Среда, 2024-04-24, 4:26 PM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Ноябрь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930
Главная » 2016 » Ноябрь » 15 » Да 70-годдзя пісьменніка Генрыха Далідовіча
4:02 PM
Да 70-годдзя пісьменніка Генрыха Далідовіча

У люстэрцы падзей, духу і пачуцця

У гэтым годзе вядомы беларускі пісьменнік Генрых Далідовіч адзначыў свой 70-ці гадовы юбілей. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, сябры Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменнікаў, прыхільнікі творчасці Г.Далідовіча сабраліся ў бібліятэцы імя Адама Міцкевіча ў Чырвоным касцёле, каб павіншаваць пісьменніка, пажадаць яму творчага плёну, даведацца пра літаратурныя здабыткі сённяшняга дня і яго планы на будучыню.

Пасля кароткага экскурсу ў гісторыю стварэння бібліятэкі імя Адама Міцкевіча пры мінскім касцёле святых Сымона і Алены, як дырэктар Г.Ф.Івуць ад імя супрацоўнікаў установы вітала ўсіх прысутных і запрасіла гасцей да актыўнага абмеркавання творчасці пісьменніка, творы якога шырока прадстаўлены ў чытальнай зале і абанеменце бібліятэкі.

Вядучая сустрэчы з пісьменнікам Г.Далідовічам, журналіст Э.Дзвінская адзначыла, што ўрачыстасць праводзіцца ТБМ імя Ф.Скарыны і СБП ў рамках ўшанавання пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года – Анатоля Вярцінскага, Васіля Якаванкі. І вось сёння мы аддаем даніну павагі беларускаму празаіку Генрыху Далідовічу.

Як заўважыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Б.Пятровіч: «Генрых Вацлававіч – чалавек вельмі сціплы, шырока адзначаць свой юбілей адмовіўся. Мы толькі павіншавалі яго на Радзе СБП і гэтая вечарына, фактычна, першая спроба шырока адзначыць яго юбілей».

Б.Пятровіч падкрэсліў, што Г.Далідовіч належыць пакаленню, якое знаходзіцца паміж «шасцідзяесятнікамі» і «васьмідзесятнікамі» ці пакаленнем «Тутэйшых». Дзякуючы Генрыху Вацлававічу, тагачаснаму рэдактару часопісу «Маладосць», маладыя аўтары змаглі творча ўзняцца да літаратурных вяршынь, бо Г.Далідовіч стаў фактычна хросным бацькам новай літаратурнай хвалі ў Беларусі.

Старшыня СБП таксама адзначыў ролю Г.Далідовіча ў публікацыі першых твораў маладых беларускіх аўтара ў серыі «Бібліятэка «Маладосці». Пад іх сціплымі вокладкамі выходзілі ў свет першыя кнігі самых цікавых літаратараў генерацыі «Тутэйшых»: Анатоля Сыса, Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча і іншых аўтараў. «Без перабольшвання можна сказаць, -- падкрэсліў Б.Пятровіч, -- амаль уся маладая літаратура новай, незалежнай Беларусі прайшла праз «Маладосць» і рэдактарскае вока Г.Далідовіча.

Творчасць Г.Далідовіча шматгранная і цікавая. Але перш за ўсё ён майстар гістарычнай прозы. У яго творчым багажы ёсць захапляльныя раманы пра ўзнікненне Вялікага княства Літоўскага, драматычныя падзеі стварэння Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 годзе. У Генрыха Далідовіча ёсць творы, прысвечаныя паўстанню 1863 года».

Генрых Далідовіч, успамінаючы свой літаратурны шлях, адзначыў, што спачатку яго натхнялі ўспаміны пра сваё дзяцінства ў заходнебеларускай вёсцы, пра першыя ўрокі, які даваў малому Генрыху бацька-каваль, цяжкія пасляваенныя часы, калі людзі вярталіся да мірнага жыцця, пазней -- жыццё і праца настаўніка.

Але пазней, калі пісьменнік змог атрымаць доступ да эмігранцкай літаратуры і дзяржаўных архіваў, то там знаходзіў цікавыя гістарычныя дакументы, якія змянялі погляд на вядомыя з падручнікаў з’явы. Шмат архіўных матэрыялаў перадала мне і незабыўная Зоська Верас. Гэтыя дакументы штурхалі да літаратурнага асэнсавання тагачасных падзей, рабіліся асновай для сюжэтаў аповесцей і раманаў.

Вялікую ролю ў станаўленні Г.Далідовіча, як пісьменніка гістарычнага напрамку, адыграў выдатны беларускі гісторык Мікола Ермаловіч, які стаў другім настаўнікам, пасвяціў яго ў тайны летапісаў, старажытных хронік і рукапісаў. «Для нас было гонарам друкаваць у «Маладосці» яго «Старажытную Беларусь», якая налічвала больш за тысячу спасылак на разнастайныя гістарычныя крыніцы. І гэта невідушчы чалавек, які стаў больш відушчым, чым шматлікія прафесійныя навукоўцы!» -- дадаў Генрых Вацлававіч.

Генрых Вацлававіч распавёў, што да яго не аднойчы звяртаўся цёзка – кандыдат медыцынскіх навук Казімір Далідовіч, які прапанаваў напісаць літаратурную гісторыю роду Далідовічаў. Але ўсё перашкаджала адсутнасць часу і свае пільныя справы. Тым не менш, Казімір Казіміравіч, пры дапамозе Генрыха Вацлававіча, стварылі такі радавод, згодна з якім сямейнай ветка Г. Далідовіча пусціла карані ў пачатку XVIII стагоддзя. Гэтая навіна была сустрэчана апладысментамі, бо стала прыкладам салідарнасці беларусаў, хоць і ў рамках аднаго роду.

Пісьменнік і літаратурны крытык Алесь Пашкевіч адзначыў, што для яго Генрых Далідовіч уяўляе эталон празаіка – надзвычай працаздольнага і адказнага, арганічнага ў сваіх адносінах да жыцця, сям’і, сяброў і калег, да гаспадарскіх спраў на лецішчы на Лысай гары.

На старонках дадатку да газеты «Новы час» «Літаратурная Беларусь» не так даўно былі апублікаваныя ўспаміны Г.Далідовіча пра сваіх настаўнікаў. Прачытаўшы іх, можна адчуць з якой павагай, душэўнай цеплынёй ён распавядае пра тых людзей, якія выводзілі ў шырокі свет яшчэ маладога Генрыха.

І кожнаму з іх, ад настаўніка беларускай мовы ў школе да свайго выкладчыка, Народнага пісьменніка Беларусі Івана Якаўлевіча Навуменкі, ён знаходзіць словы ўдзячнасці за тое добрае, што змаглі ўкласці ў душу тады маладога аўтара. Гэтыя людзі дапамагалі, па словах А.Пашкевіча «ісці да нябёсаў, да беларускага духа і духоўнасці. Адсюль яго трылогія «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом». А.Пашкевіч заўважыў, што юбіляр цяпер працуе над раманам пра Грунвальдскую бітву, які абяцае новыя ўражанні і адкрыцці.

«Калі гаварыць пра прозу Г.Далідовіча глабальна, то яе ахарактарызаваць адным словам складана. Бо яго творы – гэта гісторыя падзей, гісторыя духу і пачуцця» -- адзначыў у завяршэнні А.Пашкевіч.

Сваімі ўспамінамі і шчырымі словамі віншаванняў юбіляру падзялілася з прысутнымі дачка Народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, В. І. Навуменка. Валерыя Іванаўна добрым словам успомніла былы Саюз пісьменнікаў Беларусі, яго сяброў і тыя паважлівыя адносіны, якія былі паміж беларускімі пісьменнікамі ў той час. Валерыя Іванаўна адзначыла тое, што ў іх сям’і, як і ў сям’і Далідовічаў, бацькі належалі розным хрысціянскім канфесіям і гэта адпавядала талерантнаму менталітэту беларусаў. Гэтыя рысы нашых людзей адбіліся ў творчасці Генрыха Вацлававіча, знайшлі адлюстраванні ў яго аповесцях і раманах.

Уражаннямі ад літаратурных твораў Г.Далідовіча з прысутнымі падзяліўся пісьменнік Кастусь Травень, а свае ўзнёслыя вершы прысвяціла юбіляру паэтэса Ядвіга Рай.

Генрых Далідовіч і ўсе прысутныя на юбілейнай вечарыне выказалі словы ўдзячнасці гаспадарам бібліятэкі імя Адама Міцкевіча і яе дырэктару Г.Ф.Івуць за гасціннасць і добрыя справы на карысць наладжвання кантактаў паміж пісьменнікамі і чытачамі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Анатоль Мяльгуй

http://novychas.by/kultura/u-ljustercy-historyi-padzej-duhu-i-paczuccja

http://lit-bel.org/by/news/u-ljusterku-historyi-padzjej,-duxu-i-pachuccja.html

 

Просмотров: 1070 | Добавил: FMM | Теги: Якавенка, ТБМ, бібліятэка імя Адама Міцкевіча, СБП, Далідовіч, Пашкевіч, Чырвоны касцёл, Маладосць, Пятровіч, Вярцінскі | Рейтинг: 4.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz