весці дыялог з іх удзельнікамі, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Для маладых выканаўцаў віртуальныя канцэрты – яшчэ і метадычны дапаможнік па вырашэнню арганізацыйных і тэхнічных пытаннях рэальнай канцэртнай дзейнасці.

Віртуалізацыя айчыннага рок-руху, безумоўна, не можа замяніць непасрэднага кантакта музыкантаў са сваімі прыхільнікамі. І таму ўсе пералічаныя формы прасоўвання айчыннага музычнага прадукта маюць мэту надаць энэргіі для далейшага штуршка "жывых” канцэртных акцый.

Канцэрт адмяніць нельга праводзіць


Рок-бард Андрэй Плясанаў


...і яго слухачы на канцэрце-хатніку

 

Галоўная мэта "чорных спісаў” – пазбавіць магчымасці беларускамоўных выканаўцаў непасрэднага кантакту з аўдыторыяй, а ў перспектыве звесці яго ўплыў да нуля. Тое, што бюракратыя пойдзе на любые крокі, каб ажыццявіць задуманнае, сведчыць недаўні выпадак з бардамі Ігарам Сімбіровым і Змітром Бартосікам. Выканаўцы былі арыштаваныя пад Мінскам пасля канцэрта на адкрытым паветры. І нічога дзіўнага ў гэтым факце няма: для усяго беларускага па духу і кантактаў са слухачамі яго прадстаўнікоў даўно ўведзены "чырвоны колер небяспекі”.

У гэтай сітуацыі патрабуецца змена тактыкі канцэртнай дзейнасці. Сёння акцэнты пераносяцца паводле прыцыпа непадцэнзурнай D.I.Y.-культуры: "Мысліць глабальна, дзейнічаць лакальна”. Гэта значыць, стаўка робіцца не на буйныя канцэртныя пляцоўкі (хоць магчымасць выступіць на іх не адмятаецца), на правядзенне "хатніх” канцэртаў, як у сталіцы, так і ў правінцыі. Такія "хатнікі” праводзяцца там, дзе зручна для слухачоў, дзе зведзены да мінімума магчымасці для перашкод з боку пільных змагароў з "национализмом”. Маюцца на ўвазе офісы буйных беларускіх партый, рухаў і грамадскіх аб’яднанняў, літаратурныя музеі, прыватныя квартэры і лецішцы беларускіх музыкантаў. Так, разам з вырошчваннем на градках "і хрэна, і капусткі, і нават бубкаў на кампот” (© Н.Гілевіч), на лецішчах абсталёўваюцца студыі гуказапісу, а таксама камерные залы для невялікіх "электрычных” і акустычных канцэртаў. Гледачоў на такіх імпрэзах прысутнічае нешмат, але праводзіць такія музычныя сустрэчы можна даволі часта. Да таго ж, непасрэдны кантакт слухачоў і выканаўцаў дазваляе праводзіць такія "хатнікі” з неверагодным вынікам: тыя, хто выпадкова ці свядома трапіў на такі канцэрт, ужо ніколі не забудзецца пра яго пазітыўную атмасферу павагі да роднага слова, дух ўзаемаразумення, які і сталі візіткай айчыннага беларускамоўнага музычнага руху.

Традыцыя "хатнікаў” у Беларусі маюць сваё развіццё ў выглядзе канцэртаў на хутарах, якія прадастаўляюцца ці арэндуюцца іх уладальнікамі для музычных сустрэч далёка ад вачэй ідэалагічнай вертыкалі. Гэтая форма спалучае магчымасць паслухаць любімую музыку, а таксама, адпачынак і пікнік на свежым паветры. Такіх "хутарскіх” канцэртаў і фэстаў праводзіцца яшчэ не так шмат, але такая канцэртая форма даволі прыцягальная для слухачоў і таму мае добрую перспектыву. На новыя рэаліі канцэртнай дзейнасці ў Беларусі станоўча рэагуюць і самі музыканты, якія больш ахвотна адгукваюцца на запрашэнні выступіць на непадцэнзурных канцэртах, смела "ідуць у людзі”. Дзеля большай мабільнасці і эфектыўнасці многія гурты (нават панкаўскага і metal-накірунку) рыхтуюць свае праграмы ў фармаце unplugged – "ужывую”, з выкарыстаннем акустычных інструментаў. Для слухачоў атрымоўваецца дадатковы стымул наведаць такі канцэрт, каб паслухаць сваіх куміраў у незвычным гучанні, з незвычайнымі аранжыроўкамі...

"Чорныя спісы” беларускіх выканаўцаў – гэта забыты ў Еўропе фенамен культурнага жыцця, які ў нас зрабіў актуальнымі ранейшыя і новыя формы супраціву бюракратычнаму ўмяшанню ў творчыя працэсы. Іх выкарыстанне цяпер дапамагае айчынным выканаўцам ставіць коску ў сказе, што вынесены ў загаловак майго эсэ, там дзе гэтага патрабуе ўдумлівы беларускі слухач.

Анатоль Мяльгуй

Фотарэпартаж з "хатніка" Сяржука Сокалава-Воюша (2011 г.)


Просмотров: 1155 | Добавил: FMM | Теги: чорныя, беларускі, Мова, хатнікі, спісы, рок | Рейтинг: 2.5/4
Всего комментариев: 3
3 VM  
0
Адзін з кватэрнікаў Андрэя Плясанава ў Вялейцы ёсць на "Ю-Тубе" http://www.youtube.com/watch?NR=1&feature=endscreen&v=7Ec3gPGf_LY

2 Генадзь Арцыневіч  
0
Чытаў гэты артыкул у тыднёвіку "Новы час" №27 за 6 ліпеня (стар. 15), дык на паперы нешта і здымкаў менш, і тэкст карацей. Цікава, гэта аўтар сам уцісківаўся ў фарматы або цэнзурка ціхенька працуе?

1 Вова Камянецкі  
0
Мы выжывем, бо на роднай зямлі. І ніякія хцівыя акупанты не змогуць пакарыстацца нарабаваным. За апошні тыдзень быў на чатырох такіх канцэртах, а гэта ж і амаль наўпроставы кантакт з сапраўднымі зоркамі. Плясанаў, Сімбіроў, Кульлінковіч, Хаменка... А неяк трапіў нават на заезжага "кватэрніка" Сэргія Васылюка, лідэра кіеўскага гурта "Тінь Сонця". Украінцы самі пра сабе пявучыя людзі, а гэты яшчэ й па-беларуску так засьпяваў, што душа затрымцела. Так што жыве Беларусь. І ніякі Положь (Put In) з сваімі стаўленікамі нас не пераможа.

Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz