Пятница, 2024-03-29, 5:27 AM
Iнтэрнэт-старонка журналiста Анатоля Мяльгуя
Главная | | Регистрация | Вход
«  Сентябрь 2016  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Главная » 2016 » Сентябрь » 18 » Беларуская фанатэка
1:17 PM
Беларуская фанатэка

Слухаць, разумець і суперыжываць

Негладзячы на тое, што эпоха CD-дыскаў адыходзіць ў мінулае, многія музыканты ўпарта прапануюць слухачам свае кружэлкі, быццам бы абвяргаючы аматараў інтэрнэт-пампаванай музыкі. І ў нашай краіне выканаўцы яшчэ выдаюць кампакты, каб пацвердзіць вартасць сваёй музыкі, каб слухачы маглі шматразова яе слухаць, аналізаваць. Пра некаторыя з новых рэлізаў паразважаем у гэтым аглядзе.

 

 

 

Люстэрка метафізікі беларускай душы

З’яўленне фальклорных дыскаў, асабліва такой якасці ўнікальнага песеннага матэрыялу, аўтэнтычнасці выканання і афармлення дыска, як альбом «Дарожанька» дуэта «Старое сяло», сведчыць аб тым, што ў яго ўдзельнікаў Васіля Грыня і Юліі Літвінавай былі на гэта важкія прычыны. Першая і галоўная – захаваць той спеўны скарб, які яны зафіксавалі пад час сваіх этнаграфічных вандоровак па вёсках усходняга і заходняга Палесся.

Таму складальнікі праграмы альбома «Дарожанька» пастараліся, каб яго праграма як мага больш поўна адлюстроўвала тую шматграннасць спеўнай культуры Палесскага рэгіёну, з якой прышлося сутыкнуцца ў час фальклорных экспедыцый. На прэзентацыі дыска «Дарожанька» ў культурнай прасторы «Кніжная шафа» дуэт прапанаваў слухачам відэа-запісы аўтэнтычных выканаўцаў з палескіх вёсак з іх напаўторнай выканаўчай манерай і мовай. У прыватнісці фальклорнага дуэта з вёскі Беразь Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці Кацярыны Сцяпанаўцы Блоцкай і Амальяна Ціханавіча Страха, якім удзельнікі дуэта выказвалі шчырую падзяку.

Іх унікальную манеру выканання дуэт «Старое сяло» ўзнаўляе ў песнях бяседнай тэматыкі («Пойду я в садочак», «Чэша хлопец кудры»), ў чумацкіх («Ды чые ж волы») і рэкруцкіх («Чэго салавейка») песнях, песнях на вячоркі («Ой, добрэ тому»), інструментальных найгрышах і маршах у выкананні акардэаніста А. Крукоўскага («Генспансер»)…

Захаваныя і ўзноўленыя дуэтам нюансы народных спеваў яшчэ глыбей адкрываюць слухачам лепшыя якасці беларускага народа, філасафічнасць, нават, метафізічнасць яго жыццёвых ўяўленняў, яго непаўторны мелас.

У якасці сюрпрыза на дыску прадстаўлены беларускі варыянт «эмігранцкай песні», якая завецца на палескі лад «Гамэрыка». Песня была падараваная дуэту брэстчанкай Ларысай Быцко. Гэта горкая балада (па зместу і танальнасці аповеду яе можна аднесці да «журботных спеваў» -- пачаткаў беларускага блюзу, як іх вызначае бард Раман Яраш) распавядае пра лёс працоўнага эмігранта з Беларусі ў Амерыцы, які цяжкай працай зарабляў «тыя цэнты», а ў выніку яго абабралі капіталстычныя «акулы»…

Трэба адзначыць, што спевы і інструментальныя мелодыі, запісаныя на дыску поўнасцю адпавядаць патрабаванням аўтэнтычнасці, без сучасных псеўда-фальклоных, «трасянкавых» напластаванняў. Бо такі, камерцыйны фолк недабрасумленныя выканаўцы вельмі часта прапаноўваюць слухачам пад выглядам «сапраўднай народнай культуры». Не здарма ўдзельнікаў дуэта, як аўтэнтычных выканаўцаў, з палескімі песнямі запрашалі на фолк-канцэрты і фэсты напрыклад, у Польшчу, ва Ўкраіну, нават былі арганізаваныя майстар-класы дуэта ў музычным вучылішчы (каледжы) імя Гнесіных у Маскве.

Удзельнікі дуэта «Старое сяло» зрабілі ўсё магчымае, каб іх першы сольны альбом стаў падзеяй ў айчыннай фанаграфіі. Бо сам дыск з’яўлецца прыкладам абгрунтванага дызайнерскага падыходу да афармлення (дызайнер С.Клепікава, мастак А.Сухаверхава), мае максімальнае інфармацыйнае насычэнне і пераклад тэкстаў (перакладчыца В.Клепяшнёва), што робіць рэліз важным унёскам дуэта «Старое сяло» ў захаванне айчыннай фальклорнай спадчыны.

Haina: эскперымент у межах традыцыі

Калі трапляеш на канцэрт беларускага гурта Haina, то ўражанні ад яго музыкі застаюцца вельмі моцнымі і, у той жа час, выклікаюць шмат пытанняў адносна яе стылістыкі і выкарыстоўваемых інструментаў: ці то гэта традыцыйны камерны аркестр захапіўся рок-музыкай, ці то рок-музыканты вырашылі паэксперыментаваць у галіне сімфа-року з дапамогай баяна (на ім грае Ілля Паплеўка), скрыпкі (Кацярына Кузьміна), бубнаў (за ўстаноўкай шчыруе Аляксандр Кузьмін).

Гэтым складам гурт Haina запісаў і выдаў альбом «Прыцягненне», які займае на стылістычнай палітры мала асвоеную айчыннымі выканаўцамі нішу эксперыментальнага, мадэрнавага рока. Тое пачынаеш разумець, калі на праігрывальніку загучаць першы трэк пад назвай «16», які можна алічыць intro да альбома. Слухач адразу заўважыць віртуозныя скрыпічныя сола, бывае імправізацыйнага, нават псіхадэлічнага кшталту, пераплятаючыяся з акордамі баяна, які часамі нагадвае гучанне «хэманд-аргана». Баяніст гурта Ілля Паплеўка выконвае і ролю басіста, калі ўзмацняе гукі басовага рэгістра свайго інструмента. Іх рытм акцэтуюць ударныя інструменты, звычныя для рок-гурта. Гэта сугучча акустычных інструментаў дае падставы ўзгадаць лепшыя ўзоры арт- і сімфа-рока.

Наступныя трэкі гурта Haina «Мяжа», «Прыцягненне» ўжо прадстаўляюць лідэра гурта Іллю Паплеўку ў якасці сталага аўтара тэкстаў і вакаліста. Пераменлівы рытм кампазіцыі, экспрэсіўныя скрыпічныя сола, даюць магчымасць лірычнаму голасу Іллі перадаць разнастайныя, часам змрочныя, пачуцці, якія ствараюць фон для разгортвання ўнутранай драматургіі альбома. Ужо ў наступнай кампазіцыі «Мяжа» музыка становіцца больш светлай і напаўняецца рамантычным нотам і пачуццям. Кампазіцыі «Гадзіннік» і «Ты абяцала» («Васількі») ўжо поўняцца святлом надзеі на змены да лепшага, якое выяўляюцца менавіта дзякуючы выканаўчаму майстэрству музыкантаў.

Тэма ўнутраных ваганняў і суменняў не пакідае чалавека і яго стан пошуку самога сябе таленавіта адлюстравана ў такіх кампазіцыіях, як «Разбураем і тонем», «Сам сабе». Як і тэма пошукаў адказаў на складаныя пытанні, на якія музычнымі сродкамі імкнуцца адказаць ўдзельнікі гурта Haina ў кампазіцыях, якія завяршаюць праграму дыска: «Добры дзень», «Дыхаць»…

Здавалася б простая драматургія закладзена ў гэтай працы, але менавіта тое, якімі стылістычнымі і кампазіцыйнымі сродкамі яна выяўлеяцца, сведчыць пра тое. што гурт Haina з’яўлецца перспектыўнай з’явай на айчынным рок-небасхіле. І гэта можна адчуць, калі ўважліва ўслухацца ў трэкі першага альбому гурта Haina «Прыцягенне».

 

За Ваячакам – Нагавіца

Беларускі выканаўца Зміцер Вайцюшкевіч праславіўся сваім жаданнем пазнаёміць маладых слухачоў з узорамі высокай паэзіі, пакладзенымі на музыку. Як беларускай, так і замежнай. Таму ў фанаграфічным спісе Вайцюшкевіча, акрамя песень на вершы У.Караткевіча і Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і У.Некляева, Л.Дранько-Майсюка і А.Камоцкага, ёсць творы створаныя на вершаваныя радкі шведскіх аўтараў, песні паводле японскай паэзіі.

Надае ўвагу выканаўца і кампазітар творчасці славянскіх паэтаў. Пабачылі свет дыскі з песнямі на вершы У. Маякоўскага, польскага паэта Рафаіла Ваячака. Цяпер З.Вайцюшкевіч і гурт W-Z orkiestra прадстаўляюць новую кружэлку з песнямі Яраміра Нагавіцы «Камета», якія былі ім пераспяваныя па-беларуску ў перакладах В.Воранава і А.Хадановіча.

Чэх Ярамір Нагавіца – шырока вядомы ў Еўропе выканаўца аўтарскіх твораў. Нагавіца не баяўся ў сваіх песнях крытычна выказвацца пра тагасныя чэхаслвацкія ўлады, якія заўсёды ішлі ў русле сацыяльных эксперыментаў партыйнага кіраўніцтва Савецкага Саюза. Выканаўца зазнаў на сваім шляху шмат цэнзурных забаронаў, перашкодаў у творачасці, а таксама фактычна перажыў выгнанне з роднага горада Пльзень. Але выканаўца мужна працягваў сваю канцэртную дзейнасць, ствараючы свае кампазіцыі, напоўненыя палітычным кантэкстам, сатырай і гумарам на хвалюючыя тэмы.

Цяпер Ярамір Нагавіца – адзін з самых тытулаваных выканаўцаў аўтарскай песні ў Чэхіі. На яго рахунку 6 сольных і 10 канцэртных альбомаў, незлічоная колькасць бокс-сэтаў, сінглаў, міні-альбомаў і санд-трэкаў да мастацкіх служак, шматлікія ўзнагароды айчынных музычных конкурсаў.

Няпростыя жыццёвыя і творчыя акалічнасці ў чымсці родняць чэха Я.Нагавіцу і беларуса З.Вайцюшкевіча, які таксама ведае, што такое замоўчванне і несправядлівыя забароны з боку чыноўнікаў. Гэтая духоўная блізасць дапамагае сапраўднаму славянскаму пабрацімству і салідарнасці, вымагае таго, каб творцы служылі мэтам аб’яднання і ўзаемараземення народаў, а не іх раз’яднанню.

Альбом «Камета» сабраў у студыі музыкантаў гурта W-Z orkiestra, якія спрычыніліся да аркестровак песень. У іх атрымаўся сапраўды лірычны альбом з простымі аранжыроўкамі ды шчырымі мелодыямі. Выдатны, прачулены вакал Змітра яшчэ больш падкрэслівае драматызм песень антываеннай і філасофскай накіраванасці. Такіх, як «Святло Сараева», «Калі заўтра роўна ў шэсць», ці сумны гумар песень «Як бралі мяне ў салдаты», «Стары муж». Зміцер таксама, услед за Я.Нагавіцам, па майстэрску гуляе з настроямі слухачоў у вясёлых саркастычных прыпеўках «Вядома і дэбілу», які гучыць кантрастам мінорным мелодыям.

Сярод праграмы альбома «Камета» ёсць і сапраўдныя пярліны светлых лірычных спеваў, якія ўпрыгожваюць праграму альбома, надаюць яму рысы пачуццёвай завершанасці -- «Камета», «Маланка», прысвячэнне Л.Коэну «Танец смерці», «Амерыка», якія распавядуць пра іх аўтара – Яраміра Нагавіцу дастаткова, каб палюбіць творчасць гэтага чэшскага аўтара і больш глыбока знаёміцца з ёй на мове арыгінала.

Завяршае альбом сапраўды гімн каханню і дабру – кампазіцыя «Іерусалім», якая ў інтэрпрэтацыі Змітра Вайцюшкевіча ўспрымаецца як зварот да ўсіх нас, слухачоў, не знішчачь у сабе дабрату і спагаду, каб заствацца людзьмі ў любых жыццёвых абставінах.

Анатоль Мяльгуй

Просмотров: 853 | Добавил: FMM | Теги: Вайцюшкевіч, W-Z orkiestra, Старое сяло, Нагавіца, Прыцягненне, Дарожанька, Камета, Haina | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:

Меню сайта
Наш опрос
Оцените мой сайт
Всего ответов: 46
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0
Форма входа
Архив записей
Друзья сайта
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Copyright MyCorp © 2024
    Бесплатный конструктор сайтов - uCoz